РАДЫЕХІРУРГІ́Я (ад радые... + хірургія),

метад лячэння злаякасных пухлін чалавека, заснаваны на выкарыстанні прамянёвай тэрапіі ў час аперацыі з выкарыстаннем дыстанцыйнага або ўнутрытканкавага апрамянення пухліны (ці яе ложа). Узнікла ў сувязі з абмежаванымі магчымасцямі выкарыстання дыстанцыйнага апрамянення глыбока размешчаных пухлін. У аперабельных выпадках пухліна выдаляецца, пасля чаго ў тканкі, якія складаюць ложа пухліны, а таксама па шляхах лімфаадтоку ўводзяць кобальт (​60Co), каліфорній (​252Cf, ірыдый (​192Ir), ёд (​125I) і інш. Пры немагчымасці правядзення аперацыі забяспечваецца доступ да пухліны (хірург. шляхам), увядзенне ў яе гэтых прэпаратаў; праз некалькі дзён прэпараты дастаюць. Пры Р. ў час аперацыі таксама ўводзяць радыеактыўныя прэпараты з дапамогай мікраселектрона. Выкарыстоўваецца аднаразовае дыстанцыйнае апрамяненне (з дапамогай апаратаў блізкафокуснай рэнтгенатэрапіі). Прапанавана выкарыстанне высокаэнергет. электронаў, якія генерыруюцца лінейнымі або цыклічнымі паскаральнікамі. Метады Р. маюць рэальную магчымасць мінім. апрамянення нармальных тканак і макс. апрамянення пухлін і зон рэгіянарных метастазаў шляхам рэгулявання энергіі электроннага пучка і выкарыстання тубусаў або спец. фарміруючых блокаў, што зніжае частату мясц. рэцыдываў і пасляаперацыйных ускладненняў у анкалагічных хворых.

Літ.:

Козлова А.В. Лучевая терапия злокачественных опухолей. М. 1976;

Голдобенко Г.Г., Чехонадский В.Н., Ожерельев А.С. Интраоперационное облучение злокачественных опухолей // Мед. радиология. 1989. Т. 34, № 9;

Coquard R. et al. Intraoperative radiotherapy in resected pancreatic cancer: feasibility and results // Radiotherapy and oncology. 1997. Vol. 44.

Н.​А.​Арцёмава.

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЯЛЕ́ННЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

працэс размеркавання і пераразмеркавання насельніцтва па тэрыторыі і яго вынік — сетка паселішчаў. Уключае размяшчэнне насельніцтва, функцыянальныя тэр. ўзаемасувязі населеных месцаў і міграцыю насельніцтва. Гал. фактары працэсу Р.н.: прыродны (рэльеф, глебы, клімат, блізкасць да водных рэсурсаў, наяўнасць карысных выкапняў), дэмаграфічны (натуральны прырост насельніцтва, міграцыйныя працэсы), сац.эканам. (узровень развіцця і размеркавання вытв. сіл, рэгіянальныя адрозненні паводле ўзроўню даходаў, развітасць інфраструктуры). З развіццём вытв. сіл гал. ролю ў Р.н. адыгрывае сац.-эканам. фактар. Асн. формай Р.н. з’яўляюцца пастаянныя населеныя пункты (гарадскія і сельскія), якія ўтвараюць у адных раёнах густую, у іншых — рэдкую сетку. Пры цесным збліжэнні паселішчаў і інтэнсіўным развіцці маятнікавай міграцыі ўзнікаюць агламерацыі паселішчаў (гл. Гарадская агламерацыя). Суседнія групы агламерацый у прамысл. густа заселеных раёнах, з развітай сеткай камунікацый, могуць утвараць яшчэ больш складаную форму — мегалопаліс. На Беларусі (2000) 212 гарадскіх паселішчаў (каля 7 млн. чал.) і 23 459 сельскіх паселішчаў (каля 3 млн. чал.). Сярэдняя адлегласць паміж гарадамі менш за 50 км, паміж сельскімі паселішчамі — каля 3 км. У сярэднім на кожную 1000 км² прыпадае 1 гарадское і 113 сельскіх паселішчаў, што спрыяе развіццю эканам., працоўных, культурна-быт. і інш. міжпаселішчавых сувязей. Пра рассяленне бел. этнасу гл. ў арт. Беларусы, Этнічная тэрыторыя.

Літ.:

Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі: Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення. Мн., 1992.

Дз.​М.​Кудзелка.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛЯТЫВІ́ЗМ (ад лац. relativus адносны),

метадалагічны прынцып, паводле якога ўсё ў свеце адноснае. Сустракаецца ў розных галінах пазнання і практыкі. Гнасеалагічны Р. узыходзіць да вучэння стараж.-грэч. сафістаў, паводле якога ўсе веды павінны разглядацца толькі як адносна правільныя ў сувязі з тым, што іх змест залежыць ад суб’екта пазнання («чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў»), ад яго душэўнага і фіз. стану (Горгій, Пратагор). У 16—17 ст. Р. выкарыстоўвалі для крытыкі рэліг. догматаў і метафізікі (П.​Бейль, М. дэ Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі). З 18 ст. распаўсюджваецца анталагічны Р., прыхільнікі якога не прызнавалі існавання аб’ектыўных законаў прыроды і грамадства і абвяшчалі суб’ектывізм пазнання (Дж.​Берклі, Д.​Юм). Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму не пагаджаліся з прынцыпам Р., але прызнавалі адноснасць ведаў, абумоўленасць пазнання ўзроўнем развіцця прадукц. сіл і навукі. На мяжы 19—20 ст. Р. набыў папулярнасць у махізме, неапазітывізме, прагматызме і інш., прадстаўнікі якіх абвяшчалі абсалютную адноснасць ведаў (Э.​Мах, І.​Петцальт) ці іх поўную ўмоўнасць (А.​Пуанкарэ). Этычны Р. абвяшчае адноснасць агульнапрынятых маральных норм, часам выкарыстоўваецца для ігнаравання маральных асноў грамадства, апраўдання амаралізму. Р. характэрны таксама для гістарыяграфіі, мастацтвазнаўства і інш. гуманіт. дысцыплін, у распараджэнні якіх няма адназначна вывераных, дакладных крытэрыяў і ацэнак. Адрозніваюць таксама фізічны Р., які грунтуецца на адноснасці тэорыі.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 14, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫВА,

адзін з двух (нараўне з полем фізічным) відаў матэрыі. Складаецца з элементарных часціц (у асн. электронаў, пратонаў і нейтронаў) з масай (энергіяй спакою), не роўнай нулю. У зямных умовах вядомы 4 станы Р.: газ, вадкасць, цвёрдае цела і плазма, у белых карліках і нейтронных зорках Р. знаходзіцца ў звышшчыльным стане. У хіміі Р. прынята падзяляць на простыя, утвораныя атамамі аднаго хім. элемента (гл. Простае рэчыва), і складаныя (гл. Злучэнне хімічнае). Разнастайнасць фіз. і хім. уласцівасцей Р. абумоўлена эл.-магн. узаемадзеяннем паміж электронамі і ядрамі атамаў, а таксама паміж атамамі і малекуламі.

У класічнай фізіцы фіз. поле, якое мае неперарыўную структуру, проціпастаўлялася Р., якое складаецца з дыскрэтных утварэнняў. У квантавай механіцы ўстаноўлена, што кожны мікрааб’ект мае дваістую прыроду. Напр., электрон (часціца Р.) характарызуецца як карпускулярнымі, так і хвалевымі, а фатон (квант эл.-магн. поля) — хвалевымі і карпускулярнымі ўласцівасцямі (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Выяўленне дыялектычнай узаемасувязі паміж уласцівасцямі Р. і поля прывяло да больш глыбокага разумення структуры матэрыі і дазволіла размежаваць паняцці Р. і матэрыі, якія атаясамліваліся ў навуцы на працягу многіх стагоддзяў.

Літ.:

Вавилов С.И. Развитие идеи вещества // Собр. соч. М., 1956. Т. 3;

Эрдэи-Груз Т. Основы строения материи: Пер. с нем. М., 1976.

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі і БССР у 16—20 ст. Утвораны ў 1566 у складзе Мінскага ваяв. ВКЛ. Цэнтр — г. Рэчыца Гомельскай вобл. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай скасаваны, яго тэр. 23.4.1793 падзелена паміж Мінскай, Магілёўскай і Чарнігаўскай губ. 29.10.1796 адноўлены на тэр., што ўвайшла ў Чарнігаўскую губ., з далучэннем часткі б. Кіеўскага ваяв. З 12.12.1796 у складзе Маларасійскай губ., з 29.8.1797 у Мінскай губ., да яго далучана частка прылеглых тэр. Мазырскага пав. У 1886 пл. павета 10,85 тыс. км², нас. 110 тыс. чал. Уключаў 23 воласці: Аравіцкую, Аўцюцевіцкую, Брагінскую, Васілевіцкую, Горвальскую, Даманавіцкую, Дзёрнавіцкую, Дзяражыцкую, Дудзіцкую, Ёлчанскую, Заспенскую, Карпавіцкую, Крукавіцкую, Лоеўскую, Маладушскую, Мікуліцкую, Нараўлянскую, Ровенскаслабодскую, Ручаёўскую, Савіцкую, Хойніцкую, Холмецкую, Юравіцкую; 405 вёсак. У 1894—52 мястэчкі (найб. значныя Лоеў, Горваль, Брагін), 861 гандл. прадпрыемства, 34 пачатковыя і царк.-прыходскія школы, некалькі школ граматы і хедэраў, 5 цэркваў, 3 касцёлы, некалькі яўр. малітоўных школ, 2 бальніцы, 4 прыёмныя пакоі, 7 аптэк, 6 паштова-тэлеграфных і 5 паштовых устаноў. З 26.4.1919 у Гомельскай губерні РСФСР. У 1923 воласці ўзбуйнены, іх стала 14. У 1924 і 1926 павет часткамі перададзены ў БССР. У снеж. 1926 скасаваны, яго тэр. ўключана ў Мазырскую і Гомельскую акругі.

В.​Л.​Насевіч, Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 14, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАРУ́Х,

унутрана неабходнае самаадвольнае змяненне сістэмы ў выніку супярэчнасцей, апасродкаваных знешнімі ўмовамі і ўплывамі. Уласцівы аб’ектам усіх узроўняў пабудовы — ад мех., квантава-фіз. (змены ў субатамных, атамных і малекулярных сістэмах у выніку няўстойлівасці іх структур) і хім. (працэсы С. ў каталітычных сістэмах) да біял. і сац. ўзроўняў. На хім., біял. і сац. узроўнях С. выяўляецца ў адкрытых і цэласных сістэмах (арганізм, грамадства, біясфера); для іх характэрны вышэйшы тып С., якому ўласцівы пераход на больш высокую ступень арганізацыі — самаразвіццё. Прынцып С. разглядаўся яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі (Арыстоцель, Геракліт). Ідэю С. развіваў Г.​Лейбніц, які выявіў дзейны пачатак у цялеснай субстанцыі. Вучэнне пра С. матэрыі прапанавалі франц. матэрыялісты (К.​Гельвецый, П.​Гольбах, Д.​Дзідро). І.​Ньютан і шэраг філосафаў-метафізікаў 18 ст. адмаўлялі магчымасць С. і сцвярджалі, што кожны рух мае знешнюю крыніцу (абсалютны першапачатак, Бог). Разгорнутую канцэпцыю С. і яго модусаў распрацаваў Г.​Гегель, які разглядаў С. як формы самавыяўлення абсалютнай ідэі. Гл. таксама Рух, Развіццё, Самаарганізацыя, Сінергетыка.

Літ.:

Свидерский В.И. Противоречивость движения и ее проявления. Л., 1959;

Морозов В.Д. Проблема развития в философии и естествознании. Мн., 1969;

Солопов Е.Ф. Движение и развитие. Л., 1974;

Самоорганизация: кооперативные процессы в природе и обществе. Ч. 1—2. М., 1990;

Концепция самоорганизации в исторической ретроспективе. М., 1994.

М.​В.​Тараткевіч.

т. 14, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́ЛЬНАГА ПАРТНЁРСТВА ТЭО́РЫЯ,

сацыяльна-эканамічная канцэпцыя ідэалаг. абгрунтавання ідэі пра неабходнасць супрацоўніцтва ўсіх сац. груп грамадства ў інтарэсах агульнага прагрэсу і дабрабыту. Набыла пашырэнне пасля 2-й сусв. вайны ў ФРГ, Аўстрыі, Швецыі, Францыі, Вялікабрытаніі, што звязана з асн. працэсамі эканам. і паліт. развіцця Зах. Еўропы. Ідэя класавага супрацоўніцтва сфармулявана ў працах Дж.​Міля, Ж.​Б.​Сея і атрымала развіццё ў дактрыне індустрыяльнага грамадства (Дж.​Голбрэйт, Ф.​Перу, Р.​Арон, Р.​Дарэндорф і інш.). Паводле яе, класавыя канфлікты і барацьба перашкаджаюць грамадскаму інтарэсу і таму павінны саступіць месца сац. партнёрству. С.п.т. стала састаўной часткай распрацаванай Л.​Эрхардам дактрыны зах.-герм. неалібералізму, якая прадугледжвала неабходнасць пераадолення класавых супярэчнасцей, мэтанакіраванага і планамернага развіцця ўсяго жыцця краіны з дапамогай метадаў дзярж. рэгулявання і планавання. Тэарэтычна абгрунтоўвалася і ў інш. краінах: як надыход эры «сацыяльнага праграмавання» (Бельгія), эпоха «пабудовы новага грамадства» з дапамогай «кантрактаў прагрэсу» (Францыя), эра «добраахвотнага супрацоўніцтва» (Вялікабрытанія) і г.д. Адзін з яе кірункаў — удзел працоўных у кіраўніцтве прадпрыемствамі і эканомікай краіны. На думку тэарэтыкаў лейбарызму і правай сацыял-дэмакратыі (Дж.​Стрэйчы, Дж.​Коўл, У.​Пальме і інш.), паступовае ўкараненне сумеснага кіравання прадпрыемствамі наёмнымі работнікамі і прадпрымальнікамі прывядзе да стварэння грамадства новага тыпу — «дэмакратычнага сацыялізму».

Літ.:

Гэлбрейт Дж. Новое индустриальное общество: Пер. с англ. М., 1969.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНАЛІЗА́ЦЫЯ (ад сігнал),

падаванне ўмоўных знакаў (сігналаў), якімі прыцягваюць да чаго-н. увагу, апавяшчаюць, перадаюць загады, паведамленні, забяспечваюць двухбаковыя перагаворы; умоўныя знакі і сістэмы прыстасаванняў, што выкарыстоўваюцца з гэтай мэтай. Адрозніваюць С. зрокавую (прадметная або аптычная), гукавую і тактыльную (успрымаецца органамі дотыку). У залежнасці ад прызначэння бывае аварыйная, выклікальная (або пошукавая), кантрольна-распарадчая (або аператыўная), папераджальная, перагаворная.

Прасцейшы від С. — марская і на транспарце, дзе сігнальнымі сродкамі служаць маякі, святлафоры, семафоры, знакі дарожныя, пуцявыя знакі, гукавыя сігналы і інш. Больш дасканалая аптычная С., ажыццяўляецца з дапамогай ліній аптычнай сувязі. У вытв. умовах кантроль і кіраванне складанымі сістэмамі робіцца з дапамогай аўтам. С.: інфармацыя аб аварыйным стане сістэмы перадаецца мнеманічнымі схемамі, акустычнымі сродкамі (сірэнамі, свісткамі, званкамі, гудкамі), мігальным святлом. У ВМФ выкарыстоўваюць магутныя пражэктары і ліхтары, а таксама ракеты з сігнальнымі саставамі. У паветр. флоце сродкам С. служаць вонкавыя аэранавігацыйныя сігнальныя агні самалётаў і аэрамаякі. Эл. перадача сігналаў дае магчымасць адначасова перадаваць вял. колькасць розных сігналаў на значныя адлегласці і ў розныя пункты (гл. Тэлекіраванне); выкарыстоўваюцца для кіравання энергасістэмамі, на лініях электраперадачы, на чыг. транспарце (гл. Чыгуначная сігналізацыя). Пашыраны таксама радыётэхн. сродкі С.: у метэаралогіі, аэралогіі, у марскім і паветр. флоце (напр., радыёзонды, радыёлакацыйныя станцыі, радыёмаякі). Гл. таксама Пажарная сігналізацыя.

т. 14, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЕ́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 1672—1705 у г. Слуцк Мінскай вобл. Першая спроба стварыць яе зроблена ў 1665. Распачала дзейнасць на базе княжацкай друкарні Радзівілаў, што перавезена з Мітавы (цяпер г. Елгава, Латвія). У 1693 княгіня Людавіка Караліна Радзівіл перадала друкарню сіноду кальвінісцкай царквы ВКЛ, які перавёў яе ў час Паўн. вайны 1700—21 у г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград, Расія). У С.д. друкаваліся на польскай мове рэліг. кнігі, ваен. і геагр. выданні, маст. творы, календары, навуч. дапаможнікі, мемуары, гравюры, пераклады з ням. і франц. моў. За перыяд 1673—87 выдадзены 23 кнігі тыражом 24 200 экз. Вядома 29 назваў кніг, у т. л. «Абшарнік, або Гаспадар ліфляндскі» І.​Германа (1673), «Неабходныя заўвагі пра ваенны парадак» А.​М.​Фрэдры (1675), «Турэцкая манархія» П.​Рыко ў пер. К.​Клакоцкага (1678) з гравюрамі М.​Вашчанкі, «Руская тэорыя» — падручнік па бел. мове. Тыражы кніг вагаліся ад 82—100 да 3389 экз. Выданні выкарыстоўваліся як падарункі, у Слуцку і Капылі іх прадаваў княжацкі гандляр Цэрнер.

Літ.:

Грицкевич А.П. Книжное дело в феодальном Слуцке в XVI—XVIII вв. // Вопросы библиографоведения и библиотековедения. Мн., 1983. Вып. 4;

Яго ж. Слуцк: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1970;

Яго ж. Древний город на Случи. Мн., 1985;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ПАЦКАЯ НАРА́ДА 1925 Адбылася ў канцы жн. 1925 у г. Сопат

(прыгарад Гданьска). Удзельнічалі прадстаўнікі Цэнтр. к-таў КП(б)Б, КПЗБ і КПП, Камінтэрна: У.​М.​Ігнатоўскі, А.​С.​Славінскі, А.​Ф.​Ульянаў, а таксама Б.​А.​Тарашкевіч, Р.​К.​Астроўскі, С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, І.​Шнаркевіч, М.​М.​Марцінчык, С.​А.​Мертэнс, Л.​Н.​Аранштам, П.​Корчык (І.​К.​Лагіновіч, арганізатар нарады),

М.​С.​Арэхва. Гал. пытанне С.н. — стварэнне масавай бел. нац.-вызв. арг-цыі ў Зах. Беларусі — Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і яе ўзаемаадносіны з агульнапольскім рэв. рухам, асабліва з польскай Незалежнай сялянскай партыяй. Удзельнікі нарады прыйшлі да высновы, што праграма БСРГ павінна змяшчаць патрабаванні рэв.-дэмакр. характару: рабоча-сял. ўрад, зямля для сялян без выкупу, самавызначэнне нацый; прапаноўвалася ўключыць у яе дэмакр. патрабаванні ў паліт. сферы, а таксама па рабочым, сял. і нац. пытаннях. На С.н. заслуханы даклады аб становішчы ў Сав. Саюзе, гасп. і нац.-культ. будаўніцтве ў БССР, становішчы ў Зах. Беларусі і задачах нац.-вызв. руху, разгледжана таксама пытанне аб ліквідацыі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі. Была дасягнута дамоўленасць пра фінансаванне дзейнасці БСРГ, Т-ва бел. школы і бел. гімназій, стварэнне для гэтых мэт Бел. кааператыўнага банка ў Вільні з аддзяленнямі ў Пінску і Глыбокім.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)