ГРОШ (польск. grosz, ням. Groschen ад лац. denarius grossus цяжкая манета),
1) буйная сярэбраная манета. Выраблялася з 1172 у Італіі, з 1266 у Францыі, стала метралагічным і якасным эталонам для гроша некат. дзяржаў Паўн. і цэнтр. Еўропы. Каля 1300 выраб пачаты ў Багеміі, каля 1337 — у Польшчы, каля 1339 — у Саксоніі, з 1329 — у Венгрыі, з 1535 — у ВКЛ (гл.Грош літоўскі). З 18 ст. біліся і медныя грошы.
2) Лікава-грашовае паняцце ў ВКЛ і Польшчы ў 14—16 ст., Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. 3) Манета і элемент грашовай сістэмы каралеўства Польскага ў складзе Рас. імперыі (1815—50), міжваеннай Рэчы Паспалітай (1924—39), Генеральнай губ. (1939—44).
4) Сучасная разменная манета Польшчы (1/100 злотага) і Аўстрыі (1/100 шылінга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЕ ПАЧАТКО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
навучальная ўстанова ў Рас. імперыі ў пач. 20 ст. Вышэйшыя пачатковыя вучылішчы былі створаны паводле Палажэння ад 25.6.1912 замест 3- і 4-класных гар. вучылішчаў. Складаліся з 4 класаў з гадавым курсам у кожным. Былі мужчынскія, жаночыя і мяшаныя. У іх прымалі дзяцей сярэдніх слаёў гар. і сельскага насельніцтва ва ўзросце 10—13 гадоў. Навучанне пераважна платнае. Вывучалі: Закон Божы, рус. мову і славеснасць, арыфметыку, асновы алгебры і геаметрыі, геаграфію, гісторыю Расіі са звесткамі па ўсеаг. гісторыі, прыродазнаўства, фізіку, маляванне, чарчэнне, фіз. практыкаванні, рамёствы, замежную мову. Пры вучылішчах часам былі дадатковыя класы або курсы з 1—2-гадовым тэрмінам навучання: пед., с.-г., рамесныя, бухгалтарскія і інш. У 5 губернях Беларусі ў 1915 было 121 вышэйшае пачатковае вучылішча. Скасаваны ў 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
рукапісны помнік усх.-слав. пісьменства 14 ст. Укладзена кн. Васілём Міхайлавічам Друцкім і яго жонкай Васілісай у царкву Багародзіцы ў Друцку (Талачынскі р-н), у 1441 — віленскім месцічам Коканам у царкву Уваскрэсення Хрыстова ў Вільні, у 18 ст. належала архіепіскапу наўгародскаму Феадосію Яноўскаму.
Напісана на царк.-слав. мове ўставам на 376 старонках фарматам «у аркуш». Тэкст размешчаны ў 2 калонкі па 25—28 радкоў у кожнай. Важнае культ.-гіст. значэнне маюць запісы ў канцы рукапісу, якія сведчаць пра існаванне Друцка ўжо ў 10 ст. і пабудову першай царквы ў гэтым горадзе ў 1001. Маст. аздабленне — застаўкі і 54 ініцыялы тэраталагічнага характару, выкананыя чырвонай фарбай (кінавар). Зберагаецца ў б-цы Сібірскага аддзялення Рас.АН.
Літ.:
Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. М., 1968. С. 9—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДАКО́ВІЧЫ,
вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Гнілка. Цэнтр Ляснянскага с/с і калгаса. За 12 км на ПнУ ад Круглага, 77 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Талачын. 291 ж., 112 двароў (1997).
Вядомы з пач. 16 ст. як вёска кн. І.Горскага па мянушцы Дуда (адсюль назва). З 16 ст. належала Храптовічам, Гарнастаям, Камарам, кляштару дамініканцаў (да 1832) і інш. З 17 ст. мястэчка. З 1772 у Рас. імперыі, у Магілёўскай губ., з 1861 у Магілёўскім пав. У 1909 сяло, 446 ж., 50 двароў. З 1924 вёска ў Круглянскім, у 1931—35 у Талачынскім, у 1959—66 у Бялыніцкім р-нах. З 1964 цэнтр сельсавета. У 1971—329 ж., 101 двор.
Комплекс «школа-сад», клуб, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Ц,
вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., на канале Мухавец (Каралеўскі канал). Цэнтр сельсавета і калгаса-камбіната. За 22 км на У ад г. Кобрын, 68 км ад Брэста, 2 км ад чыг. ст. Гарадзец. 1483 ж., 560 двароў (1996).
Вядомы з 16 ст., належаў каралеве Ганне, удаве Стафана Баторыя У 1588 атрымаў магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886 цэнтр воласці. У 1891 мястэчка Кобрынскага пав. Гродзенскай губ., 1559 ж., царква, яўр. школа, прыстань, 2 кірмашы штогод. З 1921 у Кобрынскім пав. Палескага ваяв. Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Антопальскага, з 1959 — Кобрынскага р-наў. У 1970 — 1500 жыхароў.
Цагельны з-д. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква Ушэсця (1799).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́К,
вёска ў Завалочыцкім с/с Глускага р-на Магілёўскай вобл. За 17 км ад г.п. Глуск, 200 км ад г. Магілёў, 36 км ад чыг. ст. Старыя Дарогі. 107 ж., 71 двор (1996).
У крыніцах упамінаецца з 2-й пал. 15 ст. У канцы 16 — пач. 19 ст. называўся Гарадок Глуск-Пагарэлы. Валодалі Гальшанскія, Гаштольды, Астрожскія, Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1847 у вёсцы 148 ж., 24 двары, уваходзіла ў маёнтак Дварэц Бабруйскага пав. У 1897 — 337 ж., 52 двары, крама, царква. У 1917 — 466 ж., 99 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Глускага р-на. У Вял.Айч. вайну Гарадок акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942—43 загубілі 89 жыхароў. З 1960 у Завалочыцкім сельсавеце.
Клуб, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — Казьмадзям’янаўская царква (1814).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСКО́ (Іван Антонавіч) (літ.псеўд.Рапацкі; 8.2.1855, Полацкі павет — ліп. 1881),
дзеяч рэв. руху, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У пач. 1873 увайшоў у народніцкую рэв. групу Пецярбурга. У 1874 заснаваў у Пецярбургу польска-беларускі сацыяліст. гурток, які наладзіў сувязі з народніцкімі гурткамі на Беларусі, з рэв. арг-цыямі Масквы, Кіева, Варшавы, Львова. У чэрв. 1876 у Лондане наладзіў кантакт з групай рас.рэв. эмігрантаў, аб’яднаных вакол газ. «Вперед». Змясціў у ёй вял. карэспандэнцыю «З Беларусі» пра грамадска-паліт. рух на радзіме. Пасля вяртання ў Пецярбург арыштаваны, потым знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. З вер. 1878 у Варшаве, за ўдзел у рэв. руху арыштаваны і зняволены, у 1880 высланы ў Сібір, дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДЗІМІ́НАВІЧЫ,
дынастыя вял. князёў і паліт. дзеячаў ВКЛ, вяльмож Рас. дзяржавы. Верагодны пачынальнік роду Скалмант (Скаламенд, сярэдзіна 13 ст.). Назву атрымалі ад імя яго ўнука Гедзіміна. Гербам Гедзімінавічаў і іх дзяржавы ВКЛ, пачынаючы з Віценя, стала «Пагоня», якая пераходзіла па спадчыне разам з годнасцю вял. князя. Іншыя Гедзімінавічы, удзельныя князі, мелі асобныя гербы. У 14 ст. большасць Гедзімінавічаў, якія дагэтуль былі язычнікамі, перайшлі ў праваслаўе, некаторыя — у каталіцтва, засвоілі бел. культуру. Унук Гедзіміна Ягайла, заключыўшы Крэўскую унію 1385, стаў каралём польскім і заснавальнікам каралеўскай дынастыі Ягелонаў, якая правіла ў Польшчы і ВКЛ (да 1572), у Чэхіі і Венгрыі. З Гедзімінавічаў вылучыліся таксама Альгердавічы, галіна велікакняжацкай дынастыі ВКЛ, і буйныя княжацкія роды Беларусі, Украіны і Расіі: Алелькавічы, Бельскія, Вішнявецкія, Галіцыны, Куракіны, Мсціслаўскія, Сангушкі, Трубчэўскія і Трубяцкія, Хаванскія, Чартарыйскія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭУ́ЛІНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1618.
Заключана 1 снеж. ў в. Дэуліна (цяпер г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.) тэрмінам на 14,5 года; спыніла вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Прадугледжвала перадачу Расіяй (з рас. боку дэлегацыю ўзначальваў баярын Ф.І.Шарамецеў, ВКЛ і Польшчу прадстаўлялі А.Навадворскі, Л.Сапега, Я.Гансеўскі) у склад ВКЛ смаленскіх зямель (акрамя Вязьмы), а ноўгарад-северскіх і чарнігаўскіх зямель з 29 гарадамі Польскаму каралеўству, абмен палоннымі (у ходзе абмену ў Маскву вярнуўся з палону і бацька цара М.Ф.Раманава патрыярх Філарэт) і інш. Нявырашаным засталося пытанне аб захаванні польск. каралевічам Уладзіславам тытула «цара маскоўскага і ўсяе Расіі». Умовы і вынікі Д.п. ліквідаваны пасля войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 (гл.Андросаўскае перамір’е 1667, «Вечны мір» 1686).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАІ́НАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га бел.-літоўскага летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі. Збярогся ў гіст. зборніку канца 17 ст.рус. паходжання, які ў пач. 19 ст. належаў П.Еўраінаву. Летапіс пачынаецца з легендарнай гісторыі Літвы ад Палемона да Гедзіміна, падзеі 14 — 1-й пал. 15 ст. выкладзены паводле Беларуска-літоўскага летапісу 1446. У заключнай арыгінальнай частцы змешчаны пагадовыя запісы, прысвечаныя паліт. гісторыі ВКЛ з сярэдзіны 15 ст. да 1548 уключна. Зместам гэта частка блізкая да Пазнанскага спіса «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Характэрная асаблівасць Е.л. — наяўнасць у ім гіст.-літ. матэрыялаў (напр., аповесць пра паходы Альгерда на Маскву і інш.), якія ёсць толькі ў Хроніцы Быхаўца. Рукапіс зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве. Апублікаваны ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).