малекулы хім. злучэнняў, якія пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць пастаянны дыпольны момант.
У шмататамных малекулах эл. дыпольны момант вызначаецца колькасцю палярных сувязей (разнавіднасць кавалентнай сувязі) і іх накіраванасцю; роўны вектарнай суме дыпольных момантаў асобных сувязей, а таксама незвязваючых электронных пар у малекуле. Малекулы з палярнымі сувязямі паміж атамамі ў залежнасці ад іх прасторавай будовы могуць быць непалярнымі (напр., малекула СО2, у ёй вектары палярных сувязей накіраваны ад атама вугляроду ў процілеглыя бакі пад вуглом 180° да атамаў кіслароду). Рэчывы, утвораныя моцна П.м., звычайна добра раствараюцца ў палярных растваральніках. Эксперыментальна дыпольны момант П.м. вызначаюць пры вывучэнні залежнасці палярызацыі ад т-ры (гл.Дыэлектрыкі) і разлічваюць палярнасць хім. сувязей і эфектыўныя зарады атамаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
віды дзікіх звяроў і птушак, якія здабываюцца паляўнічымі ў спартыўных, аматарскіх і прамысловых мэтах; аб’екты палявання. На Беларусі 22 віды П.ж. (млекакормячых); лось, алень высакародны, казуля, дзік, зайцы бяляк і русак, бабёр, вавёрка, андатра, палёўка вадзяная, воўк, ліс, янотападобны сабака, куніцы лясная і каменная, тхор, норкі еўрапейская і амерыканская, выдра, гарнастай, ласка, крот; 31 від паляўнічых птушак (у залежнасці ад экалагічных умоў пражывання адрозніваюць балотную, баравую, вадаплаўную, палявую); глушэц, цецярук, рабчык, курапатка шэрая, крыжанка, гусь шэрая, таксама гусі белалобая, гуменнік і піскулька, чыркі траскунок і свістунок, чэрнеці чубатая і чырвонагаловая, лысуха, драч, турухтан вялікі і інш. Здабыча П.ж. рэгулюецца адпаведнымі заканад. і нарматыўнымі актамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМНАЖА́ЛЬНІК ЧАСТАТЫ́,
радыёэлектронная прылада, якая павялічвае частату падведзеных эл. ваганняў у зададзеную колькасць разоў. Асн. параметр — каэфіцыент памнажэння m. Характэрная асаблівасць — пастаянства m пры зменах у пэўных межах частаты ўваходных ваганняў і параметраў П.ч.
Найб. пашыраныя П.ч. складаюцца з нелінейнай прылады (напр., транзістара, варыкапа, шпулі індуктыўнасці з ферытавым асяродкам, электроннай лямпы) і эл. фільтраў, а таксама з нелінейных элементаў са спец. характарыстыкамі. Нелінейная прылада змяняе форму зыходнага вагання, у выніку чаго ў выхадным спектры выяўляюцца ваганні з кратнымі частотамі, якія вылучаюцца з дапамогай фільтраў. Існуюць П.ч., дзеянне якіх заснавана на сінхранізацыі ваганняў аўтагенератара. П.ч. выкарыстоўваюцца для павышэння частаты генератара (напр., стабілізаванага кварцам на больш нізкай частаце) у радыёперадавальных, радыёлакацыйных, вымяральных і інш. устаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́Р’Е,
гістарычная назва ў 15—17 ст. у Расіі, узбярэжжа Белага м. ад г. Кем да г. Анега (Паморскі бераг), а таксама вял.тэр. ад Абанежжа да Паўн. Урала, у якую ўваходзілі Карэлія, Дзвінская, Важская, Сысальская, Вяцкая, Пермская землі, Пасухонне, Белазерскі і Пячорскі краі. Першапачаткова насялялі карэлы, комі, лапары. Да 17 ст. карэннае насельніцтва часткова асімілявана рус. пасяленцамі, якія з 12 ст. асвойвалі тэр. П. У 12—15 ст. уладанне Наўгародскай феадальнай рэспублікі. У пач. 16 ст. далучана да Масквы. У 17 ст. ў 22 паветах П. асн. маса насельніцтва — вольныя сяляне. Частка зямель належала манастырам і купцам Строганавым. На Пн насельніцтва займалася рыбалавецкім, слюдзяным, саляным промысламі; у Карэліі развівалася металургія, у паўд. паветах — земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛАВО́К, таўкачык (Amanitopsis),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Некалькі відаў, якія адрозніваюцца колерам шапкі. Пашыраны ў Зах. Еўропе, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі 3 віды і 1 разнавіднасць. Трапляюцца ў светлых лясах, на ўзлесках, на глебе сярод травы з чэрв. па вер. П.: беласнежны (A. nivalis), жоўта-карычневы (A. fulva), шэры (A. vaginata).
Пладовае цела — шапка на ножцы дыяметрам 3—9 см з гафрыраваным краем, у маладога грыба — званочкападобная, потым плоская, ад белай да карычневай, з рэшткамі агульнага пакрывала. Пласцінкі свабодныя, белыя, шырокія. Ножка даўж. 7—20 см, белая, полая, каля асновы з шырокай тоўстай вольвай (похвай). Споравы парашок белы. Ядомыя. Мікарызаўтваральнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСКАЯ АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К,
вышэйшая навук. ўстанова Ватыкана. Засн. ў 1603 у Рыме пад Назвай Academia dei Lincei (Акадэмія Рысяў — рысь была яе сімвалам). Адноўлена ў 1847 папам Піем IX як папская акадэмія; у 1870 падзялілася на папскую акадэмію і Нац. акадэмію Рысяў (найвыш.навук. ўстанова Італіі). У 1887 пашырана папам Львом XIII, у 1922 атрымала новы будынак — вілу Пія VI. У 1936 рэарганізавана і рэфармавана папам Піем XI, атрымала сучасную назву. Курыруецца непасрэдна папам. Складаецца з 80 членаў — прадстаўнікоў матэм. і прыродазнаўчых навук, якія рэкамендуюцца Саветам Акадэміі і выбіраюцца папам з ліку вучоных свету незалежна ад нац. і рэліг. прыналежнасці. Штогод праводзіць тыдзень навук. дыспутаў, вынікі якіх публікуюцца асобным выданнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГА́НГЛІІ (ад пара... + гангліі),
эндакрынныя залозы пазваночных жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць пераважна катэхаламіны, з’яўляюцца таксама дадатковымі органамі нерв. сістэмы, што ажыццяўляюць хемарэцэпцыю. Некат. П. (мазгавое рэчыва наднырачнікаў, паяснічны, аартальны) маюць сакраторныя храмафінныя клеткі, у эмбрыягенезе ўзнікаюць разам з нейрабластамі сімпатычнай нерв. сістэмы. Выдзяляюць у кроў адрэналін ці норадрэналін. Інш. П. (пераважна ў месцах разгалінавання парасімпатычнай нерв. сістэмы, вочныя, лёгачныя, касцёвамазгавыя, абалонак мозга, каратыдны і П. па ходу сасудаў тулава і канечнасцей) з’яўляюцца нехрамафіннымі і паходзяць з эмбрыянальных закладак па ходу IX і X пар чэрапна-мазгавых нерваў. Выдзяляюць у кроў, магчыма, ацэтылхалін і поліпептыдныя гармоны. Сакрэты П. ажыццяўляюць рэгуляцыю агульных і мясц.фізіял. рэакцый і мабілізацыю сістэм арганізма пры стрэсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШКО́ВЫЯ ФА́РБЫ,
парашкападобныя кампазіцыі, якія выкарыстоўваюць для атрымання пакрыццяў пераважна на тэрмаўстойлівых матэрыялах (металы, кераміка, шкло, бетон). Высокаэканамічныя ў выкарыстанні. Пакрыцці на аснове П.ф. вызначаюцца высокімі фіз.-мех. і ахоўнымі ўласцівасцямі.
Асн. кампаненты П.ф. — плёнкаўтваральныя рэчывы (эпаксідныя і поліэфірныя смолы, поліакрылаты, поліаміды, полівінілхларыд, поліэтылен і інш.) і пігменты (напр., аксіды тытану, хрому, жалеза). Маюць таксама напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. дабаўкі. Высокадысперсныя (памер часцінак 10—300 мкм). У прам-сці атрымліваюць змешваннем сухіх кампанентаў у млынках або турбазмешвальніках ці здрабненнем сумесі кампанентаў, гомагенізаванай у расплаве. Наносяць на падрыхтаваную паверхню вырабаў напыленнем. Таўшчыня пакрыццяў, што ўтвараюць П.ф., 50—400 мкм. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРК МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ,
участак прыроднага ці культ. ландшафту, які абрамляе гіст. помнік ці арганізаваны на месцы гіст. падзеі. Ствараецца ў гонар выдатных дзеячаў навукі і культуры, нац. герояў (напр., парк імя Я.Купалы ў Мінску); прысвячаецца значным гіст. падзеям: вызваленню, перамозе, юбілею і інш. (паркі Перамогі ў Мінску, С.-Пецярбургу, Трэптаў-парк у Берліне, парк Міру ў г. Нагасакі, Японія і інш.). У П.м. змешанага тыпу (гіст., мемарыяльна-этнагр., парк з музеямі і экспазіцыямі на адкрытым паветры) размяшчаюцца мемарыялы і збудаванні, якія па часе могуць адносіцца да розных гіст. падзей. Пры стварэнні П.м. выкарыстоўваюць сродкі і метады ландшафтнай архітэктуры.
Т.П.Вадап’янава.
Да арт.Парк мемарыяльны. Фрагмент парку імя Я.Купалы ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТА́Л (ням. Portal ад лац. porta уваход, вароты),
архітэктурнае абрамленне дзвярнога праёма (пераважна ў манум. грамадскіх, культавых і інш. будынках). Вядомы са старажытнасці. Для архітэктуры Стараж. Егіпта і антычнасці характэрны простыя па аздабленні П. з плоскімі перамычкамі, для стараж. Месапатаміі — арачныя П., на Б. і Д. Усходзе былі пашыраны прамавугольныя П. з нішамі — піштакі. З 11 ст. ў раманскай, гатычнай і стараж.-рус. архітэктуры пашырыліся арачныя, т.зв. перспектыўныя (звужаныя ўглыб), П., аформленыя ў выглядзе ўступаў, у вуглах якіх размяшчаліся калонкі, злучаныя архівольтамі. Рэнесансавыя і барочныя П. звычайна аздаблялі пілястрамі, калонамі, якія неслі антаблемент або франтон. Часта П. ўпрыгожвалі скульптурай, разьбой, лепкай, размалёўкай, кафляй.
Тыпы парталаў.Партал касцёла кармелітаў у г. Глыбокае Віцебскай вобл. 17 ст.