возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сосніца, за 37 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,95 км², даўж. 3 км, найб.шыр. 520 м, найб.глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі 9,2 км. Пл. вадазбору 24,8 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Складаецца з 2 плёсаў, злучаных пратокай. Схілы выш. да 5 м (на ПнУ і Пд да 10 м) пад лесам. Берагі нізкія, на Пд і У зліваюцца са схіламі, параслі лесам і хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі, выцякае р. Няклейка. У возеры жывуць бабры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ЦЬ, паветка,
у беларусаў гаспадарчая пабудова на сял. двары для захоўвання с.-г. прылад (калёс, саней і інш. начыння), а таксама дроў. Найчасцей бываюць адкрытыя (у выглядзе навеса) ці агароджаныя дошкамі. Аснову каркаснай канструкцыі складаюць слупы (сохі, паўсошкі) або крыжы, злучаныя паміж сабой суцэльным бервяном (правілам), на якое навешваюцца кроквы. Паверх крокваў прымацоўваюцца латы пад пакрыццё 1- або 2-схільнай страхі. Звычайна займае свабоднае месца паміж дзвюма пабудовамі. П., дзе захоўваецца с.-г. інвентар, звычайна наз. вазоўняй ці абозняй, для дроў — дрывотняй або дрывотнікам. Пашырана па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ШЧА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 12 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 1,23 км², даўж. 1,9 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 5,7 км. Пл. вадазбору 40,7 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. да 5 м., пад хмызняком і пашай, на У хваёвы лес. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пд і З забалочаныя, параслі хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. Празрыстасць 0,5 м. Эўтрофнае, з прыкметамі антрапагеннага дыстрафіравання. Зарастае слаба. Упадаюць ручаі з азёр Бяржонка і Опса, выцякае ручай у р. Акунёўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАДУ́ШАЧКА»,
старажытны бел.нар. гульнявы танец-карагод. Муз. памер 2-дольны. Тэмп умераны, часам павольны. Выконваецца пад прыпеўкі з тыповым зачынам: «Падушачка, падушачка, а ўсё пухавая». Вядома ў розных харэаграфічных варыянтах: карагодным, танцавальным, мяшаным. Пры карагодным варыянце пара салістаў разыгрывае тэкст песні ў цэнтры круга. Для танц. варыянта характэрна пастаянная змена пар і стварэнне новых пар у крузе, інстр. суправаджэнне. Мяшаны варыянт спалучае элементы гульні, танца і карагода. Сцэнічным рэдакцыям танца, створаным балетмайстрамі І.Хворастам (1940-я г., Бел. ансамбль песні і танца) і Ю.Сляпнёвым, уласцівы паскарэнне тэмпу, мадэрнізацыя тэксту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́ЙЧЫК (Апанас Кузьміч) (1900, в. Радуцічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 1921),
удзельнік партыз. руху на Беларусі ў час польскай інтэрвенцыі. З 1919 вёў падп. работу ў Слуцкім і Бабруйскім пав. Вясной 1920 у раёне Старых Дарог арганізаваў некалькі партыз. атрадаў, якія разбурылі чыг. ст. Дараганава, мост цераз Пціч, пусцілі пад адхон варожы эшалон, перадавалі камандаванню Чырв. Арміі звесткі разведкі, вялі агітац. работу сярод сялян. У чэрв. 1920 партыз. атрад П. разам з Чырв. Арміяй удзельнічаў у фарсіраванні Бярэзіны каля мяст. Ялізава і вызваленні Асіповіч. З ліп. 1920 на парт. рабоце. Забіты бандытамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) Малодшы, старажытнагрэчаскі архітэктар 4 ст. да н.э. Працаваў у Эпідаўры, дзе стварыў грабніцу-толас (з дарычнай каланадай звонку і карынфскай — унутры) і т-р на 14 тыс. месцаў (350—330 да н.э.). Т-р адметны велічнай гармоніяй кампазіцыі, арганічна ўпісанай у ландшафт, які служыць фонам для дзеяў, а таксама асобных арх. элементаў (урачыстыя парталы праходаў, якія аддзяляюць скене ад тэатрона). Выдатная акустыка т-ра забяспечваецца спец. профілем тэатрона і рэзанатарамі пад лавамі. Грабніца і т-р П. ўваходзяць у археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Паліклет Малодшы. Тэатр у Эпідаўры. 350—330 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛТА́ВА,
горад, цэнтр Палтаўскай вобл. на Украіне, на р. Ворскла (левы прыток р. Дняпро). Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1174 як «Лтава» (назва да 1430). 320 тыс.ж. (1991). Чыг. вузел, аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (з-ды аўтаагрэгатны, турбамех., «Хіммаш», газаразрадных лямпаў, штучных алмазаў і алмазнага абсталявання, мед. шкла, фарфоравы і інш.), лёгкая (баваўняная, трыкат., абутковая і інш.), харч., ф-камуз. інструментаў. 5 ВНУ. 2 тэатры. Музеі: маст., краязн., музей-запаведнік «Поле Палтаўскай бітвы», літ.-мемар. І.П.Катлярэўскага, Панаса Мірнага, У.Г.Караленкі. Каля П. адбылася Палтаўская бітва 1709.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУ́ШНІК, шыльнік (Isoëtes),
род дзеразападобных раслін сям. палушнікавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах. На Беларусі рэдкі атлантычна-еўрап. рэліктавы від — П. азёрны (I. lacustris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца пад вадой на глыб. 40—250 см (водныя формы), у вільготных мясцінах і часовых вадаёмах (наземныя і земнаводныя формы).
Вечна-, зімне- і летнезялёныя шматгадовыя расліны выш. 5—20 см. Лісце шылападобнае (адсюль другая і нар. назвы шыліца), цвёрдае, размешчана спіральна. Спарангіі круглаватыя ці авальныя, знаходзяцца каля асновы ліста (спарафіла) і ўкрыты перапончатым пакрывалам. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РНЫЯ ДУ́ДКІ, парнёўка, дудкі,
старажытны бел. народны духавы муз. інструмент тыпу падоўжнай свістковай флейты. Інш. назвы: пасвісцелі, сапілка, гуслі. Складаюцца з 2 драўляных дудак рознай даўжыні з трыма ігравымі адтулінамі на кожнай. Тыповы гукарад сяміступенны, утвараецца 2 тэтрахордамі з 1 агульным гукам. Гучанне камернае, светлае, мяккага тэмбру. У час ігры дудкі трымаюць пад вуглом. П.д. гучалі на бяседах, хрэсьбінах, вяселлях, пры ваджэнні карагодаў. Выкарыстоўвалі звычайна як сольны інструмент і для суправаджэння спеваў, часам у ансамблі са скрыпкай. На іх выконвалі мелодыі абрадавых і пазаабрадавых песень, радзей танцавальныя. Былі найб. пашыраны на Магілёўшчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКАЯ (Лізавета Іванаўна) (1830, г. Магілёў — 1915),
збіральніца бел.нар. песень. Маці У.Л.Кігна. Скончыла Магілёўскую гімназію. Жыла ў в. Фёдараўка (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.). Склала зб. «Народныя беларускія песні» (выд. ў 1853 на рус. мове ў Пецярбургу пад крыптанімам Е.П.), куды ўвайшлі творы каляндарна-абрадавай і пазаабрадавай нар. лірыкі, запісаныя ў Быхаўскім пав. Значнае месца ў кнізе адведзена апісанню мясц. вясельнага абраду і тэкстам звязаных з ім песень (пераклады недасканалыя).
Літ.:
Букчин С.В. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 158—160;
Цішчанка І. Адна з першых // Мастацтва Беларусі. 1984. № 10.