шапкавы базідыяльны грыб сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у лісцевых і мяшаных лясах.
Шапка дыям. 5—10(15) см, пукатая, потым лейкападобная, з хвалістым краем, слізістая, гладкая, іржава-лілова-шэрая. Мякаць белая, шчыльная, з едкім млечным сокам, які на паветры не мяняе колеру. Пласцінкі зыходныя, патоўшчаныя. Ножка цыліндрычная, шчыльная, потым полая. Споры шарападобныя, бародаўчатыя. Ядомы грыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЎКО́ЎНІК, вадзяны казялец (Batrachium),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Больш за 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах. На Беларусі 7 відаў. Найб. вядомы Ш. цвердалісты (B. circinatum). Трапляюцца ў стаячых або з павольнай плынню водах, прыбярэжнай зоне вадаёмаў.
Адна- і шматгадовыя водныя травяністыя расліны. Лісце чаргаванае, надводнае — лопасцевае ці рассечанае. падводнае — моцна рассечанае на ніткападобныя долі. Кветкі белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Плод — шматарэшак. Корм для водных жывёл і вадаплаўных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧАЦІНКАСКІ́ВІЧНЫЯ (Chaetognatha),
тып беспазваночных жывёл. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўсіх морах. Пераважна планктонныя, ёсць донныя віды. Найб. вядомая марская стрэлка (Sagitta).
Даўж. ад 5 мм да 10 см. Цела стрэлкападобнае, шклопадобна-празрыстае. Падзелена на галаўны, тулаўны і хваставы аддзелы; аблямаванае бакавымі (парнымі) і хваставымі плаўнікамі. На галаве — рот, органы пачуццяў і 2 бакавыя групы серпападобных хапальных шчацінак (адсюль назва). Крывяноснай, дыхальнай і выдзяляльнай сістэм няма. Гермафрадыты. Развіццё прамое. Кормяцца планктоннымі беспазваночнымі, зрэдку маляўкамі рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧО́ГАЛЬ (Tringa erythropus),
птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Паўн. Еўразіі ў тундры і лесатундры. На Беларусі нешматлікі пралётны від.
Даўж. цела 31—34 см, маса да 156 г. Спіна зеленавата-бурая з цёмнымі папярочнымі стракацінамі, пер’е надхвосця і падпахавае крылаў белае. Дзюба доўгая, тонкая, ледзь загнутая ўніз, чырв. з цёмным канцом. Ногі чырванавата-бурыя, доўгія. Нясе 4 яйцы. Корміцца воднымі беспазваночнымі, маляўкамі рыб і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТЭРЫФІКА́ЦЫЯ (ад грэч. aithēr эфір + лац. facio раблю),
працэс атрымання складаных эфіраў узаемадзеяннем спіртоў з кіслотамі. Абарачальная рэакцыя: пры гліколізе складаных эфіраў утвараюцца к-ты і спірты. Скорасць Э. залежыць ад будовы спірту і к-ты: для першасных спіртоў яна найбольшая, для трацічных — найменшая. Паскараюць Э. прысутнасцю сернай, салянай і інш. моцных к-т. Рэакцыі Э. пашыраны ў жывой прыродзе — утварэнне сувязей паміж нуклеатыдамі ў ДНК, РНК, АТФ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎФА́ЎЗІЕВЫЯ (Euphausiacea),
атрад вышэйшых ракападобных. 85 відаў. Пашыраны ва ўсім Сусв.ак. (пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах). Жывуць у тоўшчы вады.
Даўж. цела 5—96 мм. Вонкава нагадваюць крэветак. Адрозніваюцца непрыкрытым грудным шчытом шчэлепаў, размешчаных на аснове двухгалінастых грудных ножак. Ёсць органы свячэння. Раздзельнаполыя. Некалькі стадый развіцця лічынкі. якая выходзіць з яйца. Кормяцца планктоннымі водарасцямі і дробнымі жывёламі. Утвараюць вял. скопішчы; асн. корм марскіх млекакормячых і рыб. Большасць відаў складаюць крыль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮНГЕРМА́НІЯ (Jungermannia),
род пячоначных імхоў сям. юнгерманіевых. 2 віды. Пашыраны ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — Ю. ланцэталістая (J. lanceolata). Трапляецца ў вільготных і забалочаных лясах на гнілой драўніне, аголенай глебе. па берагах вадаёмаў.
Ю. ланцэталістая — аднадомная лістасцябловая расліна даўж. 1—4 см. Утварае буйныя дзярнінкі бледна-жаўтаватага або цёмна-зялёнага, зрэдку чырванаватага колеру. Сцёблы сцелістыя, разгалінаваныя, з рызоідамі. Лісце двухраднае, языкападобнае. Каробачка прадаўгавата-эліпсоідная. цёмна-бурая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ГАДНІК (Vaccinium),
род кветкавых раслін сям. бруснічных. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі — брусніцы, буякі і чарніцы.
Вечназялёныя або лістападныя кусцікі выш. да 60 (90) см. Карэнішчы доўгія, паўзучыя. Сцёблы прамастойныя, моцнагалінастыя. Лісце чаргаванае. простае, суцэльнае. пераважна скурыстае. Кветкі адзіночныя ці па 2—3 у пучках на канцах галінак або ў пазухах лісця. Плод — сакаўная ягада, чырв., сіняя, сіне-чорная, у некат. відаў ядомая. Харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДРАНЕ́Ц (Thesium),
род кветкавых раслін сям. санталавых. Больш за 300 відаў. Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных паясах. На Беларусі 1 від — Я. беспрыкветнікавы (T. ebracteatum). Расце на сухіх лугах, схілах, у лясах на ўзгорках і ўзлесках. Часам на Пд рэспублікі трапляецца заносны від Я. палявы (T. arvense).
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы. Паўпаразіты, развіваюцца на каранях інш. раслін. Лісце пераважна жаўтавата-зялёнае. Кветкі дробныя, зеленаватыя, адзіночныя, пазушныя. Плод — арэшкападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДРУ́ШКА (Gymnadenia),
род кветкавых раслін сям. архідных. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі Я. даўгарогая (G. onopsea, нар. назвы ручнікі, старчык), занесеная ў Чырвоную кнігу, і духмяная (G. odoratissima). Трапляюцца на забалочаных лугах, асаковых балотах, у зарасніках хмызняку.
Шматгадовыя травяністыя расліны з пальцава-лопасцевымі каранёвымі клубнямі. Лісце доўгае, вузкае, ланцэтнае. Кветкі дробныя, лілова-ружовыя, з пахам ванілі або гваздзікі, сабраныя ў суквецце колас. Плод — каробачка.