СТЫЛАБА́Т (грэч. stylobates ад stylos калона + bainō ступаю),

Платформа ступеньчатага цокаля (стэрэабата) стараж.-грэч. храма, на якой узводзіліся калоны ці будынак. Пазней С. наз. ўвесь 3-ступеньчаты цокаль храма. У бел. архітэктуры С. меў пашырэнне ў перыяд класіцызму (напр., Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор). У наш час сустракаецца ў мемар. архітэктуры (помнікі, надмагіллі і інш.).

В.​Ф.​Валошын.

Стылабат.

т. 15, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУКА́ЛА,

у беларусаў прылада для намотвання (насуквання) нітак з клубка ці з матавіла на цэўкі. Уяўляе сабой 2 стойкі з умацаваным паміж імі адшліфаваным валікам з махавым колам, размешчаным бліжэй да аднаго канца валіка. З процілеглага канца ў валік устаўляўся металічны стрыжань, на які надзявалася цэўка. З бакоў і знізу стойкі змацоўваліся дошкамі ў выглядзе скрынкі для цэвак.

т. 15, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХАЖЫ́ЛЛЕ,

шчыльнае, эластычнае ўтварэнне са злучальнай тканкі, з дапамогай якога шкілетныя мышцы прымацоўваюцца да касцей і рухаюць іх.

Мае форму шнура, стужкі ці пласцінкі. Вельмі моцнае (ахілава С. трохгаловай мышцы галёнкі вытрымлівае масу больш за 500 кг), садзейнічае макс. нацяжэнню мышцаў у месцах іх прымацавання. Ад празмернага расцяжэння С. (напр., пры траўме) адрываецца разам з касцявой тканкай.

т. 15, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СХІЛЕ́ННЕ МАГНІ́ТНАЕ,

вугал паміж геагр. і магн. мерыдыянамі ў пэўным пункце зямной паверхні. Бывае ўсходняе (дадатнае), калі паўн. канец магн. стрэлкі адхілены на У ад геагр. мерыдыяна, і заходняе (адмоўнае) — калі на З. Улічваецца пры дакладным арыентаванні на мясцовасці па компасе ці бусолі. На Беларусі С.м. ўсходняе да 5°. Гл. таксама Магнітнае поле Зямлі, Зямны магнетызм, Нахіленне магнітнае.

т. 15, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКТ у музыцы,

адзінка муз. метра. У адпаведнасці з тыпамі метра адрозніваюць Т. простыя (2- ці 3-дольныя), складаныя (4-, 6-, 9-, 12-дольныя), мяшаныя (напр., 5-дольныя). 1-я доля Т. — моцная; у складаных вылучаюць і т. зв. адносна моцную долю. Структура Т. адлюстроўваецца ў памеры: межы Т. ў нотным пісьме абазначаюцца верт. лініямі (тактавымі рысамі).

т. 15, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЕСНАЕ ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,

замена аднаго аналітычнага выразу іншым, тоесна яму роўным, але адрозным па форме (гл. Тоеснасць).

Мэта Т.п. — наданне выразу выгляду, больш зручнага для лікавых разлікаў ці далейшых пераўтварэнняў, для лагарыфмавання, дыферэнцавання, інтэгравання, рашэння ўраўненняў і інш. Да Т.п. адносяцца, напр., прывядзенне падобных членаў, раскрыццё дужак, раскладанне на множнікі, прывядзенне алг. дробаў да аднаго назоўніка і інш.

т. 15, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАМБАВА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

будаўнічая машына для паслойнага ўшчыльнення грунту пры стварэнні земляных насыпаў, буд-ве дамбаў, дарог, аэрадромаў і інш. Адрозніваюць Т.м.: са свабодным падзеннем рабочага органа (ушчыльняльнага грузу) — малатковыя машыны, каткі з падаючымі грузамі, трамбавальныя пліты на базе экскаватараў, трактароў ці кранаў; прымусовага дзеяння — дызельныя трамбоўкі, машыны з эл. і пнеўматычнымі прыводамі. У цяжкадаступных месцах выкарыстоўваюць трамбавальныя вібрацыйныя пліты.

т. 15, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСЦЭНДЭ́НТНЫ ЛІК,

лік, які не з’яўляецца коранем ніякага мнагаскладу з цэлымі каэфіцыентамі; сапраўдны ці ўяўны лік, які не з’яўляецца алгебраічным лікам. Існаванне Т.л. абгрунтаваў франц. матэматык Ж.​Ліувіль (1844). Метады тэорыі Т.л. дастасавальныя да шэрагу праблем пры даследаваннях дыяфантавых ураўненняў. Т.Л., напр., з’яўляюцца лік π = 3,1415..., лік e = 2,718..., якія шырока выкарыстоўваюцца ў матэматыцы, механіцы і фізіцы.

т. 15, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАПЛО́, трапушка,

прылада для ачышчэння (трапання) ільнянога ці канаплянага валакна ад кастрыцы. Уяўляе сабой тонкую дошчачку шыр. 6—8 см, даўж. 40—45 см. На тэр. ўсх. славян Т. вядома з 7 ст. На Беларусі бытавалі 2 асн. тыпы Т. — мечападобнае (пашырана на ПдЗ і ў цэнтр. раёнах) і лапатападобнае (на Пн і У).

Трапло: мечападобнае (уверсе) і лапатападобнае.

т. 15, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ПЕРАДА́ТЧЫК,

прылада (комплекс апаратуры) для пераўтварэння відэасігналу (поўнага каляровага тэлевізійнага сігналу) і сігналу гукавога суправаджэння ў поўны тэлевізійны радыёсігнал для выпрамянення яго перадавальнай тэлевізійнай антэнай. Уваходзіць у склад перадавальнай тэлевізійнай станцыі. Магутнасць Т.п. да соцень кілават. Папярэднія каскады вырабляюцца на паўправадніковай элементнай базе, выхадныя — пераважна на электронных лямпах (прамянёвых тэтродах ці клістронах, у залежнасці ад дыяпазону рабочых частот).

т. 16, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)