«МІКІ́ТА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Найб. тыповы варыянт танца апісаў Е.​Раманаў: «Два хлопцы, узяўшыся за процілеглыя канцы палкі, пад музыку, у такт, то адну, то другую нагу спрытна перакідваюць над палкай, быццам бы пералазяць цераз яе. Гэты танец даволі ўтомны і патрабуе спрыту». У Брэсцкай вобл. танцор браў палку (ці качаргу) за адзін канец, а другі апускаў на падлогу і прыпяваючы скакаў цераз яе туды і назад, а потым выконваў вакол качаргі імправізаваны танец. Часам на падлогу клалі 3 палкі паралельна, часам 2 накрыж, і скакалі, танцавалі над імі, стараючыся не зачапіць іх. Выконваецца пад прыпеўкі. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ШНА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Чарнічанка, за 16 км на ПдЗ ад г. Віцебск. Пл. 1,07 км², даўж. больш за 2,5 км, найб. шыр. 950 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі 8 км. Пл. вадазбору 22 км². Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пд да 10 м), параслі лесам і хмызняком, на Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, у залівах сплавінныя. Пойма шыр. ад 10—30 м на Пд і Пн да 100 м на У, забалочаная. Дно да глыб. 0,5—1 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі, выцякае ручай у р. Чарнічанка.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХА ПАКАЁВАЯ (Musca domestica),

насякомае сям. сапраўдных мух атр. двухкрылых. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляецца падвід М.п. паўночная (M.d.domestica). Адзін з найб. пастаянных насельнікаў жылых і гасп. памяшканняў Пераносчык узбуджальнікаў кішачных інфекцый, поліяміэліту, яец гельмінтаў і інш.

Даўж. да 9 мм. Цела шэрае, укрыта валаскамі. У самца брушка чорнае з жаўтаватымі плямамі па баках. Лічынкі даўж. да 10 мм, жаўтавата-белыя, усёедныя, развіваюцца ў гнаі, кухонных адкідах і інш. Дарослыя кормяцца разнастайнымі цвёрдымі і вадкімі рэчывамі расл. і жывёльнага паходжання. Адкладвае да 150 яец за 1 раз, дае да 10 пакаленняў за год. Жыццёвы цыкл 10—45 сут.

А.​В.​Дзерункоў.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯТЛІ́ЦКІ (Мікола) (Мікалай Міхайлавіч; н. 20.3.1954, в. Бабчын Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1976). Працаваў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1983 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1969. Вострыя праблемы сучаснасці, гонар за свой край, трывога за лёс народа, праблемы духоўнасці — асн. пафас паэзіі М.: зб-кі «Абеліск у жыце» (1980), «Мой дзень зямны» (1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Ружа вятроў» (1987), «Шлях чалавечы» (1989), «Блаславенне», «Палескі смутак» (абодва 1991), «Чаканне сонца» (1994), «Хойніцкі сшытак» (1999). Кніга «Бабчын» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998) — своеасаблівы помнік роднай вёсцы, адселенай у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.

І.​У.​Саламевіч.

М.Мятліцкі.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРСЕСЯ́Н (Рачыя Нерсесавіч) (24.11.1895, г. Ізміт, Турцыя — 6.11.1961),

армянскі акцёр. Нар. арт. СССР (1956). З 1915 удзельнічаў у спектаклях арм. драм. трупы ў Турцыі. З 1923 у Арм. т-ры імя Г.​Сундукяна. Мастацтву Н. ўласцівы глыбіня спасціжэння характару, яркая эмацыянальнасць. Сярод роляў: Элізбараў («За гонар» А.​Шырванзадэ), Багдасар («Дзядзька Багдасар» А.​Параняна), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Бярсенеў («Разлом» Б.​Лаўранёва), Макбет, Атэла (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра) і інш. Здымаўся ў кіно: «Намус» (1925), «Пэпо» (1935), «Зангезур» (1938), «За гонар» (1956), «Пра што шуміць рака» (1959), «Тжужык» (1962). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Ризаев С. Рачия Нерсесян. М., 1968.

т. 11, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЛЕ́НТЫ»,

бел. нар. гульня. На пляцоўцы праводзяць 4 паралельныя лініі на адлегласці 5—6 м адна ад адной. Першая лінія — «мета», на ёй устанаўліваюцца 2 гарадкі («П.»), пастаўленыя адзін на адзін. Другая лінія — «вароты», трэцяя — «двор», чацвёртая — «хата». Выбраўшы «вартаўніка», гульцы кідаюць біты ў «П.» строга па чарзе, якая ўстанаўліваецца жараб’ёўкай перад гульнёй. Збіўшы «П.», гулец павінен падабраць сваю біту і вярнуцца за лінію, з якой ён рабіў удар. Кожны гулец робіць па 3 удары з лініі «варот», «двара» і «хаты». Задачы «вартаўніка» — паставіць збітыя «П.», «запляміць» гульца і ўцячы за лінію «варот». Перамагае той, хто першым 3 разы саб’е «П.» з лініі «хаты».

Я.​Р.​Вількін.

т. 11, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЭСІ́ЙНАЕ ПРА́ВА (ад лац. possessio уладанне),

права, паводле якога ўладальнікам фабрык і заводаў недваранскага саслоўя дазвалялася набываць сялян для работы на прадпрыемствах. Устаноўлена ў Расіі указам Пятра I 18.1.1721, у адпаведнасці з якім створаны асобы разрад прыгонных фабрычных сялян, прыпісаных назаўсёды да прамысл. устаноў без права адчужэння. Пасэсійныя рабочыя не атрымлівалі ўзнагароджання за працу на пасэсійных прадпрыемствах, але атрымлівалі зямельныя надзелы, якія яны апрацоўвалі для сябе. Да разраду пасэсійных адносіліся і «прыпісныя» сяляне, якіх урад замацоўваў за прыватнымі заводамі і фабрыкамі. Пры Пятру III у 1762 П.п. адменена, у 1798 адноўлена і праіснавала да 1863. Пасэсійнае валоданне землямі месцамі захавалася да 1917.

т. 12, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫ́ЯД ПАЎРАСПА́ДУ,

прамежак часу, за які колькасць радыеактыўных ядзер у сярэднім памяншаецца ў 2 разы; адна з асн. характарыстык радыеактыўных ізатопаў. Пры наяўнасці N0 радыеактыўных ядзер у момант часу t = 0 іх колькасць памяншаецца ў часе паводле закону N = N0ε​−λt, дзе λ — пастаянная распаду, τ = 1/λ — сярэдні час жыцця радыеактыўных ядзер. П.п. (T1/2) разлічваецца па формуле T1/2 = τln2 = (1η2)/λ. Для розных радыеактыўных ядзер П.п. вагаецца ад доляў секунды (для малаўстойлівых ізатопаў менш за 1 мкс) да 10​9—10​10 гадоў (гл. Радыеактыўныя элементы). Вядомы радыенукліды з П.п. 10​15—10​21 гадоў (напр., кадмій-113, волава-124, тэлур-130).

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІШЧА́ЛЬ,

старажытнаруская назва ружжа і артыл. гарматы канца 14—17 ст.

Знаходзілася на ўзбраенні армій, апалчэнцаў, казакоў і інш. у Расіі, ВКЛ. Выкарыстоўвалася для абароны крэпасцей, пазней у палявым баі. Ручныя П. (ручніцы) былі аднаствольныя і мнагаствольныя (насілі за плячом на рамяні). П.-гарматы падзяляліся на крапасныя, аблогавыя (сценабітныя), палкавыя, палявыя; вырабляліся з жалеза, медзі (бронзы) і чыгуну. Снарады — каменная карцеч, кавалкі жалеза, ядры (маса да 30 кг). Калібр П. — 30—250 мм. Кнотавыя і крамянёвыя П. выкарыстоўваліся да 18 ст.

Пішчалі: 1 — аблогавая на дэкаратыўным лафеце (16 ст.); 2 — «завесная» (насілі за плячом на рэмені) з кнотавым замком (канец 16 ст.).

т. 12, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЎНА,

возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (цячэ праз возера), за 42 км на У ад г. Докшыцы. У межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Пл. 4 км², даўж. 3,45 км, найб. шыр. 1,75 км, найб. глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі больш за 9 км. Пл. вадазбору 186 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы невыразныя, забалочаныя, пад лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, на З сплавінныя. Дно плоскае сапрапелістае. Востраў пл. 0,07 км², ёсць сплавінныя астравы. Мінералізацыя вады каля 120 мг/л, празрыстасць да дна. Дыстрофнае. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю. Рака Сергуч злучае П. з азёрамі Манец і Вольшыца.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)