адзіно́чка, -і, мн. -і, -чак.

1. Той, хто адзін, без сям’і, не ў пары.

Адзіночкі харчаваліся ў сталовай.

2. ДМ -у, Т -ам, м.; ДМ -чцы, Т -ай (-аю), ж. Чалавек, які займаецца чым-н. адзін, працуе адзін, без удзелу, без дапамогі іншых.

Саматужнік-а.

3. ж. Камера на аднаго зняволенага.

Пасадзіць у адзіночку.

4. ж. Гоначная лодка з адным весляром.

Байдарка-а.

Маці-адзіночка — жанчына, якая самастойна выхоўвае пазашлюбнае дзіця.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адзна́чыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны; зак.

1. каго-што. Абазначыць якой-н. меткай; запісаць, паставіць адзнаку для ўліку і пад.; вызначыць.

А. адсутных у журнале.

А. камандзіроўку.

2. каго-што. Звярнуць увагу, заўважыць, указаць на каго-, што-н.

А. добрую якасць працы.

3. каго-што. Вылучыць сярод іншых за якія-н. заслугі, узнагародзіўшы чым-н.

А. майстроў.

4. што. Ушанаваць чым-н. якую-н. дату, падзею.

А. заканчэнне інстытута.

|| незак. адзнача́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

глыбіня́, -і́, мн. глыбіні, -бінь, ж.

1. Адлегласць ад паверхні да дна або ад якога-н. месца ў напрамку да нізу.

Г. возера.

2. чаго. Прастора ўнутр ад мяжы, ад краю чаго-н.

У глыбіні лесу.

3. перан., чаго. Сіла, ступень праяўлення чаго-н.; змястоўнасць.

Г. пачуцця.

Г. думак.

Да глыбіні душы — вельмі моцна (крануць, уразіць).

У глыбіні душы — пра пачуцці, перажыванні людзей, схаваныя ад іншых.

|| прым. глыбі́нны, -ая, -ае.

Глыбінная бомба.

Глыбінная вёска.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мы, нас, нам, нас, на́мі, аб нас, адз. я; займ. асаб. 1 ас. мн.

1. Ужыв. для абазначэння дзвюх і болей асоб, уключаючы і таго, хто гаворыць.

Мы адпачываем.

Мы пераможам.

2. з прыназ. «з» і з Т іншых займ. і наз. Ужыв. для абазначэння таго, хто гаворыць і аднаго каго-н. іншага.

Мы з братам.

Мы з табой.

Між (паміж) намі (кажучы) — аб чым-н. такім, чаго не варта гаварыць іншым.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пясо́к, -ску́, м.

1. Сыпкія часцінкі кварцу або іншых цвёрдых мінералаў.

Рачны п.

Жоўты п.

Будаваць на пяску што-н. (перан.: на ненадзейнай аснове). П. сыплецца з каго-н. (перан.: пра вельмі старога чалавека; разм.).

2. мн. -скі́, -ско́ў. Прасторы, пакрытыя пяском.

Зыбкія пяскі.

Цукровы пясок — цукар у дробных крупінках у адрозненне ад пілаванага, колатага.

|| памянш. пясо́чак, -чку, м. (да 1 знач.).

|| прым. пясо́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

П. колер (карычнева-жоўты).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

обустра́ивать несов.

1. (подготавливать, оснащать всем необходимым для проведения строительных и других работ) падрыхто́ўваць, рыхтава́ць (да будаўні́чых і і́ншых рабо́т);

2. (застраивать) забудо́ўваць, будава́ць; (возводить) узво́дзіць; ста́віць;

3. (благоустраивать, снабжать, обеспечивать всем необходимым для жилья) устро́йваць, уладко́ўваць, абсталёўваць, добраўпарадко́ўваць; (обживать) абжыва́ць; см. обустро́ить;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

БЕЛАРУ́СКІ КРАЁВЫ З’ЕЗД,

выдуманы форум «дэлегатаў беларускіх грамадзянскіх і палітычных арганізацый, сялянскіх радаў», членаў «быўшай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ... іншых краёвых арганізацый цэлай Беларусі», які нібыта адбыўся 28—30.1.1919 у зоне «бальшавіцкай акупацыі» — у Навагрудку. «Прэзідэнт» нібыта абранай на Беларускім краёвым з’ездзе Беларускай краёвай народнай рады У.​Цвірка-Гадыцкі меў у той час сталыя кантакты з дзеячамі БНР і нават супрацоўнічаў з імі. Легенда аб Беларускім краёвым з’ездзе ўзнікла ў сак. 1919, калі дэлегацыя БНР на чале з А.​Луцкевічам дамагалася ўдзелу ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. 23.3.1919 Цвірка-Гадыцкі і член Бел. краёвай нар. рады А.​Янсан накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы І.​Падарэўскаму ліст, у які ўключылі «рэзалюцыю з’езда», што тычылася справы бел. дзяржаўнасці. Аўтары «рэзалюцыі» пісалі, што «Беларусь у сваіх этнаграфічных межах... увойдзе ў сціслы звязак з Польскай Рэчы Паспалітай». Спасылкай на гэтую «рэзалюцыю» міністр-прэзідэнт Польшчы даводзіў на Парыжскай мірнай канферэнцыі, што дэлегацыя БНР не мае паўнамоцтваў і не можа ўдзельнічаць у перагаворах. «Рэзалюцыя» істотнага ўплыву на работу Парыжскай мірнай канферэнцыі не зрабіла. Фіктыўнасць Беларускага краёвага з’езду была даказана, і ў чэрв. 1919 прадстаўнікі бел. народа былі дапушчаны на канферэнцыю.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУАЛО́, Буало-Дэпрэо (Boileau-Despréaux) Нікала (1.11.1636, Парыж — 13.3.1711), французскі паэт. Тэарэтык класіцызму. На пачатку літ. дзейнасці блізкі да колаў вальнадумнай багемы і бурлескнага кірунку ў паэзіі барока. У «Сатырах» (1—9-я, 1600—67; 10—12-я, 1693—1705) крытыкаваў дзейнасць улад і царквы, адстойваў гуманістычны прынцып ацэнкі чалавека. У 1660-я г. зблізіўся з Мальерам, Ж.​Расінам, Ж.​Лафантэнам. З 1668 прыбліжаны да арыстакратычных колаў і каралеўскага двара. Матывы вальнадумства зніклі, але Буало назаўсёды захаваў антыпатыю да рэліг. фанатызму. У «Пасланнях» (1669—77) імкнуўся стварыць вобраз бездакорнага свецкага чалавека, распрацоўваў гарацыянскія матывы асалоды ад сузірання прыроды. Аўтар іроікамічнай паэмы «Налой» (1674—83). Асн. твор — вершаваны трактат «Паэтычнае мастацтва» (1674), у якім падвёў вынікі дзейнасці класіцызму 17 ст., выклаў яго эстэт. прынцыпы, даў бліскучы ўзор класіцыстычнага стылю. У адпаведнасці з філасофіяй Дэкарта сцвярджаў ідэал мастацтва, для якога на першым месцы — розум і сэнс. Трактат моцна паўплываў на класіцызм 18 ст. ў Францыі і ў іншых краінах.

Тв.:

Рус. пер. — Поэтическое искусство. М., 1957;

[Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.

Літ.:

Обломиевскнй Д.Д. Французский классицизм: Очерки. М., 1968.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ КАСТЭ́Р ((De Coster) Шарль) (20.8.1827, г. Мюнхен, Германія — 7.5.1879),

бельгійскі пісьменнік. Пісаў на франц. мове. Скончыў Брусельскі ун-т (1855). Першыя паэт. творы з’явіліся ў канцы 1840-х г. Аўтар зборнікаў «Фламандскія легенды» (1858), «Брабанцкія апавяданні» (1861), гіст. драмы «Стэфанія» (нап. 1853—55), псіхал. рамана «Вясельнае падарожжа» (1872), паэм, літ.-крытычных артыкулаў. Самы вядомы яго твор — «Легенда пра Уленшпігеля і Ламэ Гудзака, пра іх доблесныя, забаўныя і найславуцейшыя справы ў Фландрыі і іншых землях» (1867). Прысвечаны падзеям Нідэрландскай бурж. рэвалюцыі 16 ст., нар. руху гезаў у барацьбе Фландрыі з Іспаніяй за сваю незалежнасць, гэты твор стаў своеасаблівай «нацыянальнай бібліяй Бельгіі». Выразныя рэаліст. тэндэнцыі спалучаюцца ў творы з элементамі рамантызму, глыбокі гістарызм, тыпізацыя — з фалькл. матывамі, мяккім лірызмам. У перакладзе на бел. мову раман выд. ў 1940. Бел. кампазітар Я.​Глебаў паводле рамана напісаў музыку да балета «Тыль Уленшпігель» (паст. Бел. дзярж. т-рам оперы і балета ў 1974, 2-я рэд. 1978), а таксама сімф. паэму «Успаміны пра Тыля» (1977).

Тв.:

Рус. пер. — Легенда об Уленшпигеле и Ламме Гудзаке... Мн., 1984;

Фламандские легенды. М., 1975.

Літ.:

Мицкевич Б.П. Шарль де Костер и становление реализма в бельгийской литературе. Мн., 1960.

Е.​А.​Лявонава.

Ш.Дэ Кастэр.

т. 6, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́НА (сцэн. псеўд.; дзявочае Грудзінская, па мужу Александроўская) Вольга Уладзіміраўна (23.3.1899, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.12.1980), бел. актрыса, педагог. Нар. арт. Беларусі (1946). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1919. У 1923—62 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Педагог студый пры т-ры і Бел. тэатр.-маст. ін-та. Актрыса вял. сцэн. культуры. Выканаўца роляў гераінь і характарных. Створаныя ёй вобразы вызначаліся інтэлектуальнасцю, багаццем і шматграннасцю сцэн. характарыстык: Ганна, Графіня Стэмбоўская («Машэка», «Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча), Яворская, Альдона («Мост», «Вір» Я.​Рамановіча), Пані Яндрыхоўская, Марозава, Прымаковіч («Партызаны», «Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы), Купавіна («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Соф’я («Апошнія» М.​Горкага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А.​Чэхава), Карэніна («Жывы труп» Л.​Талстога), Тэадора («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі). Выступала ў перыяд. друку з успамінамі пра дзеячаў бел. т-ра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-роздумамі пра сутнасць акцёрскага мастацтва.

Літ.:

Гаробчанка Т.Я. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;

Сабалеўскі А. Жыццё тэатра: Мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі. Мн., 1980. С. 181—187;

Бур’ян Б. З сёмага рада партэра: Нататкі тэатральнага рэцэнзента. Мн., 1978. С. 37—41.

В.У.Галіна. Партрэт мастака Л.​Рана. 1960.

т. 4, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)