ЦЭНТР ГІГІЕ́НЫ, ЭПІДЭМІЯЛО́ПІ І ГРАМА́ДСКАГА ЗДАРО́ЎЯ (ЦГЭ і ГЗ),

дзяржаўная комплексная сан.-прафілакт. ўстанова, якая ажыццяўляе санітарны нагляд і забяспечвае сан.-эпідэміялагічны дабрабыт насельніцтва, прафілактыку захворванняў, сан.-гігіенічны маніторынг і інш.

З 2000 у сістэме аховы здароўя Беларусі існуюць рэсп. і абл. ЦГЭ і ГЗ (у іх уключаны цэнтры здароўя і СНІДу), гар. і раённыя, таксама ў некат. ведамасных службах аховы здароўя (усяго 151 у 2003). Дзейнасць ЦГЭ і ГЗ рэгламентуецца законамі Рэспублікі Беларусь, прынятымі ў 2000 «Аб ахове здароўя», «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва», сан. заканадаўствам і інш. Структура: сан.-гігіенічны, эпідэміял. і дэзінфекц. аддзелы; хіміка-аналіт., бактэрыял., радыелагічная і інш. лабараторыі. Праводзяцца лабараторныя і сан.-гігіенічныя даследаванні, мерапрыемствы па прафілактыцы СНІДу, пашырэнні мед. ведаў сярод насельніцтва. Пад кіраўніцтвам ЦГЭ і ГЗ ажыццяўляецца ўзаемадзеянне лячэбных і сан.-прафілакт. устаноў па рэалізацыі праграм аховы здароўя дзяцей, падлеткаў, дарослых, работнікаў прам-сці і інш.

Э.​А.​Вальчук.

т. 17, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́СЕР (Chaucer) Джэфры (каля 1340, Лондан — 25.10.1400),

англійскі паэт, грамадскі дзеяч; заснавальнік агульнаангл. літ. мовы і рэалізму ў англ. л-ры. Быў прыдворным, чл. парламента, займаў шэраг дзярж. пасад. З дыпламат. місіяй наведаў Францыю, Італію, дзе пазнаёміўся з мастацтвам і л-рай Адраджэння. Пад іх уплывам пераклаў помнік сярэдневяковай франц. л-ры «Раман пра Ружу» (каля 1370), напісаў у рэчышчы куртуазнай л-ры элегію «Кніга герцагіні» (1369—70). Аўтар паэм «Дом славы», «Птушыны парламент», «Траіл і Хрызеіда», «Легенда пра добрых жанчын» (усе нап. паміж 1380—86). Вяршыня яго творчасці — «Кентэрберыйскія апавяданні» (1387—1400, выд. 1478), у якіх стварыў рэаліст. галерэю вобразаў людзей усіх класаў і саслоўяў тагачаснай Англіі.

Тв.:

Рус. пер. — Кентерберийские рассказы. М., 1973.

Літ.:

Кашкин И.А. Джефри Чосер // Кашкин И.А. Для читателя-современника. М., 1968;

Сапрыкин Ю.М. От Чосера до Шекспира: Этич. и политич. идеи в Англии. М., 1985.

Дж.Чосер.

т. 17, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭБАКСА́РЫ (чувашскае Шупашкар),

горад, сталіца Чувашыі, у Рас. Федэрацыі, на правым беразе р. Волга. 461,2 тыс. ж. (2001). Рачны порт, чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, ткацкія станкі, электрапрылады і апараты, кабель і інш.), лёгкая (тэкст., швейная, трыкат.), харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. ГЭС. Чувашская АН, Чувашская нац. акадэмія. 3 ВНУ, у іх ліку ун-т. 5 тэатраў. Філармонія. Музеі: маст., краязнаўчы (філіял — В.І.Чапаева, які нарадзіўся ў в. Будайкі, цяпер у межах горада) літаратурны. Арх. помнікі: Увядзенскі сабор (1651), дом Зелейшчыкава (1697), Троіцкі манастыр (17 ст.), цэрквы Уваскрэсення і Міхайла-Архангельская (1702), Успення (1763).

Упершыню ўпамінаецца ў 1469. З 1555 крэпасць Маскоўскай дзяржавы, заселеная стральцамі. У канцы 17—18 ст. гандл. цэнтр Паволжа (соль, хлеб, футра, гарбарная сыравіна, мёд). З 1708 у складзе Казанскай губ., з 1781 павятовы горад. З 1920 цэнтр Чувашскай аўт. вобласці, з 1925 сталіца Чувашыі.

т. 17, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЙБАНІ́ДЫ, Шэйбаніды,

дынастыя узбекскіх ханаў, нашчадкаў Шэйбана (Шыбана) — унука Джучы, брата Батыя. Заснавальнік — Мухамед Шайбані [1451—1510], які ў 1500—01 адваяваў у Цімурыдаў іх сталіцу Самарканд і засн. Шайбанідаў дзяржаву, устанавіў сваю ўладу над усім Маверанахрам і Харасанам. У 1508—09 Шайбані-хан здзейсніў паход на казахаў, у 1510 разбіты пад Мервам іран. шахам Ісмаілам I Сефевідам і забіты. У 1510—30 правіў Кучкунджы-хан, у 1530—33 — яго сын Абусаід, у 1533—39 — Убайдула-хан I. Пры Абдуле-хане II [1583—98] узмацнілася ханская ўлада і значна пашырылася тэрыторыя. Ш. лічылі толькі сябе законнымі наследнікамі Цімурыдаў і ўвесь час ваявалі з Сефевідамі за Харасан і другую сталіцу Цімурыдаў — Герат. Пасля смерці Абдулы-хана і забойства яго сына Абдал-Муміна дынастыя Ш. перастала існаваць. У 1599 да ўлады прыйшлі Джаніды.

Літ.:

Босворт К.Э. Мусульманские династии: Справ. по хронологии и генеалогии Пер. с англ. М., 1971. С. 207—208.

т. 17, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАТЛА́НДСКАЯ ШКО́ЛА,

кірунак у філасофіі Вялікабрытаніі 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Заснавальнік — Т.​Рыд. Яе прадстаўнікі (Дж.​Освальд, Дж.​Біты, Д.​Сцюарт, Дж.​Макінташ, У.​Гамільтан) імкнуліся стварыць філасофію «цвярозага розуму» ў якасці альтэрнатывы саліпсізму Д.​Юма і суб’ектыўна-ідэаліст. суджэнням Дж.​Берклі. У процівагу абстрактна-тэарэт. вучэнням гэтых філосафаў яны абвясцілі асн. катэгорыяй філасофіі «цвярозы розум» як пэўную суму непарушных ісцін, крыніцай якіх з’яўляецца непасрэдная унутр. верагоднасць, што бярэ свой пачатак ад самога Бога, таму што дзякуючы яму яна стала неабходнай часткай чалавечай прыроды. Прадстаўнікі Ш.ш. ставілі пад сумненне навук. характар філасофіі, распрацоўвалі сістэму доказаў існавання Бога, душы, мэтазгоднасці ўсяго існага і адначасова абаранялі ад нападкаў суб’ектыўнай філасофіі філас. палажэнне аб існаванні незалежнага ад свядомасці матэрыяльнага свету. Асн. месца ў іх філас. канцэпцыі належыць сцвярджэнню існавання відавочных рэліг. і маральных ісцін, што крытыкаваліся філосафамі-матэрыялістамі.

В.​І.​Боўш.

т. 17, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВЕ́ДСКА-НАРВЕ́ЖСКАЯ УНІЯ 1814—1905,

дзяржаўна-прававое аб’яднанне Швецыі і Нарвегіі на падставе рэальнай уніі. Навязана Нарвегіі Швецыяй у выніку швед.-нарв. вайны 1814, набыла сілу 4.11.1814 з выбраннем каралём Нарвегіі швед. караля Карла XIII.

Адносіны бакоў у уніі рэгуляваў «Дзярж. акт» (Rikzakt) ад 6.8.1815, прыняты парламентамі абедзвюх дзяржаў. Швецыя і Нарвегія мелі агульнае дыпламат. ведамства, кожная з іх захоўвала свае законы, кіраванне, суды, царкву. Нарв. армія (афіцэры — толькі нарвежцы) знаходзілася пад камандаваннем караля, але яе выкарыстанне па-за межамі Нарвегіі патрабавала санкцыі нарв. сторцінга (парламента). Прызначэнне каралём членаў нарв. ўрада праводзілася паводле рэкамендацыі сторцінга, які захаваў таксама права распараджацца фінансамі краіны і даваць нарв. грамадзянства. 7.6.1905 сторцінг, які абапіраўся на моцны антышвед. рух у краіне і падтрымку ўрадаў Расіі і Вялікабрытаніі, абвясціў аб разрыве уніі. За яе спыненне амаль аднагалосна выказаліся ўдзельнікі плебісцыту ў Нарвегіі (13.8.1905). Скасаванне уніі аформлена швед.-нарв. Карльстадскімі пагадненнямі 1905.

т. 17, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПАКІ́ (Sturnus),

род птушак сям. шпаковых атр. вераб’інападобных. 14 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — Ш. звычайны (S. vulgaris); інтрадукаваны таксама ў Паўн. Амерыцы, Паўд. Афрыцы, Аўстраліі, Новай Зеландыі, на многіх акіянічных астравах. Жыве ў разрэджаных лясах, садах, парках, антрапагенных ландшафтах.

Даўж. цела Ш. звычайнага да 24 см, маса да 85 г. Апярэнне чорнае з зеленавата-сінім або фіялетавым метал. бляскам і светлымі стракацінамі па краях пёраў, у маладых — цёмна-бурае. Целасклад шчыльны, шыя кароткая, ногі моцныя, 4-пальцыя, з буйнымі кіпцюрамі. Дзюба вострая, тонкая і доўгая, крыху загнутая ўніз, жоўтая. Крылы доўгія, завостраныя Хвост кароткі. Нясе да 8 (часцей 5—6) яец. Корміцца рознымі беспазваночнымі і расл. кормам (ягадамі вішні, чарэшні, вінаграду). Карысць Ш. значна большая за шкоду, і чалавек прываблівае іх, будуе шпакоўні і дуплянкі. Некат. Ш. могуць пераймаць галасы інш. птушак, жывёл і чалавека.

т. 17, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПІТА́ЛЬ (ням. Spital ад лац. hospitalis гасцінны),

1) медыцынская ўстанова для стацыянарнага лячэння ваеннаслужачых (іх сем’яў), таксама для рабочых і служачых сілавых ведамстваў. Вылучаюць Ш. ваен., ваен.-марскія, авіяц., МУС, КДБ, пагранічных войск; рэсп., гал., гарнізонныя і інш. Ёсць Ш. для інвалідаў вайны. Адрозніваюць адна- і шматпрофільныя, стацыянарныя і рухомыя (у дзеючых войсках, напр., хірург. палявы рухомыя Ш.). Мае клінічныя аддзяленні (тэрапеўт., хірург. і інш.), у некат. — паліклінікі, лабараторыі і інш. У Ш. праводзіцца ўрачэбная экспертыза, навук. даследаванні і інш. 2) Установа для апекі над састарэлымі, бяздомнымі, беднымі і хворымі на Беларусі ў 15—18 ст. Засн. ў Брэсце (1495), Зэльве (1508), Мінску (1513) на ахвяраванні свецкіх феадалаў, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмаў, кляштараў і інш. У 1-й пал. 17 ст. ў гарадах Беларусі было па некалькі Ш. (напр., у Мінску 5); у канцы 18 ст. на Беларусі было каля 370 шпіталяў.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАРБІ́НА Валянцін Мікалаевіч (6.2.1908, г. Харкаў, Украіна — 19 5.1976),

бел. геолаг і геахімік. Чл.-кар. АН Беларусі (1956), д-р геолага-мінералаг. н., праф. (1953). Скончыў Харкаўскі ун-т (1933). З 1934 у геал. арг-цыях на Украіне, у Казахстане, Літве, Кіргізіі. У 1955—64 заг. сектара геалогіі і геахіміі мінер. солей Ін-та геал. навук АН Беларусі. Даследаваў Прыпяцкі саляны басейн і Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей, асаблівасці саставу і будовы саляносных адкладаў і калійных гарызонтаў, умовы іх утварэння, мінералогію і петраграфію галагенных парод і саляных глін.

Тв.:

Строение соляной толщи Старобинского месторождения калийных солей // Изв. вузов. Сер Геология и разведка. 1960. №11;

Геохимический профиль коры выветривания соленосной толщи Старобинского месторождения калийных солей // Материалы семинара по геохимии гипергенеза и коры выветривания. Мн., 1969;

Вертикальная геохимическая зональность коры выветривания соленосной толщи Старобинского месторождения калийных солей // Докл. АН БССР. 1970. Т. 14, №10.

т. 17, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧЫЛІНАРЭ́ЗНАЯ МАШЫ́НА,

машына для наразання шчылін шырынёй да 300 мм у мёрзлых і трывалых грунтах з мэтай падрыхтоўкі іх да распрацоўкі землярыйнымі машынамі, а таксама для шчылінавання глебы. Бываюць баравыя (рабочыя органы — бясконцыя ланцугі з разцамі, або бары) і дыскафрэзерныя (з дыскавымі фрэзамі).

Манціруюцца на базе колавых і гусенічных трактароў або ланцуговых траншэйных экскаватараў. Баравыя Ш.м. звычайна маюць 1—4 рабочыя органы, яны выкопваюць адну траншэю-шчыліну або некалькі паралельных глыб. да 1,7 м Дыскафрэзерныя больш прадукцыйныя і зносаўстойлівыя, маюць 1—3 дыскавыя фрэзы, праразаюць шчыліны глыб. да 1,1 м. Прывод рабочых органаў — ад вала адбору магутнасці трактара.

Літ.:

Купченко А.И., Вавилов А.В. Механизация мелиоративных и водохозяйственных работ. Мозырь, 2000.

В.​М.​Кандрацьеў.

Шчылінарэзныя машыны: а — з баравым рабочым органам (1 — гідрацыліндр, 2 — рэдуктар прывода рабочага органа, 3 — баравы ланцуг); б — з дыскафрэзерным рабочым органам (1 — ланцуговая перадача прывода, 2 — гідрацыліндр, 3 — дыскі з зубамі).

т. 17, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)