частка прылады, прызначаная для адліку яе паказанняў. Адліковае прыстасаванне аналогавай прылады складаецца са шкалы і паказальніка (стрэлка, прамень святла), пры гэтым рухомымі могуць быць паказальнік або шкала. Адліковае прыстасаванне лікавай прылады дае паказанні непасрэдна ў лікавай форме з дапамогай мех., эл. і электрамех. індыкатараў.
Светлавое адліковае прыстасаванне: 1 — крыніца святла; 2 — аптычнае прыстасаванне з ніткай або кап’ём (3); 4 — люстэрка, замацаванае на рухомай частцы вымяральнага механізма; 5 — шкала з спраектаваным на яе відарысам ніткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛЮСТРАВА́ННЕў матэматыцы,
закон, паводле якога кожнаму элементу x мноства X адпавядае пэўны элемент y= мноства Y (пры гэтым X можа супадаць з Y). Адлюстраванне наз. ін’ектыўным, калі з таго, што элементы a і b мноства Х розныя, выцякае, што 𝑓(a) і 𝑓(b) — розныя элементы мноства Y; сюр’ектыўным, калі кожны элемент мноства Y — вобраз якога-н. элемента мноства X; біекцыяй або біектыўным — калі адлюстраванне адначасова ін’ектыўнае і сюр’ектыўнае і г.д.Гл. таксама Функцыя, Аператар, Пераўтварэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗБУКІН (Мікалай Васілевіч) (1894, Бабруйск — 24.11.1943 ?),
бел. географ, краязнавец. У 1912—17 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. З 1917 выкладаў у Бабруйскай гімназіі, у 1921—30 на кафедры геаграфіі Інбелкульта і АН Беларусі. Адзін з арганізатараў краязнаўчага руху на Беларусі, чл.Цэнтр. бюро краязнаўства прыАН Беларусі. Асн. працы па геаграфіі Беларусі і інш. краін: «Геаграфія Еўропы» (1924), «Геаграфія пазаеўрапейскіх краёў» (у сааўт.), «Паселішчы гарадскога тыпу ў БССР» і інш. У 1930 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАМАДА́ЦЫЯ (ад лац. accomodatio прыстасаванне),
розная ступень прыпадабнення суседніх зычных ці галосных; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Пры максімуме акамадацыі паміж імі ўзнікаюць т.зв. глайды (прамежкавыя напаўгалосныя гукі), якія з’яўляюцца рэалізацыяй агульных для зычных і галосных дыферэнцыяльных адзнак. Для стараж. моў ступень акамадацыі вызначаецца на аснове ўскосных паказчыкаў, для сучасных — інструментальна або з дапамогай аўдытара. Прыкладам акамадацыі можа служыць бел.цеканне і дзеканне.
Літ.:
Мартынов В.В. Славянская и индоевропейская аккомодация. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АВАНГА́РД»
(Vanguard),
серыя амерыканскіх штучных спадарожнікаў Зямлі (ШСЗ) для вывучэння каляземнай прасторы і іх ракет-носьбітаў. Першы амер.ШСЗ належаў да тыпу «Авангард» (снеж. 1957). З 11 запушчаных «Авангардаў» на арбіту выйшлі 3(1959).
Маса ШСЗ 1,5 — 23 кг. 1-я і 2-я ступені ракеты-носьбіта «Авангард» вадкасныя, 3-я — цвердапаліўная; макс. карысны груз каля 11 кгпры вывадзе на арбіту выш. да 500 км; стартавая маса 10,2 т, даўжыня 22,4 м, дыяметр корпуса 1,14 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААГА́МІЯ (ад аа... + ...гамія),
тып палавога працэсу (спосаб палавога размнажэння), пры якім зліваюцца розныя па памерах, форме і паводзінах палавыя клеткі (гаметы) і ўтвараецца зігота. Жаночая гамета — буйная, нерухомая (без жгуцікаў) яйцаклетка (яйцо). Мужчынская гамета (сперматазоід) — значна драбнейшая, звычайна рухомая (з 1 або некалькімі жгуцікамі), радзей без жгуцікаў (у некаторых ніжэйшых раслін і некаторых вышэйшых ракаў) або прадстаўлена толькі генератыўным ядром унутры пылковай трубкі (у многіх голанасенных і ўсіх пакрытанасенных). Аагамія ўласціва шматклетачным жывёлам, вышэйшым раслінам і многім ніжэйшым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБД АЛЬ-КЕРЫ́М (1881 або 1882 — 7.2.1963),
паліт. і дзярж. дзеяч Марока. Атрымаў багаслоўскую адукацыю. За заклікі да вызв. барацьбы ў 1915 зняволены. У 1921 узначаліў вызв. барацьбу рыфскіх плямёнаў супраць ісп., з 1925 франц. каланізатараў. Прэзідэнт (эмір) [1921—26] Рыфскай рэспублікі. У 1926 захоплены французамі і сасланы на в-аў Рэюньён. У 1947 атрымаў дазвол на выезд у Францыю пры ўмове, што не будзе займацца паліт. дзейнасцю. Уцёк і пасяліўся ў Каіры, дзе ўзначаліў (1948—56) Камітэт вызвалення Арабскага Магрыба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБДАРАХМА́Н IIIан-Насір
(Перамаганосны; 7.1.891—961),
эмір (з 912), халіф (з 929) Кардоўскага эмірата. У выніку 30-гадовай барацьбы з мясц. феадаламі і плямёнамі аднавіў адзінства эмірата, які распаўся пры яго папярэдніках. Падначаліў Сеуту (Марока), Таледа (Іспанія); яму плацілі даніну Леон і Навара. Устанавіў дыпламат. адносіны з Візантыяй і Атонам I у Германіі. Стварыў мацнейшы на Міжземным моры флот. Сфарміраваў гвардыю з еўрап. (пераважна славянскіх) рабоў. Спрыяў развіццю навук і мастацтва. Яго праўленне — вяршыня магутнасці кардоўскіх Амеядаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕЙС (ням. Gneis),
горная парода з сланцаватай тэкстурай, утвораная пры метамарфізме магматычных (ортагнейсы) або асадкавых (парагнейсы) парод, паводле саставу блізкая да гранітаў. Складаецца з палявых шпатаў, кварцу і цемнаколерных мінералаў (біятыт, рагавая падманка, піраксен). Прымесі — гранаты, кардыерыт, стаўраліт, дыстэн і інш. Колер шэры да цёмнага, светла-ружовы. Шчыльн. 2500—2900 кг/м³. Пашыраныя пароды найб.стараж. участкаў зямной кары. На Беларусі разам з інш. пародамі складаюць дакембрыйскі крышт. фундамент. Прыдатныя на выраб друзу, тратуарных пліт, як абліцовачны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАА́ГСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МІЖНАРО́ДНАГА ПРА́ВА,
няўрадавая ўстанова па вывучэнні міжнар. права і міжнар. адносін. Засн. ў 1923 у г.Гаага на сродкі і пад эгідай Фонду Карнегі. Ажыццяўляе навук. даследаванні па міжнар. прыватным і публічным праве, садзейнічае паляпшэнню ўзаемаразумення паміж юрыстамі і юрыд. арг-цыямі розных краін. Штогод у летнія месяцы ў акадэміі чытаюць лекцыі (на англ. і франц. мовах) вядучыя юрысты-міжнароднікі з розных краін свету. Мае кансультатыўны статус прыЮНЕСКА. З 1923 выдае зборнікі лекцый.