ВІСАРЫЁН (Bessarion; 2.1.1403?, г. Трабзон, Турцыя — 18.11.1472),
візантыйскі царк. дзеяч, гуманіст. У 1423 прыняў манаства пад імем Вісарыён. Вывучаў філасофію і інш. навукі пад кіраўніцтвам Пліфана. З 1437 епіскап Нікеі (цяпер г. Ізнік, Турцыя). Прымкнуў да лацінафільскай групоўкі візант. знаці, лічыў неабходным саюз Візантыі з Захадам у мэтах сумеснай барацьбы супраць туркаў. На Фларэнційскім саборы 1438—45 спрыяў заключэнню уніі паміж каталіцкай і правасл. цэрквамі (1439). Перайшоў у каталіцтва, у 1439 прызначаны кардыналам. Пасля правалу уніі ў Візантыі вымушаны перасяліцца ў Італію (1440). Пасля падзення Канстанцінопаля (1453) быў адным з ініцыятараў крыжовага паходу супраць туркаў, дзеля чаго ездзіў з пасольствам да германскага імператара Фрыдрыха III і франц. караля Людовіка XI. Беспаспяхова выстаўляў сваю кандыдатуру на папскі прастол. У 1463 прызначаны патрыярхам Канстанцінопаля. У філас. поглядах быў паслядоўнікам Платона. У працы «Супраць паклёпніка на Платона» сцвярджаў, што ў трыядзе Платона (Бог, розум, сусветная душа) ужо быў зародак хрысц. вучэння аб Тройцы. На думку Вісарыёна, у канцэпцыі паходжання свету Платон таксама блізкі да хрысціянства, бо вучыў пра ўзнікненне «ўсяго з нічога». Значная роля Вісарыёна ў прапагандзе грэч. культуры ў Італіі. Пераклаў з грэч. мовы на латынь 14 кніг «Метафізікі» Арыстоцеля, «Метафізіку» Тэафраста, творы Ксенафонта, прамовы Дэмасфена. У 1468 перадаў у дар Венецыянскай рэспубліцы сваю унікальную бібліятэку грэч. рукапісаў.
Літ.:
Удальцова З.В. Жизнь и деятельность Виссариона Никейского // Византийсккй временник. 1976. Т. 37;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
самабытная арх. школа, што склалася ў драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Віцебска ў 17—18 ст. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока.
Спецыфічная рыса школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самаст.арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым буд-ве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш.Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі, гл. ў арт.Віцебскія замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабуд. сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. — дамы Горскага, Шапкіна, Віцебскі палац Агінскага. Да помнікаў Віцебскай школы дойлідства належаць грамадз. пабудовы — будынак прыказа, двор ваяводы, Віцебская ратуша з Віцебскім гасціным дваром. Культавыя будынкі мелі спецыфічныя рысы аб’ёмнапланіровачнай кампазіцыі, якія набліжалі іх да рус. і ўкр. архітэктуры. Яны ўяўлялі сабой ярусныя кампазіцыі, якія аб’ядноўвалі некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, а таксама званіцу на гал. фасадзе (Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі, якія апяразвалі па перыметры ўвесь будынак або размяшчаліся з боку бабінца (Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі Віцебскай школы дойлідства не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́ ((Dali) Сальвадор) (11.5.1904, г. Фігерас, Іспанія — 23.1.1989),
іспанскі жывапісец, графік і тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў і вядучы прадстаўнік сюррэалізму. Вучыўся ў АМ у Мадрыдзе (1921—26), захапляўся футурызмам, кубізмам, метафіз. жывапісам. З 1929 у Парыжы, дзе пад уплывам П.Пікасо і А.Брэтона склаўся як сюррэаліст. Абапіраючыся на тэорыю псіхааналізму псіхааналізу З.Фрэйда, стварыў уласны творчы метад, які назваў «паранаістычна-крытычным». Свае ідэі сцвердзіў у першых сюррэаліст. фільмах, зробленых у супрацоўніцтве з Л.Буньюэлем («Андалускі пёс», 1929, і «Залаты век», 1931), што прынесла Д. славу самага эксцэнтрычнага і экстравагантнага мастака 20 ст. Жывапісныя творы Д., адметныя нястрыманай фантазіяй і віртуознай тэхнікай, як правіла, уяўляюць сабой фантасмагорыі, дзе самым ненатуральным сітуацыям і спалучэнням прадметаў надаецца знешняя дакладнасць і пераканаўчасць: «Пастаянства памяці», «Старасць Вільгельма Тэля» (абодва 1931), «Архітэктанічны «Анжэлюс» Міле» (1933), «Прадчуванне грамадзянскай вайны» (1936), «Сон Хрыстафора Калумба» (1959), «Лоўля тунца» (1967) і інш. З 1940 у ЗША, дзе яго ілюзійны прыём жывапісу дасягнуў найб. вастрыні («Сон, выкліканы палётам пчалы вакол граната за хвіліну да абуджэння», 1944, «Атамная Леда», 1949). З 1955 у Іспаніі, пад уплывам ісп. барочнага жывапісу ствараў творы хрысц. тэматыкі «Тайная вячэра», 1955, і інш.). Займаўся сцэнаграфіяй, плакатам, дэкар. мастацтвам, ілюстраваў творы М.Сервантэса, У.Шэкспіра і інш. Аўтар аўтабіягр. кніг «Тайнае жыццё Сальвадора Далі» (1942—1944) і «Дзённік генія» (1964). У 1972 у Фігерасе адкрыты музей мастака, у якім ён і пахаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГАВА́Я ЗВА́РКА, электрадугавая зварка,
зварка плаўленнем, пры якой канцы дэталей, што злучаюць, награваюць электрычнай дугой Дугавы разрад запальваецца паміж вырабам і электродам або толькі паміж электродамі. Цяпло дугі плавіць метал вырабу і электрода (пры няплаўкім электродзе — прысадачнага прутка). Ванна вадкага металу, што ўзнікае ў месцы зваркі, пры астыванні моцна злучае вырабы.
Адрозніваюць Д.з.: ручную і аўтаматычную; плаўкім (стальным, алюмініевым, медным і з іх сплаваў) і няплаўкім (вальфрамавым, вугальным, графітавым) электродамі; газаэлектрычную зварку, зварку падфлюсам (які ахоўвае метал ад акіслення і азатавання; робіцца спец. трактарам для Д.з.), пакрытым электродам (з ахоўнай абмазкай), сціснутай дугой (гл.Плазменная зварка). Пры Д.з. выкарыстоўваюць пастаянны ток (ад зварачнага пераўтваральніка) або пераменны (ад зварачнага трансфарматара). Д.з. выкарыстоўваецца пры вытв-сці зварных канструкцый, а таксама для наплаўлення, часам рэзання металаў, злучэння шкла, фарфору, пластмас і інш. Адкрыта ў 1881 М.М.Бенардосам. У 1888 М.Г.Славянаў распрацаваў спосаб Д.з. з металічным плаўкім электродам, пабудаваў першы зварачны генератар пастаяннай а току.
Літ.:
Гл. пры арт.Зварка.
М.М.Кунцэвіч.
Дугавая зварка: а — пакрытым электродам (1 — метал шва, 2 — расплаўлены метал, 3 — шлакавая корка, 4 — кропля металу электрода, 5 — расплаўленае пакрыццё, 6 — металічны стрыжань электрода, 7 — пакрыццё); б — тыпы злучэнняў (1—3 — стыкавыя, 4 — таўровае, 5 — унакладку, 6 — з адбартоўкай краёў).Схемы дугавой зваркі: а — плаўкім электродам; б — няплаўкім электродам; в — дугой ускоснага дзеяння; г — пад флюсам; 1 — электрод; 2 — дуга; 3 — загатоўкі, якія зварваюцца; 4 — прысадачны пруток; 5 — грануляваны флюс; 6 — ахоўны газавы пузыр; 7 — шлакавая корка на зварным шве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РЧАНСКА-ЭЛЬТЫГЕ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
дэсантная аперацыя войск Паўн.-Каўказскага фронту (камандуючы ген.-палк. І.Я.Пятроў), сіл Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. Л.А.Уладзімірскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) у Вял.Айч. вайну. Праведзена 31.10—11.12.1943 з мэтай авалодання Керчанскім п-вам. Адначасова планавалася высадзіць сіламі Азоўскай ваен. флатыліі (АВФ) 3 дывізіі 56-й арміі на ПнУ ад г. Керч (асн. напрамак) і сіламі Чарнаморскага флоту пад кіраўніцтвам контр-адм. Г.М.Халасцякова 1 дывізію 18-й арміі каля пас. Эльтыген на Пд ад Керчы (дапаможны напрамак), пасля іх сустрэчнымі ўдарамі авалодаць партамі Керч і Камыш-Бурун. Удзельнічалі 130 тыс.чал., больш за 2 тыс. гармат і мінамётаў, 125 танкаў, 278 катэраў і дапаможных суднаў, больш за 1000 самалётаў 4-й Паветр. арміі і марской авіяцыі. Вечарам 31 кастр. з-за шторму сарвалася высадка дэсантных атрадаў на асн. напрамку. 1 ліст. дэсант 18-й арміі захапіў плацдарм у раёне Эльтыгена. Ва ўмовах адцягнення для блакады плацдарма значных сіл праціўніка АВФ 3 ліст. высадзіла дэсант з часцей 56-й арміі, які да 12 ліст. выйшаў на рубеж Азоўскае м. — паўн.-ўсх. ўскраіна Керчы, дзе і замацаваўся. Дэсант з раёна Эльтыгена 6—7 снеж. прарваўся да паўд. ускраіны Керчы, захапіў пануючую над горадам гару Мітрыдат, але 9 снеж.пад націскам праціўніка пакінуў яе і 11 снеж. быў эвакуіраваны суднамі АВФ. Нягледзячы на незавершанасць, К.-Э.а. стварыла перадумовы (захоп буйнога плацдарма) для вызвалення Крыма ў ходзе Крымскай аперацыі 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЦЬ,
традыцыйная сялянская гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення і інш. Шырока вядома ў нар. дойлідстве слав. і балт. народаў, у Скандынавіі. На Беларусі была пашырана ўсюды ў 19 — пач. 20 ст. У бел.нар. дойлідстве К. — у плане блізкі да квадрата аднакамерны зруб (каля 5 × 6 м) на камянях або дубовых штандарах, накрыты 2-схільнай (радзей вальмавай) страхой з драніцы, саломы, чароту. Тарцовыя сцены звычайна рубіліся закотам. Часам бярвёны 2 ніжніх вянкоў, выпушчаныя да 1 м вонкі, утваралі перад уваходам ганак. На Палессі да пач. 20 ст. існавалі парныя К., злучаныя павецямі. Падлога насцілалася з тонкіх бярвён або плашак (нярэдка абмазаных глінай), столь адсутнічала або была з бярвён у выглядзе скляпення. У некат. К. быў невысокі верхні паверх пад страхой, з галерэйкай на гал. фасадзе, пад падлогай рабілі мураваныя або рубленыя скляпы. К., што стаяла асобна, часта наз.свірнам. К. называлася таксама прыбудова да хаты, якая выкарыстоўвалася як летняе жыллё (звычайна для маладажонаў). З хатай злучалася сенцамі або мела самаст. ўваход звонку. У вял. сям’і, дзе было некалькі жанатых сыноў, для кожнай маладой пары будавалі асобную К. У ёй захоўвалі пасаг нявесты. Больш бедныя сяляне замянялі К. каморай-кладоўкай. Часам К. наз. неацяпляльную ч. хаты. К. захаваліся да нашага часу, але страцілі свае першапачатковыя функцыі. Выкарыстоўваліся таксама пры буд-ве абарончых збудаванняў (вежы, гародні). Храмы з прамавугольнымі зрубамі і 2-схільнымі дахамі (без вярхоў і шатроў) наз. клецевымі.
Ю.А.Якімовіч.
Клець у вёсцы Пузыры Мядзельскага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НАПІС,
старажытнае пісьмо, знакі якога складаліся з груп клінападобных рысачак. Рысачкі выціскаліся на паверхні кавалка мяккай гліны завостранымі палачкамі, якія ўваходзілі ў гліну пад вуглом і стваралі клінападобнае заглыбленне. Сырой гліне надавалася форма пліткі, конуса, цыліндра або прызмы, якія потым абпальваліся для захоўвання нанесеных знакаў. К. карысталіся народы Пярэдняй Азіі.
Узнік у 4-м тыс. да н.э. ў Шумеры, пазней быў прыстасаваны да вавілонскай, асірыйскай, хецкай, хурыцкай, эламскай, урарцкай і інш. моў. Паходжанне К. — ідэаграфічна-рэбуснае, з сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. — славесна-складовае пісьмо. Клінападобныя знакі — вынік паступовай схематызацыі малюнкаў, з дапамогай якіх шумеры каля 3-га тыс. да н.э. пачалі графічна перадаваць назвы канкрэтных прадметаў і абстрактных паняццяў (гл.Ідэаграфічнае пісьмо). Першапачаткова клінапісная графіка налічвала каля 1000 абазначэнняў розных складоў і каля 20 тыс.ідэаграм і дэтэрмінантаў. Кліны размяшчаліся гарызантальна 𒀸, вертыкальна <SIGN>, пад рознымі вугламі <SIGN>, <SIGN>. Напрамак пісьма спачатку быў верт., слупкамі справа налева, пазней — радковы злева направа. К. праіснаваў каля 4 тыс. гадоў. Найб. познія яго помнікі разнастайныя па жанрах (рэліг. і навук. тэксты, дакументы, слоўнікі, эпас), адносяцца да 6—4 ст. да н.э. (Стараж. Персія). Стараж-перс. К., які меў толькі 41 складовы знак, расшыфраваў у 1802 ням. мовазнавец Г.Ф.Гротэфенд. Хецкія тэксты першы прачытаў чэш. філолаг Б.Грозны ў 1915.
Літ.:
Дьяконов И.М. Языки древней Передней Азии. М., 1967;
Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979.
А.Я.Міхневіч.
Узор вавілона-асірыйскага клінапісу. Надпіс асірыйскага цара Тыглатпаласара I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГАДА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнУРас. Федэрацыі. Абмываецца Ахоцкім м. Утворана 3.12.1953. Пл. 461,4 тыс.км². Нас. 258 тыс.чал. (1997), гарадскога 90%. Цэнтр — г.Магадан.
Прырода. Паверхня гарыстая. Цэнтр.ч. займаюць адгор’і Чэрскага хрыбта (выш. да 2586 м), усх. — Калымскае нагор’е (выш. да 1962 м ва Амсукчанскім хр.). Карысныя выкапні: золата, волава, вальфрам, ртуць, каменны і буры вугаль. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Сярэднія т-ры студз. ад -19 °C да -23 °C на ўзбярэжжы Ахоцкага м. і -38 °C ва ўнутр.ч. вобласці, ліп. адпаведна 12 °C і 16 °C. Ападкаў 300—700 мм за год. Шматгадовая мерзлата. Густая рачная сетка. Гал. рака — Калыма. Глебы горна-лясныя падзолістыя. Расліннасць — рэдкастойная лістоўнічная тайга. На тэр. вобласці — Магаданскі запаведнік.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (золата — Сусуманскі і Ягаднінскі горна-абагачальныя камбінаты, серабро — Дукацкі горна-абагачальны камбінат, волава, вальфрам, вугаль — разрэз «Тал-Юрах»), электраэнергетыка (Калымская ГЭС), харч. (рыбная, мясная, малочная), машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць і рамонт горнага абсталявання, паліўнай апаратуры, суднарамонт), лёгкая (гарбарна-абутковая, швейная). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Спецыфіка сельскай гаспадаркі — развіццё аленегадоўлі, зверагадоўлі і пушнога промыслу. Малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Падс.-г. ўгоддзямі каля 0,3% тэрыторыі, у т. л.пад ворнымі землямі 24%. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Гал. від транспарту — марскі (порт — Магадан) і аўтамабільны. Асн. аўтадарогі Магадан—Сусуман—Кадыкчан і далей на тэр. Рэспублікі Саха (Якуція) і Калымскі тракт. Суднаходства па р. Калыма. Значная роля паветр. транспарту. Бальнеагразевы курорт Талая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАМ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ, МОПР Заходняй Беларусі, Чырвоная дапамога Заходняй Беларусі,
масавая грамадская арг-цыя ў Зах. Беларусі ў 1924—39, якая праводзіла шырокія кампаніі ў абарону дэмакр. правоў і свабод, аказвала маральную, матэрыяльную і юрыд. дапамогу палітвязням рознай паліт. прыналежнасці, змагалася за іх вызваленне. Створана ў выніку аб’яднання гурткоў Чырв. Крыжа, якія займаліся дапамогай палітзняволеным. Уваходзіла на правах аўтаномнай арг-цыі ў склад МОПРа Польшчы. Працавала пераважна пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. На 15.1.1925 налічвала 878 чл. Да канца 1928 дзейнічала 6 акр., у студз. 1932—9 акр. і 48 раённых мопраўскіх к-таў, пры якіх працавалі мопраўскія тройкі, што ствараліся на прадпрыемствах, у прафсаюзах, Т-ве бел. школы, спарт. і інш. легальных арг-цыях. На чале МОПРа Зах. Беларусі стаяў ЦК (знаходзіўся ў Вільні), які выдаваў газ.«Чырвоная дапамога», «Палітычны вязень», «Турмы клічуць да барацьбы». У 1927—28 сакратаром ЦК быў І.Жыўлюк, з 1937 Р.Пірышка. Члены МОПРа Зах. Беларусі ўдзельнічалі ў кампаніях у абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў час працэсу 56-і, у падтрымку рэсп. Іспаніі, супраць смяротнага прыгавору С.Прытыцкаму, за ліквідацыю Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагера і інш.Пад іх націскам польскі ўрад у 1928 і 1936 быў вымушаны аб’явіць амністыю і вызваліць частку палітзняволеных. Пасля неабгрунтаванага роспуску ў 1938 Кампартыі Польшчы і яе састаўных частак КПЗБ і КПЗУ дзейнасць МОПРа Зах. Беларусі значна аслабла.
Літ.:
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ШЧАРДАЎСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я, на Пн Віцебскай вобл. (усх. частка Расонскага р-на) і ў Расіі (большая частка). На Беларусі мяжуе з Полацкай нізінай, працягнулася з Пн на Пд на 22 км, з 3 на У на 29 км. Пл. 650 км². Выш. 180—220 м, найб. 224 м (на ПнУ).
Прымеркавана да Латвійскай седлавіны. Магутнасць асадкавага чахла да 300 м. Вылучаны адклады валдайскай серыі верхняга дакембрыю (пясчаныя і пясчана-гліністыя), ардовіку (вапнякі, мергелі, даламіты), дэвону (стракатаколерная пясчана-гліністая тоўшча). Антрапагенавыя адклады (магутнасць 30—60 м) складзены з валунных супескаў і суглінкаў, участкаў маламагутнага покрыва водна-ледавіковых асадкаў. Фарміраванне ўзвышша звязана з краявой зонай акумуляцыі паазерскага зледзянення.
Сучасны рэльеф сярэднеўзгорысты і ўзгорыста-западзінны, ускладнены камамі і азёрнымі катлавінамі. Ваганні адносных вышынь 10—25 м. Марэнныя ўзгоркі складзены з валунных суглінкаў, супескаў, камавыя — з пяску з уключэннем жвіру і галькі. Трапляюцца озавыя грады з пяскоў, жвіру і валунна-галечнага матэрыялу з марэнным чахлом. Сярэднія т-ры студз. 8,4 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 629 мм за год. Н.ў. дрэніруюць р. Дрыса і яе правыя прытокі. Азёры Нешчарда, Усвечча, Валоба, Межава і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя. Пад лесам каля 40% тэрыторыі. Лясы захаваліся невял. ўчасткамі на вяршынях і стромкіх схілах узгоркаў. Пераважаюць бары, субары, ельнікі, па далінах рэк і азёр з дамешкамі дубу. Па паніжэннях бярозавыя і альховыя лясы. Пад ворывам 15% тэрыторыі.
Нешчардаўскае ўзвышша ў Расонскім раёне Віцебскай вобл.