Су́карак (су́кырак) ’сукрутак, завіток, кучаравінка’ (Бяльк.), су́карка ’вузялок або пупырышка на крута ссучанай нітцы’ (Нас., ЛА, 5, Бяльк.), сука́ркі ’сукараткі’ (Сцяшк.), памянш. су́карачка ’тс’ (Нас.), сюды ж су́карыцца ’скручвацца ў закруткі’ (Нас.; мёрск., Сл. ПЗБ). Суфіксальнае ўтварэнне ад *сукар, параўн. су́кърына ’вузялок на крута звітай нітцы’, мн. л. су́кры (КСП), ’локаны’ (Касп.), якія суадносяцца з серб.дыял.сука́р ’цеста для слаёнага пірага ў скручаным выглядзе’, балг.дыял.су́кер ’пятля, вузельчык на ненацягнутай вяроўцы, нітцы і пад.’, сука́р ’ссучаная вяроўка’, ’чорная вяроўка, якой абвівалі анучы на нагах у пасталах, абмоткі’; што да прасл.*sukrъ, суадноснага з літ.sukrùs ’моцна скручаны’, гл. Цыхун, БЛ, 5, 47; Трубачоў, Слав. языкозн., V, 183 — усё да *sukati, *sъkati, гл. сукаць. Неабгрунтаваным падаецца меркаванне Бярнара (Бълг. изсл., 360) пра грэчаскае паходжанне балгарскіх слоў. Гл. таксама сукрак1, сукрыцца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сунду́к ’куфар’ (мін., Сл. ПЗБ; Бяльк., Сцяц. Сл., ТС, Мат. Гом.), ’дарожная сумка’ (Сцяшк. Сл.), ’рамачны вулей’ (Анох.); перан. сунду́к, сунды́к ’пра тупога, абмежаванага чалавека’ (Мат. Гом.), на Смаленшчыне таксама санду́к ’тс’ (Дабр.). Дапускаюцца розныя шляхі запазычання мяркуемага цюркізма, у тым ліку праз рус.сунду́к ’куфар, скрыня’, дзе, магчыма, чувашскае пасрэдніцтва (Дабрадомаў, Бел.-рус. ізал., 40), або ўкр.сунду́к ’тс’, відаць, з палавецкага сундух (Тагіеў, Цюркізмы, 151). Але параўн. ст.-бел.сундукъ ’куфар’ (1598 г.) са стараж.-рус.сундукъ ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 104). Крыніцай можа быць кыпч.sunduq, тур.sandikкрым.-тат.сандык ’тс’ < араб.ṣandûḳ, ṣundûḳ якія ўзводзяцца да грэч.συνδοχετον або συνδυκετον ’тс’; гл. Фасмер, 3, 803 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 475 і наст. Малаверагодны ўплыў польск.sądek ’кадушка, кубел’, як мяркуе Цвяткоў, Запіскі, 2, 67.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сухме́нь ’сухое гарачае надвор’е’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Мат. Гом., Растарг.), ’сухое месца’ (Нас.; слаўг., Яшк.), ’сухое месца паміж балотамі’ (ц.-палес., Талстой, Геогр., 128), сукмеɣннік ’грудок на балоце; падсохлая глеба ў берага’ (< сухменнік) (зах.-палес., Талстой, там жа), сухмі́нь ’сухое месца’ (слаўг., Яшк.). Укр., рус.сухме́нь ’сухое месца’ і да т. п.; дакладную паралель бачыць у літ.sausmenà ’сухое месца’ Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 193). Дэрываты ад сухі (Фасмер, 3, 813) з фармантам ‑мень/‑мінь; да суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 76. З іншым суф. ‑ель‑ сухме́ль ’цеплата, суш’ (круп., Сл. ПЗБ), сюды ж сухмельня ’ёўня’ (Мат. Маг.). Паводле Карскага (2–3, 29), у выніку змены ранейшага суф. ‑ман‑ пад уздзеяннем суф. *‑men‑, які ўтвараў асновы на зычны, параўн. сухмя́ны ’сухі’ (Ласт.), сухме́ць ’засуха’ (Касп.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Таўсма́ты ’таўставаты; моцна складзены (пра чалавека)’ (ТСБМ), ’прысадзісты, моцны (пра асобу, жывёлу, дрэва)’ (Янк. 1), ’таўставаты’ (Сл. ПЗБ), ’тоўсты’ (Сцяшк.), ’пушысты’ (чырв., З нар. сл.), сюды ж таўсма́ны ’таўставаты’ (Сцяц. Сл.), таўсма́ч ’здаравяк’ (Янк. 3.). Трубачоў (Слав. языкозн. V, 183; Труды, 1, 284), побач з позняй кантамінацыяй (напрыклад, тоўсты і калматы, гл.), разглядае як праславянскі дыялектызм *tъlsmatъ(jь) ад назоўнікаў *tъlsmъ/*tъlsmo, параўн. лат.tulzums ’пухліна’. Ліуканен (Отглаг. сущ., 169–170) лічыць вытворным ад прасл.*tъlsmъ/*tъlsma < *tъlst‑mъ/*tъlst‑ma, старых дзеепрыметнікаў ад *tъlstiti ’рабіць тоўстым’ (гл. таўсціць), што, у сваю чаргу, утвораны ад прыметніка *tъlstъ (гл. тоўсты). Страчаны дзеяслоў з асновай *tъlz‑ меў дакладныя адпаведнікі ў літ.tulžti ’размакаць, разбухаць’, лат.tùlzt ’пухнуць’. На карысць апошняй версіі сведчыць і варыянтнасць фармантаў n/t. Кантамінацыя з тоўсты ў таўстама́ты ’таўставаты’ (карэліц., Нар. лекс.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
То́сна ’млосна’ (гродз., Сл. ПЗБ), то́скна ’тужліва, сумна’ (Ласт.), ст.-бел.то́скно ’тс’ (XVII ст., Карскі, 1, 88). Да таскні́ць ’тужыць, нудзіцца, сумаваць’ (гл.), параўн. ст.-польск.teskno/tesno ’сумна’, ’непрыемна, крыўдна’ і спрошчанае дыял.ckno (*tъskn‑ > *tskn‑ > ckn‑) ’сумна, тужліва’, ’моташліва, нудліва’, ’саладжава’, н.-луж.tešno, stysno ’палахліва, жудасна’, ’цяжка, змрочна’, в.-луж.tyšno ’тс’, ’сумна, маркотна, засмучана’, чэш.je mu teskno ’яго сум, туга бярэ за сэрца’, славац.teskno, tesno ’тужліва’. Да праславянскага прыметніка *tъsknъ ’смутны, тужлівы, прыгнечаны’, які ад назоўніка *tъska ’смутак, прыгнечанасць, дрэннае самаадчуванне, млоснасць, нуда’ (гл. таска), параўн. рус.тоска́ ’туга, нуда, смутак’, стараж.-рус.тъска ’бура на моры (з марской хваробай)’, ’цяжкасць, гора, сум, неспакой’ (Борысь, 632; Фасмер, 4, 88; ЁСУМ, 5, 612). Найбліжэйшым і.-е. адпаведнікам з’яўляецца літ.taũsti ’сумаваць’ (Махэк₂, 641).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тру́шчыць ‘біць, ламаць, крышыць, разбураць крохкае, далікатнае’ (Янк. 3.), тры́шчыць ‘тс’ (Нас.), трю́шчыць ‘тс’ (Бяльк.), тру́шчыць ‘многа есці неспажыўнога’ (Янк. 3.), ‘есці са смакам, з апетытам’ (Адм.), ‘есці, хрумстаць’ (іўеў., Сл. ПЗБ), тру́шчыць, тро́шчыць ‘ламаць, разбіваць; есці з хрустам’ (ТС), трушчэ́ць ‘расціскаць’, ‘лузаць арэхі’ (Варл., капыл., ЛА, 1), трушчэ́ць, трушча́ць ‘хрусцець (пра снег, лёд пад нагамі)’ (Нас., Байк. і Некр.). Відаць, узыходзіць да труск ‘друзачкі, дробныя частачкі’ з варыянтным вакалізмам, характэрным для экспрэсіўных слоў (Сной у Бязлай, 4, 233), параўн. тру́сціць ‘ламаць, разбіваць на кавалкі’ (Нас., Некр. і Байк.). Параўн. укр.дыял.тру́щити ‘лушчыць’, якое разглядаецца як вынік кантамінацыі трощити ‘ламаць, разбіваць’ і лущити ‘лушчыць’ (ЕСУМ, 5, 662). Падабенства з літ.triùškinti, дыял.triùškyti ‘біць, разбіваць з хрустам’, triuškéti ‘хрумстаць пры разжоўванні ежы’ насуперак Лаўчутэ (Балтизмы, 133) не дае падстаў лічыць запазычаннем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трэ́йка1 ‘мяльшчык, мяльшчыца’ (светлаг., хойн., Мат. Гом.), ‘трапальшчыца’ (хойн., ЛА, 2, Трух.); ‘мяліца, церніца, на якой труць лён, каноплі’ (ельск., Мат. Гом.). Да церці (гл.). Суфіксацыя, як у жне́йка, варажэ́йка і пад.
Трэ́йка2 ‘тройчы’ (Сцяшк. Сл.), трэ́йкі ‘тс’ (Янк. 1; маз.. Мат.), трэ́йко ‘тс’ (Нар. Гом., ТС). Параўн. укр.тре́йки ‘тс’. Утвораны пры дапамозе канцавых часціц з элементам ‑к‑ (гл. Копечны ў ESSJ SG, 1, 316), як у словах колькі, укр.скі́лько, польск.kilko, kilka, серб.ко̏лико, балг.колко і пад. Да тры, гл. тройка1. Карэннае ‑эй‑ замест ‑ой‑ можна патлумачыць уплывам балцкага субстрату, параўн. літ.trejì ‘тры’, trẽjos ‘трое’, лат.treji ‘трое’ (якое ўжываецца толькі з множналікавымі назоўнікамі), trejāds ‘траякі’; аднак, хутчэй за ўсё, тут мае месца варыянтнасць асноў *tri‑/*tre‑, параўн. трэці, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тутэ́йшы ‘мясцовы, які жыве тут, не прыезджы’, ‘які ўласцівы гэтай мясцовасці, не прывазны’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Федар. 5, Бяльк., ТС, Касп., Вруб., Байк. і Некр.; акрамя ўсходняй Магілёўшчыны і Гомельшчыны, ЛА, 3), ‘абарыген, карэнны жыхар, тубылец’ (Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел.тутэйшы ‘родам адсюль, тубылец’, ‘які знаходзіцца тут’ (1635 г., ГСБМ). Паводле Карскага (1, 166), запазычана з польск.tutejszy — прыметнік ад tutej ‘тут’, хаця формай нагадвае параўнальную ступень прыметніка тутъ ‘гэты, вось гэты’ з суф. ‑эйш‑. Дзіні (Балтийские яз., 402) звяртае ўвагу на паралельнае літ.šišioniškiai (ад šišionai, šičionai ‘тут, сюды’), якім называюць сябе жыхары раёна Клайпеды. Пра рэгіянальную мадэль tutejsi/tutejšyja ‘die Hiesigen’ на беларуска-польскім паграніччы гл. Трэптэ ў Regionale Bewegungen in Regionalismen in europäischen Zwischenräumen seit der Mitte des 19. Jahrhunderts, Marburg, 2003, 145–157. Параўн. туташні, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БРО́ЎКА (Пятрусь) (Пётр Усцінавіч; 25.6.1905, в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 24.3.1980),
бел. паэт і грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1962). Акад.АН Беларусі (1966, чл.-кар. з 1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Герой Сац. Працы (1972). Скончыў БДУ (1931). З 1918 працаваў перапісчыкам у Велікадолецкім ваен. камісарыяце, справаводам у валвыканкоме, рахункаводам у саўгасе, старшынёй Маладолецкага сельсавета. У 1925 накіраваны на працу ў Полацкі акр.к-т ЛКСМБ. У 1927—28 адказны сакратар газ. «Чырвоная Полаччына». З 1940 рэдактар час. «Полымя». У 1941—42 працаваў у франтавой газ. «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў у партыз. друку. З 1943 адказны сакратар СП БССР, з 1945 рэдактар час. «Полымя». У 1948—67 старшыня праўлення СП БССР, у 1967—80 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».
Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Гады як шторм» і «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» і аповесць «Каландры» (1931). Ранняя лірыка прасякнута матывамі ўслаўлення рэвалюцыі, новай рэчаіснасці. Пераадольваючы пэўную рытарычнасць і рамант. схематызм, паэт авалодваў прынцыпамі канкрэтна-рэаліст. адлюстравання жыцця (зб. «Прыход героя», 1935). У героіка-рамант. паэме «Праз горы і стэп» (1932), прысвечанай падзеям грамадз. вайны, і рэаліст.-быт. Паэме «1914» (1935) канкрэтнасць лірычнага перажывання, праўдзівасць у раскрыцці чалавечых характараў. У зб-ках «Вясна Радзімы» (1937) і «Шляхамі баравымі» (1940) побач з грамадскімі праблемамі значнае месца займае інтымная і пейзажная лірыка. Паэт плённа вучыцца ў Я.Купалы, арганічна засвойвае асаблівасці нар.-паэт. мыслення, часцей звяртаецца да лірыка-песенных формаў. У гады Вял.Айч. вайны паглыбляецца эмацыянальны і рэаліст. змест паэзіі Броўкі, узмацняецца яе патрыят. гучанне. Подзвіг народа, тэма вернасці Радзіме, пераемнасці гераічных традыцый атрымалі глыбокае лірычнае і шырокае эпічнае ўвасабленне ў «Паэме пра Смалячкова» (1943), паэмах «Беларусь» (1943) і «Ясны кут» (1944), вершах «Кастусь Каліноўскі», «Надзя-Надзейка», «Рана», «Магіла байца», «Будзем сеяць, беларусы!». Многія творы Броўкі пасляваен. часу (паэма «Паланянка», 1945; вершы «Парк Перамогі», «Смерць героя») яшчэ звязаны з яго франтавой лірыкай, але пафас творчасці паэта вызначае тэма мірнай працы (паэма «Хлеб», 1946). Працоўны подзвіг народа, барацьба за мір адлюстраваны ў зб-ках «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), рамане «Калі зліваюцца рэкі» (1956, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1959; па матывах рамана балет Г.Вагнера «Святло і цені», паст. 1963). У некаторых творах гэтага часу ілюстрацыйнасць, святочная параднасць, ідэалізацыя дасягненняў. За паэму «Хлеб», вершы «Думы пра Маскву», «Брат і сястра», «Народнае дзякуй», «Каб мне стаць...», «Спатканне» прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1947. У 1960—70-я г. ўзмацнілася ўвага паэта да маральна-этычных, агульначалавечых праблем, шырокае гучанне набыла інтэрнац. тэма. У паэзіі дасягнуў цэласнасці лірычнага характару, гарманічнасці ў выяўленні асабістага і грамадскага. Творчасць Броўкі напоўнілася матывамі, звязанымі з асабістай біяграфіяй, з камсамольскім юнацтвам, маладосцю, авеянымі героікай рэв. барацьбы. Вяршынным дасягненнем творчасці Броўкі сталі зб-кі «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1961, Ленінская прэмія 1962), «Заўсёды з Леніным» (1967), «Між чырвоных рабін» (1969, Дзярж. прэмія БССР імя Я.Купалы 1970), «Калі ласка» (1972), «І ўдзень і ўночы...» і кніга прозы «Разам з камісарам» (1974). У паэме «Голас сэрца» (1960) пранікнёна адгукнулася памяць пра маці, закатаваную ў фаш. канцлагеры. Броўка — паэт высокага грамадз. пафасу, мастак з ярка выяўленай рамант. патэтыкай і песенна-лірычнай накіраванасцю. Яго паэзіі ўласціва адкрытая публіцыстычнасць, маштабнасць, народнасць маст. мыслення, прастата рэаліст. светаадчування. Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны», «Алеся» (з Я.Рамановічам). На бел. мову перакладаў творы Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, П.Тычыны, М.Бажана, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, У.Бранеўскага, Дж.Байрана і інш.Дзярж. прэмія БССР 1976 за ўдзел у выданні Бел.Сав. Энцыклапедыі.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—7. Мн., 1975—78;
Зб.тв.Т. 1—9. Мн., 1987—92.
Літ.:
Ярош М. Пятрусь Броўка: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЬ (Мікалай Васілевіч) (1.4.1809, с. Вялікія Сарочынцы Палтаўскай вобл., Украіна — 4.3.1852),
рускі пісьменнік, пачынальнік крытычнага рэалізму ў рус. л-ры. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1828). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу (1829—31). Выкладаў гісторыю ў Пецярбургскім ун-це (1834—35). З 1836 жыў пераважна за мяжой (Італія, Германія, Швейцарыя, Аўстрыя, Францыя). У 1840 у Вене перажыў цяжкую нервовую хваробу, якая адбілася на яго светаадчуванні і прадвызначыла наступныя душэўныя зрывы. З 1848 у Расіі. Першы твор — паэма-ідылія «Ганц Кюхельгартэн» (1829). Літ. вядомасць прынесла кн. аповесцей «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (ч. 1—2, 1831—32), у якой створаны паэт. вобраз Украіны, яскравыя малюнкі нар. жыцця і побыту, шырока выкарыстаны ўкр. фальклор. Зб-кі «Міргарад» і «Арабескі» (абодва 1835) засведчылі станаўленне пісьменніка на пазіцыях рэалізму і народнасці. У аповесці «Тарас Бульба» (1835, новая рэд. 1842) у эпічна-былінным стылі ўславіў барацьбу ўкр. народа за нац. вызваленне ў 17 ст. Як глыбокі рэаліст і бязлітасны сатырык выступіў у т.зв. «пецярбургскіх аповесцях» («Нос», «Партрэт», «Неўскі праспект», «Запіскі вар’ята» і інш., 1835—42), у «Аповесці пра тое, як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нічыпаравічам» (1834). Наватарскі характар драматургіі камедыі «Рэвізор» (паст. 1836) дазволіў увасобіць у вобразах чыноўнікаў павятовага горада аблічча ўсёй тагачаснай Расіі. Сярод інш.драм. твораў Гогаля камедыі «Жаніцьба», «Гульцы», «Тэатральны раз’езд пасля паказу новай камедыі» (усе 1842) і інш.Маст. адкрыццём стаў вобраз «маленькага чалавека» з аповесці «Шынель» (1842), у якой Гогаль стаў на абарону зняважанай чалавечай годнасці. Вяршыня творчасці Гогаля — паэма-раман «Мёртвыя душы» (т. 1, 1842), дзе ў вобразах надзвычайнай маст. і псіхал. ёмістасці пісьменнік увасобіў маральнае аблічча сучаснага яму грамадства. Духоўныя пошукі 1840-х г. прывялі Гогаля да вывучэння багаслоўскіх прац, гісторыі царквы. Яго «Выбраныя мясціны з перапіскі з сябрамі» (1847) сталі адным з самых палемічных твораў рус. л-ры. У ёй Гогаль выказаў веру ў мажлівасць лепшага ўладкавання Расіі, яе месіянскую ролю, заснаваную на вернасці ідэалам праваслаўя і маральнага ўдасканалення чалавека. Большасць крытыкаў убачыла ў кн. пераход пісьменніка да рэліг. пропаведзі. В.Бялінскі абвінаваціў Гогаля ў крывадушнасці і жаданні стварыць гімн уладам. Грамадскае непрыняцце «Выбраных мясцін...» у многім вызначылі далейшы лёс Гогаля і яго творчасці. За 10 дзён да смерці Гогаль спаліў рукапіс 2-га т. «Мёртвых душ». З імем Гогаля ў рус. л-ры звязана станаўленне крытычнага рэалізму, т.зв.натуральнай школы. М.Чарнышэўскі ўвёў ва ўжытак нават паняцце «гогалеўскі перыяд рускай літаратуры».
Творчасць Гогаля зрабіла ўплыў на бел. л-ру (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Колас, М.Гарэцкі, З.Бядуля, К.Чорны, К.Крапіва, Я.Брыль і інш.). На бел. мову яго творы перакладалі М.Краўцоў, Крапіва, М.Лужанін, М.Машара, М.Паслядовіч, А.Бачыла, П.Місько, В.Рабкевіч і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены кн. Гогаля «Жаніцьба» (1937), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (1950), «Мёртвыя душы» (1950), «Рэвізор» (1951), «Тарас Бульба» (1954) і інш. Першыя пастаноўкі п’ес Гогаля на Беларусі адбыліся ў 19 ст. («Рэвізор», 1848; «Жаніцьба», 1850; «Цяжба», 1853; «Запіскі вар’ята», 1888, і інш.). У 1945 «Рэвізор» паст. ў Бел. т-ры Я.Коласа. У Тэатры-студыі кінаакцёра «Беларусьфільма» ажыццёўлены арыгінальныя пастаноўкі «Запіскі вар’ята» (1983) і «Фантазіі паводле Гогаля» (1987).
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—14. М., 1937—52;
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1984—86;
Бел.пер. — Зачараванае месца // Наша ніва. 1909. № 9;
Тарас Бульба. Рэвізор. Мёртвыя душы. Мн., 1990.
Літ.:
Белинский В.Г. О Гоголе. М., 1949;
Чернышевский Н.Г. Очерки гоголевского периода русской литературы. М., 1953;
Н.В.Гоголь в воспоминаниях современников. М.; Л., 1952;