НЕКТО́Н (ад грэч. nēktos які плавае, плыве),

сукупнасць актыўна плаваючых водных жывёл, здольных процістаяць сіле цячэння і актыўна перамяшчацца на значныя адлегласці. Форма цела ў большасці нектонных жывёл абцякальная (верацёна- або тарпедападобная); добра развіты органы руху — ласты, плаўнікі і інш. Да Н. належаць ракападобныя, галаваногія малюскі, рыбы (асн. частка), водныя змеі, чарапахі, пінгвіны, кітападобныя, ластаногія, у прэсных водах таксама насякомыя і земнаводныя. У вадаёмах Беларусі да Н. належаць пераважна ракападобныя і рыбы.

т. 11, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПЕРАРЫ́ЎНЫ ДРОБ, ланцуговы дроб,

адзін з асн. спосабаў прадстаўлення лікаў і функцый. Выкарыстоўваецца ў тэорыі лікаў, матэм. аналізе, механіцы, тэорыі імавернасцей.

Н.д., які адлюстроўвае лік a, можна атрымаць, калі запісаць гэты лік у выглядзе a = a0 + 1/a1, дзе a0 — цэлы лік і 0 < 1/a1< 1, потым у такім жа выглядзе запісаць a1 і г.д. Гэты працэс прыводзіць да канечнага дробу, калі a — рацыянальны лік, і да бясконцага ў выпадку ірацыянальнага ліку.

т. 11, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПТУНІ́ЗМ (ад лац. Neptunus бог Нептун),

геалагічная канцэпцыя паходжання горных парод канца 18 — пач. 19 ст. Засн. ням. вучоным А.​Г.​Вернерам на ўяўленнях аб паходжанні ўсіх горных парод (у т. л. вывергнутых) з вод першаснага Сусветнага акіяна, які ўкрываў паверхню Зямлі, а таксама з вод «сусветнага патопу», аб фарміраванні і пераўтварэнні іх у выніку марскога асадканамнажэння. З 1820-х г., калі былі абгрунтаваны навук. ўяўленні аб вывергнутых і асадкавых пародах, Н. страціў значэнне.

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПІУМ (лац. opium ад грэч. opion макавы сок),

опій, высахлы на паветры млечны сок з надрэзаў на няспелых макаўках опійнага маку; моцны наркотык, мае каля 20 алкалоідаў: марфін, кадэін, наркацін і інш. У О. да 10% марфіну, які больш за інш. алкалоіды ўздзейнічае на арганізм чалавека. Ужыванне вядзе да наркаманіі. Прэпараты О. (напр., марфіну гідрахларыд) выкарыстоўваюць як моцны абязбольвальны сродак пры злаякасных пухлінах, нырачных коліках і інш.; супраць кашлю (напр., кадэін) і інш.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РЫЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка БССР у 1924—61. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр. — г.п. Парычы. 20.8.1924 падзелены на 14 сельсаветаў: Добравальшчанскі, Дуброўскі, Каралеўскаслабодскі, Коўчыцкі, Любанскі, Парыцкі, Ракшынскі, Раманішчанскі, Сцяпоўскі, Чыркавіцкі, Чэрнінскі, Шацілкаўскі, Шчадрынскі, Якімаваслабодскі. З 20.2.1938 у Палескай вобл. На 1.1.1941 раён уключаў г.п. Парычы і 13 сельсаветаў. З 20.9.1944 у Бабруйскай, з 8.1.1954 у Гомельскай абл. 9.6.1960 цэнтр раёна перанесены ў г.п. Шацілкі, які 29.7.1961 перайменаваны ў г. Светлагорск, а П.р. — у Светлагорскі раён.

т. 12, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАС,

у беларусаў плыт, звёны якога вязаліся з доўгіх бярвён. Даўжыня П. 100—150 м. На Прыпяці складаўся з некалькіх гонак даўжынёй каля 30 м. Па Цне, Смердзі сплаўлялі П. невял. памераў з 3—5 звёнаў. П. называлі таксама плыт з дубовай клёпкай, які складаўся з 8—10 звёнаў. Клёпку ўкладвалі ў 8—10 радоў на 2 брусах даўжынёй 6—8 м; 8 такіх плытоў складалі П. Плытагон на П. называўся пасаўніком.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРО́КЛ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з удзельнікаў Траянскай вайны, сябар Ахіла. У небяспечны для грэкаў момант, калі траянцы на чале з Гектарам уварваліся ў іх лагер і імкнуліся падпаліць караблі, Ахіл з-за сваркі з Агамемнанам адмовіўся ўдзельнічаць у бітве, але аддаў П. свае даспехі. П. узначаліў контратаку грэкаў і адагнаў траянцаў ад лагера, забіўшы пры гэтым знакамітага героя Сарпедона, але і сам быў забіты Гектарам, які зняў з яго даспехі Ахіла.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДАНТЫ́Т, перыцэментыт,

запаленне тканак (перыядонту), што акружаюць корань зуба. Адрозніваюць востры, хранічны і хранічны ў стадыі абвастрэння. Паводле ступені пашыранасці паталаг. працэсу П. падзяляюць на ачаговы і дыфузны. Узнікае ад інфекцыі (напр., нявылечаны пульпіт), траўмы (напр., пералом зуба ад удару, раскусвання арэхаў), таксічнага ўздзеяння лек. сродкаў (напр., мыш’яковістай пасты). Прыкметы: ныючы боль, які ўзмацняецца пры націсканні на зуб, прыпухласць і пачырваненне дзясны вакол хворага зуба. Запаленчы працэс пашыраецца ад цеплавых працэдур. Лячэнне стаматалагічнае.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГМАЛІЁН,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі скульптар, цар в-ва Кіпр, які закахаўся ў выразаную ім са слановай косці статую дзяўчыны-прыгажуні Галатэі. У адказ на маленне П. багіня Афрадыта ажывіла статую. У пераносным сэнсе П. — чалавек, закаханы ў свой твор. Сюжэт «П. і Галатэя» неаднаразова выкарыстаны ў л-ры (Ж.​Ж.​Русо, Б.​Шоу і інш.) і мастацтве (Ф.​Бушэ, Э.​М.​Фальканэ і інш.).

Пігмаліён і Галатэя. Скульптар Э.​М.​Фальканэ. 1763.

т. 12, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАРУХАВІ́К,

другасны рухавік, які пераўтварае энергію сціснутага паветра ў мех. работу. Ціск сціснутага паветра — ад 0,3 да 0,6 МПа. Адрозніваюць аб’ёмныя (поршневыя, вінтавыя) і турбінныя П. Магутнасць П. звычайна не перавышае 2,5 кВт. Выкарыстоўваюць у прам-сці для прыводу ручных машын (напр., дрылёў, гайкавёртаў, адбойных малаткоў), у выбуханебяспечных і вільготных месцах.

Да арт. Пнеўмарухавік: а — пнеўмацыліндр двухбаковага дзеяння; б — шыберны (лопасцевы); 1 — поршань; 2 — цыліндр; 3 — шток; 4 — шыбер (лопасць); 5 — выхадны вал; 6 — корпус.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)