све́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., аб чым, пра што і з дадан. сказам.
1. Пацвярджаць правільнасць, сапраўднасць чаго‑н. у якасці відавочніка, сведкі, дасведчанай асобы. Сведчу, што ў правінцыі Антарыо Ёсць Палерма — слаўны гарадок. Панчанка. Расказы відавочцаў сведчылі, што агонь у лесе ўспыхнуў адразу ў некалькіх месцах і амаль у адзін і той жа час. Матрунёнак.
2. Быць сведчаннем чаго‑н., пацвярджаць, даказваць што‑н. Маёр рабіўся весялейшым, пачаў насвістваць украінскія песні, што сведчыла аб яго добрым настроі. Шамякін. Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці насычаны таксама вялікай колькасцю дзеясловаў лацінскага паходжання, што сведчыць аб моцным уплыве лацінскай мовы на беларускую. Гіст. лекс. бел. мовы. Старанна дагледжаная, начышчаная, змазаная, яна [машына] павінна была сведчыць, што новы гаспадар яе — чалавек дбайны і руплівы. Васілёнак. Гледачоў — як дзверы зачыніць. Больш тут месца нельга ўжо нідзе знайсці. Здабытак люду і гарачыні Сведчыць нам пра поспех самадзейнасці. Гілевіч.
3. і каму. Даваць паказанні на судзе. Кожны сведка звычайна карыстаецца пэўнаю павагаю ў тых, каму ён сведчыць збіраецца. Колас.
4. і што. Афіцыйна пацвярджаць сапраўднасць чаго‑н. Сведчыць подпіс і сведчыць пячаць, Што ідзём мы [Рыбка, Ворчык, Зарудны] з астрогу. Куляшоў. Размашысты подпіс гаварыў пра тое, што чалавек з упэўненасцю сведчыў складзеную для яго па ўсёй форме паперу. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свіст, ‑у, М ‑сце, м.
1. Рэзкі, высокі гук, які ўтвараецца моцным выдыханнем паветра праз сціснутыя губы ці зубы, а таксама пры дапамозе свістка ці іншага прыстасавання. Першым свіснуў самы меншы хлопчык. Ад яго свісту спынілася машына. Няхай. // Такі гук, як выражэнне незадавальнення чым‑н., асуджэнне чаго‑н. Кожнае прозвішча сустракалася то воплескамі, то маўчаннем, а то і свістам з якога-небудзь кутка плошчы. Хадкевіч.
2. Гук такога тэмбру, які ўтвараецца птушкамі, жывёламі. Свіст драздоў. Свіст сусліка. □ Травы, краскі, кожны ліст На бярозе, клёне — Салаўіны ловяць свіст, Скачуць у тым звоне. Бялевіч.
3. Высокі, рэзкі гук, які ўтвараецца парай, паветрам, што вырываецца з сілай праз вузкую адтуліну. Свіст паравоза. □ У кабіну са свістам шуганула паветра. Алешка. // Гукі, якія ўзнікаюць пры хуткім руху хваль паветра ў слаях атмасферы. Такія ўжо вятры... Здаецца, з шумам, свістам Раскладваюць кастры З асыпанага лісту. Астрэйка.
4. Гук, які ўтварае прадмет пры хуткім рассяканні паветра. Свіст куль. □ Вуліцы, па-над якімі, як адвечны праклён, толькі і чулася лаянка людзей, свіст пуг ды натужнае хрыпенне коней — гэтыя вуліцы былі прыўзняты, забрукаваны. М. Ткачоў. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Лынькоў.
•••
Мастацкі свіст — высвістванне мелодыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Разм. Зрабіць удых і выдых. Баючыся дыхнуць, .. [Зося] палажыла руку пад падушку. Чорны. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін, і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Падыхаць. Раптам захацелася мне дыхнуць полем, выскачыць на вясенні прастор. Ракітны. // Выпусціць ротам струмень паветра пры гаворцы. — На страху глядзі, на страху, — дыхнуў .. [Юрку] у самае вуха Сяргей. Курто.
2. чым і без дап. Павеяць, падзьмуць. Яшчэ сняжком Зямлю не замяло, Ды халадком дыхнулі ўжо Абшары. Макаль. Прайшоўся, дыхнуў цёплы вецер па двары, патрывожыўшы лісце таполяў. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Акно адразу ж адчынілася, і ў твар дыхнула свежасцю. Сачанка. // перан. Узрушыць, выклікаўшы якое‑н. пачуццё, абудзіўшы ўспаміны. Кожнаму на момант дыхнула ў душу сваімі жахамі перажытая вайна. Пестрак. / у безас. ужыв. Кастусь піў бярозавік, настоены на скарынках хлеба, і на яго раптам дыхнула далёкім бесклапотным маленствам. С. Александровіч.
•••
Баяцца дыхнуць гл. баяцца.
Вольна дыхнуць — адчуць поўную свабоду, вызваліўшыся ад чаго‑н. непрыемнага, гнятлівага.
Дыхнуць на поўныя грудзі — тое, што і вольна дыхнуць.
(Не) даць дыхнуць каму гл. даць.
Некалі (няма калі) дыхнуць гл. некалі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пэ́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. у што, чым і без дап. Забруджвацца, вымазвацца. Трэба было ратаваць жарабца, але нікому з стражнікаў не хацелася разувацца, распранацца і лезці пэцкацца ў гразь. Крапіва. Успамінаецца, як бегалі яны — малыя.. — па-над самай вадой, па-над самым прадоннем, пэцкаліся з галавы да ног у шызы ліпучы глей — рыбу лавілі. Зарэцкі. Нару капаць, вядома, справа не малая, і працы шмат і месца трэба адшукаць такое, што вада вясной не залівае. Дый пэцкацца Лісіца не жадае. Корбан. // Станавіцца брудным. Белая сукенка хутка пэцкаецца. □ Есці пры маёй рабоце хапае, абутак і вопратка не дзярэцца і не вельмі пэцкаецца. Кулакоўскі.
2. перан. Разм. Займацца якой‑н. непрыемнай справай, прымаць у ёй удзел. — Прапусціць! — загадаў я хлопцам. — Гэтага для нас мала... — З-за аднаго чалавека не варта нават пэцкацца! Карпюк.
3. перан. Разм. Вельмі марудна рабіць што‑н. Калі мы зайшлі на калгасны двор, то сустрэлі там двух калгаснікаў, якія рамантавалі калёсы. — Ну, от табе і на, — не вытрымаў Валодзя. — Дакуль вы будзеце тут пэцкацца? Людзі ўжо напрацаваліся ўволю, а вы, як мухі да смалы, прыляпіліся. Сергіевіч.
4. Зал. да пэцкаць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́дасць, ‑і, ж.
1. Пачуццё вялікай асалоды, задаволенасці, якое выклікае вясёлы настрой. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас. Толькі мы выйшлі на поле, я неяк незнарок азірнуўся і аж закрычаў ад радасці: за намі бегла [вавёрка] Люська!.. Ляўданскі. // Весялосць, трыумф. І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Лынькоў. У першыя дні Саша са сваёй сястрычкай Лідай нават не ведалі, што рабіць ад радасці: насіліся з аднаго пакоя ў другі, заглядвалі ва ўмывальнік, ванную. Даніленка. // звычайна мн. (ра́дасці, ‑ей); чаго або якія. Прыемныя, вясёлыя перажыванні, выкліканыя чым‑н. Лапік ужо ў трэцім класе. Першыя школьныя радасці даўно прайшлі. Брыль.
2. Падзея, абставіны і пад., якія даюць асалоду, шчасце. Пачатак навучальнага года супаў з вялікай радасцю ў яе жыцці — Кацю прынялі ў рады Камуністычнай партыі. Грахоўскі. Схадзіць у госці да цёткі Тарэсі ў Лугаватую, паехаць з дзядзькам у Сыркінаў млын — было для дзяцей самай вялікай радасцю. С. Александровіч.
3. (звычайна са словам «мая»). Разм. Ласкавы, пяшчотны зварот. [Лявон:] Дык пойдзем, мая радасць, я правяду цябе крышку. Козел. Краіна мая, радасць мая, Песня мая маладая! Па нівах тваіх, па тваіх гаях Сынава сэрца рыдае. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разабра́цца, разбяруся, разбярэшся, разбярэцца; разбяромся, разберацеся; заг. разбярыся; зак.
1. Разм. Раскласці, прывесці ў парадак свае рэчы (пасля пераезду і пад.) — Можаш ісці, Харчанка, — кажа маёр салдату. — А мне, мабыць, гаспадыня паможа тут разабрацца. Скрыган.
2. Унікнуўшы ў падрабязнасці, зразумець сутнасць чаго‑н., уясніць для сябе што‑н. Разабрацца ў абстаноўцы. Разабрацца ў чарцяжах. □ Адразу ж .. [Лабановіч] не мог разабрацца ў сваім учынку і ў пачуццях. Колас. // Адрозніць, вызначыць, зразумець што‑н. Сашка дык і не разабраўся спачатку: нешта зверху шаснула, куры ў двары закрычалі што было сілы і сыпанулі, як гарох, ва ўсе бакі. Даніленка. [Андрэй] не мог добра разабрацца, чый гэта двор, з якога выйшла дзяўчына, бо ўсё было тут па-новаму. Дуброўскі.
3. Разгледзеўшы падрабязна, вырашыць усе пытанні, супярэчнасці. [Пракаповіч:] — Вы свае прэтэнзіі перадавайце мне ці прападу. Мы разбяромся. А з рабочымі няма чаплаяцца. Радкевіч. — Пане Каролю, — сказала цвёрда, з прыціскам [пані Мар’я], — .. Гэта мой клас, і я сама разбяруся... Брыль.
4. Разм. Управіцца, справіцца з кім‑, чым‑н. Няма з ім зладу, і таму Заўсёды клікалі Хаму, Каб той З Кузьмой Як-небудзь разабраўся. Корбан.
5. Знайсці сваё месца (у страі). — Разабрацца па ротах! — загадаў камандзір. — Адыходзім на сваю базу. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разгле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць і разглядзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Уважліва, пільна агледзець каго‑, што‑н. Пасажыраў у вагоне было нямнога, і Лабановіч пераходзіў ад аднаго акна да другога, каб разгледзець гэтую мясцовасць і хоць прыблізна адгадаць, дзе яго новая школа. Колас. Добра разгледзеў Толя ўсю красу раніцы позняй восені толькі за горадам. Якімовіч. Вечарам Шура з Сяргеем вылезлі на бераг, разглядзелі мішэнь. Навуменка. // Пільна ўглядаючыся, заўважыць, убачыць, распазнаць каго‑, што‑н. Асенняя ноч была такая цёмная і над ракой павіс такі густы туман, што твары людзей ніяк нельга было разглядзець. Кулакоўскі. Спыніліся [мужчыны] і ў тумане разгледзелі хату. Пальчэўскі. // перан. Прыгледзеўшыся, заўважыць, разабрацца ў кім‑, чым‑н. [Якаў:] — Дарэмна ты так падумаў. Людзі ёсць, толькі іх разгледзець трэба. Чарнышэвіч. Булая папракалі, але злёгку, а больш хвалілі. За смеласць, за ўменне разгледзець новае, своечасова падхапіць, выпеставаць. Шыцік.
2. Разабраць, абмеркаваць (звычайна з мэтай ацэнкі або прыняцця рашэння). Разгледзець справу ў судзе. □ З надыходам заакіянскай восені на парадку дня Генеральнай Асамблеі ўсё менш застаецца пытанняў, якія трэба разгледзець. Філімонаў. Вярнулася .. [Кавалёва] пад вечар, пакуль разгледзела пошту дома, то ўжо сонца паспела апусціцца за лес. Дуброўскі. [Малюга:] — У мяне тут яшчэ многа заяў, і мы павінны іх разглядзець. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расквіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Расплаціцца за што‑н., аддаць доўг каму‑н. Расквітацца за дапамогу. □ Да Вайтовіча падышоў каваль і напомніў: — Не развіталіся, пане. За фатыгу абяцалі на кілішак гарэлкі. Пальчэўскі. — Які яшчэ доўг? Я ўсё аддала вашай цётцы, расквіталася з вамі назаўсёды. Дубоўка. — Вялікую віну ўзяў я на сябе перад чыгункай, як расквітацца з ёй, і не ведаю... Шынклер. // Адпомсціць за ўчыненую крыўду, зло. Расквітацца мне з.. [фашыстамі] вельмі хацелася і за тое, што ў хляве сядзеў, і што галодны бадзяўся па лясах. Навуменка. — На фоне аснежаных палеткаў прыкмеціў сілуэты двух «фокераў». Думаў, што яны крадуцца да нашага аэрадрома, каб атакаваць нас на пасадцы і такім чынам расквітацца. Алешка.
2. Расстацца з кім‑, чым‑н. назаўсёды, пакінуць каго‑, што‑н., вызваліцца ад каго‑, чаго‑н., пазбавіцца ад чаго‑н. Вейс даўно расквітаўся з чыгункаю, выйшаў на пенсію, але па-ранейшаму не можа жыць без яе. Арабей. — Мне так і відаць, што хоча мая Тэкля жыць са мной у адно, расквітацца са сваім аднаасобніцтвам. Рылько. — Ды ты ж яшчэ з ім не расквіталася зусім, — намякнуў Некраш на тое, што Вікторыя яшчэ не развялося з Кругловым. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассе́сціся, ‑сядуся, ‑сядзешся, ‑сядзецца; пр. рассеўся, ‑селася; зак.
1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Сесці, размясціцца дзе‑н. — пра ўсіх, многіх. Усе мае таварышы даўно ўжо расселіся ў вагоне, уладзіўшы транспартныя справы, а майго чамадана ўсё не было. Лынькоў. На тратуары расселася чародка галубоў, якія нешта дзяўблі на асфальце. Гроднеў.
2. Разм. Сесці свабодна, заняўшы шмат месца. — Пасуньцеся, вельмі шырока расселіся, — пачуў .. [чалавек], як праз сон, нечы голас. Прокша. Глушэц чым далей, то ўсё болей Дзесь на суку за тоўстай хвояй Рассеўся важна і балбоча. Колас. // Пасяліцца. Там, дзе на разлегласці раней яшчэ быў рассеўся Мазавецкі з сваім новым хутарам, цяпер быў проста-такі цэлы фальварак. Чорны. // перан. Шырока разрасціся. Высока, разл[о]жыста Расселася пры хаце Стара-старая ліпа, Паважная, як свацця. Купала.
3. Сеўшы, затрымацца доўгі час; сесці дзе‑н. надоўга. Прайшло некалькі хвілін у здранцвення «Чаго ж гэта я расселася? Трэба нейкую раду даваць», — спахапілася нарэшце Ірына Віктараўна. Пальчэўскі. — Ну і што там з гэтай кнігай рассеўся? Дроў сушэйшых пайдзі прынясі!.. Брыль.
4. Даць трэшчыны, раскалоцца. [Алегу] ўявілася вялікая крыга, якая плыла па шырокай рацэ, потым натужліва цярнулася аб [нешта] неадольнае, мацнейшае за яе, крыгу, і расселася папалам. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́тры, ‑аў; адз. (рэдка) нетра, ‑ы, ж.
1. Глыбіні зямлі, месцы пад зямной паверхняй, а таксама тое, што там змяшчаецца. Зямныя нетры. Распрацоўка нетраў. □ «Лясы і нетры — усё цяпер наша, народнае!».. Брыль. Праца кіпіць несціхана, Пласт падразае ствол: «Вось яна доўгачаканая Ў нетрах схаваная соль!» Звонак. Ішлі рудакопы У цёмныя нетры. Вялюгін.
2. перан. Унутраная прастора, унутраная частка чаго‑н. Падвальныя нетры, падвальныя нетры... Ну хоць бы глыток, хоць маленькі — паветра! Арочка. // Унутраныя, глыбінныя часткі краіны, раёна і пад. Нетры Палесся.
3. Непраходныя, глухія мясціны; прастора, парослая густым лесам. Ні чалавек, ні жывёла не можа ступіць на гэтыя нетры Гнілога балота. Колас. Чым далей, тым лес гусцей, а ў ім такія нетры, што і выбрацца нельга. Якімовіч. У час цяжкі ў лясныя нетры Радзіма склікала сыноў. Аўрамчык.
4. перан. Унутраная, глыбінная частка чаго‑н. Нетры памяці. // Пра народ, шырокія колы грамадства. [Паўліна Цітаўна:] — На выберуць [у дэпутаты] — значыцца народ знайшоў у сваіх нетрах больш дастойнага. Шамякін.
5. перан. Цяжкія, складаныя, глыбокія пытанні, бакі чаго‑н. Ніхто лепш за .. [Рэню] не разбіраўся ў каварных нетрах алгебры. Лынькоў. З Андрэем Пятро пачаў размову асцярожна, абыходным шляхам, але хутка залез у такія нетры, што з іх нельга, было ўжо выбрацца. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)