ДЭСКРЫПТЫ́ЎНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,

адзін з трох кірункаў класічнага структуралізму (поруч з Пражскім лінгвістычным гуртком і гласематыкай), што існаваў у 1-й пал. 20 ст. ў ЗША. Меў на мэце распрацаваць строгія фармальныя працэдуры апісання мовы: сфармуляваць кампактныя, несупярэчлівыя і вычарпальныя правілы, з дапамогай якіх у мове паслядоўна вылучаюцца на розных яе ўзроўнях (фаналагічным, марфалагічным, сінтаксічным) адзінкі, класы адзінак, а таксама вызначаюцца сувязі паміж адзінкамі розных узроўняў мовы і паміж адзінкамі аднаго класа. Для выканання гэтых задач у Д.л. распрацаваны 3 прыёмы навук. даследавання мовы: аналіз па непасрэдна састаўляючых, трансфармацыйны метад і гал. спосаб апісання мовы — дыстрыбутыўны метад. Напачатку першыя 2 прыёмы былі скіраваныя на выдзяленне адзінак і на правілы іх камбінавання, а дыстрыбутыўны метад — на выяўленне характару размеркавання адзінак у тэксце; т.ч. браўся пад увагу толькі план выражэння моўных адзінак (іх знешні, фармальны бок) і не разглядаўся іх план зместу (семантычны бок). Зараз выкарыстанне гэтых метадаў абапіраецца і на ўлік семантычных асаблівасцей мовы. Ад Д.л. бяруць пачатак некалькі школ: Іельская (засн. Л.​Блумфілдам), звязаная пераважна з фармалізацыяй апісання мовы; Эн Арбарская побач з фармальнымі працэдурамі аналізу ўлічвае і псіхал. фактары ў мове (Ю.​Найда, К.​Пайк і інш.); генератыўная лінгвістыка даследуе звязны тэкст з дапамогай трансфармацыйнага аналізу і матэм. метадаў (Н.​Хомскі і інш.).

Літ.:

Глисон Г. Введение в дескриптивную лингвистику Пер. с англ. М., 1959.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГУ́Л,

пашавы адкорм буйн. раг. жывёлы, авечак і коней перад забоем на мяса. Экстэнсіўны, найб. натуральны і танны спосаб адкорму. Забяспечвае сярэднясутачную прыбаўку ў масе буйн. раг. жывёлы і коней ад 700 г, авечак ад 150 г. Ажыццяўляюць на прыродных або сеяных пашах, сезонна ці круглагадова, у залежнасці ад асаблівасцей зялёнага канвееру — толькі з мінер. падкормкай, з падкормкай і зялёнай масай, канцэнтратамі і інш., ці з заключным стойлавым адкормам. Перад Н. жывёлу фарміруюць у аднародныя статкі (на Беларусі да 150 галоў), павялічваюць долю аб’ёмістых кармоў у рацыёнах, праводзяць зоавет. агляд і мечанне жывёл. Для кожнага статка вызначаюць месцы стойбішчаў. Найлепш нагульваюцца буйн. раг. жывёла мясных і авечкі мяса-воўнавых і мяса-сальных парод пры загоннай пасьбе. Маса маладняку за перыяд Н. (3—5 мес) павялічваецца на 40—60%, дарослых жывёл (2—4 мес) на 20—30%. Мяса добра нагуленых жывёл мае аптымальны хім. і марфал. склад, найлепшыя харч. якасці. У рыбнай гаспадарцы Н. наз. вырошчванне таварнай рыбы ў спец. сажалках (звычайна карпа), прыродных вадаёмах. Для падкормкі выкарыстоўваюць макуху, вотруб’е, збожжа, муку, травяную муку, жывёльныя і мінер. кармы. Н. таксама наз. інтэнсіўнае жыўленне дзікіх жывёл перад або пасля перыяду размнажэння, перад бяскорміцай (напр., летняй засухай), зімовым сном, спячкай і перыяд такога жыўлення. Н. паляўніча-прамысл. жывёл наз. жыраваннем, рыб пасля нерасту — жорам.

Л.​Л.​Галубкова.

т. 11, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКА́ЛЬ ((Pascal) Блез) (19.6.1623, г. Клермон-Феран, Францыя — 19.8.1662),

французскі матэматык, фізік і філосаф, адзін з заснавальнікаў гідрастатыкі. Атрымаў дамашнюю адукацыю, з дзяцінства выявіў выдатныя матэм. здольнасці. Навук. працы па арыфметыцы, тэорыі лікаў, алгебры, тэорыі імавернасцей, механіцы, філасофіі. Сфармуляваў метад поўнай матэм. індукцыі, знайшоў агульную прыкмету падзельнасці цэлых лікаў. Прапанаваў спосаб вылічэння бінаміяльных каэфіцыентаў (трохвугольнік П.), сфармуляваў адну з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі (гл. Паскаля тэарэма). Сканструяваў першую лічыльную машыну (1641 або 1642). Адкрыў адзін з асн. законаў гідрастатыкі (гл. Паскаля закон), эксперыментальна пацвердзіў існаванне атм. ціску (1648) і даказаў, што ён памяншаецца з вышынёй, выявіў гідрастатычны парадокс. З 1655 жыў у манастыры янсеністаў у Пор-Раялі. Аўтар філас. трактатаў і сатырычных твораў. Ў філас. творах развіваў думкі аб трагічнасці і кволасці чалавека, які знаходзіцца паміж двума бяздоннямі — бясконцасцю і мізэрнасцю (чалавек — «чарацінка, якая мысліць»). Шлях спасціжэння таямніц быцця і выратавання чалавека ад адчаю бачыў у хрысціянстве. Адыграў значную ролю ў фарміраванні франц. класічнай прозы. Яго імем названа мова праграмавання — паскаль і адзінка ціску — паскаль.

Тв.:

Рус. пер. — Трактат о равновесии жидкостей // Начала гидростатики. 2 изд. М.; Л., 1933;

Из мыслей // Ларошфуко Фр. де, Паскаль Б., Лабрюйер Ж. де. Суждения и афоризмы. М., 1990.

Літ.:

Стрельцова Г.Я. Блез Паскаль. М., 1979;

Тарасов Б.Н. Паскаль. 2 изд. М., 1982;

Щитцова Т.В. К истокам экзистенциальной онтологии: Паскаль, Киркегор, Бахтин. Мн., 1999.

А.​І.​Болсун.

Б.Паскаль.

т. 12, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інтры́га

(фр. intrigue, ад лац. intricare = заблытваць)

1) скрытыя непрыстойныя дзеянні з мэтай нашкодзіць каму-н.; нагаворы, падкопы;

2) развіццё дзеяння і спосаб яго арганізацыі ў літаратурным творы пры дапамозе складаных перыпетый;

3) нядоўгая любоўная сувязь.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

меду́за

(гр. Medusa = імя адной з трох гаргон у старажытнагрэчаскай міфалогіі)

асобіна палавога пакалення кнідарый, якая вядзе пераважна свабоднаплаваючы спосаб жыцця; марская кішачнаполасцевая жывёла са студзяністым целам у форме звана або парасона са шчупальцамі па краях.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

меёз

(гр. meiosis = змяншэнне)

асобы спосаб дзялення клеткі ў жывых арганізмах, пры якім адбываецца змяншэнне (рэдукцыя) колькасці храмасом у даччыных клетках і пераход клетак з дыплоіднага стану ў гаплоідны (у выніку ўтвараюцца палавыя клеткі рэдукцыйнае дзяленне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дагераты́пія

[фр. daguerréotypie, ад L. Daguerre = прозвішча фр. вынаходцы фатаграфіі (1787—1851) + гр. typos = адбітак]

першы тэхнічна распрацаваны спосаб фатаграфавання на металічную пласцінку, пакрытую слоем ёдзістага серабра, прапанаваны Л. Дагерам у 30-я гг. 19 ст.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аглюціна́цыя

(лац. agglutinatio = склейванне)

1) лінгв. спосаб утварэння вытворных слоў і граматычных форм шляхам далучэння да кораня афіксаў з пэўным значэннем;

2) мед. склейванне ў камякі і выпадзенне ў асадак мікробаў, эрытрацытаў і іншых клетачных элементаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

primitive

[ˈprɪmətɪv]

adj.

1) першабы́тны

Primitive people often lived in caves — Першабы́тныя лю́дзі ча́ста жылі́ ў пячо́рах

2) пе́ршы

primitive Christians — пе́ршыя хрысьція́не

3) ве́льмі про́сты, несклада́ны, як у першабы́тных людзе́й; прыміты́ўны

a primitive way of making fire — прыміты́ўны спо́саб выкраса́ньня агню́

4) старамо́дны

a primitive buggy — старамо́дны вазо́к

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

прыём, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прымаць — прыняць (у 3, 4, 5, 6, 7, 10 і 15 знач.).

2. Той або іншы характар сустрэчы, які аказваецца каму‑, чаму‑н. Трудна мне выказаць словамі .. сардэчную падзяку за .. браткі прыём. Купала. Міхал Барысавіч узлаваўся за негасцінны прыём. Кавалёў.

3. Збор, сход запрошаных асоб (звычайна афіцыйных у гонар каго‑, чаго‑н.). Урачысты прыём. Афіцыйны прыём. □ Пасля ўрачыстага пасяджэння адбыўся ўрадавы прыём. Дуброўскі.

4. У спалучэнні з лічэбнікам «адзін» указвае на аднаразовасць якога‑н. дзеяння; у спалучэнні з іншымі колькаснымі лічэбнікамі і няпэўна-колькаснымі займеннікамі ўказвае, што дзеянне праходзіць у столькі этапаў, разоў, колькі ўказана ў лічэбніку; раз. Напісаць артыкул у два прыёмы. □ Пачакаўшы колькі дзён, можна ўбіраць хлеб у адзін прыём. Беразняк. Адбываецца нераст у некалькі прыёмаў з прамежкамі паміж імі ў 7–10 дзён. Матрунёнак.

5. Спосаб дасягнення, ажыццяўлення, выканання чаго‑н. Мастацкія прыёмы. Графічны прыём рашэння задач. □ У трэнера Левандоўскага быў свой прыём. Зялёнаму навічку ён надзяваў рукавіцы і выпускаў на рынг з баксёрам-першаразраднікам. Карпюк. «Ну, сябры, не вельмі я напалохаўся вашых фатаграфій! — падумаў Асташонак. — Стары прыём вярбоўкі, прыдумалі б хоць што навейшае...» Ваданосаў.

6. Спосаб, манера паводзіць, трымаць сябе. Назіраючы, як трапна казыраюць маладыя партызанскія камандзіры,.. як прыгожа паварочваюцца яны, гучна шчоўкнуўшы пры гэтым абцасамі ботаў, Майка наважылася пераняць усе гэтыя прыёмы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)