від кветкавых раслін сям. бамбаксавых, або баабабавых. Пашыраны ў афр. саваннах. Інтрадукаваны на Мадагаскар і ў засушлівыя трапічныя раёны Азіі. Жыве да 4—5,5 тыс.гадоў.
Дрэвы выш. да 25 м з тоўстым (дыям. да 4—10 м) ствалом і разгалістай кронай. Драўніна рыхлая, з вял. запасам вады, часта загнівае, таму ствол баабаба звычайна пусты. Лісце пальчата-складанае, у засушлівы перыяд ападае. Кветкі адзіночныя, 12—20 см у дыяметры, белыя, духмяныя. Плод — прадаўгаватая яйцападобная каробачка даўж. да 40 см. З кары баабаба атрымліваюць грубае валакно на выраб вяровак, рыбалоўных сетак, тканін для адзення; з мякаці пладоў гатуюць прахаладжальныя напіткі. Лісце і плады ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНЫ́ (Ovis),
род парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 2 віды: архар і баран снежны (Ovis canadensis). Абодва ўтвараюць вял. колькасць геагр. расаў. Пашыраны ў Азіі і зах. раёнах Паўн. Амерыкі, у Еўропе — у запаведніках і паляўнічых гаспадарках. Жывуць у гарах.
Даўж. цела да 2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса 25—230 кг. Рогі ў самцоў вялікія, масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. У самак рогі меншыя, часам адсутнічаюць. Кормяцца травяністай расліннасцю. Штогод нараджаюць 1—2 ягнят. Жывуць да 20 і болей гадоў. Продкі авечкі свойскай, выкарыстоўваюцца для гібрыдызацыі з яе пародамі. Маюць паляўнічае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІНВАЛІ́ДАЎ ЗРО́КУ,
грамадская арг-цыя. Засн. ў 1924. Прымае асоб ва ўзросце ад 16 гадоў. Налічвае больш за 90 тыс. членаў (1995). Асн. мэта — сац.-прац. рэабілітацыя інвалідаў па зроку і іх інтэграцыя ў грамадстве. Цэнтр. праўленне ў Мінску. У складзе т-ва 6 абл. і больш за 130 раённых арг-цый; дзейнічаюць 17 навуч.-вытв. прадпрыемстваў (у Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мазыры, Маладзечне, Мінску, Навагрудку, Оршы, Полацку, Чэрвені і інш.); культ.-асв. цэнтр (цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, студыя гуказапісу, камерны хор «Кантус», эстрадны аркестр, клубы і дамы культуры). Друкаваны орган — «Цэнтральная газета», працуе радыёчасопіс «Таварыш».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т, Рэйнскі універсітэт імя Фрыдрыха Вільгельма ў Боне,
адзін з буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1777 у Боне як акадэмія, якая павінна была стаць цэнтрам асветы на Рэйнскіх землях. У 1786 перайменавана ва ун-т. Праз 10 гадоў зачынены ў час акупацыі Рэйнскіх правінцый франц. войскамі. У 1818 аднавіў дзейнасць пасля перадачы Прусіі Рэйнскіх правінцый каралём Фрыдрыхам Вільгельмам III. У 19 ст. Бонскі універсітэт саступаў па сваёй значнасці ў Германіі толькі Берлінскаму ун-ту. Сярод выкладчыкаў ун-та буйнейшыя вучоныя Б.Нібур, Ф.Дзіц, А.Шлегель, Г.Гельмгольц, Ф.Паўльсен. Ф-ты: паліт. навук, права, матэм., прыродазнаўчых навук, мед., свабодных мастацтваў, 2 тэалагічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́СНЕВА ГРУ́ПА,
адна з першых с.-д. арг-цый у Расіі. Утворана ў 1889 у Пецярбургу ў выніку аб’яднання рэв. студэнцкіх і рабочых гурткоў. Наз. «Цэнтральны рабочы камітэт», «Рабочы саюз», пазней па імю кіраўніка групы М.І.Бруснева. Займалася прапагандай марксізму сярод рабочых. Кіравалася праграмай групы «Вызваленне працы». Мела сувязі з рэв. гурткамі многіх гарадоў, у т. л. Гродна і Вільні, якія дапамагалі ёй набываць л-ру для паліт. прапаганды. Адным з яе кіраўнікоў быў ураджэнец Ліды М.В.Алюшкевіч. У час сходкі 3.6.1893 арыштаваны кіраўнікі і частка членаў групы. Следства па справе Бруснева групы працягвалася каля 2 гадоў. Большасць прапагандыстаў была рэпрэсіравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХЕАЛО́ГІЯ І НУМІЗМА́ТЫКА БЕЛАРУ́СІ»,
аднатомная галіновая энцыклапедыя. Падрыхтавана і выдадзена выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1993. У сістэматызаваным выглядзе і алфавітным парадку ў ёй падаюцца звесткі па гісторыі бел.археал. і нумізматычнай навукі. Аб’екты апісання — выяўленыя на працягу апошніх 250 гадоў археолагамі розных краін помнікі матэрыяльнай культуры далёкіх продкаў беларусаў, усе манеты і боны, што хадзілі на тэр. Беларусі. Уключае аглядныя нарысы па бел. археалогіі і нумізматыцы і больш за 2,3 тыс. энцыклапедычных артыкулаў; спіс л-ры (1756 назваў) на бел., рус., англ., польскай, ням., італьян., літ., чэшскай, швед. і інш. мовах. Артыкулы ілюстраваны здымкамі, картамі, планамі, схемамі.
В.К.Шчэрбін.
Энцыклапедыя «Археалогія і нумізматыка Беларусі». Вокладка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХО́НТ, архант (грэч. archōn),
вышэйшая службовая асоба ў стараж.-грэч. полісах. У Афінах гэтая пасада з’явілася ў 11 ст. да н.э., калі замест басілея (цара) тут пачалі правіць пажыццёвыя архонты. З 8 ст. да н.э. іх улада скарацілася да 10 гадоў, з 7 ст. да н.э. — да 1 года. Кандыдатаў у архонты вызначаў арэапаг. З 487—486 да н.э. архонта выбіралі па жэрабю. З 7 ст. да н.э. ўлада належала 9 архонтам: эпанім кіраваў выканаўчай уладай, басілей выконваў рэліг. функцыі, палемарх быў военачальнікам, 6 фесмафетаў займаліся суд. справамі. Усе разам складалі калегію архонта. У 5 ст. да н.э. пасада архонта страціла паліт. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЛАКАГЕ́Н (ад грэч. aulax баразна + ...ген),
адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцы б. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж.рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб.стараж. аўлакаген (каля 3 млрд.гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РДЫЖ,
паселішча эпохі верхняга палеаліту касцёнкаўска-вілендорфскай культуры каля в. Бердыж Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.; адно з самых стараж/ паселішчаў на тэр. Беларусі. Яго ўзрост 27—25 тыс.гадоў. Адкрыта ў 1926, даследавана ў 1927—29, 1938—39, 1958—60, 1967—71. Культурны пласт 0,3—0,7 м. Выяўлены рэшткі 4 жытлаў з адкрытымі агнішчамі і 5 гасп. ям, у будаўніцтве якіх выкарыстаны чарапы, буйныя плоскія і трубчастыя косці маманта і інш. жывёл. Знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі коп’яў, разцы, нажы-кінжалы, скрабкі, адбойнікі і інш.), пласціны з біўня маманта з геам. арнаментам.
Скопішча касцей маманта на паселішчы Бердыж (раскопкі 1928).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБЕ́НЬЧЫКІ (Pectinidae),
сямейства двухстворкавых малюскаў. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны амаль ва ўсіх морах і акіянах на пясчаных і глеістых грунтах на розных глыбінях. Найб. вядомыя грабеньчык вялікі (Pecten maximus), грабеньчык ісландскі (Chlamys islandicus), грабеньчык чарнаморскі (Flexopecten ponticus) і інш.
Ракавіна дыям. да 20 см круглаватая, рабрыстая, ярка афарбаваная. У дарослых «нага» рэдукаваная. Добра плаваюць у тоўшчы вады, з сілай выштурхоўваючы ваду з ракавіны. За сезон самка ва ўзросце 5—6 гадоў дае да 30 млн. яец, якія апладняюцца ў вадзе. Дэтрытафагі. Корм марскіх зорак, васьміногаў і інш. Ядомыя. Аб’екты промыслу і аквакультуры.