воўна авечкі, астрыжаная суцэльным пластом; таксама воўнавае покрыва авечкі перад стрыжкай. Складаецца з пучкоў (шпатэляў у танкарунных, пасмаў у грубашэрсных авечак), па якіх ацэньваюць якасць воўны (даўжыня, тонкасць, пакручастасць). Р. здымаецца ў танкарунных, паўтанкарунных, таксама пры веснавой стрыжцы ў грубашэрсных, паўгрубашэрсных парод авечак (іх асенняя і паяркавая воўна Р. не ўтварае, падзяляецца на асобныя кавалкі). Рунная воўна больш каштоўная за кускавую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЖЫ (Мікалай Кір’янавіч) (6.12.1896, г. Віцебск — 22.10.1972),
генерал-палкоўнік артылерыі (1958). Скончыў Вышэйшую артыл. школу (1923), Вышэйшыя акад. курсы прыВаен. акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял.Айч. вайну на Паўд., Забайкальскім франтах; нач. артылерыі корпуса, арміі, нач. артылерыі — нам. камандуючага войскамі фронту. Удзельнік абароны Адэсы, Севастопаля, Керчанска-Феадасійскай дэсантнай аперацыі, вайны з Японіяй 1945. У 1945—65 камандуючы артылерыяй ваен. акруг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДЭМАРКА́ЦЫЯ ГРАНІ́Ц,
праверка і аднаўленне лініі дзярж. граніцы на мясцовасці і абазначэнне яе пагранічнымі знакамі. Робіцца на падставе дакументаў, як правіла, двухбаковага характару (пратакола-апісання, карт і пратаколаў пагранічных знакаў). Апрача аднаўлення самой лініі граніцы прадугледжвае таксама аднаўленне страчаных пагранічных знакаў, устаноўку новых або дадатковых пагранічных знакаў, складанне новага пратакола-апісання, карт і пратаколаў пагранічных знакаў (пры неабходнасці). Гл. таксама Дэлімітацыя граніц, Дэмаркацыя граніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІДО́Л (ад лац. solidus шчыльны + oleum масла),
пластычны антыфрыкцыйны змазачны матэрыял; найб. пашыраны від пластычных змазак. Густая маса цёмна-рудога (амаль чорнага) колеру, tпл 75—90 °C. Не раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць загушчэннем індустрыяльнага масла сярэдняй вязкасці кальцыевым мылам на аснове сінт. тлустых кіслот (сінт. С.) ці тлушчаў (тлушчавы С.). Выкарыстоўваюць у падшыпнікавых вузлах, што працуюць пры т-рах ад -30 да 70 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАГО́РСК,
кліматычны і бальнеагразевы курорт у Расіі (Калінінградская вобл.) на беразе Балтыйскага м. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Асн.лек. фактары: чыстае іанізаванае марское паветра, тарфяныя гразі, гідракарбанатна-натрыевая мінер. вада з павышанай колькасцю арган. рэчываў. Лечаць захворванні сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, органаў апоры і руху, дыхання. Мінер. вада ўжываецца ў якасці пітнога лячэння пры хваробах органаў стрававання. Санаторыі, пансіянаты, турбаза, гразелячэбніца, пясчаны пляж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬДЖУ́КІ,
галіна плямён цюркаў-агузаў (туркменаў; першапачаткова жылі на Сырдар’і), названая так ад імя іх правадыра Сельджука (10 — пач. 11 ст.), а таксама адна з назваў створанай ім мусульманскай дынастыі Сельджукідаў. У 1030-я г. атрымалі на васальных умовах ад дзяржавы Газневідаў землі ў Харасане, а потым паўсталі супраць Газневідаў і перамаглі іх пры Дандэнакане (1040). У выніку далейшых заваёў у 11 ст. створана Сельджукская дзяржава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РВІС (англ. service служба),
дабраякасныя абслугоўванне, рамонт ці наладка тэхн. сродкаў, быт. апаратуры, камунальнай тэхнікі і г.д. Адрозніваюць С. перадпрадажны (уключае ліквідацыю няспраўнасцей, выяўленых пасля транспартавання тавару або пры апрабаванні) і пасляпродажны (падзяляецца на гарантыйны і паслягарантыйны). У гарантыйны перыяд спецыялісты службы С. бясплатна выконваюць усе работы па забеспячэнні бесперабойнай эксплуатацыі вырабу, уключаючы і навучанне спажыўца прыёмам карыстання. У паслягарантыйны перыяд работы выконваюцца за плату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІКАГЕ́ЛЬ (ад лац. silex крэмень + гель),
мікрапорыстая белая маса, атрыманая пры высушванні гелю палікрэмніевай к-ты; гідрафільны сарбент. Паводле хім. саставу С. — крэмнію дыаксід SiO2 (крэменязём). Таварны С. — паўпразрыстыя або мелападобныя зярняты белага ці жаўтаватага (з-за прымесей) колеру. Мае вял. ўдзельную паверхню, нязначную асабістую каталітычную актыўнасць. Выкарыстоўваюць для асушвання, ачысткі і раздзялення хладонаў, спіртоў, амінакіслот, вітамінаў, антыбіётыкаў і інш., як адсарбент у храматаграфіі, носьбіт для каталізатараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАВІ́Т,
запаленне сінавіяльнай абалонкі (слоя клетак і рыхлай валакністай злучальнай тканкі, што высцілае поласць сустава), якое суправаджаецца ўтварэннем і намнажэннем вадкасці (эксудату) у сумцы суставаў, сустаўнай поласці. Вылучаюць С. асептычныя (развіваюцца пры траўмах сустава алергічных, метабалічных, эндакрынных парушэннях) і інфекц. (выклікаюцца стафілакокамі, стрэптакокамі, пнеўмакокамі, спірахетамі і інш.). Адрозніваюць серозныя, гемарагічныя, серозна-фібрынозныя і гнойныя С., таксама вострыя і хранічныя. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРО́МА (ад грэч. sklērōma ушчыльненне),
хранічнае інфекцыйнае захворванне з утварэннем у сценках верхніх дыхальных шляхоў (пераважна носа) гранулём. Узбуджальнік — клебсіела (палачка Валковіча-Фрыша). Інфекцыя перадаецца кропельным або кантактна-бытавым шляхам.
Прыкметы: сухасць у носе і глотцы, закладванне сліззю і коркамі, непраходнасць дыхальных шляхоў, бывае пашкоджанне слёзных шляхоў, слыхавых праходаў, зроку. Другасныя змены пры С. — хранічны бранхіт, пнеўмасклероз і інш. Лячэнне: тэрапеўт., хірург., прамянёвае.