«ГАРЭ́ЛКА»,
бел. нар. гульня. Удзельнікі (колькасць не абмежаваная, але патрэбны няцотны лік) становяцца парамі ў адну калону. Хто застаўся без пары — вядучы. Ён ідзе ўперадзе калоны і прыгаворвае: «Гары, гары масла, каб не згасла. Званы звіняць, птушкі ляцяць. Апошнія ўздагон!». Пры слове «ўздагон» апошняя пара павінна выбегчы ўперад і ўзяцца за рукі. Вядучы стараецца іх апярэдзіць і схапіць каго-н. за руку. Хто застаецца адзін (без пары), становіцца вядучым, і гульня працягваецца.
Я.Р.Вількін.
т. 5, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАНЦЫЛЯ́РЫЯ,
вышэйшая ваен. і адм. ўстанова ў Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст. Засн. ў ходзе вызв. вайны 1648—54 укр. народа супраць польскага панавання. Размяшчалася пры рэзідэнцыях укр. гетманаў. Складалася з генеральнай старшыны. У пач. 18 ст. Генеральнай вайсковай канцылярыі перададзена кіраванне Левабярэжнай Украінай. Яе дзейнасць кантралявала Маларасійская калегія. У 1734 пераўтворана ў Праўленне гетманскага ўрада (складалася з трох афіцэраў і трох «выбарных» прадстаўнікоў вышэйшай казацкай старшыны). Ліквідавана пасля скасавання гетманства (1764).
т. 5, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКІ ФО́РУМ,
чэхаславацкі апазіцыйны да Камуніст. партыі Чэхаславакіі паліт. рух у 1989—91. Патрабаваў ажыццяўлення дэмакр. рэформаў у паліт., грамадскім і эканам. жыцці краіны. Гал. дзеячы — В.Гавел, В.Малы, Я.Дзенстбер. Пры падтрымцы форуму ў снеж. 1989 прэзідэнтам Чэхаславакіі стаў Гавел. У 1990 Грамадзянскі форум атрымаў перамогу на выбарах у Нац. сход краіны. У крас. 1991 адбыўся раскол Грамадзянскага форуму на Грамадз. дэмакр. партыю і Грамадз. рух (з 1993 Свабодныя дэмакраты).
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
1) у Стараж. Грэцыі пач. школы для хлопчыкаў 12 гадоў (школы граматыста) з выкладаннем чытання, пісьма і лічэння.
2) У Стараж. Рыме павышаныя (лац. і грэч.) пач. школы для дзяцей патрыцыяў і коннікаў.
3) У Расіі 17 ст. школы пры некат. манастырах для вывучэння грэч. і лац. граматыкі і ант. л-ры.
4) У Вялікабрытаніі і некат. краінах брыт. Садружнасці агульнаадук. сярэднія школы, якія рыхтуюць да паступлення ва ун-т.
т. 5, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
Створаны ў 1967 у Гродне на тэр. Замкавай Гары, якая займае трохвугольны пагорак на мысе, утвораным пры ўпадзенні р. Гараднічанка ў Нёман. У 12—17 ст. тут існаваў Гродзенскі Стары замак, на паўн. рагу яго размяшчаўся Гродзенскі княжацкі церам, у цэнтр. частцы — Гродзенская Ніжняя царква, на месцы якой пазней пабудавана Гродзенская Верхняя царква. У 1580 тут пабудаваны палац Стафана Баторыя, у будынку якога цяпер размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.
т. 5, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ДНІЦА,
1) у старажытнарускай архітэктуры вял. памяшканне ў княжацкім палацы або асобная пабудова, дзе жыла грыдзь (малодшая княжацкая дружына), прымалі гасцей, наладжвалі святочныя баляванні.
2) На Беларусі ў 16—18 ст. — жылы пакой для чэлядзі ў сядзібным доме або флігель, які злучаўся з панскімі пакоямі сенцамі, часам уключаў камору; асобныя жылыя будынкі ў традыцыях нар. жылля, з 1 або 2 жылымі пакоямі. Грыдніцай называлі таксама вял. жылыя пакоі ў манастырах, часам — курныя хаты пры корчмах.
т. 5, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭБЕНЕЧАСА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для часання валакністых прыродных (бавоўна, воўна, лён) і хім. матэрыялаў пры падрыхтоўцы да прадзення. На грэбенечасальнай машыне з дапамогай стальных грабянёў вычэсваюць кароткія і пашкоджаныя валокны, раслінныя прымесі і вузельчыкі, раз’ядноўваюць, выпростваюць і паралелізуюць доўгія валокны ў атрыманай стужцы. Адрозніваюць грэбенечасальную машыну перыядычнага (найб. пашыраны) і бесперапыннага (пераважна для доўгай грубай воўны) дзеяння. З грэбенечасальнай машыны стужка паступае на стужачную машыну, потым на роўнічную, дзе вырабляецца слабаскручаная нітка — роўніца.
т. 5, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБНЫ́ КА́МЕНЬ,
мінералізаваныя адклады на паверхні зубоў з арган. асновы і солей (пераважна фосфарнакіслага кальцыю). Найчасцей бывае на шыйках зубоў, можа пакрываць значную ч. каронкі і кораня; адкладваецца і на зубных пратэзах. Колер З.к. ад светла-жоўтага да чорнага ў залежнасці ад ежы і курэння. Афарбоўка бывае і пры распадзе форменных элементаў крыві ў шчыліне дзясны. Шчыліна паступова павялічваецца; утвараецца кішэня дзясны. З.к. — адзін з фактараў развіцця хвароб парадонту.
А.С.Арцюшкевіч.
т. 7, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫ КАНВЕ́ЕР,
сістэма вытворчасці і выкарыстання зялёных кармоў, пры якой жывёлы забяспечваюцца імі бесперабойна і раўнамерна з ранняй вясны да позняй восені. У склад З.к. ўключаюць прыродную і штучную пашу, адна- і шматгадовыя травы (зялёная маса), кармавыя формы бахчавых, караняплодаў, капусты, азімы рапс. Адрозніваюць прыродны, штучны і мяшаны тыпы З.к. У ім выкарыстоўваюць прыродную і сеяную пашу, атаву прыродных сенажацей, культуры палявой кормавытворчасці. На Беларусі культуры З.к. пачынаюць скормліваць жывёле з сярэдзіны мая.
т. 7, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬНЯНА́Я ТКАНІ́НА,
тканіна, якую вырабляюць з ільняной пражы палатняным перапляценнем. Пры ўключэнні ў аснову ці ўток баваўнянай пражы ці валокнаў хімічных тканіна наз. паўільняной. Бывае суравая, адбеленая, фарбаваная. Вызначаецца высокай трываласцю, дыхтоўнасцю, павышанай шчыльнасцю, якія ўзмацняюцца апрэтаваннем, добра паглынае вільгаць. Паводле прызначэння і структуры адрозніваюць І.т.: сталовыя адамашкавыя (абрусы, сурвэткі); ручніковыя адамашкавыя, махрыстыя і гладкія; касцюмна-сукеначныя; палотны прасцінныя, бялізнавыя (напр., батыст); тэхн. (парусіны брызентавыя, пакавальныя і мяшочныя тканіны і інш.). Гл. таксама Ільняная прамысловасць.
т. 7, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)