зона палеазойскай складкавасці ўздоўж паўд.-ўсх. ускраіны Паўночна-Амерыканскай платформы. Сфарміравалася ў выніку праяўлення таконскай (сярэдні ардовік — сілур), акадскай (ранні — сярэдні дэвон) і алеганскай (карбон — ранняя перм) фазаў складкавасці. З канца палеазою і ў мезазоі падвяргалася моцнай эрозіі, у позняй юры перакрывалася морам, на працягу мелавога перыяду і кайназойскай эры паўторна спадзіста прыўзнята. Складзена з магутных тоўшчаў вапнякоў, кварцавых пяскоў, гліністых сланцаў, граўвакаў, з вулканічных і вывергнутых парод. Большая частка Апалачскай складкавай вобласці прымеркавана да Апалачаў, другая апушчана пад прыбярэжныя раўніны і шэльф Атлантычнага ак., трэцяя выходзіць на паверхню ў гарах Уошыта на тэр. Арканзаса і Аклахомы і на невял. участках у Тэхасе (Маратон) і ў Мексіцы. З ПнУ на ПдЗ падзяляецца на 3 сегменты з рознай арагенічнай гісторыяй: Ньюфаўндленд-Квебекскі, Пенсільванска-Тэнесійскі і Уошыта-Маратонскі. У межах сегментаў вылучаны правінцыі: Апалачскае плато, правінцыя Далін і Хрыбтоў, правінцыя Блакітнага хрыбта, Підмант і інш. Амаль усе структурныя элементы Апалачскай складкавай вобласці паралельна выцягнуты па дузе, павернутай выпукласцю да цэнтра мацерыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,
на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс.км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс.шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр.ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд.т.
Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎБЁЖНАЕ РАМЯСТВО́,
вытворчасць посуду і інш. вырабаў з дрэва спосабам даўбення ці апрацоўкі яго натуральных (дуплістых) формаў; адно з найб.стараж. рамёстваў. На Беларусі Д.р. практычна не вылучалася ў спецыялізаваны саматужны занятак і мела характар хатняй вытв-сці; карыты, кадаўбы, жлукты выраблялі ў вял. колькасці сяляне, якія не валодалі спец. навыкамі дрэваапрацоўкі. Выдзеўбаны посуд звычайна рабілі з мяккаслаёвых і падатлівых парод драўніны (ліпы, вольхі, асіны), чаўны і ступы — з дубу, хвоі. Карысталіся долатам, пешняй, разцом, скоблямі, сякерай, цыркулем, цяслой, чакухай (кожны інструмент выкарыстоўваўся на пэўнай тэхнал. стадыі і меў варыяцыйныя асаблівасці). Функцыянальнае прызначэнне розных відаў выдзеўбаных вырабаў накладвала адбітак на вонкавы выгляд, эстэтыку, якасць іх апрацоўкі. Асабліва старанна, па-мастацку выраблялі карцы, фаскі, кублы, апалушкі, сальніцы, бойкі. Тым жа спосабам рабілі некат. віды старасвецкай мэблі, шафы для адзення, драўляныя трубы для дымаходаў у сялянскім жыллі, водаадводаў і інш., калодных вулляў і інш. Выраб чаўноў нярэдка вылучаўся ў асобны промысел. У наш час выраб даўбёжнага посуду эпізадычна трапляецца ў прыватных гаспадарках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКАЯ НІЗІ́НА,
частка Полацкай нізіны на ПнЗ Віцебскай вобл. Мяжуе на Пн з Браслаўскай, на Пд са Свянцянскімі градамі. Абс.выш. 135—145 м, найб. нізкая адзнака 130 м (ніжняе цячэнне р. Дзісна). Складзена з азёрных ледавіковых, пераважна стужачных, пясчана-гліністых адкладаў. Фарміраванне нізіны звязана з утварэннем Дзісенска-Полацкага прыледавіковага вадаёма ў браслаўскую стадыю паазерскага зледзянення. Паверхня сучаснай Дз.н. плоска-ўвагнутая, парэзаная далінамі рэк, часта трапляюцца забалочаныя катлавіны з астаткавымі азёрамі. Рачныя даліны слабаўрэзаныя, нявыпрацаваныя, у нізоўях глыбіня ўрэзу да 10 м і больш. У рэльефе вылучаюцца ўчасткі марэнных узвышшаў — былыя астравы Дзісенска-Полацкага вадаёма. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны. Асн. рака Дзісна з прытокамі Дрысвята, Янка (злева), Бірвета (з Мядзелкай), Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа). Азёры: Ельня, Чорнае, Асвята, часткова Богінскае. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 17,8 °C, ападкаў 560 мм за год. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаглеяватыя, глеяватыя гліністыя і цяжкасугліністыя глебы. На У і З нізіны вял. лясныя масівы з хвоі, драбналістых парод і елкі, трапляецца алешнік. Балоты пераходныя і вярховыя. На тэр. Дз.н. гідралагічны заказнік Ельня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОНД (франц. sonde),
1) у медыцыне — інструмент для даследавання (лячэння) пустацелых органаў, каналаў, ран і інш. Дазваляе вызначыць глыбіню і шырыню поласці, наяўнасць іншародных цел, змесціва органа, уводзіць дыягнастычныя і лекавыя сродкі і інш. 2) У метэаралогіі — шар з прыладамі для рэгістрацыі метэаралагічных даных верхніх слаёў атмасферы. Атрыманая інфармацыя перадаецца, напр., па радыё (радыёзонд) і рэгіструецца ў пункце выпуску З.) У ваеннай тэхніцы — металічны стрыжань (шчуп), які служыць, напр., для пошуку мін, снарадаў, авіябомбаў і інш. боепрыпасаў, якія знаходзяцца ў зямлі.
4) У электратэхніцы — металічны электрод для вывучэння (разам з электрометрам) размеркавання патэнцыялу ў эл. ланцугу.
5) У горнай справе — сукупнасць электродаў для вымярэння ў свідравіне эл. праводнасці горных парод. Дазваляе атрымліваць звесткі аб пародах, якія перасякала свідравіна, без падымання ўзораў на паверхню.
6) У рыбалоўстве — суднавая апаратура для кантролю параметраў рыбалоўнага трала і падводных абставін у час тралення. Служыць таксама для навядзення трала на скопішча рыбы, вызначэння ступені напаўнення яго рыбай і інш. 7) У акустыцы — прылада для вымярэння гукавога ціску ў зададзеным пункце гукавога поля. Уяўляе сабой вузкі акустычны хвалявод, злучаны з прыёмнікам гуку, напр. мікрафонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНГЛАМЕРА́Т (ад лац. conglomeratus сабраны, ушчыльнены),
механічнае, выпадковае спалучэнне якіх-н. разнародных кампанентаў. У геалогіі — сцэментаваная асадкавая абломкавая горная парода (гл.Абломкавыя горныя пароды), складзеная пераважна з галькі з прымессю пяску, жвіру і валуноў. Цэментам звычайна з’яўляюцца аксіды жалеза, карбанаты, гліністы матэрыял, радзей крэменязём. Вядомы розныя класіфікацыі К., заснаваныя на ўмовах іх утварэння, тыпе і колькасці цэменту, ступені адсартаванасці, прыродзе і складзе абломкаў. На Беларусі К. найб. пашыраны ў тоўшчах абломкавых парод рыфею і венду, пермскай і трыясавай сістэм. Глыбы валунова-галечнага К. ў антрапагенавых адкладах вядомы каля Гродна (гл. ў арт.Калодзежны роў). У эканоміцы — адна з форм аб’яднання прадпрыемстваў (фірм) рознага галіновага профілю. Адрозніваюць К. функцыянальныя, якія аб’ядноўваюць прадпрыемствы (фірмы), звязаныя у працэсе вытв-сці і інвестыцыйныя, якія аб’ядноўваюць фірмы, не звязаныя галіновай агульнасцю. Для К. характэрны; аб’яднанне шырокага кола прадпрыемстваў (фірм), якія выконваюць розныя функцыі; высокі ўзровень дэцэнтралізацыі кіравання; рост капіталу ў выніку зліцця і накіраванне яго на павелічэнне кантролю над існуючымі прадпрыемствамі (фірмамі); аб’яднанне ў рамках К. з удзелам банка або вакол яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
штучныя лясныя насаджэнні. Ствараюцца пасевам, пасадкай дрэў і кустоў на плошчы, раней укрытай лесам, або пад полагам лесу (аднаўленне лесу), а таксама дзе лес адсутнічаў (лесаразвядзенне). Адрозніваюць Л.к. суцэльныя (на ўчастках, дзе лес прыродна не аднаўляецца або адсутнічае), частковыя і падполагавыя (дзе лес аднаўляецца нездавальняюча), папярэднія (пад полагам лесу, прызначанага для высечкі). Суцэльныя Л.к. бываюць чыстыя (з 1 пароды дрэў) і мяшаныя. У якасці гал.парод у зоне мяшаных лясоў культывуюць хвою, елку, дуб, таполю, лістоўніцу і інш., спадарожных — бярозу, ясень, граб, ліпу і інш. Л.к. пашыраюць плошчу высокапрадукц. насаджэнняў, ахоўваюць глебу ад эрозіі, паляпшаюць мікракліматычныя, сан.-гігіенічныя, гасп., рэкрэацыйныя і інш. якасці асяроддзя. Адзін з відаў Л.к. — ахоўныя лясныя насаджэнні: водаахоўныя лясы, зялёныя зоны, лясныя палосы. На Беларусі з 1950-х г. Л.к. створаны на пл. каля 1,6 млн.га, з іх хваёвых — 74% плошчы, яловых — каля 15%, дубовых — каля 8%.
Літ.:
Редько Г.И. Родин А.Р., Трещевский И.В. Лесные культуры. М., 1980;
Сироткин Ю.Д., Праходский А.Н. Лесные культуры. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВА́ЛЬНЫ ПО́ЯС,
самы верхні прыродны вышынны пояс гор і палярных абласцей, размешчаны вышэй снегавой лініі. Найб. вышыні ніжняй мяжы пояса ў пустынных гарах Цэнтр. Азіі і ў Андах (больш за 6500 м); у Антарктыдзе і Грэнландыі нярэдка апускаецца да ўзроўню мора. Для Н.п. характэрны ледавікі і снежнікі, ледавіковыя формы рэльефу (кары, трогі, свежыя марэны і інш.), скалы і восыпы, нівальны клімат. Вял. намнажэнні снегу пры шматгадовым захаванні паступова пераходзяць у фірн і глетчарны лёд. Інтэнсіўнасць раставання і выпарэння залежаць ад сонечнай радыяцыі і экспазіцыі схілу. На стромкіх схілах снег і лёд перыядычна сыходзяць уніз у выглядзе снежных лавін і ледавікоў. На паўд. схілах, дзе хутка ідзе раставанне снегу, агаляюцца горныя пароды і інтэнсіўна развіваюцца працэсы фізічнага (у асн. марознага) выветрывання. Ідзе разбурэнне парод з утварэннем грубых абломкаў, якія намнажаюцца ў больш нізкіх месцах. Раслінны і жывёльны свет Н.п. бедны. Сярод раслін пераважаюць лішайнікі, што пакрываюць паверхню скал і валуноў, разбураюць іх і ўтвараюць прымітыўныя глебы. У ніжнія гарызонты пояса могуць пранікаць нізкарослыя экземпляры раслін з інш. паясоў. З вышэйшых жывёл трапляюцца залётныя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІ́НЫ (Pavo),
род птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 2 віды. П. звычайны, або індыйскі, або чубаты (P. cristatus), пашыраны на п-ве Індастан і в-ве Шры-Ланка. Драбнейшы П. сінякрылы, або яванскі (P. muticus), пашыраны ў Індакітаі і Інданезіі; занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Жывуць у зарасніках, на лясных высечках, па берагах рэк. У Еўропу (Стараж. Грэцыя) завезены ў 4 ст. да н.э. На Беларусі трымаюць як дэкар. птушку.
У самцоў даўж цела да 125 см, хваста да 45 см, падоўжаных, упрыгожаных «вочкамі» пёраў надхвосця да 150 см; маса да 4,3 кг Афарбоўка яркая, пераважна сіне-зял., з метал. адлівам. На галаве чубок. Самкі драбнейшыя, бурага колеру, без доўгага надхвосця. Кормяцца насеннем, зернем, травой, насякомымі. Палігамы. Пры такаванні самец разводзіць пёры надхвосця веерам і падымае іх амаль вертыкальна. Нясуць да 6 яец.
П. называюць таксама пароду галубоў свойскіх (паўлінавыя галубы, трасуны) з веерападобным або трубападобным хвастом (адсюль часам наз. трубачы). Паходзяць з Індыі, у Еўропе — з 17 ст. На Беларусі адна з найб. пашыраных парод. Гл. таксама Дэкаратыўныя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНЕ́І (ісп. Pirinéos, франц. Pyrénées),
горная сістэма на ПдЗ Еўропы, у Іспаніі, Францыі і Андоры. Працягласць 450 км ад Біскайскага зал. да Міжземнага м.Найб.выш. да 3404 м (пік Анета). П. — альпійская складкаватая сістэма. Найб. высокая восевая зона гор, складзеная крышт.парод. Характэрна чаргаванне высокіх платопадобных участкаў і скалістых вяршынь з рысамі плейстацэнавага зледзянення. Зах. П. — сярэдневышынныя горы, развіты вапнякі, карст; у цэнтры — пераважна крышт. пароды, альпійскія формы рэльефу, ледавікі (пл. каля 40 км²); на У хрыбты зніжаюцца, чаргуюцца з міжгорнымі ўпадзінамі. З П. бяруць пачатак рэкі Гарона, Адур і левыя прытокі р.Эбра. Важны кліматападзел (на Пн ад П. тэр. з умераным кліматам, на Пд з субтрапічным). На вільготных зах. і паўн. схілах, дзе выпадае 1500—2000 мм ападкаў, пераважаюць букавыя і піхтавыя лясы, субальпійскія хмызнякі і лугі. На паўд. схілах, дзе колькасць ападкаў зніжаецца да 500—750 мм, лясы з вечназялёных дубоў і зараснікі міжземнаморскіх хмызнякоў (маквіс, гарыга, таміляры). Радовішчы баксітаў, жал. руд. У гарах жывёлагадоўля, у далінах вінаградарства і садоўніцтва.