ПА́АЛА УЧЭ́ЛА [Paolo Uccello; сапр.Паала ды Дона (Paolo di Dono); 1397, г. Фларэнцыя, Італія — 10.12.1475],
італьянскі жывапісец, прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці (1407—14). Працаваў у Фларэнцыі, Венецыі (1425—30), Падуі (каля 1447) і Урбіна (1465—68). У ранні перыяд працаваў у традыцыях готыкі, пазней зазнаў уплывы Данатэла, Ф.Брунелескі і Мазачыо. Першы італьян. баталіст. Сярод твораў: фрэскі ў саборы (конны партрэт кандацьера Дж.Акута, 1436) і ў К’ёстра Вердэ ў царкве Санта-Марыя Навела (сярэдзіна 1430-х г. каля 1450) у Фларэнцыі, 3 карціны з эпізодамі бітвы пры Сан-Рамана (сярэдзіна 1450-х г.), «Бітва св. Георгія з драконам», прыдзела са сцэнамі прычашчэння, «Паляванне» (абедзве канец 1460-х г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГНАСТЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ,
мета ды, што выкарыстоўваюцца для вызначэння, удакладнення і распазнавання хваробы. Падзяляюцца на асн. і дадатковыя, ці спецыяльныя. Асн. Д.м. — анамнез, агляд хворага, пальпацыя, перкусія, аўскультацыя. Спец. метады ўключаюць этыялагічны, марфал., патагенет. і функцыян. кампаненты, якія характарызуюць асаблівасці ўзнікнення і цячэння хваробы, даследаванні на субклетачным узроўні і апрацоўку на ЭВМ. Класіфікуюцца на Д.м. прамянёвыя (рэнтгенаскапія і рэнтгенаграфія, рэнтгенаўская камп’ютэрная і магнітна-рэзанансная тамаграфіі, ультрагукавая тэрмаграфія), электрафізіял. (электракардыяграфія, электраэнцэфалаграфія і інш.), радыенуклідныя (радыяграфія, сцынтыграфія і інш.), лабараторныя (гісталагічныя, цыталагічныя, біяхім., імуналагічныя), мікрабіял., біяфіз. (спектрафотаметрыя, флюарыметрыя, паляраграфія і інш.), эндаскапічныя (фібрагастрадуадэнаскапія, рэктаскапія, сігмаскапія, каланаскапія і інш.), нагрузачныя метады ці функцыян. тэсты (эргаметрычныя, ізаметрычныя, псіхафізіял. стрэс-сістэмы, фармакалагічныя пробы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБІНЕ́ЦКІЯ ЗЕ́МЛІ,
зямельныя ўладанні рас. імператараў і ўласнасць рас. імператарскай сям’і ў сярэдзіне 18 — пач. 20 ст. Вылучаны ў 1747, заканадаўча аформлены ў 1786. Знаходзіліся пад кіраваннем Кабінета яго імператарскай вялікасці, які ўваходзіў у склад Мін-ва імператарскага двара; не падлягалі продажу. Сканцэнтраваны пераважна ў Сібіры (Алтай, Забайкалле) і ч. Польшчы (маёнткі ў Варшаўскай губ.). У Сібіры К.з. займалі 67,8 млн.га (каля 3,3% усёй зямлі Рас. імперыі). На іх вялася здабыча золата, серабра, свінцу, медзі, дзейнічалі з-ды па выплаўцы жалеза, чыгуну, сталі. Пасля 1861 узмоцнена эксплуатаваліся лясы, зямля здавалася ў арэнду. У 1865—1907 на сібірскія К.з. пераселена каля 1 млн.рас. сялян. У 1917 К.з. нацыяналізаваны сав. уладай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁВА Галіна Аляксандраўна (7.3.1932, г. Гарачы Ключ Краснадарскага краю, Расія — 8.1.1995),
расійская спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар.арт. Расіі (1967), нар.арт.СССР (1974). Скончыла Саратаўскую кансерваторыю (1958). Дэбютавала ў 1958 у Саратаўскім т-ры оперы і балета. З 1960 салістка Марыінскага т-ра. З 1971 выкладала ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (праф. з 1981). Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Анастасія («Пётр I» А.Пятрова). 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе маладых оперных спевакоў (Сафія, 1961), 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1962). Дзярж. прэмія Расіі 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́БРЫЯ (Calabria),
паўвостраў на Пд Італіі, паўд. частка Апенінскага п-ва. Абмываецца Іанічным м., Месінскім прал. і Тырэнскім м.Даўж. каля 250 км, шыр. ад 40 да 100 км. Большую частку паўвострава займаюць горныя масівы — Калабрыйскія Апеніны выш. да 2271 м. Горы складзены на У пераважна з вапнякоў і флішаў, на З — з гранітаў і гнейсаў. Клімат на больш нізкіх тэр. міжземнаморскі. Т-растудз. да 10 °C, ліп. 26 °C. Ападкаў 800 мм за год. У гарах клімат больш халодны, са снегам і туманамі. На схілах гор маквіс, месцамі букавыя і хваёвыя лясы. Уздоўж берагоў узгорыстыя апрацаваныя раўніны. Характэрны землетрасенні. Нац. парк Калабрыя. Порт Рэджа-ды-Калабрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́ЕВА Ніна Аляксееўна (н. 23.7.1920, г. Рцішчава Саратаўскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыла тэатр. студыю Маск. камернага т-ра (1946). Працавала ў т-рах Тулы, Масквы, Алматы. З 1957 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных, камед. роляў. Творчасць вызначаецца глыбокім раскрыццём унутр. свету гераінь, імкненнем да яркай сцэн. формы. Сярод роляў: Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), княгіня Вольга [«Гора і слава» («Русь Кіеўская») А.Петрашкевіча], Мігачова («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), Мар’я («Любоў Яравая» К.Транёва), Жанна («Чаму ўсміхаліся зоркі» К.Карнейчука), Заначаалава («Кафедра» В.Урублеўскай), Нуйкіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНМІКЕ́ЛІ (Sanmicheli) Мікеле (1484, г. Верона, Італія — 1559),
італьянскі архітэктар; прадстаўнік Высокага Адраджэння. Зазнаў уплыў Д.Брамантэ і Дж. да Сангала. У 1509—27 на папскай службе ў Рыме, з 1528 гал. архітэктар крэпасцей Венецыянскай рэспублікі. Будаваў гар. ўмацаванні ў Брэшыі, Бергама, на в-ве Керкіра і інш. Узбагаціў ордэрную сістэму складанымі дэкар. дэталямі, у т. л. матывамі рым. трыумфальнай аркі. Стваральнік новых тыпаў палацца, велічныя фасады якіх спалучалі строгую тэктоніку з выразнай пластыкай форм: палацца Бевілаква ў Вероне (1532), Грымані ў Венецыі (1556—72) і інш. Яго пабудовы ў Вероне ў многім вызначылі аблічча горада (вароты Порта Паліо, 1557; касцёл Мадонна ды Кампанья каля Вероны, з 1559).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЭ́ТЛ (Seattle),
горад на ПнЗ ЗША, штат Вашынгтон. Засн. ў 1851. 537 тыс.ж., з г. Такома і агульнымі прыгарадамі каля 2,5 млн.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Найбуйн. прамысл., гандлёва-фін., навук. і культ. цэнтр паўн.ч. Ціхаакіянскага ўзбярэжжа і ўсяго ПнЗ ЗША. Праз С. ідуць гал. сувязі з Аляскай і краінамі Д. Усходу. Адзін з найбуйнейшых цэнтраў авіяц. і ракетна-касм. прам-сці ЗША (праўленне, н.-д. лабараторыі і з-ды фірмы «Боінг»). Галіны прам-сці: суднабудаванне, радыёэлектронная, прыладабуд., аўтамаб., вытв-сць нафтавага абсталявання, дарожна-буд. машын, чыг. вагонаў, чорная металургія, нафтаперапр., дрэваапр., папяровая, паліграфічная. База рыбалоўства. 7 ун-таў. Тэатры, маст. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕПТЫ́ДЫ,
арганічныя рэчывы, якія маюць астаткі аднолькавых або розных амінакіслот, што злучаюцца пептыднай сувяззю. Малекула П. — звычайна лінейны ланцуг з амінагрупай (—NH2) на адным і карбаксільнай групай (—COOH) на другім канцы ланцуга. Бываюць П. з замкнёным ланцугом — цыклапептыды (таксіны, гармоны і антыбіётыкі). Па колькасці амінакіслотных астаткаў адрозніваюць ды-, тры-, тэтрапептыды і г.д., а таксама поліпептыды. Да П. адносяць шэраг біялагічна актыўных рэчываў: глутатыён, анзерын, карназін, некат. гармоны (інсулін, глюкагон, вазапрэсін, аксітацын і інш.). У жывых клетках П. сінтэзуюцца з амінакіслот ці ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў. Шэраг актыўных П. і іх аналагі атрыманы штучна шляхам хім. сінтэзу. Дасягненні хіміі П. спрыялі вырашэнню некат. праблем біяхіміі і малекулярнай біялогіі (напр., расшыфроўка генет. кода).