ДЫНАМІ́ЧНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,

раздзел матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння мнагакрокавых задач аптымальнага кіравання. Грунтуецца на прынцыпе аптымальнасці, прапанаваным у 1950-я г. амер. матэматыкам Р.​Белманам. У матэм. тэорыі кіроўных працэсаў строгае абгрунтаванне атрымана Л.​С.​Пантрагіным і інш. Выкарыстоўваецца ў аперацый даследаванні, у задачах аптымальнага планавання (напр., аб аптымальнасці размеркавання рэсурсаў, замены абсталявання), пры рашэнні многіх тэхн. праблем (у задачах кіравання паслядоўнымі хім. працэсамі, аптымальнага праектавання пракладкі дарог, аптымальных памераў ступеней ракет).

У Д.п. для кіроўных працэсаў сярод магчымых кіраванняў выбіраецца тое, якое вядзе да экстрэмальнага значэння мэтавай функцыі. Мнагакрокавасць вынікае з рэальнага працякання працэсаў або ўводзіцца штучна для расчлянення зыходнага працэсу прыняцця рашэння (у т. л. неперарыўнага) на асобныя этапы (крокі), якія выконваюцца ў розныя моманты часу. Гал. асаблівасць Д.п. — магчымасць рашаць усе аднатыпныя задачы пры любых пачатковых умовах (напр., вызначэнне аптымальнага рэжыму палёту самалёта ў зменлівых умовах надвор’я). На Беларусі праблемы Д.п. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. эканам. ун-це.

Літ.:

Беллман Р. Динамическое программирование: Пер. с англ. М., 1960;

Хедли Дж. Нелинейное и динамическое программирование: Пер. с англ. М., 1967.

С.​У.​Абламейка.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНЁНЫ,

вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ашмяны—Ліда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 29 км на ПнЗ ад г.п. Іўе, 150 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 1500 ж., 478 двароў (1996).

У 15—16 ст. вядомы як Геранёны Мураваныя. З 1433 двор Гаштольдаў. На мяжы 15—16 ст. пабудаваны Геранёнскі замак, у 1519 — Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл. З 1520 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. З 16 ст. ўласнасць вял. князёў ВКЛ. У 17—18 ст. цэнтр староства. У 1-й пал. 18 ст. рэзідэнцыя віленскіх піяраў, пры якой у 1730—38 дзейнічала школа. Пры каралю Аўгусце III (1733—63) атрымалі магдэбургскае права (паводле інш. крыніц, у 1630-я г.), мелі герб. З 1795 у Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Уласнасць Корвін-Мілеўскіх. У пач. 20 ст. 316 ж. З 1922 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. З 1939 у БССР, у Іўеўскім р-не, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1963—79 у Жылёўскім с/с. У 1970 — 397 жыхароў.

Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўскі касцёл, руіны замка (15—16 ст.).

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАПРЫВО́Д,

сукупнасць крыніцы энергіі і прыстасаванняў для яе ператварэння і транспарціроўкі пры дапамозе вадкасці да прывадной машыны. Мэта ўжывання гідрапрывода — атрыманне патрэбнай залежнасці скорасці прывадной машыны ад нагрузкі, больш поўнае выкарыстанне магутнасці рухавіка, змяншэнне ўдарных нагрузак і інш. Як крыніца энергіі выкарыстоўваюцца эл. або цеплавы рухавікі, вадкасць пад ціскам і інш. У залежнасці ад віду гідраперадачы адрозніваюць гідрапрывод гідрастатычны (аб’ёмны), гідрадынамічны і змешаны (гл. Гідрастатычная перадача, Гідрадынамічная перадача).

Аб’ёмны гідрапрывод дазваляе з высокай дакладнасцю падтрымліваць або змяняць скорасць машыны пры адвольным нагружанні, дакладна ўзнаўляць зададзеныя рэжымы вярчальнага або зваротна-паступальнага руху. Выкарыстоўваецца ў металарэзных станках, прэсах, сістэмах кіравання лятальных апаратаў, суднаў, цяжкіх аўтамабіляў, цеплавых рухавікоў, гідратурбін, часам — як гал. прывод на аўтамабілях, кранах. Дынамічны гідрапрывод дазваляе ажыццяўляць толькі вярчальны рух, частата вярчэння яго вядучага вала аўтаматычна мяняецца са зменай нагрузкі. Выкарыстоўваецца для прывода грабных вінтоў, сілкавальных помпаў ЦЭС, шахтавых пад’ёмных машын, вентылятараў і інш. Змешаны гідрапрывод выкарыстоўваюць у штамповачных прэсах (цэнтрабежная помпа падае вадкасць у гідрацыліндр, які прыводзіць у рух рабочы інструмент прэса), машынах для запуску газавых турбін і інш.

І.​У.​Качанаў.

Схема аб’ёмнага гідрапрывода зваротна-паступальнага руху: 1 — рэзервуар; 2 — помпа; 3 — адваротны клапан; 4 — размеркавальнік; 5 — гідрацыліндр; 6 — поршань; 7 — засцерагальны клапан.

т. 5, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРГЕНЕ́З (ад гіпер... + генез),

працэс хім. і фіз. ператварэння мінералаў і горных парод у верхніх частках зямной кары і на яе паверхні пад уздзеяннем атмасферы, гідрасферы і жывых арганізмаў пры т-рах, характэрных для паверхні Зямлі. Тэрмін увёў сав. вучоны А.​Я.​Ферсман (1922). У зоне гіпергенезу магутнасцю ад 1—2 м да 3—5 км пад уплывам фіз., хім. і біял. фактараў адбываюцца выветрыванне горных парод і разбурэнне асобных мінералаў, што ўтварыліся ў нетрах Зямлі, перанос рыхлых прадуктаў, акісленне, асадканамнажэнне і глебаўтварэнне.

Асаблівасць зоны гіпергенезу — вял. рухомасць хім. і біяхім. рэакцый у залежнасці ад фізіка-геагр. умоў асяроддзя (клімату, рэльефу, саставу парод, якія разбураюцца, і інш.), развіцця жыццёвых працэсаў, змены акіслення і аднаўлення, гідратацыі і дэгідратацыі, тэхн. дзейнасці чалавека і інш. Гіпергенез адбываецца пры невысокіх т-рах (ад 50 да -50 °C), адносна невял. ціску, наяўнасці свабоднага актыўнага кіслароду, вады і водных раствораў. У зоне гіпергенезу намнажаюцца гліністыя прадукты (кааліны, баксіты), тэрыгенныя адклады (россыпы золата, плаціны, волава і інш.), руды жалеза, марганцу, нікелю, кобальту, рэдкіх элементаў, вапнякі, кам. вугаль, солі і інш. (Гл. Гіпергенныя радовішчы).

На Беларусі вывучэнне гіпергенных працэсаў пачата К.І.Лукашовым у 1953.

В.​К.​Лукашоў.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРТАНІ́ЧНАЯ ХВАРО́БА,

хвароба сістэмы кровазвароту ў чалавека, якая характарызуецца павышаным артэрыяльным ціскам (гіпертаніяй). Узнікае ад нерв.-эмацыянальнага перанапружання, якое парушае працэсы вышэйшай нерв. дзейнасці і рэгуляцыю сасудзістага тонусу. Найчасцей бывае ў людзей, што маюць спадчынную схільнасць да гіпертанічнай хваробы, ад празмернага харчавання і маларухомага спосабу жыцця.

Паводле пашкоджання органаў адрозніваюць 3 стадыі гіпертанічнай хваробы. Пры транзіторнай гіпертанічнай хваробе крывяны ціск павышаецца перыядычна, або на кароткі час; узнікае боль галавы, галавакружэнне, шум у вушах, сэрцабіцце, моташнасць. На 2-й (стабільнай) стадыі гіпертанія больш устойлівая: бываюць прыкметы сардэчнай (задышка, ацёкі, тахікардыя, арытмія) і каранарнай (боль за грудзінай і ў вобласці сэрца, інфаркт міякарда) недастатковасці. Цяжкія змены функцый сэрца, галаўнога мозга і нырак ад склератычных змен бываюць на 3-й стадыі арган. змен. Найб. тыповае і частае ўскладненне гіпертанічнай хваробы — гіпертанічныя крызы, пры якіх артэрыяльны ціск хутка павышаецца, рэзкі галаўны боль, ірвота, тахікардыя, іншы раз парушэнне зроку, расстройствы мазгавога і каранарнага кровазвароту (інфаркт міякарда, інсульт). Лячэнне: на 1-й стадыі правільны рэжым дня, заспакаяльныя сродкі; на 2-й і 3-й стадыях — сродкі, што зніжаюць крывяны ціск, заспакаяльныя, снатворныя, дыета.

Літ.:

Мясников А.Л. Гипертоническая болезнь и атеросклероз. М., 1965.

А.​В.​Лявонава.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯРО́Д (лац. Carboneum),

C, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 6, ат. м. 12,011. Складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​12C (98,892%) і ​13C (1,108%). Ізатопам ​12C карыстаюцца для вызначэння атамнай адзінкі масы. У верхніх слаях атмасферы ўтвараецца радыеактыўны ізатоп ​14C. У зямной кары ў выглядзе мінералаў і гаручых выкапняў знаходзіцца 2,3∙10−2% вугляроду па масе, у атмасферы ў выглядзе вугляроду дыаксіду — 1,2∙10​−2%. Вельмі шмат вугляроду ў космасе; на Сонцы па распаўсюджанасці займае 4-е месца пасля вадароду, гелію, кіслароду. Злучэнні вугляроду — асн. састаўная частка тканак раслін і жывёл (гл. Біягены).

Існуюць 2 крышт. мадыфікацыі вугляроду (алмаз, графіт, 3-я — карбін — атрымана штучна) і аморфны (кокс, сажа, драўняны вугаль). Пры звычайных т-рах хімічна інертны, пры высокіх — рэагуе з многімі элементамі: з металамі і некаторымі неметаламі (напр., бор, крэмній) утварае карбіды. Аморфны вуглярод хімічна больш актыўны (моцны аднаўляльнік). Атамы вугляроду здольныя злучацца адзін з адным і ўтвараюць вял. колькасць злучэнняў, якія вывучае арганічная хімія.

Выкарыстоўваюць у вытв-сці алмазных інструментаў (гл. таксама Алмазная прамысловасць), вогнетрывалых матэрыялаў, эл.-тэхн. вырабаў, у ядз. тэхніцы, гумавай, паліграф., лакафарбавай прам-сці, металургіі.

К.​Л.​Майсяйчук.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРУ́ЧЫЯ СЛА́НЦЫ,

карысны выкапень, асадкавыя карбанатна-гліністыя, крамяністыя або гліністыя горныя пароды, якія маюць гаручыя ўласцівасці. Маюць 10—50% па масе арган. рэчыва (керагену), да 7—10% вадароду, 30—80% лятучых кампанентаў, бітумы. Гараць куродымным полымем са спецыфічным бітумінозным пахам. Колер карычневы, карычнева-жоўты, шэры, аліўкава-шэры. Асн. мінер. кампаненты гаручых сланцаў — кварц, кальцыт, гліністыя мінералы, таксама палявыя шпаты, пірыт і інш. Пры сухой перагонцы гаручыя сланцы атрымліваюць смалу (сланцавае масла) — крыніцу хім. прадуктаў, гаручыя газы і падсмольныя воды. Выхад смол 5—50%. Макс. цеплата згарання 14,6—16,7 МДж/кг. Выкарыстоўваюцца як паліва, для вытв-сці быт. газу, у хім. прам-сці (сінт. дубільнікі, клей, лакі, масцікі і інш.). Агульныя патэнцыяльныя рэсурсы гаручых сланцаў у свеце ацэнены ў 450 трлн. т. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе ўтвараюць сланцавы басейн пл. каля 20 тыс. км² з прагнознымі рэсурсамі 8 млрд. т. Глыбіня залягання 50—600 м, магутнасць пласта 0,5—3 м. У межах басейна папярэдне разведана шахтавае поле Тураўскага радовішча. Гэтыя гаручыя сланцы патрабуюць пры выкарыстанні папярэдняй тэрмічнай перапрацоўкі, у выніку якой можна атрымаць вадкае і газападобнае паліва.

У.​Я.​Бардон.

Гаручы сланец.

т. 5, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕ́РЫЯ, цыс-транс-ізамерыя,

з’ява існавання малекул рознай прасторавай будовы пры аднолькавай паслядоўнасці і тыпе хім. сувязей у злучэнні; від прасторавай ізамерыі. З’яву геаметрычнай ізаметрыі растлумачыў Я.Х. вант Гоф (1874).

Геаметрычная ізаметрыя ўласцівая злучэнням з падвойнымі сувязямі (найчасцей C=C і C=N), вакол якіх немагчыма свабоднае вярчэнне атамаў, і цыклічным злучэнням з малымі (неараматычнымі) цыкламі. Магчыма, калі атам вугляроду пры падвойнай сувязі ці ў цыкле мае неаднолькавыя замяшчальнікі (групоўку атамаў тыпу RR′C = CRR′), якія па-рознаму размешчаны адносна плоскасці падвойнай сувязі (гл. Кратныя сувязі) ці кольца ў цыклічных злучэннях. Існуюць 2 формы геам. ізамераў: цыс-ізамеры — аднолькавыя замяшчальнікі знаходзяцца па адзін бок ад плоскасці падвойнай сувязі (формула 1) ці кольца (формула 3), транс-ізамеры — па розныя бакі (формулы 2, 4). У цыклічных злучэннях адначасова з геаметрычнай ізаметрыяй магчыма і аптычная ізамерыя. Геам. ізамеры маюць розныя фіз. і хім. ўласцівасці. Цыс-ізамеры даволі лёгка (пад уздзеяннем святла, цяпла, хім. рэагентаў) пераходзяць у больш устойлівыя транс-ізамеры, напр., малеінавая кіслата. Геаметрычная ізамерыя ўласцівая і палімерам, напр., гутаперча (транс-поліізапрэн), каўчук натуральны (цыс-полііэалрэн).

Літ.:

Потапов В.М. Стереохимия. 2 изд. М., 1988.

М.​Р.​Пракапчук.

Геаметрычная ізамерыя: 1, 3 — цыс-ізамеры; 2, 4 — транс-ізамеры.

т. 5, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІНТО́ЗЫ [ад гельмінты + ...оз(ы)],

глісныя хваробы, глісныя інвазіі, хваробы чалавека, жывёл і раслін, выкліканыя паразітычнымі чарвямі (гельмінтамі): трэматодамі, монагінеямі, цэстодамі, нематодамі і скрэбнямі. У чалавека вядома больш за 150 гельмінтозаў, якія падзяляюцца на 3 групы: геагельмінтозы, біягельмінтозы і кантактныя.

Геагельмінтозы выклікаюць паразіты, што развіваюцца ў глебе, заражэнне адбываецца пры невыкананні правіл асабістай гігіены; біягельмінтозы выклікаюць гельмінты, якія развіваюцца ў целе прамежкавага гаспадара, заражаюцца імі пры ўжыванні ў ежу прадуктаў жывёльнага паходжання (мяса, рыбы); кантактныя гельмінтозы (яйцы паразітаў хутка выспяваюць) перадаюцца праз кантакт з хворым. Гельмінты паразітуюць у страўнікава-кішачным тракце, крыві, печані, лёгкіх, у нырках, галаўным мозгу, мышцах, скуры, касцях. Выдзяляюць шкодныя рэчывы, сенсабілізуюць арганізм, паглынаюць харч. рэчывы, вітаміны і мікраэлементы. На Беларусі ў чалавека найб. пашыраны гельмінтозы: анкіластамідозы, аскарыдоз, энтэрабіёз, трыхінелёз, трыхацэфалёз, апістархоз, фасцыялёз, дыфелабатрыёз; у раслін — бульбяная нематода; у жывёл — дыкрацэліёз, парамфістаматыдозы, фасцыялёз, маніезіёз, гіменалепідыдозы, аскарыдозы, дыктыякаулёзы, странгілаідозы, трыхацэфалёз, макракантарынхоз. Сажалкавай рыбагадоўлі шкодзяць батрыяцэфалёз, філаметроз, лігулёз, дактылагіроз, дыпластаматоз, гіралактылёз. Прыкметы гільментозаў: затрымка росту і развіцця, у чалавека — схудненне, зніжэнне інтэлекту, у жывёл — зніжэнне прадукцыйнасці, дрэнны апетыт, парушэнне каардынацыі рухаў. Лячэнне хім. прэпаратамі і хірургічнае.

Літ.:

Гинецинская Т.А., Добровольский А.А. Частная паразитология. М., 1978;

Найт Р. Паразитарные болезни: Пер. с англ. М., 1985.

Р.​Г.​Заяц.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМНІ́ЦЫ, стрэчанне,

у беларускім нар. календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Яго адметнасць — асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі. У хрысціянстве з’явіліся ў 6 ст. на тэр. Рымскай імперыі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме. Паводле старазапаветнага закону на саракавы дзень пасля нараджэння першынца-хлопчыка бацькі павінны былі прынесці дзіця ў храм, што і зрабілі Божая маці і Іосіф. У праваслаўі святкуецца 15 лютага, у каталіцызме — 2 лютага (мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці або Ахвяраванне Гасподняе). У дзень грамніц асвячаюць васковыя свечкі, якімі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у інш. сям’ю, нават родным і сваякам. З грамніцамі звязаны шэраг метэаралагічных прыкмет.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)