НЬЮ́ТАН ((Newton) Ісаак) (4.1.1643, Вулстарп, каляг. Грантэм, Вялікабрытанія — 31.3.1727),
англійскі фізік, матэматык і астраном, стваральнік класічнай механікі і асноў сучаснага прыродазнаўства. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1672, з 1703 яго прэзідэнт). Замежны чл. Парыжскай АН (1699). Скончыў Трыніты-каледж Кембрыджскага ун-та (1665). У 1669—1701 заг. кафедры матэматыкі гэтага ун-та. З 1696 даглядчык, з 1699 дырэктар Манетнага двара ў Лондане. Навук. працы па механіцы, оптыцы, астраноміі, матэматыцы. Даў азначэнні зыходных паняццяў і сфармуляваў асн. законы класічнай механікі (гл.Ньютана законы механікі). Адкрыў сусветнага прыцягнення закон. Увёў тэрмін «гравітацыя» і стварыў класічную тэорыю гравітацыі. На яе аснове растлумачыў Кеплера законы, асаблівасці руху Месяца, прэцэсію Юпітэра, прапанаваў тэорыю фігуры Зямлі, тэорыю прыліваў і адліваў. У галіне оптыкі адкрыў дысперсію святла (1666), храматычную аберацыю, інтэрферэнцыю святла ў тонкіх слаях паветра (гл.Ньютана кольцы). Сканструяваў люстэркавы тэлескоп-рэфлектар (1668), вынайшаў рэфлектарны мікраскоп (1672) і секстант. Развіў карпускулярную тэорыю святла. Распрацаваў дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнні (1665—66; гл.Ньютана—Лейбніца формула), пашырыў бінаміяльную формулу на выпадак адвольных рэчаісных паказчыкаў (гл.Ньютана біном). Гал. праца Н. — «Матэматычныя асновы натуральнай філасофіі» (1687), якая стала фундаментам класічнай фізікі і вызначыла развіццё прыродазнаўства ў наступныя 2 стагоддзі. У аснову ньютанаўскай карціны свету пакладзены паняцці абс. прасторы і часу, апісанне фіз. ўзаемадзеяння праз паняцце сілы, тэорыя далёкадзеяння, а таксама філас.-тэалагічныя погляды Н. Яго імем названа адзінка сілы ў СІ — ньютан.
Тв.:
Рус.пер. — Всеобщая арифметика или книга об арифметических синтезе и анализе. М., 1948;
Оптика или трактат об отражениях, преломлениях, изгибаниях и цветах света. 2 изд. М., 1954;
Математические начала натуральной философии. М., 1989.
Літ.:
Исаак Ньютон, 1643—1727: Сб. статей к трехсотлетию со дня рождения. М.; Л., 1943;
Карцев В.П. Ньютон. М., 1987;
Вавилов С.И. Исаак Ньютон, 1643—1727. 4 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ДУЯ (Padova),
горад на Пн Італіі. Адм. цэнтр прав. Падуя. Каля 220 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, суднаходным каналам злучаны з Адрыятычным м.Прам-сць: машынабудаванне (вытв-сць станкоў, прылад, веласіпедаў, с.-г. машын, матораў і інш.), эл.-тэхн., металургічная, хім., абутковая, швейная, мэблевая, дрэваапр., папяровая, харч., паліграфічная. Падуанскі універсітэт, у якім працавалі Г.Галілей, А.Везалій і інш., вучыўся Ф.Скарына. Бат. сад (з 1545, найстарэйшы ў Еўропе). Штогадовы міжнар. кірмаш.
Згадваецца ў 4 ст. да н.э. (лац. Patavium) Цітам Лівіем. У 49 да н.э. атрымала правы рым. муніцыпіі. У 601 н.э. разбурана лангабардамі. З пач. 12 ст.гар. камуна. У 13 ст. рамесніцкі і гандл. цэнтр (штогадовыя кірмашы агульна-італьян. значэння). У 1318 у П. ўсталявалася сіньёрыя роду Карара, пазней дэла Скала і Вісконці. У 1405—1797 у складзе Венецыянскай рэспублікі. У 15—17 ст. П. — буйны культ. цэнтр: у 1222 засн.ун-т, у 1545 — першы ў свеце бат. сад. Пасля 1797 П. па чарзе валодалі Аўстрыя і Францыя. У 1813 падпарадкавана аўстр. Габсбургамі. З 1866 у складзе Італьян. каралеўства.
Захаваліся рэшткі стараж.-рым. грабніц, мастоў, амфітэатра і форума. Сярод арх. помнікаў: Палацца дэла Раджоне (1215—1306), базіліка Сант-Антоніо (1232; побач з ёй конны помнік кандацьеру Гатамелату, 1447—53, скульпт. Данатэла), Капэла дэль Арэна (Скравены; пач. 14 ст., фрэскі Джота ды Бандоне), араторый Сант-Джорджо (1384, фрэскі Альтык’ера і Аванца), будынак ун-та (1493), сабор Санта-Марыя Асунта (16 ст., арх. Андрэа да Вале). Музеі: гарадскі (пераважна жывапіс і скульптура 15—19 ст.), Сант-Антоніо (творы з царквы і манастыра Сант-Антоніо), Батачын (нумізматычныя і археал. калекцыі).
Літ.:
Акты Падуи конца XIII — XIV в. в собрании Академии наук СССР. Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ АДДЗЕ́ЛЫ, палітаддзелы,
кіруючыя парт.-паліт. органы КПСС—КПБ. Існавалі ў 1918—91 ва ўзбр. сілах для ўзмацнення парт. кіраўніцтва і паліт. работы, у 1933—56 — у гасп. арг-цыях з мэтай паліт. ўплыву на прац. масы. Нярэдка выконвалі функцыі гасп. і карных органаў. Як надзвычайныя органы ствараліся на пэўны час на найб. адказных участках для аператыўнага вырашэння паліт. і сац.-эканам. пытанняў. Асн. задачы П.а.: аб’яднанне парт. і камсам. актыву ўнутры калектываў, узмацненне барацьбы з «самацёкам», шкодніцтвам і раскраданнем сацыяліст. уласнасці, завяршэнне чысткі працоўных калектываў ад рэшткаў «класава варожых элементаў», садзейнічанне своечасоваму выкананню дзярж.вытв. задач. Палажэнне пра П.а. было ўключана ў Статут ВКП(б), прыняты XVII з’ездам партыі (1934). У сістэме нар. гаспадаркі СССР, у т. л.БССР, П.а. функцыянавалі ў машынна-трактарных станцыях (МТС; 1933—34, 1941—43, 1950—53), саўгасах (1933—40, 1941—43), на чыг. і водным транспарце (1933—56). За 1933—34 у СССР створана на чале з накіраванымі ў вёску кадравымі партработнікамі 3368 П.а. МТС і 2021 П.а. саўгасаў; у БССР — адпаведна 72 і 51. У 1934 сеткамі П.а. абслугоўваліся каля 40% калгасаў і 20% саўгасаў рэспублікі. З лют. 1950 да студз. 1954 паводле рашэння ЦКВКП(б) (студз. 1950) у зах. абласцях СССР, у т. л. Беларусі, Прыбалт. рэспубліках, былі арганізаваны і дзейнічалі П.а. МТС для актывізацыі націску ў ажыццяўленні суцэльнай калектывізацыі ў сціслыя тэрміны. З пашырэннем унутрыпарт. дэмакратыі і ўзмацненнем ролі звычайных, пастаянных органаў партыі ЦККПСС у 1957 скасаваў П.а.
ва ўсіх ведамствах, акрамя ўзбр. сіл. П.а., як адно з рашаючых звёнаў цэнтралізаванай сістэмы кіравання, былі дзейсным інструментам сав. улады. Іх стварэнне ў структуры апарата партыі было спробай умацавання адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя, якую кантралявалі партызаны. На тэр. Беларусі ўвосень 1941 утварыліся першыя П.з. — Акцябрска-Любанская і Клічаўская, у 1942 — Суражская, Івянецка-Налібоцкая, Расонска-Асвейская, Сенненска-Аршанская, Полацка-Лепельская, у пач. 1943 — Барысаўска-Бягомльская. Паводле звестак БШПР, на канец 1943 партызаны кантралявалі 108 тыс.км² (58,4% акупіраванай тэрыторыі), у т. л. 37,8 тыс.км² было ачышчана ад захопнікаў поўнасцю. Сумеснымі намаганнямі бел., рус., укр., латышскіх, літоўскіх партызан былі створаны П.з. ў раёнах Беларусі і сумежных з ёю рэспублік. У выніку аб’яднання некаторых з іх утварыліся партыз. краі: у чатырохвугольніку Алеўск—Оўруч (Украіна)—Мазыр—Тураў Гомельскай вобл. (14 раёнаў, больш за 200 тыс.чал.); на стыку БССР, РСФСР і Латвіі (пл. 10 тыс.км²); у міжрэччы Дняпра, Прыпяці, Дзясны; пры зліцці Акцябрска-Любанскай, Ленінскай, Слуцка-Капыльскай П.з. (больш за 18 раёнаў, пл.каля 8 тыс.км²). У П.з. часта перасяляліся цэлымі вёскамі жыхары з занятай ням. фашыстамі тэрыторыі. Дзейнасцю і абаронай насельніцтва на тэр. зон кіравалі падп. абкомы, міжрайкомы, райкомы партыі, якія тут і дыслацыраваліся, і абапіраліся на ўзбр. сілы партызанскіх злучэнняў. У многіх раёнах дзейнічалі выканкомы Саветаў дэп. працоўных. Ролю органаў сав. улады выконвалі найчасцей партыз. атрады, спец. створаныя імі камендатуры, якія падтрымлівалі парадак у нас. пунктах, вырашалі гасп. пытанні, арганізоўвалі групы самаабароны. Насельніцтва дапамагала партызанам у баявой дзейнасці, зборы і рамонце зброі, арганізацыі побыту, даглядала параненых і хворых. З дапамогай байцоў жыхары сеялі, убіралі, хавалі збожжа ад ворага. На тэр. П.з. партызаны прымалі самалёты з Вял. зямлі, рыхтавалі рэзервы, адзначалі сав. святы, праводзілі мітынгі і сходы, наладжвалі канцэрты маст. самадзейнасці, прагляды кінафільмаў, прысланых з сав. тылу; у некат. зонах працавалі сав. школы. Партызаны пастаянна вялі баі з карнікамі. У перыяд вызвалення Беларусі існаванне П.з. перашкаджала праціўніку арганізаваць трывалую абарону, што спрыяла наступленню Чырв. Арміі.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКАРА́ЛЬНІКІ ЗАРА́ДЖАНЫХ ЧАСЦІ́Ц,
устаноўкі для атрымання зараджаных часціц (электронаў, пратонаў, атамных ядраў, іонаў і інш.) высокіх энергій (больш за 1 МэВ) за кошт іх паскарэння ў эл. полі.
У 1919—32 развіццё П.з.ч. грунтавалася на атрыманні высокіх напружанняў і іх выкарыстанні для паскарэння зараджаных часціц. У 1931 створаны электрастатычны генератар (гл.Ван-дэ-Граафа генератар), у 1932 — каскадны генератар, што дазволіла атрымліваць патокі паскораных часціц з энергіяй да 10 МэВ. У 1931—44 распрацаваны рэзанансныя метады паскарэння часціц, пры якіх паскораныя часціцы шматразова праходзілі паскаральны прамежак і набіралі энергію пры адносна невял. паскаральным напружанні (гл.Цыклатрон). У 1940 пабудаваны цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў — бэтатрон. У 1950-я г. прапанаваны прынцыпы аўтафазіроўкі і моцнай факусіроўкі часціц, у выніку павялічыліся межы дасягальных энергій у цыклічных і лінейных П.З.Ч. Існуюць лінейны паскаральнік даўжынёй больш за 3 км, дзе электроны і пазітроны маюць энергію да 45 ГэВ (г. Станфард. ЗША); цыклічны паскаральнік з даўжынёй арбіты каля 27 км з энергіяй да 103 ГэВ (г. Жэнева, Швейцарыя); тэватрон паскарае пратоны і антыпратоны да энергіі 940 ГэВ (г. Батавія, ЗША). Развіццё паскаральнікаў звязана з павелічэннем энергій паскораных часціц, нарошчваннем іх інтэнсіўнасці (сілы току ў пучку) і працягласці імпульсу паскоранага пучка. Распрацоўваюцца новыя і ўдасканальваюцца метады паскарэння, дзе выкарыстоўваюцца звышправодныя матэрыялы ў магнітах і паскаральных сістэмах. аўтам. кіраванне, паскаральнікі 3 накапляльнымі кольцамі (гл.Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі) і інш. Выкарыстоўваюцца для навук. мэт (нараджэння новых часціц, атрымання штучных нуклідаў, вывучэння ядз. рэакцый, для доследаў у радыебіялогіі, хіміі, фізіцы цвёрдага цела і інш.), а таксама ў металургіі (для дэфектаскапіі), дрэваапр. прам-сці (для хуткай высакаякаснай апрацоўкі вырабаў), харч. прам-сці (для стэрылізацыі прадуктаў), медыцыне (для прамянёвай тэрапіі, «бяскроўнай хірургіі» і інш.). Гл. таксама Фазатрон, Сінхрафазатрон.
Літ.:
Комар Е.Г. Основы ускорительной техники. М., 1975;
Лебедев АН., Шальнов А.В. Основы физики и техники ускорителей. 2 изд. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТЭ́ЛЬ (франц. pastel ад італьян. pastello памянш. ад pasta цеста),
жывапіс сухімі мяккімі каляровымі алоўкамі без аправы; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Пастэльныя алоўкі (прасуюцца і фармуюцца са сцёртых у тонкі парашок рознакаляровых пігментаў з невял. дамешкам камедзей, малака, мелу, гіпсу, тальку і інш.; у залежнасці ад саставу рэчываў могуць быць мяккімі, цвёрдымі, сярэдняй мяккасці). Імі малююць на шурпатай (найчасцей каляровай) паперы, кардоне, грунтаваным палатне, замшы, пергаміне. П. наносяць штрыхамі, што набліжае яе да графікі, або расціраюць пальцамі ці растушоўкай (спец. палачка), што дае магчымасць дасягнуць найтанчэйшых нюансаў тону. Малюнак вылучаецца чысцінёй, свежасцю, мяккай прыглушанасцю колеру, далікатнай аксаміцістай паверхняй твора. З прычыны нетрываласці фарбавага слоя ў П., які лёгка разбураецца, яго замацоўваюць спец. фіксатарамі.
Тэрмін «П.» упершыню ўпамінаецца ў канцы 16 ст. Майстры 16—17 ст. выкарыстоўвалі П. пераважна для падфарбоўкі малюнкаў. выкананых цвёрдымі штыфтамі. З канца 17 ст. пашырылася ў жывапісе. Найб. росквіту дасягнула ў 18 ст., асабліва ў мастацтве ракако. У П. працавалі Р.Кар’ера (Італія), К. дэ Латур, Ж.Б.Перано, Ж.Б.Шардэн (Францыя), А.Р.Менгс (Германія), Э.Ліятар (Швейцарыя) і інш. Класіцызм адмаўляў П., але з 2-й пал. 19 ст. яна адрадзілася ў творчасці франц. мастакоў Э.Дэга, Э.Дэлакруа, Э.Манэ, Ж.Ф.Міле, А.Рэнуара. У Расіі ў П. працавалі А.Арлоўскі, А.Венецыянаў, І.Левітан, В.Сяроў, у Літве — М.Чурлёніс. На Беларусі да П. звяртаўся Ф.Рушчыц. У гэтай тэхніцы працавалі і працуюць Я.Батальёнак, М.Будавей, Ю.Герасіменка, І.Давідовіч, В.Дубрава, П.Дурчын, Я.Красоўскі, Я.Кругер, Р.Кудрэвіч, У.Кудрэвіч, А.Марыкс, М.Моўчан, І.Немагай, А.Паслядовіч, Л.Ран, Л.Чурко і інш.
Л.У.Салодкіна.
Да арт.Пастэль. Э.Дэга. Блакітныя танцоўшчыцы, каля 1879.Да арт.Пастэль. Ф.Рушчыц. Залаты пакой. 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ ВАЕ́ННЫ,
часовае збудаванне для пераправы войск, тэхнікі і вайск. грузаў цераз перашкоды (раку, канал, роў і інш.). Узводзяць у ходзе баявых дзеянняў сіламі мостабуд. часцей з дапамогай спец. машын і механізмаў на шляхах руху, манеўраў, падвозу ці эвакуацыі. Паводле прызначэння М.в. бываюць аўтадарожныя, чыг., пешаходныя, сумяшчальныя; паводле канструкцыі — высака-, нізка- і падводныя, на жорсткіх апорах, зборна-разборныя шматразовага выкарыстання, камбінаваныя, механізаваныя, наплаўныя масты і інш.
Вядомы з глыбокай старажытнасці. Напр., у 5 ст. да н.э. наплаўныя масты пабудаваны персамі цераз праліў Басфор і р. Дунай у час вайны са скіфамі; у 1 ст. да н.э. мост на палях даўж. 600 м цераз р. Рэйн узведзены ў час паходу Юлія Цэзара на германцаў. Першы ў Кіеўскай Русі М.в. ў 12 ст. будавалі цераз р. Дняпро; у 14—17 ст. такія масты наладжвалі цераз Нёман, Зах. Дзвіну і інш. ў час войнаў, якія вяліся ў ВКЛ. У пач. 17 ст. ў нідэрландскай арміі з’явіліся пантонныя паркі (гл. таксама Пантон), у Расіі — у 18 ст.; шырока выкарыстоўваліся ў час вайны 1812 франц. і рас. войскамі, у т. л. на тэр. Беларусі. Хуткае ўзвядзенне 26 11.1812 двух М.в. (даўж.каля 110 м, шырыня больш за 3,5 м) цераз р. Бярэзіну дазволіла Напалеону пазбегнуць поўнага знішчэння ўсёй арміі, выратаваць гвардыю і значную частку баяздольных войск. У 1-ю сусв. вайну ў англ. арміі ствараліся спец. масты для праходу танкаў на полі бою. У 2-ю сусв. вайну сав. войскі будавалі пераважна наплаўныя і нізкаводныя, для пераадолення шырокіх рэк (Дняпро, Нёман, Вісла і інш.) наводзілі камбінаваныя і высакаводныя масты.
У 2-й пал. 20 ст. атрымалі развіццё маставыя і мостабуд. сродкі, прызначаныя для ўзвядзення М.в. ў сціслыя тэрміны.
Да арт.Мост ваенны. Навядзенне пантоннага моста цераз р. Нёман у час вучэнняў. 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУІЗІЯ́НА (Louisiana),
штат на Пд ЗША, на Прымексіканскай нізіне. На Пд абмываецца Мексіканскім залівам. Пл. 125,7 тыс.км². Нас. 4350,6 тыс.чал. (1996), у т. л. 30,8% негры. Адм. ц. — Батан-Руж, найб. горад Новы Арлеан. Прыморская частка — забалочаная нізіна з азёрамі, на У — даліна і дэльта р. Місісіпі. На ПнЗ рэльеф узгорысты (выш. да 163 м). Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэднія месячныя т-ры ад 12 °C у студз.—лютым да 27,5 °C у ліпені. Ападкаў каля 1500 мм за год. Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, прыроднага газу, каменнай солі, серы. Буйная нафтаперапр. і хім.прам-сць (Батан-Руж, Лейк-Чарльз, Новы Арлеан). Развіты алюмініевая, нафтахім. (вытв-сцьсінт. каўчуку, пластмас), дрэваапр., папяровая, харч. (цукр., алейная, апрацоўка трапічных прадуктаў), суднабуд. і суднарамонтная, аўтазборачная, металаапр.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства (больш за 60% даходаў). Асн. культуры: рыс, бавоўнік, цукр. трыснёг, соя, кукуруза, батат. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Рачное і марское рыбалоўства. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачны, марскі.
Тэр. Л., якую здаўна насялялі індзейцы, у 1539—42 адкрылі іспанцы, з 1682 даследавалі і з 1699 каланізавалі французы (у 1718 засн.г. Новы Арлеан). У канцы 17 — пач. 19 ст. Л. наз. вялізная тэр. басейна р. Місісіпі. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Францыя перадала зах. частку Л. пад уладу Іспаніі, усходнюю — Англіі. Пасля ўтварэння ЗША усх. частка Л. ўвайшла ў іх склад (1783), а заходняя зноў адышла (1800) да Францыі, якая ў 1803 прадала сваю частку Л. ЗША за 15 млн.дол. З 1804 паўд. частка Л. — тэрыторыя (адм. адзінка), з 30.4.1812 штат ЗША (астатнія часткі Л. ўвайшлі ў інш. штаты ЗША), які ў грамадз. вайну 1861—65 удзельнічаў на баку паўд. (канфедэратыўных, рабаўладальніцкіх) штатаў. У Л. працяглы час адбываліся сац. і расавыя хваляванні, асабліва ў канцы 1920 — пач. 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧО́СКАЯ НІЗІ́НА, Лучосы нізіна,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на ПдУ Віцебскай вобл. На Пд мяжуе з Горацка-Мсціслаўскай узвышанай раўнінай і Аршанскім узвышшам, на З — з Чашніцкай раўнінай, на Пн — з Віцебскім узвышшам, на У заходзіць у межы Расіі. 3 Пн на Пд працягнулася на 50 км, з 3 на У — 50—60 км. Пл. 2,3 км². Выш. 155—175 м.
Л.н. прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Асадкавы чахол складзены з парод сярэднерыфейска-ніжнявендскага комплексу, сярэдняга і верхняга дэвону. Для антрапагенавай тоўшчы (магутнасць каля 60 м) характэрны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. У эпоху паазерскага зледзянення на месцы Л.н. існаваў прыледавіковы вадаём. Пры адступленні ледавіка на Пн узнікла мелкаводнае Лучоскае воз., на месцы якога пасля спуску вод р. Лучосай утварылася азёрна-ледавіковая нізіна з рэшткавымі азёрамі.
Паверхня нізіны спадзіста-хвалістая, месцамі плоская, парэзаная далінамі рэк, лагчынамі сцёку і катлавінамі. Ваганні адносных выш. да 3 м. Аднастайнасць рэльефу парушаецца дзюнамі, радзей озамі. На Пн і У захаваліся астанцы марэннай раўніны і размытыя марэнныя ўзгоркі з адноснымі выш. 5—15 м. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, торф. Асн.р. Лучоса з прытокамі Абалянка, Чарніца, Сухадроўка; на Пд працякае р. Аршыца (прыток Дняпра). Лучоса выкарыстоўвалася на водным шляху (шлях «з варагаў у грэкі») ад Зах. Дзвіны да Дняпра. Азёры: Вял. Арэхаўскае, Серакаротня, Дзевінскае, Казённае, Зелянское, Скрыдлева, Кічына і інш. Сярэднія т-ры студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 620 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба і сярэдне ападзоленыя, дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 40% тэрыторыі. На Пн і ПдУ пераважаюць буйныя масівы драбналістых лясоў (бародаўчатабярозавыя, шэраальховыя, асінавыя), уздоўж рэк Лучоса і Чарніца — хваёвыя; невял. масівамі трапляюцца яловыя лясы. Балоты вярховага і нізіннага тыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́СЕНКА (Мікалай Віталевіч) (22.3. 1842, с. Грынькі Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 6.11.1912),
украінскі кампазітар, піяніст, хар. дырыжор, муз. фалькларыст, педагог; заснавальнік нац. кампазітарскай школы. Скончыў Кіеўскі ун-т (1865), вучыўся ў Лейпцыгскай (1867—69) і Пецярбургскай (1874—76, клас М.Рымскага-Корсакава) кансерваторыях. Арганізаваў хор Кіеўскага ун-та (1864), укр. хор у Пецярбургу (1874), муз.-драм. школу (1904; з 1918 Муз.-драм.ін-т імя Л.) у Кіеве і інш. Яго музыка адметная яскравым нац. каларытам, арганічным развіццём асноў нар.-песеннай культуры, дэмакр. ідэямі. Садзейнічаў станаўленню ўкр. оперы, узбагаціў муз.-сцэн. і вак. жанры, паклаў пачатак многім інструментальным жанрам у нац. музыцы. Збіраў і вывучаў фальклор, стварыў класічныя ўзоры апрацовак нар. песень. Сярод твораў: 9 опер, у т. л. «Тапельніца» (паст. 1885), дзіцячая «Каза-дзераза» (паст. 1888), «Наталка Палтаўка» (паст. 1889), «Тарас Бульба» (паст. 1890), «Энеіда» (паст. 1911); аперэта «Чарнаморцы» (паст. 1872); цыкл «Музыка да «Кабзара» Т.Шаўчэнкі» (больш за 80 вак. твораў розных жанраў, у т. л. песні, ансамблі, хары, кантаты, 1868—1901); сімф. фантазія «Украінскі казак-шумка», «Украінская сюіта», «Гераічнае скерца» і 2 укр. рапсодыі для фп.; вак. кампазіцыі на тэксты І.Франко, С.Руданскага, Лесі Украінкі; апрацоўкі нар. песень для голасу з фп. (каля 300), для хору (больш за 200) і інш. Аўтар шэрагу муз.-фалькларыстычных прац. Імя Л. прысвоена Харкаўскаму т-ру оперы і балета, Львоўскай кансерваторыі і інш. У Кіеве музей Л. У 1982 устаноўлена Рэсп. прэмія Украіны імя Л.
Тв.:
Зібрання творів. Т. 1—20. Київ, 1950—59;
Листи. Київ, 1964.
Літ.:
Лысенко О. Микола Лысенко: Воспоминания сына. М., 1960;
Архімович Л., Гордійчук М. М.В.Лисенко. 2 вид. Київ, 1963;
М.В.Лисенко у спогадах сучасників. Київ, 1968;
Курковський Г.В. М.В.Лисенко — піаніст-виконавець. Київ, 1973;