кабальныя людзі, катэгорыя феадальна залежнага насельніцтва ў Рус. дзяржаве 15—17 ст. За грашовую пазыку селянін павінен быў асабіста адпрацоўваць крэдытору працэнты і станавіўся К.х. да таго часу, пакуль не верне пазыку. Найчасцей ён не меў магчымасці вярнуць пазыку, бо яго заробак ішоў на выплату працэнтаў. Залежнасць К.х. вызначалася спец. дакументам — кабальнай граматай (кабалой) і запісам у кабальныя кнігі. Паводле ўказаў 1586 і 1597 К.х. абавязаны былі працаваць на пазыкадаўцаў да іх смерці, нават пры ўмове выплаты пазыкі. Злоўленых беглых К.х. пазыкадаўцы ператваралі ў поўных халопаў. Паводле Саборнага ўлажэння 1649 валодаць К.х. маглі толькі духоўныя землеўладальнікі. У пач. 18 ст. К.х. прыраўнаваны да прыгонных сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКСАВА́ННЕ,
хімічная перапрацоўка выкапнёвага паліва (пераважна каменнага вугалю і цяжкіх прадуктаў нафтаперапрацоўкі) награваннем да 900—1050 °C без доступу паветра. У выніку атрымліваюць кокс (70—80%), коксавы газ (15—25%) і вадкія пабочныя прадукты (каля 3%), якія з’яўляюцца каштоўнай хім. сыравінай (у асноўным каменнавугальная смала і бензол).
К. каменнага вугалю робіцца ў некалькі стадый у коксавых печах, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — у метал. коксавых кубах або спец. печах (з атрыманнем нафтавага коксу). Узнікла ў 18 ст. (у Вялікабрытаніі і інш.), каб замяніць мінер. палівам драўняны вугаль, для атрымання якога ішло масавае вынішчэнне лясоў. У сучасным выглядзе працэс К. склаўся да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЭ́Н (Loren; сапр.Шыкалоне; Scicolone) Софія
(н. 20.9.1934, Рым),
італьянская кінаактрыса. У кіно з 1949. Выканала драм. і трагікамічныя ролі жанчын з народа, неапалітанак і рымлянак у фільмах рэж. В. Дэ Сікі: «Золата Неапаля» (1954), «Чачара» (1960, прэмія Оскар), «Учора, сёння, заўтра» (1963), «Шлюб па-італьянску» (1964), «Сланечнікі» (1969), «Паездка» (1974). Здымалася ў фільмах галівудскіх рэжысёраў («Гордасць і пачуццё», «Каханне пад вязамі», «Чорная архідэя», усе 1958; «Ключ», 1959, і інш.), меладрамах, прыгодніцкіх і інш. («Субота, нядзеля, панядзелак», 1990; «Прэт-а-партэ», 1995) кінастужках. Прэміі Міжнар. кінафестываляў у Венецыі (1958), Канах (1961), Маскве (1965), Сан-Себасцьяне (1974). Спец. прэмія Оскар (1990). Аўтар успамінаў (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСІЛАФО́Н [ад ксіла... + ...фон(ы)],
самагучальны ўдарны муз. інструмент. Складаецца з храматычна настроеных драўляных брусочкаў рознай даўжыні, размешчаных вертыкальна ў 4 рады на жгутах з саломы (рагожы, гумы). Іграюць на К. драўлянымі палачкамі з патаўшчэннямі на канцах. Шырока вядомы ў многіх народаў свету. У еўрап. сольную канцэртную практыку ўведзены ў 1830-я г. М.Гузікавым, у сімф. аркестр — у канцы 19 ст. Сучасны аркестравы К. мае да 49 брусочкаў, размешчаных звычайна ў 2 рады (накшталт фп. клавіятуры) і прымацаваных да спец. рамы. Асн. разнавіднасці — марымба (з рэзанатарамі — меднымі гільзамі, прымацаванымі пад брусочкамі) і тубафон (з трубкамі замест брусочкаў). Дыяпазон да 4 актаў (ад с1).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРА́ЕЎ (Уладзімір Георгіевіч) (3.6.1899, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 25.3.1963),
партыйны і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў спец. курсы пры ЦКВКП(б) (1950). З 1925 на прафс. рабоце. З 1933 на парт. рабоце ў Чырвонаслабодскім, Глускім і Парыцкім р-нах. З 1940 2-і сакратар Мінскага, 1-ы сакратар Палескага, Беластоцкага абкомаў КП(б)Б. З 1943 1-ы сакратар Беластоцкага, Віцебскага абкомаў КП(б)Б. З 1950 1-ы нам., з 1952 нам. старшыні СМБССР. У 1956—58 міністр хлебапрадуктаў БССР. Чл.ЦККПБ у 1949—60. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—59, Вярх. Савета СССР у 1946—54.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАЗДЫ́МКА,
бесперапыннае фатаграфаванне на кінаплёнку шэрагу паслядоўных кадраў, якія адлюстроўваюць фазы руху аб’екта ці змены яго стану; этап стварэння кінафільма. Выконваецца з дапамогай кіназдымачнага апарата.
Бывае К. сінхронная (робіцца адначасова з гуказапісам) і нямая (без гуказапісу, з наступным агучваннем ці пад папярэдне запісаную фанаграму). Адрозніваюць К. пакадравую, запаволеную (менш як 24 кадры за секунду), нармальную (24—25), паскораную (да 120—150), скарасную (750—10 000) і высокаскарасную (больш за 10 000). Да спец. відаў К. адносяць падводную, камбінаваную, мікра-, рэнтгена-, стэрэакіназдымку, здымку ў інфрачырвоных і ультрафіялетавых прамянях. Паводле пазіцыі кіназдымачнай камеры адрозніваюць К. статычную, дынамічную і панарамную, паводле месца выканання — натурную і павільённую (гл.Кінастудыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛАРО́ДНАЯ ТЭРАПІ́Я, аксігенатэрапія,
выкарыстанне кіслароду ў лекавых мэтах; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Уваходзіць у склад тэрміновай, амбулаторнай ці стацыянарнай мед. дапамогі. Накіравана на папярэджанне развіцця ці ліквідацыю адмоўных вынікаў гіпаксіі; выкарыстоўваецца як асн. або спадарожны сродак аэразольтэрапіі, баратэрапіі, клімататэрапіі, рэанімацыі і інш., эфектыўная пры лёгачных і сардэчна-сасудзістых хваробах, траўматычным і шокавым стане, гангрэнах, некат. вострых атручэннях, парушэннях дыхання і кіслароднага балансу ў арганізме, вышыннай хваробе, таксікозе цяжарных і інш.Асн. метады К.т.: інгаляцыі кіслародна-паветраных сумесей, штучная вентыляцыя лёгкіх (актыўная ці пасіўная, пры дапамозе кіслародных падушак, спец. кіслародна-дыхальных апаратаў і без іх). Складаныя метады К.т. накіраваны на карэкціроўку абмену рэчываў, стабілізацыю працэсаў дыхання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСО́ВІЧ (Пётр Самсонавіч) (28.9.1862, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 26.8.1915),
расійскі аграхімік, глебазнавец і фізіёлаг раслін. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). У 1891—94 у Маскоўскім ун-це, з 1902 праф. Пецярбургскага ляснога ін-та. У 1897 арганізаваў с.-г.хім. лабараторыю для вывучэння аграхім. уласцівасцей глеб Расіі. Даказаў, што свабодны азот бабовыя расліны засвойваюць толькі праз карані, на якіх ёсць спец. клубеньчыкі (1889—91); вызначыў растваральную ролю фізіялагічна кіслых аміячных угнаенняў, якія ўносяцца разам з фасфарытам. Першым у Расіі даследаваў кругаварот серы і хлору ў прыродзе (1913).
Тв.:
Краткий курс общего почвоведения. 2 изд. Пг., 1916.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТАНЬЕ́ТЫ (ісп. castanetas ад лац. castanea каштан),
ударны муз. інструмент. Найб. пашыраны ў Іспаніі, а таксама ў Паўд. Італіі і краінах Лац. Амерыкі. Складаюцца з 2 пар (бо́льшая для левай рукі) драўляных ці пластмасавых пласцінак у форме ракавін, змацаваных папарна шнурком, пад які прасоўваюць вял. палец так, каб К. злучаліся асновамі, а канцы іх крыху разыходзіліся. Гук атрымліваюць ударамі ракавін адна аб адну з дапамогай інш. пальцаў. Правай рукой выконваюць рытмічны малюнак, левай — яго апорныя долі. Выкарыстоўваюць К. для суправаджэння танцаў. У еўрап.сімф. аркестрах выкарыстоўваюць аркестравыя К., замацаваныя папарна на канцах спец. дзяржання, пры лёгкім патрэсванні якога здабываецца гук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОН (Ігар Сямёнавіч) (н. 21.5.1928, С.-Пецярбург),
расійскі філосаф, сацыёлаг і псіхолаг. Д-рфілас.н. (1960), праф. (1963). Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1947). Працаваў у многіх ВНУ і НДІ, у 1975—93 у Ін-це этналогіі і антрапалогіі РАН. Даследуе праблемы гісторыі зах. сацыялогіі, тэорыі асобы і самасвядомасці, псіхалогіі юнацкага ўзросту, антрапалогіі дзяцінства і сексалогіі. Філас. праблемы быцця чалавека разглядае на матэрыяле спец. навук пра чалавека і грамадства, праводзіць ідэю інтэрдысцыплінарнасці.