гельмінтозная хвароба чалавека і жывёл, пры якой пашкоджваецца тонкі кішэчнік. Узбуджальнік — нематоды з роду анкіластом (Ancylostoma). Сустракаецца пераважна ў раёнах з цёплым і вільготным кліматам, на Беларусі адзначаецца ўсюды. Прыкметы: ірвота, паносы з прымешкамі крыві ў фекаліях, схудненне. Яйцы паразіта з калам інвазіраваных чалавека і жывёл трапляюць у вонкавае асяроддзе, з іх развіваюцца рухомыя лічынкі, якія праз рот ці скуру пранікаюць у арганізм гаспадара і ператвараюцца ў кішэчніку ў палаваспелых анкіластом. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫЯ ФА́КТАРЫ,
рухальныя сілы, якія ўплываюць на прыродныя працэсы і паходжаннем звязаны з існаваннем і дзейнасцю чалавека. Сукупны ўплыў антрапагенных фактараў фарміруе антрапагеннае ўздзеянне на прыроду, што адбываецца ў комплексе з абіятычнымі і біятычнымі фактарамі і характарызуецца цеснай сувяззю і ўзаемазалежнасцю паміж імі. Адмоўнае і станоўчае значэнне антрапагенных фактараў для існавання жывых арганізмаў і чалавека выяўляецца на ўзроўні асобных экасістэм (найб. яскрава) і біясферы ў цэлым, улічваецца пры планаванні і распрацоўцы мерапрыемстваў па ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПРАТО́Н ( або ),
антычасціца, якая мае спін і масу, роўную спіну і масе пратона і адрозніваецца ад яго знакамі эл. зараду, барыённага зараду і магнітнага моманту. Адкрыты ў 1955 амер. вучонымі. Паводле закону захавання ліку барыёнаў, антыпратон можа нарадзіцца толькі ў пары з пратонамі (ці нейтронам, калі дазваляе закон захавання эл. зараду) і пры яго сутыкненні з пратонамі і нейтронамі (нуклонамі) ядраў рэчыва адбываецца анігіляцыя і ўтвараюцца 4—5 пі-мезонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫСЕПТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, антысептыкі,
хімічныя рэчывы з процімікробным дзеяннем. Адрозніваюць антысептычныя сродкі з бактэрыястатычным (затрымліваюць рост і развіццё мікраарганізмаў) і бактэрыцыдным (знішчаюць мікраарганізмы) дзеяннем. Як антысептычныя сродкі ў медыцыне выкарыстоўваюцца для абеззаражвання ран, скуры, пры гнойна-запаленчых працэсах, для дэзінфекцыі ёд, хлор, пераксід вадароду, марганцавакіслы калій, сулема, спірты, карболавая кіслата і інш.; для кансервавання прадуктаў — воцатная, бензойная, саліцылавая кіслоты; для захавання драўніны, скуры, пластмасы, тэкст. вырабаў — фторысты натрый, медны купарвас, антрацэнавае, сланцавае масла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІСТАРХО́З,
гельмінтозная прыроднаачаговая хвароба жывёл і чалавека; выклікаецца трэматодай апістархам кашэчым з сям.апістархідаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Ачагі апістархозу на Беларусі пераважна ў бас. рэк Дняпро, Прыпяць, Нёман, Зах. Буг, Браслаўскіх азёраў. Характарызуецца пашкоджаннем печані, жоўцевага пузыра, падстраўнікавай залозы, алергічнымі рэакцыямі. Заражэнне адбываецца пры спажыванні сырой, недастаткова праваранай і прасоленай рыбы. Развіццё ўзбуджальніка адбываецца з удзелам прамежкавага (малюск бітынія) і дадатковага (рыба) гаспадароў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Да арт.Апістархоз. Цыкл развіцця апістарха кашэчага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРО́ШЧАННЕў мовазнаўстве,
марфалагічны працэс; знікненне межаў паміж марфемамі, у выніку чаго з дзялімай асновы атрымліваецца недзялімая. Напр., бел. «воблака» <*ob=vlakъ<*ob=volkъ. Апрошчанне — частая з’ява пры запазычанні: бел. «варштат» < польск. warsztat < ням. Werkstatt ням. Werk ‘праца’ + Stätte ‘месца’. З апрошчваннем звязаны працэс дээтымалагізацыі і страты сувязі паміж роднаснымі словамі (бел. «трава — атрута», рус. «нож — заноза») і фузійны тып далучэння марфем (гл.Фузія). Тэрмін прапанаваны В.А.Багародзіцкім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДА́ШНЯ,
на Беларусі ў 18 — 1-й пал. 19 ст. прадпрыемства па вытв-сці ардашу (вышэйшага гатунку паташу), які выкарыстоўвалі ў вырабе шкла, мыла, сукна, фарбаў, фарфору, пры апрацоўцы скур, адбельванні тканін і інш. На ардашні было 6—9 медных і жал. катлоў, кадкі для драўнянага попелу, з якога выраблялі ардаш; працавалі 9—10 чал. У 1740—80 ардашні найб. пашыраны ў Крычаўскім, Прапойскім, Чачэрскім староствах, Быхаўскім, Копыскім, Любавіцкім графствах, Гродзенскай эканоміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛПРАМБУДПРАЕ́КТ, Беларускі праектны інстытут Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1945 у Мінску як праектная кантора Гал. ўпраўлення мясц. прам-сці прыСМБССР. У 1961—91 Бел. праектна-тэхнал.ін-тмясц. прам-сці «Белмясцпрампраект». Асн. кірункі дзейнасці: комплекснае праектаванне прамысл. прадпрыемстваў, аб’ектаў сац.-культ. прызначэння, жылых будынкаў для прамысл. прадпрыемстваў; распрацоўка механізмаў і машын для аб’ектаў буд-ва, канструктарскай дакументацыі, а таксама праектна-каштарыснай дакументацыі на тэхн. перааснашчэнне і рэканструкцыю дзеючых прамысл. прадпрыемстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНКА́РТ, банкарт (ням. Bankart),
назва пазашлюбнага дзіцяці на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 19 ст. Прававое становішча банкарта рэгулявалася Статутамі ВКЛ. Банкарты не мелі права быць спадкаемцамі бацькі, атрымліваць у спадчыну шляхецкія правы, аднак маглі быць спадкаемцамі маці, што адпавядала норме рымскага права. Пры ўмове, калі бацька банкарта возьме законны шлюб з яго маці, правы банкарта падлягалі легітымацыі (узаконенню). Гэта норма была анулявана ў час праўлення Стафана Баторыя [1575—86], аднак на практыцы ажыццяўлялася праз набілітацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́СЕЛЬ ((Bessel) Фрыдрых Вільгельм) (22.7.1784, г. Міндэн, Германія — 17.3.1846),
нямецкі астраном, геадэзіст і матэматык. Чл. Берлінскай АН (з 1812), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1814). З 1810 праф. Кёнігсбергскага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі. Вылічыў арбіту каметы Галея. Распрацаваў тэорыю сонечных зацьменняў, тэорыю і метады ўліку інструментальных і інш. памылак прыастр. назіраннях, тэорыю спец. цыліндрычных функцый (Беселя функцый). Адзін з першых вызначыў зоркавы паралакс (1838), элементы зямнога сфероіда, масы планет.