ІАГАНСО́Н Барыс Уладзіміравіч (25.7.1893, Масква — 25.2.1973),

рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). Правадз. чл. АМ СССР (1947), у 1958—62 яе прэзідэнт. Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1912—18) у М.А.Касаткіна, К.А.Каровіна, С.В.Малюціна. Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1922—31). Выкладаў у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1937—61, праф. з 1939), Маск. маст. ін-це (з 1964). З 1962 гал. рэдактар энцыклапедыі «Мастацтва краін і народаў свету». Творчасці ўласцівы зварот да гіст. і сац. тэматыкі: «Рабфак ідзе» («Вузаўцы», 1928), «Допыт камуністаў» (1933), «На старым уральскім заводзе» («Урал дзямідаўскі», 1937; Дзярж. прэмія СССР 1941), «Выступленне У.​І.​Леніна на 3-м з’ездзе камсамола» (1950, у сааўт.; Дзярж. прэмія СССР 1951). Працаваў у жанры партрэта і кніжнай ілюстрацыі («Партрэт жонкі», 1955).

Літ.:

Сопоцинский О.И. Б.​В.​Иогансон. М., 1973.

Б.Іагансон. Партрэт жонкі. 1955.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАНТА́Й Аляксандра Міхайлаўна (1.4.1872, С.-Пецярбург — 9.3.1952),

дзяячка міжнар. жаночага руху, рэвалюцыянерка, сав. дыпламат, публіцыст. У рэв. руху з 1890-х г. У 1908—17 у эміграцыі, удзельнічала ў с.-д. руху Англіі, Германіі, Італіі, Францыі, Швецыі, Нарвегіі, ЗША і інш. З сак. 1917 чл. выканкома Петраградскага Савета. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 нарком дзярж. апекі ў 1-м сав. урадзе. У 1920 заг. жанаддзела ЦК РКП(б), у 1921—22 сакратар Міжнар. жаночага сакратарыята пры Камінтэрне. У 1923 на дыпламат. рабоце; у 1923—26, 1927—30 гандл. і паўнамоцны прадстаўнік у Нарвегіі, у 1926—27 пасол у Мексіцы, у 1930—45 пасланнік, потым пасол у Швецыі, з 1945 саветнік МЗС СССР. Аўтар мемуараў і прац пра жаночы рэв. рух.

Літ.:

Олесин М.И. Первая в мире: Биогр. очерк о А.​М.​Коллонтай. М., 1990.

М.​С.​Даўгяла.

А.М.Калантай.

т. 7, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЛіЗБ),

партыйная арганізацыя, якая дзейнічала ў 1918—19 на акупіраванай герм. войскамі тэр. Літвы і Зах. Беларусі. З’яўлялася часткай РКП(б) і працавала пад яе кіраўніцтвам. Створана ў кастр. 1918 на сваім 1-м з’ездзе, які прызнаў асн. задачай партыі выгнанне герм. акупантаў, звяржэнне ўлады буржуазіі і ўстанаўленне сав. улады, прыняў статут, выбраў ЦК. 1-ы з’езд КПЛіЗБ назваў партыю Кампартыяй Літвы і Беларусі 1-й акупацыі (да 1-й акупацыі адносілася тэр., захопленая Германіяй увосень 1915 па лініі Дзвінск—Нарач—Крэва—Навагрудак—Баранавічы—Пінск, г. зн. да наступлення немцаў у лют. 1918). 2-я канферэнцыя КПЛіЗБ (2—4.2.1919) выказалася за аб’яднанне Літ. ССР і Бел. ССР у адну Літ.-Бел. ССР (Літбел). Пасля ўтварэння Літбела КПЛіЗБ аб’ядналася з Кампартыяй Беларусі ў адзіную Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі.

т. 7, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́НАВА,

вёска ў Свірскім пас. савеце Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 40 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Лынтупы, каля аўтадарогі Вільнюс — Полацк. 270 ж., 112 двароў (1997).

Вядома з 18 ст. як маёнтак у Ашмянскім пав. З 1785 мястэчка Віленскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1847 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1868 у Свірскай вол., 136 ж. У 1897 у вёсцы К. 64 ж, касцёл, заезны дом, крама, карчма, нар. вучылішча, у фальварку 90 ж. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Свірскага р-на Вілейскай вобл., з 1959 у Мядзельскім р-не. У 1971 у вёсцы 175 ж., 60 двароў.

Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Канстанцінаўскі касцёл (19 ст.).

т. 7, с. 593

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПАЎСКІ ПУТЧ 1920, Капа—Лютвіца путч,

спроба кансерватыўна настроеных вайскоўцаў і праварадыкальных паліт. сіл на чале з памешчыкам В.​Капам і ген. В.​Лютвіцам захапіць уладу ў Германіі 13—17.3.1920. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. 10 сак. Лютвіц, падцягнуўшы да Берліна сілы путчыстаў, прад’явіў герм. ўраду ультыматум з патрабаваннямі распусціць Нац. сход, перавыбраць прэзідэнта краіны і адмовіцца ад скарачэння ўзбр. сіл, што праводзілася паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. 13 сак. фарміраванні путчыстаў (у т. л. ваенізаваныя добраахвотніцкія) занялі Берлін, стварылі ўрад на чале з Капам. Прэзідэнт рэспублікі Ф.​Эберт і ўрад Г.​Баўэра пераехалі ў Дрэздэн, потым Штутгарт. Усеагульная забастоўка прафсаюзаў (удзельнічала 12 млн. чал.), рознагалоссі сярод путчыстаў, адсутнасць іх падтрымкі з боку б. ч. рэйхсвера і міністэрскай бюракратыі і інш. прычыны прывялі да паражэння путчу; 17 сак. Кап уцёк у Швецыю.

т. 8, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮКО́ЎКА,

рабочы пасёлак у Гомельскім р-не. Падпарадкоўваецца Чыгуначнаму раённаму Савету г. Гомеля. За 12 км ад Гомеля, чыг. станцыя на лініі Гомель—Жлобін, на аўтадарозе Гомель—Магілёў. 11,1 тыс. ж. (1998).

Вядома з 1873 як ст. Лібава-Роменскай чыгункі. З 1929 пасёлак рабочых Гомельскага шклозавода, з 1935 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну ў ноч на 18.8.1941 каля К. адбыўся бой паміж батальёнамі Гомельскага нар. апалчэння і ням. танкавай часцю. З 18.8.1941 па 26.11.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Абсталяванне завода і частка рабочых эвакуіраваны ў Башкірыю, заводскія карпусы і пасёлак у час акупацыі зруйнаваны, у 1943—45 адноўлены.

Шклозавод, прадпрыемствы тарфяной (з-д «Імпульс»), швейнай прам-сці. 2 сярэднія школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў, Палац культуры шклозавода, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, спарткомплекс, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік работнікам шклозавода.

т. 8, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МБРЫДЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых універсітэтаў Еўропы, буйны навук. цэнтр Вялікабрытаніі. Засн. ў 1209 у Кембрыджы. Ужо з 13 ст. ў К.у. вызначыліся традыцыйныя ф-ты: гуманітарны, юрыд., багаслоўскі і медыцынскі. Ун-т быў цэнтрам Рэфармацыі ў Англіі, а ў 17 ст. — перадавой навукі таго часу. З ім звязана дзейнасць Т.​Мора, Эразма Ратэрдамскага, Ф.​Бэкана, І.​Ньютана, Ч.​Дарвіна. У Кавендышскай лабараторыі К.у. працавалі Дж.​Максвел, П.​Дзірак, Дж.​Дж.​Томсан, Э.​Рэзерфард. У 1911 вучоныя ун-та апрацавалі 11-е выд. энцыклапедыі «Брытаніка», якое лічыцца адным з лепшых. К.у. складаецца з каледжаў, якія ўяўляюць сабой самакіроўныя карпарацыі; у кожным з іх каля 400 студэнтаў розных ф-таў. Узначальвае ун-т канцлер. У 1993 у К.у. каля 14 тыс. студэнтаў. Пры ун-це працуюць цэнтры навук. даследаванняў, ін-ты, школы, музеі, Кембрыджская абсерваторыя, бат. сад, б-ка.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

К’Е́РКЕГОР, Кіркегор (Kierkegaard) Сёрэн (5.5.1813, Капенгаген — 11.11.1855), дацкі тэолаг, філосаф, пісьменнік. Папярэднік экзістэнцыялізму. Вывучаў філасофію і тэалогію ў Капенгагенскім ун-це. Аўтар прац «Страх і хваляванне» (1843), «Філасофскія крохі» (1844), «Стадыі жыццёвага шляху» (1845), «Хвароба да смерці» (1849) і інш. Сваё бачанне быцця чалавека сфармуляваў як рэалізацыю чалавечай суб’ектыўнасці, у якой асаблівая роля належыць такім паняццям, як «асоба», «свабода», «выбар», «страх», «адчай», «рашучасць» і інш. Існаванне чалавека разглядаў у 3 тыпах экзістэнцыі: эстэт., этычнай і рэліг. З несувымернасці божага і чалавечага свету, веры і розуму выводзіў тэзіс пра бяссэнсавасць іх спалучэння, бо ўсякія спробы такога злучэння непазбежна вядуць да парадоксаў. Творы К. вылучаюцца яскравасцю. Філасофія яго стала папулярнай у 20 ст. З узнікненнем экзістэнцыялізму набыла характар класічнай філас. л-ры ў галіне ірацыяналістычных канцэпцый.

Літ.:

Быховский Б. Э.​Кьеркегор. М., 1972.

А.​М.​Елсукоў.

С.К’еркегор.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛЫЯ ЧЭ́РВІ, нематоды (Nematoda),

клас чарвей тыпу першаснаполасцевых. Вядомы з верхняга карбону. 3 падкласы. Апісана каля 20 тыс. відаў, агульная колькасць відаў па розных ацэнках ад 100 тыс. да 1 млн. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца аскарыды, вастрыцы, воласагаловы, трыхіна, нематода бульбяная, нематоды галавыя, трыхацэфаліды і інш. Жывуць у морах і прэснай вадзе, у глебе.

Даўж. ад 0,05 мм да 8,4 м. Цела цыліндрычнае, верацёна- ці ніткападобнае. нерасчлянёнае, на папярочным разрэзе круглае, укрытае шчыльнай кутыкулай. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма. Свабоднажывучыя формы кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Некаторыя здольныя да анаэрабіёзу і анабіёзу. Большасць раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Многія — паразіты раслін, жывёл і чалавека, выклікаюць хваробы: аскарыдоз, гельмінтозы, нематадозы, нематодныя хваробы раслін, трыхінелёз і інш.

Да арт. Круглыя чэрві: 1 — воласагалоў чалавечы; 2 — нематода бурачная разнаскурая (а — самец, б — самка).

т. 8, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРДЗЯНО́К Зінаіда Валянцінаўна (21.3.1915, г. Віцебск — 1.9.1985),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Бел. т-ры юнага гледача (1937—41), Брэсцкім абл. драм. т-ры (1944—76). Выконвала ролі травесці, драм. і вострахарактарныя. Яе работы вызначаліся дэталёвай распрацоўкай сцэн. характараў, падкрэсленай тэатральнасцю формы. Сярод лепшых роляў: у Бел. т-ры юнага гледача — Маруся Гарбацэвіч («Блакітнае і ружовае» А.​Бруштэйн), Першы сын караля («Цудоўная дудка» В.​Вольскага); у Брэсцкім драм. т-ры — Марыя Васілеўна («Усяго адно жыццё» А.​Маўзона), Круціцкая («Не было ні граша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.​Горкага), мадам Абломак («Юнацтва бацькоў» Б.​Гарбатава), Старухна («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.​Карастылёва), Баба Яга («Два клёны» Я.​Шварца), місіс Пэдзі («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка).

Р.​І.​Баравік.

т. 9, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)