250-дзённая (з 30.10.1941 да 4.7.1942) абарона горада і галоўнай ваенна-марской базы Чарнаморскага флоту ў Вял.Айч. вайну. У кастр. 1941 войскі 11-й ням. арміі (камандуючы ген.-фельдмаршал Э. фон Манштэйн) і рум. корпуса прарваліся ў Крым. Сав. войскі адышлі да Керчанскага п-ва, а частка сіл — да Севастопаля. 4.11.1941 з часцей Севастопальскага гарнізона, караблёў і авіяцыі Чарнаморскага флоту, а таксама часцей Асобнай Прыморскай арміі (ген.-маёр І.Я.Пятроў) створаны Севастопальскі абарончы раён (САР) на чале з камандуючым флотам віцэ-адм. П.С.Акцябрскім. Ням.-фаш. камандаванне ажыццявіла 3 буйныя наступленні на горад. Першыя два (11—21 ліст. і 17—31 снеж. 1941) штурмы севастопальцы адбілі і прымусілі ворага перайсці да абароны. Поспеху абаронцаў садзейнічалі падмацаванне, перакінутае з Каўказа, і Керчанска-Феадасійская дэсантная аперацыя 1941—42сав. войск, што прымусіла праціўніка аслабіць націск на Севастопаль. Перад апошнім штурмам (пачаўся 7.6.1942) у складзе САР налічвалася 106 тыс.чал., 600 гармат і мінамётаў, 38 танкаў, 100 самалётаў, лінейны карабель, крэйсеры, эсмінцы і інш.Ням. камандаванне сканцэнтравала пад Севастопалем амаль усю 11-ю армію (каля 204 тыс.чл., 450 танкаў, больш за 2000 гармат і мінамётаў, 1060 самалётаў). Цаной вял. страт 18 чэрв.ням. і рум. войскі прарваліся да Паўн. бухты, Інкермана, Сапун-гары, а 30 чэрв. ўварваліся ў горад. Невялікія групы абаронцаў разрознена адышлі да бухтаў і на мыс Херсанес. 4.7.1942 паводле загаду Стаўкі адбылася эвакуацыя часткі абаронцаў, некат. спрабавалі прарвацца ў горы да партызан. У баях за Севастопаль праціўнік страціў каля 300 тыс.чал. забітымі і параненымі. У абароне Севастопаля прымалі ўдзел беларусы і ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Героі Сав. Саюза лётчыкі М.В.Аўдзееў, Дз.М.Мінчугоў, У.А.Наржымскі, У.А.Скугар, маракі ВМФ Г.М.Халасцякоў, І.К.Хурс, А.Р.Азаронак, П.Ц.Бандарэнка, С.С.Варкоў, О.С.Жукоўскі, прадстаўнікі сухап. войск Я.В.Леашэня, А.Ж.Юхімчук, марскія пехацінцы Г.Н.Вішнеўскі, М.А.Савіцкі. У гонар гераічнай абароны 22.12.1942 устаноўлены медаль «За абарону Севастопаля» (узнагароджана больш за 45 тыс.чал.). У 1945 Севастопалю нададзена ганаровае найменне «Горад-герой».
Літ.:
Героическая оборона Севастополя, 1941—1942. М., 1969;
Крылов Н.И. Огненный бастион. М., 1973;
Огненные дни Севастополя. 2 изд. Симферополь, 1982;
Борисов Б.А. Подвиг Севастополя. 3 изд. Симферополь, 1977;
Долготович Б.Д. Твои сыновья, Беларусь. Мн., 2000.
Г.Дз.Бабусенка, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Севастопальская абарона 1941—42. Абарона Севастопаля. Мастак А.Дайнека. 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛУРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫЯД), сілур (ад назвы стараж. племя сілураў, што некалі жыло ва Уэльсе, Вялікабрытанія),
трэцяя сістэма палеазойскай эратэмы (эры), якая адпавядае трэцяму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі ардовікскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду). Пачалася 440 млн.г. назад, доўжылася 30 млн.г. Вылучана ў 1835 англ. геолагам Р.І.Мурчысанам. Падзяляецца на ніжні і верхні аддзелы. Ніжні ўключае ландаверыйскі і уэнлокскі ярусы, якія падзяляюцца на 5 пад’ярусаў; верхні — лудлаўскі (2 пад’ярусы) і пржыдольскі. Для сілуру існуе адзіная шкала грапталітавых зон, складзеная паводле класічных разрэзаў у Вялікабрытаніі і Чэхіі.
Адклады гэтай сістэмы прадстаўлены мелкаводнымі шэльфавымі, пераважна карбанатнымі тоўшчамі з бентаснай фаунай і арганагеннымі пабудовамі (пашыраны на Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформах, у Цэнтр. і Паўд. Кітаі, на паўн.-амер. Мідкантыненце, у Паўн. Афрыцы) і глыбакаводнымі тэрыгеннымі асадкамі з планктоннай фаунай. Найб. кантынентам у сілуры была Гандвана, больш дробныя масівы сушы — Лаўрэнція, Балта-Сарматыя, Ангарыда і інш. Сілурыйскаму перыяду папярэднічалі глабальнае покрыўнае зледзяненне, максімум рэгрэсіі і перарывы ў платформавым асадканамнажэнні. Пачатак сілуру адзначаны магутнай ландаверыйскай трансгрэсіяй, якая максімальна праявілася на Гандване, Паўн.-Амерыканскай і Сібірскай платформах. У канцы ранняга уэнлоку адзначаецца рэгрэсія, якая працягвалася да сярэдзіны ранняга дэвону. Геасінклінальныя зоны характарызуюцца дыферэнцыраванымі тэктанічнымі рухамі, праяўленнем падводнага вулканізму і стракатасцю асадкаў. У канцы сілурыйскага перыяду закончылася каледонская складкавасць. Нешматлікія літалагічныя індыкатары палеаклімату сведчаць пра гумідныя ўмовы ў ландаверыйскім веку, паступовым пацяпленні і арыдызацыі клімату ў уэнлоку і познім сілуры. У арганічным свеце да пач. сілуру сфарміраваны асн. класы беспазваночных арганізмаў і з’явіліся пазваночныя. Для мелкаводных зон характэрна ракушачна-каралавая фауна, у т. л. гідроідныя паліпы (табуляты, ругозы, строматапараты). Донная фауна прадстаўлена брахіяподамі і малюскамі (гастраподы, двухстворкавыя, тантакуліты), у лагунах і на адкрытым шэльфе — астракодамі, трылабітамі і ракаскарпіёнамі; вядомы бяссківічныя. У канцы сілуру з’явіліся рыбы — акантоды. Пелагіяль насялялі грапталіты, наўцілаідэі і канадонты. З расл. арганізмаў характэрны водарасці, з наземных — рэшткі псілафітаў. З карысных выкапняў да адкладаў сілуру прымеркаваны запасы нафты, буйныя радовішчы жал. руд, меднага калчадану, марганцу, фасфарытаў, гіпсу, каменнай солі і інш.
На Беларусі сілурыйскія адклады магутнасцю да 630 м пашыраны на ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна) і да 76 м на ПнЗ (схіл Бел. антэклізы). Яны складзены з вапнякова-мергельных парод са шматлікай выкапнёвай фаунай (грапталіты, брахіяподы, гастраподы, імшанкі, каралы і інш.) і акрытархамі. У гэты перыяд пераважала суша. Марскі басейн, што наступаў з З у выглядзе 2 заліваў — Балтыйскага і Падляска-Брэсцкага, найб. плошчу заняў у канцы ландаверыйскага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАВАРАДА́ Рыгор Савіч (3.12.1722, г.п. Чарнухі Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1794),
украінскі філосаф, пісьменнік і педагог. У 1734—41, 1744—45, 1751—53 вучыўся ў Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі (яго настаўнікам па філасофіі быў Е.Каніскі). У 1745—50 у складзе пасольскіх місій быў у Венгрыі, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай і інш. У 1750—51 выкладаў у Пераяслаўскім, у 1759—69 — у Харкаўскім калегіумах. У далейшым вандраваў па Украіне як філосаф-прапаведнік. У цэнтры яго філасофіі, выкладзенай у трактатах, дыялогах і прытчах, — канцэпцыя бачнай (матэрыя) і нябачнай (Бог) натур. Паводле С., боскі пачатак патаемна прысутнічае ва ўсёй прыродзе, і гал. задача чалавека — спасціжэнне нябачнай прыроды праз бачную («Пачатковыя дзверы да хрысціянскай дабрачыннасці», 1766—80). Лічыў, што ў кожнай асобе закладзена боская прырода, усведамленне Бога адбываецца праз самапазнанне («Наркіс», канец 1760-х г.). Адрозніваў першае нараджэнне чалавека (фізічнае) і другое (духоўнае), калі чалавек атрымлівае сапраўдную свабоду праз спасціжэнне боскай сутнасці. Сусвет падзяляў на 3 часткі: макракосм (прырода), мікракосм (чалавек) і сімвалічны свет (Біблія). Лічыў, што асн. сродкам увядзення чалавека ў духоўны свет з’яўляецца сімвал («Дыялог. Імя яму — Патоп змеяў», канец 1780-х г.), што хрысціянства і ант. культура маюць агульную духоўную аснову. Сац. погляды С. грунтуюцца на ідэі прызначэння Богам кожнага чалавека да пэўнага віду дзейнасці (земляробства, вайсковай справы, багаслоўя). Пед. канцэпцыя С. заснавана на ідэі выхавання дзіцяці ў адпаведнасці з яго асабістай прыродай. Лічыў, што выхаванне павінна пачынацца яшчэ да фіз. нараджэння чалавека. Літ. творчасць С. эмацыянальна-вобразна адлюстроўвае яго філас. ідэі. Яго паэзія спалучае пафаснасць, манументалізм і лірычнасць, творчае пераасэнсаванне біблейскіх матываў і нар. песеннай культуры (цыкл «Сад божых песень, прарослых з зярнят Свяшчэннага Пісання», 1753—85). Развіваў жанр празаічнай байкі, дзе ў сатырычна-алегарычнай форме крытыкаваў грамадскія заганы, ухіленне чалавека ад духоўнай культуры (цыкл «Байкі харкаўскія», 2-я пал. 1760-х г. — 1774). Ідэі С. паўплывалі на развіццё ўсх.-слав.рэліг. філасофіі і л-ры.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное: Песни, басни, притчи. М., 1972;
Соч.Т. 1—2. М., 1973;
Соч.Мн., 1999.
Літ.:
Барабаш Ю.Я. «Знаю человека...»: Григорий Сковорода. Поэзия. Философия. Жизнь. М., 1989;
Гарин И. Сковорода // Гарин И. Пророки и поэты. М., 1994. Т. 3;
Кравец В.В. Разговор о Сковороде: С приложением хрестоматии по сковородоведению. Київ, 2000;
Эрн В. Г.Сковорода: Жизнь и учение // Эрн В. Борьба за логос;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАД (да 23.5.1945 Прапойск),
горад, цэнтр Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., прыстань на р. Сож пры ўпадзенні ў яе р. Проня. За 70 км ад Магілёва, 58 км ад чыг. ст. Крычаў, вузел аўтадарог на Магілёў, Рагачоў, Чэрыкаў. 8,3 тыс.ж. (2001).
Гарадзішча стараж. С. размешчана на правым беразе р. Сож, каля вусця р Проня, ва ўрочышчы Замкавая гара (цяпер гарадскі парк). Яго пляцоўка 40 × 95 м, вышыня да 30 м, з зах. боку ўмацавана ровам. У пісьмовых крыніцах С. упершыню ўпамінаецца пад 1136 (летапісная назва Прупой, Пропошеск) у складзе Смаленскага княства. У 13—18 ст. існаваў Прапойскі замак як цэнтр абароны сярэдневяковага г. Прапойск. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, дзярж. ўладанне. З пач. 16 ст. цэнтр Прапойскай воласці, з 1560-х г. цэнтр староства ў Мсціслаўскім ваяв. З 1772 у складзе Рас. імперыі, заштатны горад, потым мястэчка; цэнтр воласці Быхаўскага пав. Магілёўскай губ., валоданне Галіцыных. У 1787 у Прапойску 2 царквы, 1 касцёл. У канцы 18 ст. на ўскраіне горада створаны парк пейзажнага тыпу. У 1791—93 пабудавана царква Раства Багародзіцы. У пач. 19 ст. належаў Дз.Яншыну, існаваў ін-т шляхетных дзяўчат (да 1828), дзейнічала палатняная мануфактура (засн. ў 1806, 84 рабочыя ў 1809), 2 канатныя ф-кі, кафляны з-д, ветракі, параходная прыстань. У 1886—922 ж., 115 двароў; валасное праўленне, школа, бальніца, багадзельня, 2 царквы, сінагога, 4 яўр. малітоўныя дамы, паштовае аддз., гарбарны, кафляны і канатны з-ды, 2 млыны, 2 заезныя дамы, 30 крам. З 264.1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 17.7.1924 цэнтр Прапойскага раёна ў БССР (гл. Слаўгарадскі раён). З 27.9.1938 гар. пасёлак; 4,7 тыс.ж. (1939). 30.8.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 2 тыс.чал. Дзейнічала Прапойскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 25.11 1943 войскамі 3-й арміі Бел. фронту ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. З 23.5.1945 горад. У 1959—6,6 тыс.ж. У 1962—65 у Быхаўскім р-не. У 1970—5,6 тыс. ж.
Працуюць масласырзавод, агароднінасушыльны і жалезабетонных вырабаў з-ды, камбінат быт. абслугоўвання і інш.; 2 сярэднія школы, Дом культуры, 3 б-кі. Брацкія магілы і могілкі сав. воінаў. Помнікі архітэктуры: Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы, будынак царкоўнапрыходскай школы (канец 18 ст.), паштовая станцыя (2-я пал. 19 ст.), жылы дом (пач. 20 ст.), Слаўгарадскі парк. Гарадзішча стараж. С. Радзіма бел. гісторыка і археографа І.І.Грыгаровіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНІСЛА́ЎСКІ (сапр.Аляксееў) Канстанцін Сяргеевіч
(17.1.1863, Масква — 7.8.1938),
расійскі рэжысёр, акцёр, педагог, тэарэтык тэатр. мастацтва. Нар.арт.СССР (1936). Рэфарматар т-ра, заклаў фундамент навукі аб сцэн. мастацтве (гл.Станіслаўскага сістэма). Тэатр. дзейнасць пачаў у 1877 на аматарскай сцэне як акцёр і рэжысёр. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Т-ва мастацтва і л-ры (1888). Найб. поўна і ярка талент С. раскрыўся ў Маск. маст. т-ры (МХТ), які ён заснаваў з У.Неміровічам-Данчанкам у 1898. У першай пастаноўцы «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога дасягнуў гіст. праўды, акцёрскай верагоднасці, дакладнай распрацоўкі масавых сцэн. З адкрыццём новага кірунку ў сцэн. мастацтве звязаны пастаноўкі п’ес А.Чэхава «Чайка» (1898), «Дзядзька Ваня» (1899), «Тры сястры» (1901), «Вішнёвы сад» (1904, усе з Неміровічам-Данчанкам), якім уласцівы глыбокі псіхалагізм, высокая паэтычнасць, ансамблевасць ігры, зладжанасць усіх маст. кампанентаў. Грамадзянскім гучаннем вызначаліся пастаноўкі драматургіі М.Горкага «Мяшчане» і «На дне» (1902, апошняя з Неміровічам-Данчанкам). Наватарствам, дакладным прачытаннем літ. твораў адметныя спектаклі «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1906), «Рэвізор» М.Гогаля (1908), «Жывы труп» Л.Талстога (1911), «Дзе тонка, там і рвецца» І.Тургенева (1912, усе з Неміровічам-Данчанкам). Сац. напоўненасцю і завостранасцю, яркасцю фарбаў вызначаліся спектаклі «Гарачае сэрца» А.Астроўскага (1926), «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1927), «Мёртвыя душы» паводле Гогаля (1932). Вобразам, створаным С.-акцёрам, уласціва тонкая псіхал. распрацоўка (Трыгорын — «Чайка», Астраў — «Дзядзька Ваня», Вяршынін — «Тры сястры»), высокі грамадзянскі пафас (Сацін — «На дне», Штокман — «Доктар Штокман» Г.Ібсена), сатыр. завостранасць, тэатр. яркасць, кідкасць (Фамусаў — «Гора ад розуму», Круціцкі — «На ўсякага мудраца хапае прастаты» Астроўскага, Арган — «Прытворна хворы» Мальера). Вёў пед. работу ў драм. і оперных студыях. Распрацоўваў метады работы над п’есай, роляй, вёў пошукі новых шляхоў у сцэн. творчасці. З дзейнасцю С. звязаны новы кірунак у тэатр. мастацтве, вышэйшы этап у развіцці сцэн. рэалізму. Дасягненні абгрунтаваў у тэарэт. працах. Практычная дзейнасць С., тэарэт. працы зрабілі вялікі ўплыў на сусв.сцэн. мастацтва, у т. л. на беларускае.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1954—61.
Літ.:
О Станиславском: Сб. воспоминаний, 1863—1938. М., 1948;
Станиславский: Писатели, артисты, режиссеры о великом деятеле рус. театра. М., 1963;
Полякова Е.И. Станиславский — актер. М., 1972;
Яе ж. Станиславский. М., 1977;
Сибиряков Н.Н. Мировое значение Станиславского. М., 1974;
Виноградская И.Н. Жизнь и творчество К.С.Станиславского: Летопись. Т. 1—4. М., 1971—76;
Соловьева И.Н., Шитова В.В. К.С.Станиславский. М., 1985;
Сабалеўскі А. Станіслаўскі і сучаснасць // Сабалеўскі А. Жыццё тэатра. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУ́ВЭ Пётр Бернгардавіч (26.1.1870, г. Перм, Расія — 26.2.1944),
расійскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, грамадскі і паліт. дзеяч. Унук В.Я.Струвэ. Ганаровы чл.Рас.АН (1917). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1895). Рэдагаваў марксісцкія час. «Новое слово» (з 1897), «Начало» (з 1899). У 1898 удзельнічаў у складанні «Маніфеста I з’езда РСДРП» (надрук. ў г. Бабруйск), ад якога ў далейшым адрокся. З 1902 рэдагаваў час. «Освобождение». З 1905 адзін з арганізатараў і лідэраў канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі. З 1907 дэп. 2-й Дзярж. думы. З 1906 выкладаў у Пецярбургскім політэхн. ін-це, адначасова з 1910 — на Бястужаўскіх жаночых курсах, у 1917 абараніў доктарскую дысертацыю. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 дырэктар эканам. дэпартамента Мін-ва замежных спраў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнік антысав. руху, член урада П.М.Урангеля. З 1920 у эміграцыі (Прага, Берлін, Бялград, Парыж), займаўся выкладчыцкай, навук. і паліт.-публіцыстычнай дзейнасцю. У эвалюцыі яго філас. поглядаў вылучаюць 3 перыяды: прытрымліванне «легальнага марксізму», адмаўленне тэорыі К.Маркса і пераход да неакантыянства, схіленне да плюралістычнага светапогляду. У цэнтры яго сінт. філасофіі — праблемы належнага і існага, свабоды і неабходнасці. Шляхам аналізу гэтых паняццяў прыйшоў да высновы, што існуе асобны свет з’яў, недаступны чалавечаму вопыту. Абгрунтаваў неабходнасць пераходу ад эмпірычнага вопыту да метафізікі, якая спалучае пазітыўныя веды і спасціжэнне тайны быцця. Адстойваў прынцыпы хрысціянска-дэмакр. маралі, заснаваныя на духоўнай роўнасці і свабодзе людзей. Сусв. парадак уяўляў як суму першасных, вечных, творчых матэрыяльных і духоўных элементаў. У аснове яго сац. поглядаў — ідэі ірацыянальнасці грамадства і гіст. працэсу і ўвасаблення рацыянальнага пачатку ў дзяржаве. Лічыў, што дзяржава мае містычную, звышразумовую прыроду. У якасці сац. ідэалу разглядаў ліберальную нац. дзяржаву. Сцвярджаў, што ў ідэальнай дзяржаве інтарэсы асобных грамадзян, сац. груп і класаў аб’ядноўваюцца на глебе нац. ідэі і служаць найвышэйшаму дзярж. інтарэсу. Крытыкаваў псіхалогію «дзяржаўнага адшчапенства», у якой абвінавачваў прадстаўнікоў дэмакр. інтэлігенцыі. Эканам. погляды С. грунтуюцца на ідэі здольнасці капіталізму да неабмежаванага прагрэсу і гарманізацыі розных сац.-класавых інтарэсаў. Заклікаў да перагляду эканам. палажэнняў марксісцкай тэорыі (тэорый вартасці, прыбавачнай вартасці, узнаўлення і інш.).
Тв.:
Patriotica: Политика, культура, религия, социализм: [Сб.]. М., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУД,
орган дзяржавы, які ажыццяўляе правасуддзе шляхам разгляду і вырашэння ва ўстаноўленым законам працэсуальным парадку крымін., грамадз., адм. і інш. катэгорый спраў. С. падзяляюцца на звычайныя і надзвычайныя (стварэнне апошніх забараняецца амаль усімі сучаснымі канстытуцыямі). Звычайныя падзяляюцца на С. агульнай кампетэнцыі і спецыялізаваныя: ваенныя, арбітражныя (гандлёвыя, гаспадарчыя), мытныя, падатковыя (фінансавыя), па прац. спрэчках і г.д. Асобымі разнастайнасцямі С. з’яўляюцца канстытуцыйны суд і адміністрацыйныя С. У некат. краінах існуюць таксама рэлігійныя С. (напр., С. шарыяту ў мусульм. дзяржавах) і С. звычаёвага права (напр., племянныя С. у шэрагу краін Афрыкі і Акіяніі). У дзяржавах з федэратыўным ладам С. падзяляюцца на федэральныя і С. суб’ектаў федэрацыі. С. падзяляюцца таксама па інстанцыях: С. першай інстанцыі, апеляцыйны, касацыйны і наглядны; па тэр. узроўні: напр., раённыя (гарадскія), акруговыя, абласныя, краявыя і вярхоўныя.
С. узнік разам з дзяржавай, але ў самаст. орган вылучыўся ў працэсе развіцця дзярж. механізму і стварэння дзярж. апарата. У дадзярж. грамадстве канфлікты і спрэчкі вырашаліся старэйшынамі або кіраўнікамі плямён, сходамі, радамі, калегіямі. Існавалі звычаі пазасудовага разгляду канфліктаў (крывавая помста, прынцып таліёна і да т.п.). Цэнтралізацыя суд. сістэмы і ўзмацненне ролі дзяржавы ў дзейнасці С. звязаны з агульным працэсам умацавання цэнтр. улады.
Суд. сістэма Рэспублікі Беларусь уключае С. агульныя [Вярх. суд, абласныя і прыраўнаваны да іх Мінскі гарадскі, раённыя (гарадскія), а таксама ваен. С.], гаспадарчыя (Вышэйшы гасп. суд, гасп. С. абласцей і прыраўнаваныя да іх С., гасп. С. гарадоў і раёнаў) і інш. У сістэме агульных і гасп. С. могуць утварацца спецыялізаваныя С.: па справах непаўналетніх, сямейных справах, адм., зямельныя, падатковыя.
На тэр. Беларусі С. вядомы з даўніх часоў. Найб. старажытны — копны суд, які праіснаваў да сярэдзіны 18 ст. Самым высокім суд. органам быў велікакняжацкі суд. У 15—17 ст. дзейнічалі агульныя С. для ўсяго насельніцтва і С. для шляхты (замкавы суд, земскі суд і інш.). У гарадах дзейнічалі войтаўска-лаўніцкія суды. У 1581 створаны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, на якім разглядаліся апеляцыйныя скаргі на рашэнні ніжэйстаячых С. і найб. важныя справы. Пасля далучэння да Рас. імперыі на тэр. Беларусі пэўны час дзейнічалі яе С., але паступова суд. сістэма збліжалася з той, што існавала ў Расіі. Пасля адмены ў 1840 дзеяння Статута ВКЛ 1588 на Беларусі пачалі кіравацца агульнарасійскім заканадаўствам і судаводствам. Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь аднесены да органаў дзярж. кантролю і нагляду. Па сваёй сутнасці гэта орган суд. улады, які ажыццяўляе канстытуцыйнае правасуддзе. Гл. таксама Суддзя, Судаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ПРАСЛЬСКІ ДАБРАВЕ́ШЧАНСКІ МАНАСТЫ́Р,
праваслаўны мужчынскі манастыр у г. Супрасль (Польшча). Засн. ў 1498 навагрудскім ваяводам і маршалкам ВКЛ А.І.Хадкевічам пры ўдзеле архіепіскапа смаленскага Іосіфа ў родавай сядзібе Хадкевічаў у Гарадкуна-Супраслі, у 1500 перанесены ва ўрочышча Сухі Груд. У 1501 пабудавана царква Іаана Багаслова (згарэла ў 1650). У 1503 архіепіскап Іосіф перадаў манастыру Супрасльскі абраз Маці Божай і ахвяраваў яму ў 1506 зямельную маёмасць у Бельскім пав. У 1510 пабудавана Супрасльская царква-крэпасць у імя Дабравешчання Прасвятое Багародзіцы, у 1511 асвячона. Манастыру дадзены статут, і ён стаў адным з буйнейшых цэнтраў бел.правасл. культуры, у ім фарміраваліся багаслоўска-філасофская, іконаграфічная і арх. школы, склаўся своеасаблівы стыль царк. спеваў (супрасльскі распеў). Тут напісаны «Пасланне каталіцкаму іерарху пра ерась каталіцызму» (1511), Супрасльскі летапіс, «Валынскі летапіс», «Кіева-Пячэрскі пацярык» (усе 1519), дзейнічалі залатарская, пераплётная і інш. майстэрні. У 1537 пабудавана царква Уваскрэсення Хрыстова. У Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра бібліятэцы захоўваліся сотні каштоўных рукапісных і старадрукаваных кніг. Манахі на чале з архімандрытам Іларыёнам (кн. Масальскі) змагаліся супраць Брэсцкай уніі 1596. Аднак пры архімандрыце Герасіме Веліконцію (1609—35) манастыр стаў уніяцкім і падпарадкаваны ордэну базыльян (з 1722 у манастыры знаходзілася гал. рэзідэнцыя гэтага ордэна). У 1645—1853 (з перапынкамі) пры манастыры дзейнічала духоўнае вучылішча. у 1695—1803 — Супрасльская друкарня, у 1710—1834 — паперня. У 1645—52 пабудаваны палац архімандрытаў, у 1695—97 — мураваная званіца. Астатнія надворныя будынкі (манаскія келлі, гасп. пабудовы) узведзены ў 2-й пал. 18 ст.
У выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) манастыр знаходзіўся на тэрыторыі, якая адышла да Прусіі, пасля Тыльзіцкага міру (1807) — да Расіі. Уніяцкія манахі фінансава падтрымалі паўстанне 1794, удзельнічалі ў паўстанні 1830—31. У 1-й трэці 19 ст. манастыр заняпаў. У 1842 маёмасць манастыра канфіскавана. У 1875 на старых манастырскіх могілках пабудавана царква св. Панцеляймона, у 1890 — цёплая царква Іаана Багаслова, у 1901 — царква Георгія Пераможцы на новых могілках. У 1925 значная частка маёмасці манастыра аддадзена ў арэнду каталіцкаму ордэну салезіянаў. У 1944 ням. фашысты ўзарвалі Дабравешчанскую царкву і спалілі манастырскія будынкі разам з б-кай. У 1958 вернікі адбудавалі царкву Іаана Багаслова. У 1984 дзяржава вярнула вернікам руіны Дабравешчанскай царквы. У 1996 польскі ўрад замацаваў за правасл. царквой увесь манастырскі комплекс. У 1999 завершана праца па адбудове Дабравешчанскай царквы, вядуцца работы па аднаўленні інтэр’ера.
М.Ю.ГайдукМ.Р.Гайдук.
Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр. Палац архімандрытаў. 17 ст.Комплекс Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра.
маладзёжная грамадска-паліт.арг-цыя ў Расіі і СССР у 1918—91. Створаны на I Усерас. з’ездзе саюзаў рабочай і сял. моладзі 29.10.1918 як Рас.камуніст. саюз моладзі (РКСМ, у яго склад увайшлі і камуніст. маладзёжныя арг-цыі Беларусі). З 1924 — Рас. Ленінскі камуніст. саюз моладзі, з 1926 — ВЛКСМ. Дзейнічаў пад кантролем Камуніст. партыі як яе памочнік і рэзерв. Статут ВЛКСМ патрабаваў ад камсамольцаў змагацца за ажыццяўленне рашэнняў партыі і сав. ўрада. Асн.ідэалаг. задачай камсамола абвяшчалася выхаванне моладзі на ідэях марксізму-ленінізму, выпрацоўка і ўмацаванне ў яе класавага падыходу да ўсіх з’яў жыцця, падрыхтоўка стойкіх, высокаадукаваных, працавітых сав. патрыётаў. У камсамол прымаліся юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 28 гадоў. Першапачатковая жорсткая ідэалаг. патрабавальнасць да ўступаючых паступова паслаблена. У 1970—80-я г. членствам у ВЛКСМ, якое стала ў значнай ступені фармальным, была ахоплена амаль уся моладзь СССР (каля 42 млн.чал. у 1985). Арганізац. структура ВЛКСМ будавалася паводле прынцыпу дэмакр. цэнтралізму. Яе аснову складалі пярвічныя арг-цыі, якія ствараліся на прамысл. і с.-г. прадпрыемствах, у навуч. установах, часцях арміі, флоту і г.д. Вышэйшым органам пярвічнай арг-цыі з’яўляўся агульны сход членаў. Сход выбіраў к-т камсамола, які кіраваў справамі арг-цыі паміж сходамі. Аналагічна будаваліся і вышэйстаячыя камсамольскія арг-цыі — раённыя, гарадскія, абласныя, рэсп. і інш. Вышэйшым органам ВЛКСМ з’яўляўся з’езд ВЛКСМ (адбыліся 22 з’езды), які выбіраў для кіраўніцтва паміж з’ездамі ЦКВЛКСМ на чале з 1-м сакратаром. Цэнтр. органы друку ВЛКСМ — газ.«Комсомольская правда» і час. «Молодой коммунист». Састаўнымі часткамі ВЛКСМ былі рэсп. камсамольскія арг-цыі саюзных рэспублік СССР (акрамя Расіі), у т. л.Камуністычны саюз моладзі Беларусі. Камсамол кіраваў Усесаюзнай піянерскай арг-цыяй імя Леніна (гл. ў арт.Піянерскія арганізацыі), быў шэфам сав.ВМФ. Пад яго кіраўніцтвам сав. моладзь удзельнічала ў грамадз. вайне, індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі, у культ. рэвалюцыі, Вял.Айч. вайне і пасляваен. аднаўленні гаспадаркі, здзяйсненні буйнамаштабных гасп. праектаў 1950—80-х г. З пачаткам перабудовы ў СССР у ВЛКСМ разгарнуўся працэс дэмакратызацыі ўнутрысаюзнага жыцця. Аднак агульны сістэмны крызіс афіц. ідэалогіі і дзярж. сістэмы СССР у канцы 1980 — пач. 1990-х г. прадрашыў і лёс ВЛКСМ, які пачалі пакідаць асобныя рэсп. камсамольскія арг-цыі. XXII надзвычайны з’езд ВЛКСМ (вер. 1991) палічыў вычарпанай паліт. ролю ВЛКСМ як федэрацыі камуніст. саюзаў моладзі і абвясціў аб яго самароспуску.
Літ.:
Славный путь Ленинского комсомола: История ВЛКСМ. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА, фізкультура,
адна са сфер сац. дзейнасці, накіраваная на ўмацаванне здароўя, развіццё фіз. здольнасцей чалавека і выкарыстанне іх у адпаведнасці з запатрабаваннямі грамадства; частка агульнай культуры грамадства і асобы. Асн. паказчыкі стану Ф.к.: узровень здароўя і фіз. развіцця людзей, выкарыстанне Ф.к. ў сферы выхавання і адукацыі, вытв-сці, быце, узровень спарт. дасягненняў і інш.Асн. элементы: фіз. практыкаванні, іх комплексы і адпаведныя спаборніцтвы, загартоўванне арганізма, гігіена працы і быту, актыўна-рухальныя віды турызму, фіз. праца як форма актыўнага адпачынку.
Да матэр. каштоўнасцей Ф.к. адносяцца спартыўныя збудаванні, спартыўны інвентар і абсталяванне, экіпіроўка і інш.; да духоўных — навук. распрацоўкі, методыкі спарт. трэніровак і фіз. падрыхтоўкі, спарт. дасягненні, спарт. інфармацыя, творы мастацтва ў спарт. сферы і інш. Ф.к. асобы — арганічнае адзінства фіз. або спарт. заняткаў, неабходных для гэтага ведаў, уменняў і навыкаў, фіз. і псіхічнай гатоўнасці да сістэм. заняткаў фіз. практыкаваннямі, накіраваных на самаўдасканаленне. Ф.к. як сацыяльны інстытут уключае наступныя кампаненты (формы): базавую, спарт., прафесійна-прыкладную, аздараўленча-рэабілітацыйную, рэкрэацыйную Ф.к. Базавая Ф.к. — фундаментальная частка Ф.к., якая ўваходзіць у сістэму адукацыі і выхавання (вучэбны прадмет у школах і інш.навуч. установах), яна забяспечвае фарміраванне асн. жыццёва важных рухальных уменняў і навыкаў, аптымальнага ўзроўню рознабаковай фіз. падрыхтоўкі. Спартыўная Ф.к. прадугледжвае падрыхтоўку і ўдзел спартсменаў у спаборніцтвах. Спарт. Ф.к. ў адрозненне ад спорту ўключае толькі тыя яго віды, якія звязаны з актыўнай рухальнай дзейнасцю і накіраваны на фіз. ўдасканаленне чалавека. Прафесійна-прыкладная Ф.к. выкарыстоўваецца з мэтай фарміравання рухальных уменняў і навыкаў, якія садзейнічаюць асваенню прафесіі, развіццю прафес. якасцей і ўстойлівасці да шкодных фактараў працы: уваходзіць у сістэмы прафес. падрыхтоўкі ў спец.навуч. установах (тэхнікумах, ВНУ, ваен. вучылішчах) і навук. арганізацыі працы на прадпрыемствах і ва ўстановах з неспрыяльнымі ўмовамі працы (напр., статычнасць позы, павышаная канцэнтрацыя ўвагі і інш.), у арміі. Аздараўленча-рэабілітацыйная Ф.к. арыентавана на выкарыстанне фіз. практыкаванняў як сродкаў лячэння захворванняў і аднаўленне функцый арганізма, парушаных пры хваробе, траўме і інш., напр., лячэбная гімнастыка, дазіраваная хадзьба і інш. Яе роля ўзрастае ў сувязі з паніжэннем натуральнай рухальнай актыўнасці чалавека на вытв-сці і ў быце. Рэкрэацыйная Ф.к. — форма актыўнага адпачынку, аднаўленне фіз. і псіхічных сіл чалавека ў вольны час; уключае сістэм. заняткі фіз. практыкаваннямі, у т. л. гульні, спарт. танцы, аэробіку, турысцкія паходы, падарожжы і інш.
Літ.:
Кун Л. Всеобщая история физической культуры и спорта: Пер. с венг.М., 1982;
Матвеев Л.П. Введение в теорию физической культуры. М., 1983;