ВРО́НСКІ (Макар Кандратавіч) (14.4.1910, г. Барысаў Мінскай вобл. — 13.11.1994),
украінскі скульптар. Нар. мастак Украіны (1963). Скончыў Кіеўскі маст. ін-т (1945). Выкладаў у ім (1949—94), праф. (1963). Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Сярод работ: помнікі Т.Р.Шаўчэнку (1950, у сааўт., Дзярж. прэмія СССР 1951) у г. Палерма (Канада), Багдану Хмяльніцкаму (1953) у г. Хмяльніцкі (Украіна); кампазіцыі «Леся Украінка» (1947), «На паншчыне» (1957); партрэты-бюсты М.М.Амосава (1961), Т.Р.Шаўчэнкі (1964); манумент Вечнай славы (1977) у г. Луцк (Украіна). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1984.
т. 4, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ВАЕ БАЛО́ТА, алігатрофнае балота,
тып балота, якое жывіцца толькі атм. ападкамі; беднае мінер. рэчывамі. Утвараецца ва ўмовах застою паверхневых вод на плоскіх паніжэннях водападзелаў; не мае сувязі з падземнымі водамі. На вярховым балоце намнажаецца торф магутнасцю 2—10 м, ступень распаду якога каля 50%. Паверхня балота пукатая да цэнтра, дзе найб. інтэнсіўна растуць асн. торфаўтваральнікі — сфагнавыя мхі. Відавы склад вышэйшых раслін бедны (балотныя формы хвоі і лістоўніцы, карлікавая бяроза, багун, балотны мірт, верас, буякі, журавіны, падвей похвенны, расіца круглалістая, марошка і інш.). На Беларусі вярховыя балоты найб. пашыраны ў Віцебскай і на Пн Мінскай абласцей (гл. таксама Балота).
т. 4, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РСКІ (Рыгор Арсенавіч) (н. 26.10.1932, в. Садоўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-р мед. н. (1980), праф. (1983). Скончыў 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1956). З 1972 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па ішэмічнай і гіпертанічнай хваробах, атэрасклерозе, рэўматызме, хваробах крыві, парушэннях сардэчнага рытму, антыкаагулянтнай тэрапіі, ультрагукавой дыягностыцы і метадзе дэфібрыляцыі.
Тв.:
Справочник по клинической электрокардиографии. Мн., 1985 (разам з Л.Г.Баранавым, У.Р.Лісюціным);
Справочник участкового терапевта. Мн., 1986 (у сааўт.);
Справочник по дифференциальной диагностике внутренних болезней. Мн., 1990 (у сааўт.).
т. 4, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́ВІЧ (Генадзь Міхайлавіч) (19.9.1934, с. Вялешына 1-е Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1992),
бел. графік. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1966). У 1972—90 працаваў у выд-ве «Беларусь» (з 1980 гал. мастак). Аформіў кнігі: «Ленін у выяўленчым мастацтве Беларусі» (1978), «Лічбы на сэрцы» М.Савіцкага (1980), «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.» (1980), «Я.Колас у творчасці мастакоў» і «Я.Купала ў творчасці мастакоў» (абедзве 1982; усе разам з М.Ганчаровым); «Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984) і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 4, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́НІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., на р. Клява (левы прыток р. Бярэзіна, бас. Дняпра), за 5 км на Пд ад г. Беразіно, каля в. Гарэнічы. Створана ў 1951, у 1972 рэканструявана. Пл. 1,08 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 6,1 м. Аб’ём вады 1,24 млн. м³. Даўжыня берагавой лініі 15 км.
Моцнапраточнае, сярэднегадавы сцёк 94 млн. м³. Катлавіна выцягнутая. Берагі пад ворывам і сенажацямі, левы спадзісты, правы больш стромкі, выш. 1,5—2,5 м. Зарастае ў вярхоўі і каля берагоў. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, арашэння і як зона адпачынку.
т. 5, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫЛАВЕ́Ц (Клара Усеваладаўна) (н. 18.11.1935, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н., праф. (1989). Чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі (1989). Скончыла БДУ (1957). У 1986—91 працавала ў Мінскім пед. ун-це. Аўтар прац па праблемах гуманізацыі і гуманітарызацыі пед. працэсу, гісторыі педагогікі, філасофіі адукацыі, маральнага выхавання, у т. л. манаграфіі «Выхаванне чалавечнасці» (1985).
Тв.:
Организация нравственного просвещения старшеклассников. Мн., 1974;
Нравственно-эстетическое воспитание школьников. 2 изд. Мн., 1988 (разам з І.І.Казімірскай);
Идейно-нравственное воспитание учащихся в процессе обучения. Мн., 1991 (у сааўт.).
В.У.Чэчат.
т. 5, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДЭМА́Н (Ота Магнусавіч) (29.4.1887, в. Мнішчызна Рэчыцкага пав. Мінскай губ. — 16.5.1937),
бел. гісторык, краязнавец, прыродазнавец, педагог. Скончыў Гомельскую гімназію; з Кіеўскага ун-та выключаны за ўдзел у рэв. руху. З 1922 працаваў настаўнікам у Браславе, з 1928 у Вільні. Збіраў матэрыялы па гісторыі Браслаўшчыны, вывучаў магдэбургскае права, развіццё гандлю і рамёстваў, сац. структуру і маёмасныя адносіны насельніцтва ў гарадах Сярэдняга Падзвіння, лясныя промыслы і водныя шляхі на Беларусі 17—18 ст., гісторыю Белавежскай пушчы. Даследаваў гісторыю гарадоў і мястэчак Беларусі.
Тв.:
Historja powiayu Brasławskiego. Wilno, 1930;
Dawne puszcze i wody. Wilno, 1934.
Г.А.Каханоўскі.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РКЕ (Пётр Якаўлевіч) (12.7.1904, с. Вяляцічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 14.5.1985),
савецкі гістолаг і эмбрыёлаг. Акад. АН Латвіі (1951). Д-р мед. н. (1936), праф. (1937). Скончыў БДУ (1927). З 1927 у Мінскім мед. ін-це (з 1949 нам. дырэктара). З 1952 у Латвійскім НДІ эксперым. і клінічнай медыцыны (да 1971 дырэктар), адначасова ў 1953—72 у Рыжскім мед. ін-це. Навук. працы па вывучэнні развіцця ўнутр. органаў чалавека і млекакормячых, перыферычнай і цэнтр. нерв. сістэмы, эндакрыннай сістэмы, гісторыі медыцыны.
Тв.:
Общая эмбриология человека. Рига, 1955;
Основы теоретической анатомии человека. Рига, 1963 (разам з С.І.Лябёдкіным).
т. 5, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РСКАЯ (Алена Сяргееўна) (н. 21.2.1950, пас. Цялякава Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1982), дац. (1992). Скончыла БДУ (1972). У 1974 — 92 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1992 у Бел. дзярж. пед. ун-це. Друкуецца з 1967. Даследуе праблемы маст. пошукаў у сучаснай бел. паэзіі, пытанні паэтыкі (манаграфія «Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.Кірэенкі», 1986; арт. «Свабодны верш і сучасная беларуская паэзія», 1975; «Мастацкія пошукі лірыкі», 1980, і інш.). Аўтар кн. «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996, з Л.Гарэлік і Т.Грамадчанка).
т. 5, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Валянцін Іванавіч) (6.5.1911, с. Александрыя Стаўрапольскага краю, Расія — 17.7.1983),
бел. архітэктар, педагог. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1936). З 1936 выкладчык БПІ, у 1959—78 у Бел. тэатр.-маст. ін-це. У творах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і формы класічнай архітэктуры. Асн. работы: Дом афіцэраў у Бабруйску, ф-ка піяніна ў Барысаве (абодва 1937), пасёлкі пры торфапрадпрыемствах у Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абл. (1937—39); праекты аднаўлення і рэканструкцыі разбураных у Айч. вайну акруговага Дома афіцэраў, жылых дамоў і адм. будынкаў у Мінску (1945—46), забудова праспекта Кірава ў Віцебску.
т. 5, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)