КАКО́ЎЦАЎ Уладзімір Мікалаевіч (18.4.1853, г. Ноўгарад, Расія — 1943),

расійскі дзярж. дзеяч. Граф (1914). Скончыў Аляксандраўскі ліцэй (1872). Працаваў у Мін-ве юстыцыі (1873—79), гал. турэмным упраўленні МУС (1879—90), Дзярж. канцылярыі (1890—96). У 1896—1902 таварыш міністра фінансаў С.​Ю.​Вітэ, у 1902—04 дзярж. сакратар. У 1904—14 (з перапынкам у 1905—06) міністр фінансаў. Пасля забойства П.А.Сталыпіна старшыня Савета Міністраў (вер. 1911 — студз. 1914, адначасова і міністр фінансаў). Выступаў за працяг унутрыпаліт. курсу Сталыпіна, умацаванне рас.-франц. саюзу, змякчэнне супярэчнасцей паміж Расіяй і Германіяй. Пазней буйны банкір. З 1918 жыў у Францыі. Аўтар успамінаў (т. 1—2, 1933).

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕНКУ́Р (Caulaincourt) Арман Агюстэн Луі маркіз дэ (9.12.1773, Каленкур каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 19.2.1827),

французскі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Дывізійны генерал (1805), герцаг Вічэнцкі (1808). У арміі з часоў Франц. рэвалюцыі 1789—99. У 1801 і 1807—11 франц. пасол у Расіі; выступаў за развіццё франц.-рас. саюзных адносін, намагаўся адгаварыць Напалеона I ад вайны супраць Расіі. У час вайны 1812 суправаджаў Напалеона. У ліст. 1813 — крас. 1814 міністр замежных спраў Францыі; 10.4.1814 падпісаў у г. Фантэнбло дагавор пра адрачэнне Напалеона ад прастола. У час «ста дзён» (1815) зноў міністр замежных спраў. Аўтар мемуараў (ёсць звесткі пра Напалеона і вайну 1812).

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НІН Міхаіл Іванавіч (19.11.1875, в. Верхняя Троіца Кашынскага р-на Цвярской вобл., Расія — 3.6.1946),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1944). Скончыў 4-класную школу (1889). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 і Кастр. рэвалюцыі 1917. Старшыня ЦВК РСФСР (з 1919), ЦВК СССР (з 1922) і Прэзідыума Вярх. Савета СССР (з 1938). Чл. КПСС (з 1898), яе ЦК (з 1919) і Палітбюро ЦК (з 1926). Выконваў пераважна прадстаўнічыя функцыі. Неаднаразова быў у Беларусі, у т. л. 11.7.1935 на юбілейнай сесіі ЦВК БССР у Мінску ўручыў рэспубліцы ордэн Леніна. У Беларусі ў сав. час яго імем названы прадпрыемствы, калгасы, вуліцы; помнікі ў Мінску, Гомелі і інш.

П.З.Калінін.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДКА Лукаш Сямёнавіч (31.10.1887, в. Лесуны Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 16.5.1966),

дзеяч бел. нац. руху пач. 20 ст. Ген.-маёр інтэнданцкай службы (1940). Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1904—07). У 1907 за распаўсюджванне рэв. л-ры арыштаваны, у 1909 апраўданы. З 1910 у арміі. З 1917 эсэр, чл. Савета салдацкіх дэпутатаў 12-й арміі, выканкома Усерас. Савета сял. дэпутатаў, Цэнтр. бел. вайсковай рады, Бел. абл. к-та, дэлегат Усебел. з’езда 1917. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1921—22 ад’ютант М.​Фрунзе ў Турцыі, у 1941—51 нач. кватэрна-эксплуатац. ўпраўлення Узбр. СІД СССР.

В.​У.​Скалабая.

Л.С.Калядка.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧЭ́ЎСКІ Арсен Уладзіміравіч (парт. псеўд. В.​Камінскі, Уладак; 5.9.1901, Вільня — 31.8.1931),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Брат І.У.Канчэўскага. У 1919 у Наркамаце асветы Літ.-Бел. ССР, Віленскім губхарчкоме. Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. З 1923 чл. ЦК КПЗБ. У 1924 арыштаваны польскімі ўладамі і засуджаны на 4 гады турмы. На I з’ездзе КПЗБ (1928) завочна выбраны канд. у чл. ЦК, пасля вызвалення з турмы (ліст. 1928) кааптаваны ў чл. ЦК, з кастр. 1929 чл. Бюро ЦК КПЗБ. Накіроўваў дзейнасць арг-цый «Змагання», Гал. управы Таварыства беларускай школы і іх легальных выданняў. Трагічна загінуў у Чорным моры.

А.У.Канчэўскі.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РАЙІ, Каральі (Károlui) Міхай (4.3.1875, Будапешт — 18.3.1955), венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. У 1906—18 дэп. парламента. З кастр. 1918 кіраўнік Нац. савета з прадстаўнікоў розных партый, а пасля перамогі рэвалюцыі ў Венгрыі (31.10.1918) — кіраўнік урада; у студз.—сак. 1919 прэзідэнт Венг. рэспублікі. Пасля абвяшчэння Венг. сав. рэспублікі (24.3.1919) эмігрыраваў. За мяжой выступаў супраць дыктатуры М.​Хорці (1920—44), удзельнічаў у антыфаш. і антываен. руху, у т. л. ўзначальваў «Рух за дэмакратычную Венгрыю» ў Вялікабрытаніі (1943). З 1946 зноў на радзіме, у 1947—49 венг. пасланнік у Парыжы. Пратэстуючы супраць паказальнага працэсу Л.Райка і рэпрэсіўнага кіраўніцтва М.Ракашы, выйшаў у адстаўку і застаўся ў эміграцыі.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТЧЭ́НЯ Іван Міхайлавіч (н. 13.8.1948, в. Таль Любанскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1975), Мінскую вышэйшую парт. школу (1986). З 1967 на гасп., сав. і парт. рабоце. З 1986 старшыня Вілейскага райвыканкома, адначасова 1-ы сакратар гаркома КПБ. З 1990 дэпутат, чл. Прэзідыума, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1992 каардынатар Рабочай групы Савета кіраўнікоў дзяржаў і Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У 1993—98 выканаўчы сакратар СНД. З 1996 чл. Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. З мая 1998 1-ы нам. выканаўчага сакратара СНД.

І.М.Каратчэня.

т. 8, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЛСАН (Carlsson) Інгвар Гёста (н. 9.11.1934, г. Бурас, Швецыя),

шведскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Лундскі ун-т (1958). У 1961—67 старшыня Саюза с.-д. моладзі Швецыі. З 1965 дэп. рыксдага. У 1969—73 міністр асветы, у 1973—76 міністр жыллёвага буд-ва. У 1971—74 старшыня Стакгольмскай арг-цыі, з 1972 чл. выканкома праўлення, у 1986—96 старшыня С.-д. рабочай партыі Швецыі (СДРПШ). Кіраваў распрацоўкай праграмы партыі «Будучыня для Швецыі», якая забяспечыла перамогу СДРПШ на выбарах 1982. У 1982—86 нам. прэм’ер-міністра, у 1986—91 і 1994—96 прэм’ер-міністр Швецыі. Садзейнічаў уступленню Швецыі ў Еўрап. Саюз (1995).

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́Ч Павел Мікалаевіч (20.11.1887, в. Рогава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 7.12.1977),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, кампазітар. Засл. дз. культуры Беларусі (1957). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1938). Творчы шлях пачаў у капэле Дз.Агрэнева-Славянскага ў 1907. У 1912—56 настаўнічаў. У 1946 арганізаваў хор студэнтаў у Нясвіжскім пед. вучылішчы, у 1952—64 узначальваў хор сельскага клуба в. Лявонавічы (Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.), які пад яго кіраўніцтвам дасягнуў значнага выканальніцкага майстэрства, атрымаў званне народнага. Аўтар шэрагу песень (у т. л. «Хораша вясною ходзіцца», «Мой Нёман», «Беларусь мая», «Цімох», «Выйдзі, дзяўчына», «Кланялася жыта»), апрацовак бел. нар. песень («Жніўная», «Ой, сівы конь бяжыць» і інш.).

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАРА́Н Роберт Седракавіч (н. 31.8.1954, г. Ханкэнды, Нагорны Карабах),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Арменіі. Скончыў Ерэванскі політэхн. ін-т (1982). У 1980—88 на камсамольскай і парт. рабоце ў Нагорным Карабаху. З лют. 1988 адзін з удзельнікаў руху за незалежнасць Нагорнага Карабаха, адзін са стваральнікаў (1989) і кіраўнік грамадска-паліт. арг-цыі «Міяцум» («Уз’яднанне»). З 1989 дэп. Вярх. Савета Арменіі, адначасова (з 1997) дэп. Вярх. Савета Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР). У 1992—94 прэм’ер-міністр НКР, выконваючы абавязкі старшыні Дзярж. к-та абароны НКР. Са снеж. 1994 прэзідэнт НКР. З сак. 1997 прэм’ер-міністр Арменіі. З сак. 1998 прэзідэнт Арменіі.

Р.С.Качаран.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)