СТАРАКАСТЫ́ЛЬСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е.
У Іспаніі, у межах Кастыліі, паўн.-зах. ч. Месеты. Выш. да 800—1200 м (па ўскраінах да 1000—1200 м). Складзена з пясчанікаў, кангламератаў, вапнякоў і мергеляў. Расчлянёна на глыб. 100—120 м далінамі рэк бас. Дуэра. Ксерафітныя хмызняковыя зараснікі і стэпы, хваёвыя бары, дубровы. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу; вінаграднікі, сады. На С.п. гарады Вальядалід, Саламанка.
т. 15, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫСТЫ́ЧНЫХ РАШЭ́ННЯЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзелы матэматычнай статыстыкі і гульняў тэорыі, якія даюць магчымасць з аднолькавых пазіцый разглядаць задачы стат. праверкі гіпотэз, пабудовы стат. ацэнак параметраў і давяральных інтэрвалаў для іх, планавання эксперыментаў і інш. Асн. задача — адшуканне статыстычнага рашэння ці вырашальнага правіла (функцыі), што дазваляе па выніках назіранняў меркаваць аб сапраўдным (але невядомым) размеркаванні імавернасцей назіранай велічыні.
т. 15, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СХІЛЕ́ННЕ МАГНІ́ТНАЕ,
вугал паміж геагр. і магн. мерыдыянамі ў пэўным пункце зямной паверхні. Бывае ўсходняе (дадатнае), калі паўн. канец магн. стрэлкі адхілены на У ад геагр. мерыдыяна, і заходняе (адмоўнае) — калі на З. Улічваецца пры дакладным арыентаванні на мясцовасці па компасе ці бусолі. На Беларусі С.м. ўсходняе да 5°. Гл. таксама Магнітнае поле Зямлі, Зямны магнетызм, Нахіленне магнітнае.
т. 15, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙМ (ад англ. time час),
1) перыяд часу, неабходны для гульні ў футбол, хакей, баскетбол і інш. спарт. гульні з мячом.
2) Частка складаных слоў, якія абазначаюць працэсы, абмежаваныя ў часе. Напр., Т.-аўт — прадугледжаны правіламі перапынак у час гульні, які назначаецца па просьбе каманды або яе трэнера; Т.-чартэр — дагавор на арэнду транспарту на пэўны тэрмін.
т. 15, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТАЦЦЯ́НКА»,
бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны, пераходзіць у жвавы. Выконваецца парамі і адной дзяўчынай — Таццянкай. Хлопцы па чарзе спяваюць куплеты аднайм. песні і танцуюць перад дзяўчынай, якая дэманструе абыякавасць да іх, потым выбірае аднаго з хлопцаў, былая партнёрка якога становіцца чарговай Таццянкай. Зафіксаваны ў канцы 19 ст. ў Дзісненскім павеце.
І.М.Хвораст.
т. 15, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСФЕ́РТНЫЯ ПЛАЦЯЖЫ́,
грашовыя выплаты з дзярж. бюджэту насельніцтву і прыватным прадпрымальнікам, што ажыццяўляюцца ў парадку пераразмеркавання праз бюджэт сродкаў на карысць грамадзян, якія маюць у іх большую патрэбу; адна са схем пераразмеркавання дзярж. бюджэтных сродкаў. Адрозніваюць тры формы Т.п.: субсідыі прыватным прадпрымальнікам, выплаты працэнтаў па дзярж. доўгу, дзярж. грашовыя выплаты на сац. патрэбы (пенсіі, дапамогі і інш.).
т. 15, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТРУД»,
грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 19.2.1921 у Маскве на рус. мове 6 разоў на тыдзень. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Расіі, міжнар. падзеі. Мае рубрыкі: «Падзеі і каментарыі», «Свет сёння», «Культура», «Дзелавая інфармацыя», «Рэпарцёр», «Абставіны і мы» і інш. Выходзіць штотыднёвы выпуск «Труд-7», у якім змяшчаюцца інфарм. матэрыялы і па Беларусі.
т. 15, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТЭА́ТР НАРАДО́ВЫ», Нацыянальны тэатр,
першы пастаянны прафес. т-р у Польшчы. Адкрыты ў 1765 у Варшаве па ініцыятыве Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1833 падзелены на оперную, балетную і драм. трупы, з 1924 сучасная назва. Т-р узначальвалі: Ю.Астэрва, К.Камінскі, Л.Сольскі, К.Зельвяровіч (паміж войнамі), Э.Аксер, К.Дэймек, А.Ганушкевіч і інш. У рэпертуары пераважна творы польскай і сусв. класічнай драматургіі.
т. 16, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́НЦЫНГ (Tenzing) Наргэй (15.5.1914, Непал — 9.5.1986),
непальскі і інд. альпініст. Па нацыянальнасці шэрпа. Праваднік, насільшчык, інструктар многіх альпінісцкіх і даследчых экспедыцый. Першаўзыходнік (з Э.Хілары, 29.5.1953) і ўдзельнік 6 узыходжанняў на Джамалунгму.
Літ.:
Тигр снегов: Автобиогр. Тенцинга, записанная с его слов Дж.Р.Ульманом: Пер. с англ. М., 1957;
Хант Дж. Восхождение на Эверест: Пер. с англ. М., 1956.
т. 16, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕЕРВЕ́РКЕР (ням. Feuerwerker ад Feuer агонь + Werker работнік),
1) званне ваеннаслужачага ў артылерыі шэрагу дзяржаў, у т. л. Расіі, з пач. 18 да пач. 20 ст. У рус. арміі адпавядала званню унтэр-афіцэра.
2) Воінскае званне старшых падафіцэраў у ракетных войсках і артылерыі ўзбр. сіл Польшчы.
3) (Устар.) Майстар па вырабе гаручых і запальных саставаў для феерверкаў.
т. 16, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)