выраб рэчаў утылітарнага і дэкар. характару злучэннем палос эластычнага матэрыялу пад прамым ці косым вуглом; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Адрозніваюць П. ручное і машыннае. Матэрыялы для П. — лаза, салома, чарот, карані дрэў, лыка, мачала, бяроста, лучына, стружкі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, скура, ніткі і інш. У 1970—80-я г. шырока ўжываюцца і сінтэт. матэрыялы. Пашырана ў многіх народаў, папярэднічала ткацтву. Шырока вядома маст. пляценне народаў Усходу, атаксама пляценне карункаў у Расіі.
На Беларусі вядома з неаліту (выяўлены рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Найб. захаваліся вырабы 19—1-й пал. 20 ст. Пашырана было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гасп. пабудоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі П. выраблялі лазовыя палукашкі для вазоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на збожжа, агародніну (кашы, кашолкі, сявенькі, карзіны), мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і інш. Разнастайным камбінаваннем тэхнік П. вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, якія скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі розныя геам. фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, таніравалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі. Вырабамі мэблі з лазы славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража (Віцебскі р-н), кузаваў — Давыд-Гарадка (Столінскі р-н), Лахвы (Лунінецкі р-н). З саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (гл.Саломка мастацкая). З сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е), з бяросты — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), ёю ж апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянкі). З рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы: каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэў, арэшніку. З лыка, вяровак плялі лапці, са скуры дэталі конскай вупражы, бізуны. Узоры П. вызначаюцца прыгожым шахматным, спіральным, дыяганальным малюнкам. Вял. пашырэнне мела П. з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і інш.Найб. простым прыёмам з’яўляецца віццё (суканне) — злучэнне дзвюх ці болей пасмаў у шнур. Суканыя шнуры і вяровачкі выкарыстоўваліся як дэкар. элементы на адзенні (разнастайныя нашыўкі), абрусах, ручніках (для кутасоў, махроў). З каляровых нітак вілі шнуркі для завязак на адзенні і паяскоў. Плоскія пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў, завязак, шнуркоў, нашывак на адзенне. Больш складаны від пляцення засн. на выгінанні суцэльных нітак у петлі, якія пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак (вязанне). Разнастайныя рэчы утылітарнага і маст. характару вырабляліся ў тэхніцы вузельчыкавага П. — завязвання вузлоў рознай канфігурацыі. З дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбацкія сеткі (Паазер’е). Такім чынам сплеценыя сеткі, нацягнутыя на раму, прызначаныя для абрусаў, сурвэтаў, пакрывалаў, аздаблялі вышыўкай насцілам ці крыжыкам з каляровых шарсцяных нітак. З развіццём прамысловасці П. захоўваецца як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і займае значнае месца ў маст. прамысловасці рэспублікі. Сурвэткі, абрусы, лазовыя кошыкі на садавіну і гародніну, цукерачніцы, хлебніцы, саламяныя капелюшы, шкатулкі і інш. плеценыя вырабы выпускаюць ф-кі маст. вырабаў. Некат. вытв. аб’яднанні вырабляюць мэблю з лазы. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае П. — макрамэ. Найб. вядомыя бел. майстры П.: Т.Агафоненка, К.Арцёменка, А.Белановіч, С.Галанчанка, В.Гаўрылюк, Л.Главацкая, М.Кулак, Н.Ліцюк, Л.Лось, У.Лук’янец, Г.Сапун, Л.Скрыпнічэнка, В.Сташкевіч, Т.Федаркова і інш.
Літ.:
Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995;
Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Пляценне мастацкае. Саламяны посуд. 1-я пал. 20 ст. Цэнтральная Беларусь.Да арт.Пляценне мастацкае. Т.Агафоненка. Маска «Казёл». 1978.Да арт.Пляценне мастацкае. Посуд з сасновай лучыны. Вёска Шахноўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-КІТС І НЕ́ВІС (Saint Kitts and Nevis), Федэрацыя Сент-Кітс і Невіс (Federation of Saint Kitts and Nevis),
дзяржава ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх астравоў ва ўсх.ч. Карыбскага м.Пл. 261,6 км². Нас. 38,8 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, пашыраны яе мясц.дыялект. Сталіца — г.Бастэр (на в-ве Сент-Кітс). У адм. адносінах падзелена на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (19 верасня).
Дзяржаўны лад. Канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1983. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход з 3 сенатараў (прызначаюцца ген.-губернатарам) і 11 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік парламенцкай большасці). Жыхары в-ва Невіс маюць уласныя заканад. і выканаўчыя органы. Губернатара прадстаўляе прызначаны ім намеснік.
Прырода. А-вы Сент-Кітс (168,4 км²) і Невіс (93,2 км²) вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1156 м на в-ве Сент-Кітс). Клімат трапічны, пасатны, гарачы. Сярэднія месячныя т-ры 18—24 °C, ападкаў ад 700 да 1200 мм за год. Горныя схілы ўкрыты трапічнымі лясамі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі.
Насельніцтва. Асн. народ сенткітсцы, пераважна негры (86%) і мулаты. Вернікі — пратэстанты (англікане і метадысты) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,34% (1999). Сярэдняя шчыльн. 148 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 34%. У сельскай гаспадарцы і прам-сці занята 31% працоўных, у абслуговых галінах 69%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.
Гісторыя. Стараж. насельніцтва — індзейцы аравакі і карыбы, большасць якіх знішчана еўрап. каланізатарамі. В-аў Сент-Кітс адкрыты Х.Калумбам у 1493. У 1623 тут заснавалі сваё пасяленне англічане, у 1624 — французы. Доўгі час за валоданне астравамі ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацаваны за апошняй у 1783. У 1871—1956 ч.брыт. калоніі Падветраныя а-вы, у 1958—62 — Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» (разам з в-вам Ангілья, выйшла ў 1980). 19.9.1983 абвешчана незалежнасць С.-К. і Н. ў складзе Садружнасці. Гал. праблемай дзяржавы з’яўляюцца сепаратысцкія настроі на в-ве Невіс, дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая, Рух нар. дзеяння, Рэфармісцкая партыя Невіса. С.-К. і Н. — чл.ААН (з 1983).
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і сфера паслуг (абслугоўванне замежных турыстаў). Валавы ўнутр. прадукт на душу насельніцтва 6 тыс.дол. (1999). 5,5% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 22,5% — у прам-сці, 72% — у абслуговых галінах (укл. турызм). Краіну штогод наведвае каля 160 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША і Вялікабрытаніі. Даход ад турызму 66 млн.дол. (1998). Гал. цэнтр — пас. Фрайгейт на в-ве Сент-Кітс. Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюць 6,5 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 5,7 тыс.га, пашай — 0,8 тыс.га. Гал. экспартныя культуры — цукр. трыснёг (каля 1/3 ворных зямель), бавоўнік, какосавая пальма, арахіс. Вырошчваюць таксама бананы, рыс, кукурузу, ананасы, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак (14 тыс. галоў), птушак (60 тыс. галоў, 1997). Насельніцтва традыцыйна займаецца рыбалоўствам. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі па вытв-сці цукру-сырцу, патакі-меласы, бавоўны, баваўнянага і какосавага алею, алкагольных напіткаў, тэкстылю, абутку, фармацэўтычных вырабаў. Ёсць невял. прадпрыемствы па зборцы эл. і электронных прылад. Вытв-сць электраэнергіі 85 млн.кВт∙гадз. (1998). Даўж. аўтадарог 320 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 136 км. На цукр. плантацыях в-ва Сент-Кітс ёсць вузкакалейная чыгунка даўж. 58 км. 2 аэрапорты, у т. л.міжнар. Голдэн-Рок (каля г. Бастэр). Марскія парты: Бастэр і Чарлстаўн. У 1997 экспарт склаў 43,7 млн.дол., імпарт — 129,6 млн.дол. У экспарце пераважаюць цукар-сырэц, патака-меласа (34%), бавоўна (20%), баваўняны і какосавы алей; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: ЗША (68% экспарту і 42% імпарту), Вялікабрытанія (22% і 11%), краіны Карыбскага бас. Краіна атрымлівае дапамогу ад Вялікабрытаніі (каля 5,5 млн.дол. штогод). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯГЕЛО́НЫ (па-польску Jagiellonowie), Ягайлавічы,
галіна Гедзімінавічаў, нашчадкі вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Ягайлы (Уладзіслава II), сына Альгерда і ўнука Гедзіміна. Правілі ў ВКЛ у 1440—1572, у Польшчы ў 1434—1572, у Венгрыі ў 1440—44 і 1490—1526, у Чэхіі ў 1471—1526. Прадстаўнікі Я.:
Уладзіслаў III Варненчык (31.10.1424. Кракаў — 10.11.1444), старэйшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай (Друцкай), кароль Польшчы з 1434 і Венгрыі з 1440; гл.Уладзіслаў III Варненчык.
Казімір Андрэй Ягайлавіч (30.11.1427, Кракаў — 7.6.1492), 3-і сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай (Друцкай), вял. князь ВКЛ з 1440 і кароль Польшчы з 1447; гл.Казімір IV Ягелончык.
Уладзіслаў II (1.3.1456, Кракаў — 13.3.1516), старэйшы сын Казіміра IV, кароль Чэхіі з 1471 і Венгрыі з 1490 (Уласла II). У 1500 замацаваў прывілеі чэш. шляхты, у Венгрыі — прывілеі магнатаў, у 1515 прызнаў спадчыннае права на троны Чэхіі і Венгрыі за аўстр.Габсбургамі ў выпадку сканчэння там дынастыі Я.
Казімір (3.10.1458, Кракаў — 4.3.1484), 2-і сын Казіміра IV і Альжбеты Ракушанкі, каталіцкі святы (кананізаваны ў 1522). Ушаноўваецца каталіцкай царквой як патрон Вільні, апякун зямель ВКЛ, патрон Гродзенскага біскупства (з 1991).
Ян I Ольбрахт (27.12.1459, Кракаў — 17.6.1501), 3-і сын Казіміра IV, кароль Польшчы з 1492. Адначасова яго брат Аляксандр быў абраны вял. князем ВКЛ, і унія Польшчы і ВКЛ была спынена. У 1496 выдаў Пётркаўскі статут. які прымацаваў сялян да зямлі і зацвердзіў правы шляхецкіх сеймаў.
Аляксандр Казіміравіч (5.8.1461 Кракаў — 19.8.1506), 4-ы сын Казіміра IV, вял. князь ВКЛ з 1492 і кароль Польшчы з 1501; гл.Аляксандр.
Жыгімонт (1.1.1467—1.4.1548), 5-ы сын Казіміра IV, вял. князь ВКЛ і кароль Польшчы з 1506; гл.Жыгімонт I Стары.
Ян (8.1.1499, Кракаў — 18.2.1538), пазашлюбны сын Жыгімонта I Старога, біскуп віленскі ў 1519—36 і пазнанскі з 1536.
Ганна (23.7.1503, г. Буда, Венгрыя — 27.1.1547), дачка Уладзіслава II, апошняя прадстаўніца чэшска-венг. галіны Я. З 1521 замужам за Фердынандам Габсбургам (з 1526 кароль Чэхіі і Венгрыі, з 1556 герм. імператар, гл.Фердынанд I). Дзякуючы гэтаму шлюбу Габсбургі набылі правы на чэш. і венг. троны.
Людовік II (1.7.1506—29.8.1526), сын Уладзіслава II, кароль Чэхіі і Венгрыі з 1516 (Лаяш II). З яго смерцю ў бітве з туркамі пад Мохачам дынастыя Я. у Чэхіі і Венгрыі спынілася.
Ядвіга (25.3.1513, Познань — 7.2.1573), дачка Жыгімонта I Старога. З 1535 замужам за брандэнбургскім курфюрстам Іахімам II Гогенцолернам.
Ізабела (18.1.1519—15.9.1559), дачка Жыгімонта I Старога. З 1539 замужам за каралём Венгрыі Янашам I Запальяі.
Жыгімонт Аўгуст (1.8.1520, Кракаў — 7.7.1572), сын Жыгімонта I Старога і Боны Сфорца, вял. князь ВКЛ (фармальна з 1529, фактычна з 1544) і кароль Польшчы з 1548; гл.Жыгімонт II Аўгуст. Апошні мужчынскі прадстаўнік дынастыі Я.
Соф’я (13.7.1522, Кракаў — 28.5.1575), дачка Жыгімонта I Старога і Боны Сфорца. З 1556 замужам за браўншвейг-вольфенбютэльскім герцагам Генрыхам.
Ганна (18.10.1523, Кракаў — 9.9.1596), дачка Жыгімонта I Старога і Боны Сфорца. З 1576 замужам за Стафанам Баторыем (шлюб з ёю быў умовай абрання яго на трон Польшчы і ВКЛ).
Кацярына (1.11.1526, Кракаў — 16.9.1583), дачка Жыгімонта I Старога і Боны Сфорца. З 1562 замужам за герцагам фінляндскім Янам Вазам (з 1568 кароль Швецыі Ян III). Іх сын Жыгімонт у 1587 быў выбраны на трон Польшчы і ВКЛ, адначасова ў 1592—99 быў каралём Швецыі; гл.Жыгімонт III Ваза.
Па жаночых лініях Казімір IV Ягелончык з’яўляецца продкам усіх цяперашніх еўрап. каралёў і пануючых князёў, атаксама тых дынастый, што страцілі троны ў выніку рэвалюцый у 19 і 20 ст., і шматлікіх арыстакратычных сем’яў.
Літ.:
Wolff J. Rod Gedymina. Kraków, 1886;
Genealogisches Handbuch des Adels: Fürstliche Häuser. Bd. 1—13. Limburg, 1951—87;
Isenburg K.W. Stammtafeln zur Geschichte der europäischen Staaten. Bd. 1—2. 2 Aufl. Marburg, 1953;
Cenealogia. Warszawa, 1959;
Wdowiszewski Z. Genealogia Jagiellonów. Warszawa, 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАБАТАНІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ.
Беларусь знаходзіцца (паводле класіфікацыі Г.Вальтэра, 1974) на стыку 2 асноўных раслінных зон Еўропы: барэальнай — з перавагай хвойных і немаральнай — з перавагай лісцевых летнезялёных лясоў. Пераходная паласа паміж зонамі характарызуецца наяўнасцю ў роўнай ступені як заходнееўрапейскіх (немаральных), так і паўночных (барэальных) элементаў флоры. Месцазнаходжанне краіны ў геаграфічным цэнтры Еўропы абумоўлівае найб. актыўнае ўзаемапранікненне шыракалістых лістападных і таежных лясоў, што выяўляецца ў канцэнтраванай і асаблівай разнастайнасці раслінных супольніцтваў. Каля 40 відаў дрэў і хмызнякоў (бружмель звычайны, брызгліна еўрапейская, ядловец і інш.), 230 відаў травяністых раслін (багнаўка чорная, балотны мірт звычайны, гудаера паўзучая, жаўтазелі, пралеска высакародная і інш.) маюць на Беларусі мяжу арэала (напр., паўд. мяжа суцэльнага пашырэння елкі еўрапейскай і вольхі шэрай; паўн. мяжа грабу і берасту) або пашыраны лакальна. Кліматычныя і глебава-араграфічныя асаблівасці яе тэр. абумоўліваюць занальнасць расліннага покрыва, якое займае 19,34 млн.га (93,1% тэр. краіны). Прадстаўлена лясамі, у т. л. забалочанымі (7,84 млн.га, або 37,8%), хмызнякамі (0,73 млн.га, або 3,5%), лугамі (3,24 млн.га, або 15,6%), адкрытымі балотамі (0,93 млн.га, або 4,5%), воднымі (0,48 млн.га, або 2,3%), сегетальнымі, або паворыўнымі культурамі (5,76 млн.га, або 27,7%), і рудэральнымі, або сметнікавымі (0,36 млн.га, або 1,7%), супольніцтвамі.
Першае на Беларусі геабатанічнае раянаванне распрацавала В.С.Палянская (1929), якая вылучыла на ўсх. краіны 5 прыродных раёнаў. Лесараслінную апрацоўку гэтай тэр. з фітацэнатычным, экалагічным і занальна-кліматычным аналізам раёнаў зрабіў Юркевіч (1940). Раянаваннем лясоў займаліся таксама В.І.Пераход (1954) і М.І.Касцюкевіч (1954), лугоў — Е.А.Круганава (1968), балот — Н.Я.Кац (1971). Сучасную сетку геабатанічнага і лесарасліннага раянавання распрацавалі В.С.Гельтман і Юркевіч (1960, 1965, 1969, 1982).
За найважнейшы крытэрый прынята лясная расліннасць як найб. пашыраная і часова ўстойлівая. На гэтай аснове вылучаны 3 геабатанічныя падзоны: дубова-цемнахвойных падтаежных (шыракаліста-яловых) лясоў, грабава-дубова-цемнахвойных лясоў (ялова-грабавых дуброў) і шыракаліста-хваёвых лясоў (грабавых дуброў). У межах падзон вылучана 7 геабатанічных акруг; Заходне-Дзвінская, Ашмянска-Мінская, Аршанска-Магілёўская, Нёманска-Перадпалеская, Бярэзінска-Перадпалеская, Бугска-Палеская, Палеска-Прыдняпроўская. Акругі падзелены на 25 геабатанічных раёнаў (Гельтман, 1982).
Для кожнай таксанамічнай адзінкі характэрна свая асаблівая расліннасць. Паўн. геабатанічную падзону характарызуюць пераважна цемнахвойныя яловыя лясы, вярховыя балоты, сухадольныя лугі. Цэнтр. падзона грабава-дубова-цемнахвойных лясоў мае пераходны характар, дзе спалучаюцца барэальныя і немаральныя лясы, вярховыя, пераходныя і нізінныя балоты, сухадольныя і заліўныя лугі. Для паўд. падзоны характэрны шыракаліста-хваёвыя лясы, нізінныя балоты, астэпаваныя лугі. На ўсходзе, у Палеска-Прыдняпроўскай акрузе, сканцэнтравана больш за 50% ад усёй колькасці заліўных лугоў краіны, а на захадзе, у Бугска-Палескай акрузе, — найбольшая колькасць нізінных лугоў. На тэр. гэтай акругі захаваліся найбуйнейшыя ў Еўропе нізінна-балотныя масівы — балоты Званец і Спораўскае.
Літ.:
Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;
Вальтер Г. Растительность земного шара: Пер. с англ.Т. 2. М., 1974;
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979;
Гельтман В.С. Географический и типологический анализ лесной растительности Белоруссии. Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА. РЭФЕРЭНДУМ
Выбарчая сістэма ў Рэспубліцы Беларусь — гэта ўстаноўлены і ўрэгуляваны прававымі і інш. нормамі парадак выбараў, а выбарчае права — сукупнасць канстытуцыйных норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні выбараў, атаксама сукупнасць канкрэтных правоў грамадзяніна на ўдзел у выбарах. У гэтым значэнні выбарчае права падзяляюць на актыўнае, г.зн. права выбіраць, і пасіўнае, г.зн. права выбірацца, быць выбраным. Легітымныя выбарныя органы ў сваю чаргу фарміруюць легітымныя ўладныя структуры (урад, суды і інш.). Выбары праводзяцца ў адпаведнасці з канстытуцыйнымі прынцыпамі выбарчай сістэмы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Выбары дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады народам, з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў з’яўляецца недапушчальным і караецца паводле заканадаўства. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі; асобы, якія ўтрымліваюцца паводле прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волі; асобы, у адносінах да якіх выбрана такая мера, як утрыманне пад вартай. Не з’яўляюцца падставай для абмежавання права грамадзяніна на ўдзел у галасаванні адм. арышт, такія віды крымін. пакарання, як штраф, папраўчыя работы, арышт на тэрмін ад 1 да 6 мес, асобы, аб’яўленыя банкрутамі. Узроставы цэнз дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады (кіраўніка дзяржавы, члена Савета Рэспублікі, суддзі, нар. засядацеля), вызначаецца адпаведнымі законамі. У Беларусі адсутнічае цэнз аселасці (выключэнне — выбары Прэзідэнта і членаў Савета Рэспублікі). Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык сам вырашае, за каго галасаваць і ці ўдзельнічаць яму ў выбарах. Але высокая ступень ухілення ад удзелу ў выбарах зніжае аўтарытэт сфарміраванага органа і дае глебу для спрэчак пра яго легітымнасць. Падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў. З гэтай мэтай забяспечваецца адзіная норма прадстаўніцтва, паводле якой ствараюцца выбарчыя акругі з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў (адхіленне, як правіла, не можа перавышаць 10%). Кожны выбаршчык галасуе асабіста, галасаванне за інш. асоб не дапускаецца. Выбары з’яўляюцца прамымі: дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна, шляхам падачы свайго голасу. Разам з прамымі выбарамі (дэпутатаў, кіраўніка дзяржавы) Канстытуцыя прадугледжвае фарміраванне Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь шляхам ускосных выбараў, г.зн. выбаршчык выбірае дэпутатаў Саветаў базавага ўзроўню, якія ў сваю чаргу ва ўстаноўленым парадку выбіраюць членаў Савета Рэспублікі. Галасаванне на выбарах з’яўляецца тайным, у ходзе галасавання забаронены кантроль за волевыяўленнем. Аднак гэта не выключае права выбаршчыка добраахвотна выказацца пра тое, як ён прагаласаваў.
Рэферэндумы (нар. галасаванні) з’яўляюцца адным з асн. інстытутаў непасрэднай дэмакратыі ў Рэспубліцы Беларусь. Яны могуць праводзіцца для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця, могуць быць рэспубліканскія і мясцовыя. Рэсп. рэферэндумы прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па яго ўласнай ініцыятыве ці па прапанове Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, прынятай на іх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палат, або па прапанове не менш як 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т. л. не менш як 30 тыс. грамадзян ад кожнай вобласці і г. Мінск. Указам Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму вызначаюцца дата яго правядзення (не пазней як 3 мес з дня выдання указа), юрыд. сіла прынятага ім рашэння, фармулёўка вынесенага на рэферэндум пытання (пытанняў). Калі на ўсенар. галасаванне выносіцца законапраект, то ён дадаецца да ўказа Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму. Прэзідэнт мае права адхіляць прапановы аб правядзенні рэферэндуму, калі яны не адпавядаюць патрабаванням Выбарчага кодэксу і інш.заканад. актаў. Рашэнні, прынятыя рэсп. рэферэндумам, падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Мясц. рэферэндумы прызначаюцца адпаведнымі мясц. прадстаўнічымі органамі па іх ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Прынятыя на рэферэндуме рашэнні могуць быць адменены або зменены толькі шляхам новага рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана самім рэферэндумам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рэлігія і царква
Гісторыя рэлігіі і рэлігійных устаноў на Беларусі. Канфесіянальная гісторыя і структура Беларусі абумоўлена яе геапалітычным становішчам на стыку зах. і ўсх. цывілізацый, існаваннем і пачарговым дамінаваннем усх. ці зах. хрысціянскіх традыцый. Для бел. грамадства характэрна поліканфесіянальнасць. Тут пашыраны розныя хрысціянскія канфесіі: праваслаўная, рымска-каталіцкая, грэка-каталіцкая, пратэстантызм; атаксамарэліг. аб’яднанні іудзеяў, мусульман, стараабраднікаў і інш.
Стараж. рэлігіяй беларусаў, якая ахоплівала ўсю сферу духоўнай і матэрыяльнай культуры, было язычніцтва. Яно існавала не адасоблена ад вераванняў суседніх слав. народаў, у ім старыя вераванні пастаянна дапаўняліся новымі. Звесткі аб поўным пантэоне стараж.-слав. багоў вельмі абмежаваныя. Вядомы вышэйшыя праслав. божаствы: Сварог (бог неба), Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Дажбог (бог сонца і агню, земляробства), Хорс (бог сонца), Ярыла (бог плоднасці, прыбытку); больш ніжэйшыя божаствы (Род, Чур), божаствы, звязаныя з гасп. цыкламі і сезоннымі абрадамі (Зюзя, Цаца, Ляля, Цёця, Жыжаль, Жыцень), жаночыя божаствы (Макош і інш.). Існавалі божаствы, якія мелі абстрагаваныя функцыі: Доля, Ліха, Праўда, Крыўда, Трасца, Смерць і інш.; атаксама персанажы, якія знайшлі ўвасабленне ў казках і фальклоры (баба Яга, Кашчэй, Цмок, Цуда-Юда, лясны цар, вадзяны цар), розныя міфалагічныя істоты — персанажы нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаныя з міфалагічнай прасторай ад дома да лесу, балота, поля і г.д. (дамавікі, злыдні, лесуны, вадзянікі, палевікі, русалкі, ліхаманкі, мары і інш.).
Пасля прыходу на ўсходнеслав. землі хрысціянства ў 10 ст. шэраг язычніцкіх свят і абрадаў нар. календара зліліся з пэўнымі хрысц. святамі (суадноснымі па часе), атрымалі новыя назвы, да іх зместу дадалі хрысц. дагматыку. Так, стараж.-бел. калядны цыкл быў зліты з Раством Хрыста; веснавыя язычніцкія святы ўвайшлі ў склад Вялікадня; летнія — у склад Тройцы, нараджэння Іаана Хрысціцеля, Пятрова і Ільіна дня; восеньскія, у т. л. Дзяды, зліліся са Спасам, Пакровам Багародзіцы. Культы язычніцкіх слав. багоў былі выцеснены святамі ў гонар розных хрысціянскіх святых. Вышэйшыя персанажы слав. міфалогіі сталі разглядацца як адмоўныя ці атаясамлівацца з хрысц. святымі (Пярун са святым Ільёй, Вялес са святым Уласам, Ярыла са святым Юрыем і г.д.). Ніжэйшыя ўзроўні язычніцкай міфалогіі, як больш устойлівыя, стварылі складаныя спалучэнні з хрысціянствам. У нар. вераваннях і магічна-абрадавай практыцы захаваліся дэманалогія (вера ў лесуна, дамавіка, шматлікіх злых духаў — нячысцікаў); культ продкаў (дзядоў). Рэшткі язычніцтва дайшлі да нашага часу ва ўяўленнях, вераваннях, абрадах, звычаях, вуснай нар. творчасці беларусаў. Многія язычніцкія элементы трывала ўвайшлі ў хрысціянства, ствараючы вельмі складаныя спалучэнні. Стараж. традыцыі знайшлі ўвасабленне ў духоўных вершах (кантычкі, песні з «Богагласніка»), якія выконваліся на Беларусі старцамі-жабракамі і па форме і музычным выкананні працягвалі агульнаслав. традыцыю выканання эпічных песень на славянскія міфалагічныя сюжэты. Стараж. ўсходнеслав. абрады ўвайшлі ў праваслаўныя і уніяцкія святочныя і агульныя чынапаследаванні, якія ўжываліся бел. святарамі ў 16—18 ст. (напр., «чин врачевания болезнующих», малітвы «аб трасавіцах»). Даты нар. календара сталі залежнымі ад хрысціянскага, але ў значнай ступені захавалі язычніцкае паходжанне. Змест гэтых трансфармаваных хрысц. свят у нар. свядомасці заставаўся пераважна ранейшым — язычніцкім, бо іх дастасаванне да хрысціянскіх адбывалася па форме, а не па сутнасці і структуры. Народ па-свойму асэнсоўваў значную частку царк. свят, што адбілася на існаванні і захаванні язычніцкіх абрадавых элементаў і нават назваў свят у хрысц. календары, аж да нашага часу. Так, у большасці рэгіёнаў Беларусі ў праваслаўнага насельніцтва дванадзесятыя і вял. святы маюць наступныя назвы: Стрэчанне — Грамніцы, Пяцідзесятніца — Клечанне, Фаміны тыдзень — Провады, Прапалавінне Пяцідзесятніцы — Сёмушная серада, Узнясенне Гасподняе — Ушэсце, Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы — Галавасек, Раство Багародзіцы — Прачыстая ці Малая Прачыстая, Вялікі Чацвер — Жальнік, пярэдадзень Раства — Каляды ці Куцця, пярэдадзень Богаяўлення — Водная Каляда, а пярэдадзень Новага года — Шчадруха, Пераўтварэнне — Спас, Успенне — Зельная, ці Вялікая Прачыстая, ці Спажа і г.д. Ва ўсіх вялікіх святах хрысц. календара захавалася сувязь з сезонамі года (як, напр., упрыгожанне інтэр’ераў храмаў у час суадносных свят зелянінай: галінкамі дрэў і лісцем — на Тройцу; асвячэнне першых квітнеючых дрэў (вярбы) — на Вербную Нядзелю; асвячэнне садавіны, гародніны, мёду і збожжа — на тры Спасы; асвячэнне і ўдзячнасць Богу за сабраны ураджай на каталіцкія і праваслаўныя восеньскія святы, пратэстанцкія Дні Жніва і інш.). Абавязковае памінанне памерлых, што паходзіць ад усходнеславянскага культу продкаў, прымеркавана да большасці вялікіх свят хрысц. календара, такіх, як Вялікдзень (Радаўніца), Тройца (Траецкая-Сёмушная бацькоўская субота), восеньскіх свят (Дзяды, Асяніны, ці Змітраўская бацькоўская субота, і каталіцкі Дзень Задушны). Большасць язычніцкіх па паходжанні абрадаў маюць на мэце забеспячэнне дабрабыту сям’і і добрага ўраджаю, прыплоду жывёлы і пазбаўленне ад хвароб, сурокаў, нячыстай сілы і варажбы. Тая ж іх сутнасць захавалася і ў хрысц. па форме і язычніцкіх па сутнасці абрадах.
Працэс хрысціянізацыі ўсх. славян быў даволі складаны і доўгі. У выніку адаптацыі хрысціянства да славянска-язычніцкіх духоўных традыцый і культурных каштоўнасцей склаўся рэліг. сінкрэтызм (зліццё царк. і нар. язычніцкай традыцыі), які захоўваецца на працягу многіх стагоддзяў ва ўсх.-слав. народаў, у т. л. ў беларусаў. Увядзенне хрысціянства ва ўсходнеслав. землях палажыла канец афіц. існаванню язычніцтва. Хрысц. місіянерская праграма прадугледжвала барацьбу з язычніцтвам — знішчэнне язычніцкіх капішчаў і ідалаў і будаўніцтва на іх месцы хрысц. храмаў.
Гісторыя праваслаўнай царквы на бел. землях пачалася з запазычання царк. традыцыі Усх. (Візантыйскай) царквы, разам з догматамі, клірам, святамі і абрадамі. Ужо ў канцы 10—11 ст. на бел. землях стварыліся епіскапскія кафедры, сфарміраваліся пэўныя элементы богаслужэння, якія ў агульных рысах дайшлі да нашых часоў (пераняты ад Візантыі каляндар асноўных і дванадзесятых свят з іх канонам, літургіяй, царк. паданнем і спевамі на царк.-славянскай і грэчаскай мовах).
Калыскай хрысціянства на Беларусі лічыцца стараж. Полацк. Полацкая епархія ўзнікла ў 992 і знаходзілася ў юрысдыкцыі Кіеўскіх мітрапалітаў. Першы вядомы полацкі епіскап Міна (згадваецца ў летапісах пад 1105) доўгі час быў манахам Кіева-Пячэрскага манастыра. У 10—11 ст. у Полацку пабудаваны храмы. У ліку найб. старажытных храмаў на бел. землях лічыцца царква Багародзіцы, пабудаваная ў 1001 у Друцку (горад Полацкага княства). У Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1007 згадваецца царква Багародзіцы ў Полацку. У сярэдзіне 11 ст. пры Усяславе Брачыславічу ў Полацку пабудаваны Сафійскі сабор, які на працягу некалькіх стагоддзяў заставаўся кафедральным храмам полацкіх епіскапаў і духоўным сімвалам горада. На бел. землях аформілася манастырская арг-цыя. Паводле сведчання летапісных крыніц, першы манастыр заснаваны ў час праўлення кіеўскага вял. князя Уладзіміра яго жонкай полацкай княжной Рагнедай (у манастве Анастасія) у стараж. Ізяслаўлі (сучасны г. Заслаўе). Самы стараж. з манастыроў Міншчыны — Спаса-Вазнясенскі заснаваны ў канцы 10 — пач. 11 ст. У Полацкім княстве перыядам росквіту манаскага жыцця лічыцца 12 ст., якое звязана з дзейнасцю Ефрасінні Полацкай. У 11—13 ст. фарміраваліся новыя айч. святы, звязаныя з ушанаваннем гіст. асоб (напр., прападобнай Ефрасінні Полацкай і епіскапа Кірылы Тураўскага), складаліся замест грэчаскіх свае царк. песнапенні, каноны і стыхіры, з суайчыннікаў фарміраваўся і праваслаўны клір, які ў паўсядзённым жыцці і ў час богаслужэння карыстаўся зразумелай для народа мовай. Разам з хрысціянствам на бел. землях пачала распаўсюджвацца богаслужэбная літаратура. Хрысціянізацыя паводле праваслаўнага абраду мела тую перавагу, што ўсх. царква не звязвала богаслужэнне моўным канонам. Візантыйская царква дапускала выкананне ў богаслужэнні любой некананічнай мовы. Богаслужэбная літаратура, якая прыйшла з Візантыі, перакладалася на слав. мову. Яна была даволі разнастайнай і складалася з царк. песнапенняў (канонаў, стыхіраў, кандакоў, ікасаў патрыярха Сафронія, Іаана Дамаскіна, Грыгорыя Назіянзіна), твораў Афанасія Александрыйскага, Васіля Вялікага, Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, «Златаструя», складзенага ў Балгарыі пры цару Сімяоне ў 10 ст.; розных мінеяў, пралогаў, палеяў, апокрыфаў і інш. Неабходныя для богаслужэння кнігі (Евангелле, Апостал, Служэбнік, Часаслоў, Псалтыр, Актоіх), перакладзеныя на царкоўнаславянскую мову яшчэ Кірылам і Мяфодзіем, перайшлі ад паўд. славян.
Праваслаўе было дамінуючай рэлігіяй у Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) на працягу 13—16 ст. Першапачаткова праваслаўная царква ў ВКЛ падпарадкоўвалася Кіеўскай, потым Маскоўскай мітраполіі. У 1415 пры вялікім князю Вітаўце створана самастойная Літоўская (Кіеўская) мітраполія на чале з мітрапалітам Грыгорыем Цамблакам. Да 1686 яна падпарадкоўвалася канстанцінопальскаму патрыярху. У яе ўваходзілі 8 епархій ВКЛ. У 16—17 ст.бел. праваслаўная царква імкнулася да незалежнасці ад Маскоўскай мітраполіі. Сфарміраваліся некаторыя спецыфічныя рысы бел. праваслаўных свят і святочныя дні, прысвечаныя новым славянскім святым, існавалі братчыны, ушаноўваліся пятніцы. У гэты перыяд складзены вельмі пашыраныя пазней на Беларусі песні да свят Гасподніх і Багародзічных, якія сабраны ў зб-кі «Багагласнік» і «Песні благагавейныя». Яны выконваліся ў час царк. службаў (пры хрэсных шэсцях, літургіі) і маглі нават замяняць сабой богаслужэнні (напр., песні на Раство Хрыстова). Значнае месца займалі выданні кніг Свяшчэннага Пісання і катэхізацыйных тэкстаў на старабел. мове. Гэта найперш выданні Францыска Скарыны: «Апостал» (Вільня, 1525), «Малая падарожная кніжка» (Вільня, каля 1525), «Біблія» (Прага, 1517—19). Сярод інш. беларускамоўных выданняў «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568); пераклад Евангелля (1556—61), выкананы па даручэнні княгіні Анастасіі Гальшанскай; «Катэхізіс», падрыхтаваны Лаўрэнціем Зізаніем (Масква, 1627); «Праваслаўнае спавяданне веры» Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы (Кіеў, 1640); «Псалтыр рыфматворная», выдадзеная Сімяонам Полацкім (Масква, 1680); «Катэхізіс» Феафана Пракаповіча, перакладзены ў 1757 свяціцелем Георгіем (Каніскім); «Катэхізіс», падрыхтаваны святаром Міхалам Баброўскім; шматлікія багаслоўскія працы накшталт «Веры праваслаўнай» (Вільня), «Кантычка» (Полацк) і інш. Аформіўся культ цудатворных абразоў Божай Маці (Жыровіцкі, Бялыніцкі, Віленскі, Пачаеўскі і інш.), якія напачатку ўшаноўваліся праваслаўнымі вернікамі, потым таксама уніятамі і католікамі. Да гэтых святынь адбываліся паломніцтвы, з імі праводзіліся ўрачыстыя шэсці, яны пакінулі значны след у бел. праваслаўным календары.
У 13—14 ст. на тэр. Беларусі пачала пашырацца і рымска-каталіцкая царква. Паводле сведчанняў летапісцаў, пачатак фарміравання бел. каталіцкай традыцыі — час княжання ў ВКЛ Міндоўга (сярэдзіна 13 ст.). Трывала рымска-каталіцкая царква замацавалася ў ВКЛ пры вял.кн. Ягайле, калі ён сам прыняў каталіцтва і заснаваў Віленскае біскупства. Да 1500 на Беларусі (паводле падлікаў гісторыкаў) існавала 90 каталіцкіх парафій. Каталіцтва атрымала большае пашырэнне сярод літоўцаў, палякаў, латышоў, яцвягаў і прусаў, якія ў сярэдневякоўі аселі ў паўн.-зах. раёнах Беларусі; меншае — сярод беларусаў, дзе каталіцтва распаўсюджвалася ў гэты перыяд (за выключэннем вышэйшага саслоўя) шляхам змешаных шлюбаў. У 1-й пал. 16 ст. пабудавана шмат касцёлаў, у 1550 дзейнічалі 152 парафіі. Адначасова складваўся культ каталіцкіх бел. святых, шануемых абразоў, падзей нац. гісторыі, сваіх свят, асаблівасцей календара. Атрымала распаўсюджанне богаслужэбная літаратура на лацінскай мове, на якой у каталіцкіх храмах таксама праводзілася літургія. У паўсядзённым жыцці каталіцкі клір на тэр.ВКЛ, які складаўся з палякаў, беларусаў і літоўцаў, карыстаўся дзярж. мовай ВКЛ — старабеларускай. Пасля Крэўскай уніі 1385 праваслаўная царква ў ВКЛ была пазбаўлена ранейшых правоў і прывілеяў (вернуты вял. князем Казімірам). У 16 ст. большасць насельніцтва ВКЛ спавядала праваслаўную веру, у т. л. сярод эліты праваслаўнымі лічылася каля 70%. Пасля Люблінскай уніі 1569 пачалося актыўнае і масавае распаўсюджанне каталіцкай царквы на бел. землях. Барацьба паміж зах. і ўсх. хрысціянскімі традыцыямі ў 1-й пал. 17 ст. скончылася перамогай заходняй. Каталіцкая царква здолела вярнуць сабе парафіі і храмы, страчаныя ў выніку рэфармацыйнага руху. Паводле даных Віленскага сінода, у 1669 у 13 дэканатах паўн.-зах. Беларусі і ў зах. частцы Полацкага дэканата існавала 165 парафій. Акаталічванне насельніцтва суправаджалася паланізацыяй, якая ў большай ступені закранула магнацка-шляхецкае саслоўе ВКЛ. У 1696 прынята пастанова, якая канчаткова выцесніла бел. мову са справаводства, замяніўшы яе на польскую. Паланізацыя закранула і каталіцкую богаслужэбную літаратуру, і клір. На тэр.ВКЛ акрамя кананічнай асновы і прыкладнай аднастайнасці абраднасць набыла мясц. рысы, звязаныя са з’яўленнем культу асабістых святых (напрыклад, св. Казіміра, св. Станіслава Косткі, св. Андрэя Баболі і інш.), сваіх парафіяльных свят і іх рэгіянальных асаблівасцей; асабістага культу і гісторыі цудатворных абразоў Божай Маці. У ВКЛ большасць цудатворных абразоў аднолькава шанавалася католікамі, праваслаўнымі і уніятамі.
У 1-й пал. 16 ст. з Зах. Еўропы на бел. землі пашырылася буйное адгалінаванне хрысціянства — пратэстантызм, яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства — атрымалі даволі шырокае распаўсюджанне сярод усіх слаёў насельніцтва. Найб. пашырэнне атрымала рэфармацтва (кальвінізм), прапагандыстам і патронам якога быў першы саноўнік дзяржавы, рэгент каралеўства, князь Мікалай Радзівіл Чорны. Яго намаганнямі ў 1553 у Вільні заснавана 1-я пратэстанцкая абшчына, а ў канцы 1550-х г. такія абшчыны ўзніклі ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Койданаве, Мордах і інш. Крыніцы сведчаць, што рэфармацкі рух меў вялікі размах. На тэр. Рэчы Паспалітай ён спынены толькі ў 17 ст. ў выніку моцнага процідзеяння каталіцкай царквы, асабліва ордэна езуітаў. Да пач. 17 ст. з 180 рэфармацкіх збораў 6 акруг Беларусі і Літвы засталіся 93 цэрквы, да пач. 18 ст. — 48, а з 32 цэркваў Беларускай акругі — толькі 2, таму бел. дыстрыкцыя была скасавана. Рэфармацыя на Беларусі мела нац. рысы і зрабіла значны ўклад у яе гісторыю і культуру. Сведчанне таму і богаслужэнні на бел. мове, і пратэстанцкія пераклады Свяшчэннага Пісання («Евангелле» Васіля Цяпінскага, «Катэхізіс» Сымона Буднага і інш.).
У 16—17 ст. на Беларусі пачала распаўсюджвацца уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. На Брэсцкім саборы 1596 заключана царкоўная унія, і большая частка праваслаўнага епіскапату ВКЛ была падпарадкавана вярх. ўладзе папскага прастола. У час станаўлення уніі і яе пацвярджэння ў Рыме папам замацаваны за уніятамі ўсе ранейшыя богаслужэбныя кнігі, з усімі таінствамі, службай, абрадамі і цырымоніямі ўсх. царквы ў тым выглядзе, у якім яны былі да уніі, атаксама царкоўнаслав. і бел. мовы набажэнства і казанняў. Пачаліся прыцясненні і праследаванні праваслаўнага насельніцтва, звязаныя з прымусовым распаўсюджаннем уніяцкай царквы на тэр.ВКЛ. Нягледзячы на процістаянне праваслаўных вернікаў, уніяцтва даволі хутка пашырылася ў ВКЛ. У 17—18 ст. унія стала найбольш распаўсюджанай сярод насельніцтва ВКЛ. На 1790 на бел. землях Рэчы Паспалітай католікі складалі 15% ад усяго насельніцтва, уніяты — 70%, праваслаўныя — 6%. На бел. мове выдавалася уніяцкая рэлігійная літаратура, развіваліся бел. іканаграфія, музыка, архітэктура. Пасля Замойскага сабора 1720 пачаўся працэс паланізацыі і пранікнення каталіцкіх элементаў ва уніяцкую абраднасць і богаслужэнне. Адбыліся змены і ва уніяцкім календары: з’явіліся каталіцкія святы, пад уплывам базыльян у богаслужэнне стала ўводзіцца польская мова.
У сувязі з пераходам большасці насельніцтва ва уніяцтва, а большасці магнатаў і шляхты ў каталіцтва ў праваслаўнай царкве таксама адбыліся значныя змены. У 1686 са згоды канстанцінопальскага патрыярха Кіеўская мітраполія падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Кіеўскія мітрапаліты сталі прызначацца маскоўскімі патрыярхамі (з 1723 Свяцейшым Сінодам). 17—18 ст. адметныя з’яўленнем вялікай колькасці славутых асоб, прадстаўнікоў праваслаўнай царквы ВКЛ — братоў Зізаніяў, архімандрыта Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага, ігумена Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага і інш., многія з якіх пазней кананізаваны і ўвайшлі ў Сабор бел. святых.
З 14 ст. на Беларусі існавалі і інш. этнаканфесіянальныя групы: яўрэі-іудзеі, татары-мусульмане. Першыя групы яўрэяў эмігрыравалі на бел. землі з Германіі, Польшчы і Украіны. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ было больш за 300 тыс. яўрэяў-іудзеяў. У асобных гарадах і мястэчках Беларусі іх колькасць дасягала 40 і нават 80%. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі для яўрэяў была вызначана т. зв. «мяжа аселасці», якая ахоплівала і бел. землі. Да 1897 колькасць яўрэйскага насельніцтва ў бел. губернях павялічылася да 1202 тыс.чал. У асноўным гэта былі прадстаўнікі артадаксальнага іудаізму, частка спавядала хасідызм. У канцы 19 — пач. 20 ст. каля 60% яўрэяў пражывала ў гарадах, што паўплывала на гарадскую культуру на Беларусі.
У канцы 14 ст. на тэр.ВКЛ з’явілася этнаканфесіянальная група татараў-мусульман. Асн. цэнтрамі іх рассялення былі раёны Клецка, Мінска, Слуцка, Койданава, Гродна, Іўя, Давыд-Гарадка, Навагрудка, Ашмян і інш. Колькасць бел. татараў па розных звестках складала ад 30 да 60 тыс. чалавек. Яны спавядалі іслам суніцкага кірунку Абу Ханіфа (ханіфіты).
З сярэдзіны 17 ст. на тэр. Беларусі перасяліліся прадстаўнікі этнаканфесіянальнай групы рус. стараабраднікаў (папоўцы і беспапоўцы), якія знайшлі тут прытулак ад ганенняў пасля царк. рэформы ў Расіі патрыярха Нікана.
Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі канфесіянальная структура стала мяняцца. Напярэдадні 3 падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі заставалася толькі 1 праваслаўная епархія з епіскапскай кафедрай у Магілёве. У 1793 створана Мінская праваслаўная епархія. Пазней адноўлена дзейнасць старых епіскапскіх кафедраў і створаны новыя. У адпаведнасці з указам 1795 Кацярыны II пачаўся працэс пераходу уніятаў у праваслаўе. Да праваслаўнай царквы быў далучаны 721 прыход з 463 святарамі і прыхаджанамі. Паводле афіц. даных у пач. 19 ст. да праваслаўнай царквы далучылася больш за 2 мільёны былых уніятаў. У 1839 Полацкі царк. сабор абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з праваслаўнай царквой. Уніяцтва фактычна было забаронена. У выніку да праваслаўнай царквы далучана каля 1607 прыходаў і 1600 тыс. вернікаў. Былым уніятам пакінуты толькі абрады і звычаі, якія «не супярэчылі сутнасці праваслаўя». Каб дасягнуць аднастайнасці ў царк. абраднасці бел. і рус. праваслаўных вернікаў, распаўсюджваліся рас. богаслужэбныя выданні, якія павінны былі замяніць старыя, часоў ВКЛ. Пачалося распаўсюджванне святынь, звязаных з імёнамі рас. святых і дзеячаў царквы. У іх гонар будаваліся цэрквы, асвячаліся прастолы, многія рас. абразы пачалі шанавацца як цудатворныя. Адначасова праводзілася афіц. палітыка русіфікацыі, для чаго павінна была прычыніцца і царква. Паводле сведчанняў рас. святароў, якія служылі ў бел. прыходах, праваслаўная абраднасць мела тут яўныя сляды ўплыву каталіцкай і уніяцкай абраднасці, старыя богаслужэбныя кнігі нярэдка былі таксама уніяцкага паходжання, па якіх да 1880-х г. служылі «тысячы праваслаўных святароў Заходняга Краю Расіі». На далучанай да Рас. імперыі ў 1772 тэр. Беларусі ў 1773 створана Беларуская рымска-каталіцкая епархія (з 1782/83 — Магілёўская архіепархія), якой былі падпарадкаваны кляштары і касцёлы. У Расіі апынуліся каля 100 тыс. католікаў лацінскага і 800 тыс. грэка-каталіцкага абрадаў: першыя падлягалі юрысдыкцыі архібіскупа магілёўскага, другія — свайго мітрапаліта кіеўскага. Каталіцкае насельніцтва лацінскага абраду ў тагачаснай канфесіянальнай структуры Беларусі складала 14—15% (ад агульнай колькасці насельніцтва ў 1795 каля 3 млн.). У 2-й пал. 19 ст. ў прылеглых да літоўскай мяжы Браслаўскім, Лідскім, Ашмянскім, Радунскім і Свірскім дэканатах католікі складалі пераважную большасць насельніцтва, іх колькасць ва ўсх. і паўд. напрамку паступова змяншалася да некалькіх працэнтаў. Паводле статыст. звестак у 1781 на Беларусі католікаў было 428,9 тыс.чал. У 1801 для кіравання лацінскай царквой у Рас. імперыі ўтворана Рымска-каталіцкая духоўная калегія. У 19 ст. сярод насельніцтва Беларусі было каля 4/5 праваслаўных вернікаў (з далучанымі уніятамі) і 1/5 католікаў; каталіцтва, як і раней, было найб. распаўсюджана сярод магнатаў і шляхты. На абмежаванне дзейнасці каталіцкай царквы ў Рас. імперыі паўплывала паўстанне 1830—31, у якім актыўны ўдзел прынялі каталіцкае духавенства і манаства. Указам ад 19.7.1832 у зах. губернях скасавана 199 кляштараў, уведзена цэнзура на царкоўныя казанні.
З прычыны пераходу уніятаў у каталіцтва 31.12.1839 выдадзена распараджэнне дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў віцебскаму, смаленскаму і магілёўскаму ген.-губернатару князю Далгарукаму «аб мерах па спыненні пераходу з праваслаўя ў каталіцтва». У 1864 пры Мін-ве ўнутр. спраў Рас. імперыі былі распрацаваны статыстычныя матэрыялы аб канфесіянальнай структуры Беларусі: у 5 губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) было 2502,1 тыс. праваслаўных, 1333,7 тыс. католікаў, 19 951 пратэстант, 37 121 старавер і 463 217 іудзеяў. Найб. падрабязныя звесткі па веравызнанні былі атрыманы ў выніку ўсеагульнага перапісу насельніцтва Рас. імперыі ў 1897. У 40 паветах з большасцю бел. насельніцтва 66,6% адносілі сябе да праваслаўнага веравызнання (у т. л. 62,3% беларусаў), 18,1 % — да каталіцтва (12,4% беларусаў), 13,5% — да іудаізму, 1,8% — да астатніх рэлігій. Найбольш праваслаўных было сярод жыхароў Магілёўскай губ. (83,1%, у т. л. 80,6% беларусы); католікаў — у Віленскай губ. (58,8%; 32,8% беларусы). У 5 бел. губернях пражывала 5114,7 тыс. праваслаўных, 1947,6 тыс. католікаў, 83 022 стараверы (у Віцебскай губ.), 1209, 8 тыс. іудзеяў, 13 877 мусульман (разам з Валынскай і Ковенскай губ.). Спробы царскіх улад прымусіць ксяндзоў весці набажэнствы на рус. мове не мелі поспеху. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачаўся працэс нац. абуджэння, фарміравання нац. самасвядомасці, з’явіліся пераклады Свяшчэннага Пісання і каталіцкай рэліг. літаратуры на бел. мову (катэхізісы, малітоўнікі, кантычкі і г.д.). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі з’явіліся новыя пратэстанцкія кірункі: баптызм (з 1880-х г.), евангельскае хрысціянства, ці пашкоўшчына, містычнае вучэнне Кандрація Маляванага, адвентызм сёмага дня (з 1910). Іх пашырэнне на Беларусі было вынікам дзейнасці нямецкіх і англійскіх прапаведнікаў, міграцыі сялян і гараджан. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі налічвалася каля 1 тыс. паслядоўнікаў баптызму і евангельскага хрысціянства (часткова сярод ням. каланістаў, у асн. сярод беларусаў), атаксама некалькі дзесяткаў адвентыстаў (у асн. сярод немцаў, якія перайшлі ў адвентызм з лютэранства). У 1920—30-я г. канфесіянальная гісторыя ўсх. і зах. Беларусі набыла адрозненні, звязаныя з іх рознымі гіст. лёсамі.
Аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. Пасля ўстанаўлення сав. улады СНК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», у якім былі абвешчаны дэмакратычныя рэліг. свабоды і правы ўсіх рэліг. аб’яднанняў перад законам, атаксама гарантаваны правы кожнага грамадзяніна спавядаць любую рэлігію ці не спавядаць ніякай. Аднак паступова ўмовы для рэліг. дзейнасці на тэр.БССР рэзка пагоршыліся.
8.4.1929 ВЦВК РСФСР выдаў пастанову «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якая замацавала абавязковую рэгістрацыю рэліг. т-ваў; дзейнасць рэліг. арг-цый абмежавана задавальненнем рэліг. запатрабаванняў вернікаў у межах малітоўных дамоў; забараняліся місіянерская дзейнасць, рэліг. прапаганда, матэрыяльная падтрымка цэркваў і інш. Адзначаюць 3 хвалі ганенняў на ўсе канфесіі: 1929—30, 1932—34, 1936—38. У гэтыя гады ў сав. Беларусі вялася жорсткая барацьба з рэлігіяй: зачыняліся цэрквы і манастыры (пазней іх перабудавалі ў сховішчы, клубы, школы і інш. ўстановы); падвергнуты ганенням духавенства, манахі, вернікі (незалежна ад веравызнання). Канфесіі страцілі значную частку сваіх малітоўных будынкаў, цэркваў, касцёлаў; храмы былі разрабаваны, знікла шмат культавых рэчаў, сярод якіх былі і свяшчэнныя (у 1921 у вернікаў адабрана сярэбраная рака і крыж прападобнай Ефрасінні — аб’екты пакланення і паломніцтваў). Паводле звестак камісіі па аддзяленні царквы ад дзяржавы на 1.1.1930 на тэр. Беларусі яшчэ дзейнічала 1766 рэліг. аб’яднанняў: 1022 праваслаўныя, 111 рымска-каталіцкіх, 547 іудзейскіх, 86 пратэстанцкіх; у 1930—31 пад культурныя і гасп. ўстановы былі перададзены 573 праваслаўныя цэрквы, 29 касцёлаў, 366 сінагог, 2 капліцы, 52 малітоўныя дамы. Да канца 1936 на тэр.БССР засталося толькі 11% культавых будынкаў. 23.7.1922 абвешчана Бел. праваслаўная мітраполія на чале з епіскапам мінскім Мелхіседэкам (Паеўскім). Аднак яе дзейнасць хутка заняпала (у 1925 мітрапаліт быў выкліканы ў Маскву, зняволены ў турму, а потым высланы ў Краснаярск). Пры сав. уладзе ў праваслаўнай царкве было справакавана ўзнікненне т. зв. абнаўленства, якое павінна было аслабіць царк. арг-цыю — разбурыць яе знутры, знізіць аўтарытэт царквы і яе ўплыў на вернікаў. Да 1923 большасць праваслаўных іерархаў вымушана была прыняць абнаўленскае кіраўніцтва, абнаўленцам перададзена большасць дзеючых цэркваў (да 1924—500 храмаў). У ліст. 1917 адрадзіла дзейнасць Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Аднак пасля ад’езду з Расіі біскупа Дэрбіньі, які ў 1925 афіцыйна прыязджаў з Рыма ў Маскву для ўрэгулявання духоўных спраў каталіцкага касцёла, пачалася хваля арыштаў і рэпрэсій каталіцкага духавенства. Мінскі каталіцкі епіскап Зыгмунд Лазінскі ў 1925 пад пагрозай арышту выехаў у Польшчу і заснаваў сваю кафедру ў Пінску. Услед за епіскапам з БССР у Польшчу выехалі многія каталіцкія святары. Царк.-рэлігійнае жыццё епархіі хутка сціхла, касцёлы перададзены пад культ.-гасп. ўстановы. Культавыя рэчы вернікі хавалі ў дамах, у лепшым выпадку перадавалі ў музеі. Дэклараваныя гарантыі рэліг. свабод і магчымасць законным шляхам рэгістраваць абшчыны і малітоўныя дамы ў 1 -я гады існавання сав. улады выклікалі ажыўленне рэліг. дзейнасці пратэстантаў: былі заснаваны новыя абшчыны, пабудаваны малітоўныя дамы, пачалі дзейнічаць заснаваныя евангельскімі хрысціянамі і баптыстамі калектыўныя гаспадаркі і камуны, выдавалася шмат рэліг. літаратуры. Актыўнасць пратэстанцкіх арг-цый у краіне сустрэла процідзеянне з боку антырэліг. арганізацый, асабліва створанага ў 1925 Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР (у 1926 створаны яго бел. філіял). У крас. 1929 на II Усесаюзным з’ездзе Саюза ваяўнічых бязбожнікаў прынята рэзалюцыя, у якой абвяшчалася праграма барацьбы з сектанцтвам і канстатавалася, што «рэлігійныя арганізацыі ў асобе іх вярхоў, прапаведнікаў, актывістаў з’яўляюцца палітычнай агентурай і ваенна-шпіёнскімі арганізацыямі міжнароднай буржуазіі». З 1937 усе абшчыны перайшлі на нелегальнае становішча, шмат вернікаў і прэсвітэраў рэпрэсіравана. У гэты перыяд абраднасць вымушана набыла сямейны, хатні характар і перамясцілася з храмаў ці малітоўных дамоў у дамы вернікаў. Сама сям’я павінна была як бы ператварыцца ў царк. абшчыну, дзе ролю святара з прычыны яго адсутнасці выконваў галава сям’і. Веравызнанне захавалася на ўзроўні ўшанавання найб. вялікіх рэліг. свят і выканання самых неабходных рытуальных дзействаў — малітваў, спеваў, пастоў, рытуальных страў, выканання гал. таінстваў — хрышчэння, вянчання, адпявання.
У Польшчы, у складзе якой з 1921 знаходзілася Зах. Беларусь, у 1922 абвешчана (у 1924 кананічна прызнана канстанцінопальскім патрыярхам) Польская аўтакефальная праваслаўная царква на чале з варшаўскім мітрапалітам Дыянісіем. У 1939 у ёй існавала 5 епархій, у т. л. Віленская, Гродзенска-Навагрудская і Палеская. Дзярж. ўлады Польшчы праводзілі актыўную палітыку акаталічвання і паланізацыі праваслаўнага насельніцтва. Шмат цэркваў было зачынена або перададзена католікам (больш як 1300 былых праваслаўных храмаў ператворана ў касцёлы). З 1921 да 1931 доля праваслаўнага насельніцтва зменшылася з 57,3 да 56,6%.
Каталіцкі касцёл у Зах. Беларусі меў прывілеяванае становішча. Канкардат польскай дзяржавы з Папскай курыяй гарантаваў ёй правы і прывілеі. З 1921 тут існавалі 2 рымска-каталіцкія епархіі: Віленскае архібіскупства-мітраполія і Пінскае біскупства, кожная з іх мела сваю духоўную семінарыю, у Вільні пры ун-це дзейнічаў багаслоўскі факультэт. Паводле перапісу насельніцтва 1931 у Віленскім, Навагрудскім, Палескім ваяводствах з 3465 тыс. жыхароў 1202 тыс. чалавек (34,6%) аднеслі сябе да каталіцкага веравызнання і прызналі польскую мову роднай. Гэта было вынікам таго, што духавенства было польскае і праводзіла актыўную паланізацыю сваіх прыхаджан. Дзярж. ўлады Польшчы актыўна процідзейнічалі аднаўленчаму руху сярод бел. ксяндзоў, пашырэнню беларускамоўнай рэліг. літаратуры і ўжыванню бел. мовы ў набажэнстве. Спроба ксяндзоў Казіміра Сваяка, Язэпа Германовіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевіча і інш. ўвесці бел. мову ў набажэнства сустрэла актыўнае процідзеянне іерархаў царквы і нават мясц. шляхты. Была таксама спроба адрадзіць бел. грэка-каталіцкую царкву. У 1920-я г. езуіты заснавалі місіянерскія базы ў Альбярціне, Вільні, Любліне, Дубне і Пінску. Пасля дзесяцігадовай місіянерскай працы ў 1935 уніяты мелі: у Віленскім архібіскупстве 4 прыходы, 7 святароў і каля 3 тыс. прыхаджан; у Пінскім біскупстве 12 святароў і каля 6 тыс. прыхаджан; у Падляшшы 9 святароў і каля 3200 прыхаджан; у Альбярціне (каля Слоніма) 50 місіянераў і каля 300 прыхаджан. Але спробы аднаўлення уніяцтва на Беларусі не спраўдзіліся ў поўнай меры (да 1941 засталіся толькі 3 грэка-каталіцкія абшчыны); ва ўмовах канспірацыі дзейнічаў створаны ў маі 1940 экзархат Беларусі на чале з А.Неманцэвічам. У 1920—30-я г. на тэр.Зах. Беларусі (пераважна на Палессі) у выніку дзейнасці рээмігрантаў і місіянераў з Амерыкі, замежных (нямецкіх, амерыканскіх, англійскіх) місій пашыраліся пратэстанцкія веравучэнні (пяцідзесятніцтва, евангельскае хрысціянства, баптызм, іегавізм, адвентызм). Заснаваныя на Палессі абшчыны існуюць і ў наш час.
Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР кіраўніцтва СССР вымушана было лічыцца з вял. колькасцю вернікаў на далучаных землях. Праваслаўнае і каталіцкае духавенства Зах. Беларусі стала асновай для аднаўлення і развіцця духоўнага і царк. жыцця насельніцтва Беларусі. Быў прадоўжаны працэс фарміравання бел. хрысціянскай традыцыі са сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Архіепіскап Панцеляймон (Ражноўскі) прызначаны экзархам Зах. Беларусі і Зах. Украіны і архіепіскапам пінскім і навагрудскім, з ліп. 1940 — правячым архірэем Гродзенска-Вілейскай епархіі.
У 2-ю сусв. вайну са згоды ням. акупацыйных улад на тэр. Беларусі адчынены праваслаўныя і каталіцкія храмы, дзейнічалі пратэстанцкія абшчыны (у асн. ва ўсх. абласцях Беларусі, бо ў заходніх рэлігійныя арг-цыі не спынялі свайго існавання з даваенных часоў). Ням. ўлады, нягледзячы на сваё неадназначнае стаўленне да хрысціянства, разглядалі рэлігію як адзін з ідэалагічных сродкаў барацьбы з бальшавікамі і таму спрыялі дзейнасці рэліг. арг-цый. Усе абшчыны знаходзіліся пад пільным кантролем акупац. улад, якія рэгламентавалі іх дзейнасць, парадак правядзення набажэнстваў і колькасць удзельнікаў. На тэр. акупіраванай Беларусі было ўтворана 6 праваслаўных епархій. У аснову яе дзейнасці былі пакладзены ідэі богаслужэнняў на бел. мове, звароту да старых традыцый (напр., да старога календара), аднаўлення аўтакефаліі Бел. праваслаўнай царквы. У сак. 1942 сабор бел. епіскапаў выбраў мітрапалітам Беларусі епіскапа Панцеляймона, які насуперак жаданню ням. улад і часткі бел. духавенства, не абвясціў Бел. царкву аўтакефальнай. Пад прымусам акупац. улад Панцеляймон быў адлучаны ад кіраўніцтва царквой і зняволены ў манастыр, а кіраванне перададзена яго памочніку архіепіскапу Філафею (Нарко), які 30.8.1942 склікаў Бел.царк. сабор, дзе была прынята заява аб аўтакефаліі Бел. царквы (у маі 1944 сабор бел. епіскапаў абвясціў пастановы сабора 1942 несапраўднымі па той прычыне, што на ім адсутнічалі 2 старэйшыя бел. епіскапы, якіх акупац. ўлады не дапусцілі на сабор; аўтакефалія не атрымала кананічнаяга прызнання і канстанцінопальскім патрыярхам). У гады вайны адноўлена дзейнасць і каталіцкай царквы ва ўсх. абласцях Беларусі, дзе ў перадваенны час не засталося ніводнага дзеючага касцёла. 15 ксяндзоў аднавілі касцельную дзейнасць у Мінску, Слуцку, Бабруйску, Магілёве і інш. гарадах. Пры актыўным садзейнічанні ксяндзоў В.Казлоўскага, А.Адамовіча, Н.Кушаля пачаты працэс беларусізацыі касцёла. Разам з тым акупанты жорстка распраўляліся з прадстаўнікамі духавенства — праваслаўнага і каталіцкага (бел. і польскага) — па абвінавачанні ў дапамозе сав. партызанам ці польскаму падполлю. Спробы аднавіць уніяцкую царкву ням. ўлады спынілі (экзарх грэка-уніяцкай царквы на Беларусі Неманцэвіч быў арыштаваны, Альбярцінскі манастыр разагнаны, парафія ліквідавана). У час акупацыі значна актывізавалася царк. жыццё пратэстантаў. Пачалі дзейнасць абшчыны, якія існавалі раней, адкрыліся малітоўныя дамы і баптысцкія школы.
У гады 2-й сусв. вайны адносіны сав. улады да рэліг. арг-цый значна змяніліся. Гэта выявілася ў легалізацыі дзярж.-царк. адносін, падтрымцы праваслаўнай царквы, якая садзейнічала агульнанар. патрыятычнаму ўздыму. У 1943—44 створаны Савет па справах Рус. праваслаўнай царквы і Савет па справах рэліг. культаў, адноўлена дзейнасць Маскоўскага патрыярхата Рус. праваслаўнай царквы (у 1943 пасля доўгага перапынку абраны патрыярх), пачалі выпускаць на волю рэпрэсіраваных раней архірэяў, стаў выдавацца «Журнал Московской патриархии». Пасля вайны рост амаль усіх канфесій на Беларусі працягваўся. Духавенства і царк. саветы імкнуліся ўтрымаць тое, што было да гэтага часу набыта. Гэты перыяд адметны павышэннем рэлігійнасці, што звычайна тлумачылася ваен. і пасляваен. цяжкасцямі жыцця, аслабленнем антырэліг. палітыкі сав. улады ў першыя пасляваенныя гады. З узмацненнем рэлігійнасці павялічвалася колькасць абрадаў хрышчэння, шлюбу, пахаванняў, актывізавалася дзейнасць святарства; расла колькасць вернікаў. Найб. пашырэнне мела праваслаўная царква, якая была падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 2-й пал. 1940-х г. на вышэйшых іерархічных святарскіх пасадах у Беларусі знаходзіліся прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхата: у Мінску архіепіскап мінскі і беларускі Піцірым, у Пінску архіепіскап пінскі і лунінецкі Данііл, у Брэсце і Гродне епіскап брэсцкі (потым гродзенскі) Паісій. У 1949 на Беларусі зарэгістравана 1060 праваслаўных абшчын, найбольш іх было ў Брэсцкай (188) і Баранавіцкай (180), найменш у Віцебскай (26) і Палескай (24) абласцях; дзейнічала 757 праваслаўных святароў, 56 дыяканаў і 564 псаломшчыкі. Рыхтавалі святароў у Мінскай духоўнай семінарыі (у 1949 было 112 навучэнцаў). Праваслаўнае духавенства зах. і ўсх. Беларусі адрознівалася па ўзроўні адукацыі, прафесійнай падрыхтоўцы і ўплыве на вернікаў. Ва ўсх. толькі адзінкі мелі адпаведную падрыхтоўку, адукацыю і маглі чытаць пропаведзі (большасць з іх была рукапакладзена ў час ням. акупацыі), у зах. Беларусі большасць святароў мела не толькі семінарскую адукацыю, але і універсітэцкую. З 1948 аблвыканкомы пачалі вяртаць малітоўныя будынкі грамадскім арг-цыям, якія іх займалі ў даваенны час. У 1950-я г. пасляваенная хваля развіцця праваслаўных арг-цый на Беларусі часткова спала, хоць рэлігійнасць сярод праваслаўнага насельніцтва заставалася ранейшай.
Другой па колькасці абшчын, вернікаў і распаўсюджванні была рымска-каталіцкая царква (РКЦ). Найбольш вернікаў яна мела ў зах. Беларусі. У 1945 тут дзейнічала 325 касцёлаў і налічвалася 692 120 вернікаў, у 1946—309 касцёлаў, якія наведвалі 300—350 тыс. католікаў. Паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі ад 9.9.1944 у Польшчу перасялілася (1944—48) 274 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. 154 ксяндзы. Пасля гэтага на Беларусі засталося каля 264 тыс. палякаў-католікаў і каля 287 тыс. беларусаў-католікаў. Адносіны сав. улады да касцёла былі адмоўныя. Сав. ўлады абвінавачвалі РКЦ у сувязі з польскай падп. арг-цыяй Арміі Краёвай. Ксяндзоў абвінавачвалі ў антысав. дзейнасці, уплыве на вернікаў з мэтай сабатажу такіх акцый дзяржавы, як калектывізацыя, дзяржпазыка, дзяржпастаўкі, падпіска на дзяржвыданні і інш. Адразу пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці каталіцкага духавенства і самой царквы. Хваля рэпрэсій ахапіла да 70% каталіцкага кліру. З 1946 па 1949 колькасць касцёлаў скарацілася на 185, на пач. 1950 засталося 248 каталіцкіх абшчын.
Рост пратэстантызму працягваўся. У кастр. 1944 створаны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ), да якога ў жн. 1945 далучыліся хрысціяне веры евангельскай (пяцідзесятнікі). Усесаюзны Савет ЕХБ выконваў свае функцыі праз абласных упаўнаважаных (пазней старшых прэсвітэраў). У 1949 на Беларусі зарэгістравана 200 пратэстанцкіх абшчын і 16 095 вернікаў, большасць якіх знаходзілася ў зах. абласцях (70%). У 1946 зарэгістравана 9 абшчын (357 чал.) адвентыстаў сёмага дня (АСД), у 1949 зарэгістраваны 4 іх абшчыны (амаль столькі ж было незарэгістраваных).
У 1946 дзейнічалі 79 стараабрадніцкіх абшчын: 4 белакрыніцкага кірунку, 1 беспапоўскага, 2 беспапоўцаў-федасееўцаў, астатнія — беспапоўцы паморскага сагласу. Бел. стараабраднікі ў даваенны перыяд страцілі вял. колькасць цэркваў і малітоўных дамоў. І хоць у час акупацыі стараверы вярнулі сабе свае цэрквы, аднак у 1946—50 колькасць стараверскіх абшчын скарацілася да 32.
Пасля вайны на Беларусь пачалі вяртацца яўрэйскія сем’і, якія былі эвакуіраваны на ўсход СССР. Яўрэі-вернікі адразу пачалі хадайнічаць аб стварэнні рэліг. аб’яднанняў і аднаўленні дзейнасці сінагог, таму што ў перадваенны час большасць з іх перададзена пад культ.-асв. ўстановы, а астатнія разбураны і спалены ў гады вайны. Дазвол на рэгістрацыю атрымалі толькі 2 абшчыны — у Мінску і Бабруйску (дзе пазней мясц. ўлады адабралі памяшканне). Яўрэі Беларусі мелі сувязь з Маскоўскай сінагогай, адкуль атрымлівалі рытуальна-культавыя рэчы (напрыклад, «эсрыг» — пальмавую галінку з плодам для свята «Кушчы», мацу для пасхальных святкаванняў і інш.).
У 1946 на Беларусі існавала некалькі мусульманскіх абшчын (падпарадкаваных Духоўнаму ўпраўленню мусульман еўрапейскай часткі СССР і Сібіры, якое знаходзілася ў Уфе), 9 мячэцяў (напалову менш за перадваенную колькасць), якія наведвалі каля 600 вернікаў. У 1953 засталіся толькі 2 мячэці і 370 вернікаў.
Гісторыя дзяржаўна-царк. адносін з сярэдзіны 1950-х г. да сярэдзіны 1980-х г. была вельмі складанай і хутка мянялася. Дэклараваны М.С.Хрушчовым кірунак на будаўніцтва камунізму ў 20-гадовы тэрмін патрабаваў і фарсіраваных дзеянняў у дачыненні да рэлігіі. Асаблівая ўвага засяроджвалася на поўнай забароне рэліг. адукацыі і выхавання непаўналетніх. Выпадкі знаходжання непаўналетніх на рэліг. службах, малітоўных сходах разглядаліся як парушэнне заканадаўства аб культах. Адбыліся змены ў статусе і арганізацыі прыходаў: духавенства праваслаўнай, рымска-каталіцкай царквы і духоўныя настаўнікі старавераў пераведзены на цвёрдыя аклады; кіраванне ў прыходах перададзена выканкомам, якія павінны былі вырашаць усе фінансавыя і гасп. пытанні; святароў фактычна ператварылі ў наёмных асоб, якія маглі быць звольнены і адхілены ад службы ў прыходзе. Пад любымі прычынамі і без іх пачалося масавае закрыццё малітоўных будынкаў. У 1950—64 у СССР штогод зачынялася ў сярэднім па 420 цэркваў. З 1959 па 1962 колькасць праваслаўных цэркваў на Беларусі скарацілася з 944 да 732. Некаторыя рэліг. цэнтры пад адм. націскам спынілі сваю дзейнасць (у 1960 Усесаюзны савет адвентыстаў сёмага дня). Пастаяннае ўмяшанне ўлад ва ўнутр. справы царквы выклікала ўнутраныя разлады, нават расколы. Праваслаўная царква спрабавала прыстасавацца да новых складаных умоў існавання. Святары пачалі спраўляць замест адной абедні дзве (раннюю і познюю), практыкаваць завочнае адпяванне памерлых. За 20 гадоў (1966—86) праваслаўная царква прайшла шлях ад зніжэння яе вагі ў грамадстве (змяншэнне колькасці яе будынкаў і абшчын, ганенняў і ідэалаг. ўціску) да адноснай стабілізацыі і адаптацыі ў новых умовах існавання. У 1970 на Беларусі засталося 380, а ў 1975—373 праваслаўныя абшчыны. Гэтыя лічбы заставаліся амаль што нязменнымі да 1988.
З 1959 узмацніліся меры па абмежаванні дзейнасці каталіцкага духавенства. За 1959—66 колькасць абшчын рымска-каталіцкай царквы рэзка зменшылася, зняты з рэгістрацыі 80 касцёлаў, на пач. 1967 дзейнічалі 104 касцёлы і 65 ксяндзоў. Каталіцкая царква на Беларусі знаходзілася пад моцным уплывам Ватыкана, які дзейнічаў праз польскі і літоўскі епіскапаты. Пасля рашэнняў II Ватыканскага Сабора аб перакладзе літургіі з латыні на нац. мовы набажэнствы ў бел. касцёлах сталі праводзіць на польскай мове, пацяплелі адносіны паміж каталіцкім і праваслаўным духавенствам. Ад кіраўніцтва ЕХБ улады патрабавалі актыўнага ўключэння вернікаў у грамадскае жыццё (чытання вернікамі прэсы, наведвання імі лекцый, кіно, тэатраў, клубаў). Сталі больш жорсткімі адносіны да абшчын ЕХБ, змешаных з пяцідзесятнікамі: у 1960—64 «за іншамоўе, прароцтвы, адмаўленне ад службы ў арміі» была знята з рэгістрацыі 31 абшчына. У 1966 дзейнічала 149 зарэгістраваных і 22 незарэгістраваныя абшчыны ЕХБ. Існавалі і стараабрадніцкія абшчыны. У Гомельскай вобл. на пач. 1961 дзейнічала 31 абшчына беспапоўскага сагласу і адна — белакрыніцкага. У 1975 колькасць стараабрадніцкіх абшчын знізілася да 24, у 1989 — да 22. Працягвалі сваю дзейнасць групы іудзеяў і мусульман (існавала адзінае мусульманскае аб’яднанне; 250 чал.). Да 1960 існавалі 2 зарэгістраваныя іудзейскія аб’яднанні ў Мінску і Калінкавічах (апошняе знята з рэгістрацыі «за парушэнне заканадаўства аб культах», а сінагога перададзена пад клуб пенсіянераў). Мінская абшчына доўгі час існавала без рабіна і ў 1960—70-я г. сінагогу наведвала каля 150 чал. У 1975—77 у саюзных рэспубліках СССР прыняты акты «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якія пашырылі магчымасці рэліг. арг-цый і пазбавілі іх ад дробнай апекі з боку ўлад; прыняты меры па пашырэнні правоў Савета па справах рэлігій пры СМСССР. У 1986—87 у краіне створаны спрыяльныя ўмовы для дзейнасці рэліг. арг-цый, што прывяло да значнага павышэння іх колькасці: дзейнічалі 370 праваслаўных цэркваў, адзін манастыр (у Жыровіцах), 103 касцёлы (66 з іх у Гродзенскай вобл.), больш за 200 пратэстанцкіх, 23 стараабрадніцкія, 1 іудзейская абшчына ў Мінску і мячэць у Іўі. У крас. 1988 напярэдадні ўрачыстага святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі, адбылася сустрэча патрыярха РПЦ Пімена і членаў Сінода з Генеральным сакратаром ЦККПСС М.С.Гарбачовым, пасля якой царква атрымала права свабоднай богаслужэбнай, місіянерскай, духоўна-асветніцкай, дабрачыннай і выдавецкай дзейнасці. Святарам быў адкрыты доступ да сродкаў масавай інфармацыі, у навуч. ўстановы. На працягу 1988 на Беларусі зарэгістравана 29 праваслаўных, 7 каталіцкіх, 3 пратэстанцкія новыя абшчыны. У 1989 у Беларусі дзейнічала 399 праваслаўных прыходаў. Адноўлены Магілёўская, Пінская і Полацкая епархіі, пачалося стварэнне Брэсцкай і Гомельскай. На Архірэйскім саборы РПЦ (кастр. 1989) у Маскве прынята рашэнне аб утварэнні Бел. экзархата Маскоўскага патрыярхата, у які ўвайшлі ўсе епархіі з прыходамі і манастырамі на тэр. Беларусі. Рашэннем Свяшчэннага сінода Рус. праваслаўная царква на Беларусі атрымала статус Бел. экзархата, а мітрапаліт мінскі і беларускі Філарэт — патрыяршага экзарха Беларусі. У 1989 на базе Жыровіцкага манастыра пачала дзейнічаць праваслаўная духоўная семінарыя. Пры Мінскім епархіяльным упраўленні адкрыліся курсы па падрыхтоўцы рэгентаў, пачаў выходзіць бюлетэнь «Минские епархиальные ведомости» (тыраж 700 экз.). Пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці і рымска-каталіцкай царквы. Адчыняліся старыя і будаваліся новыя касцёлы, аднаўлялася дзейнасць манаскіх ордэнаў, місіянерская дзейнасць, выданне рэліг. л-ры. Усталяванню спрыяльных адносін паміж кіраўніцтвам сав. дзяржавы і рымска-каталіцкай царквой садзейнічала сустрэча М.С.Гарбачова з папам рымскім Іаанам Паўлам П. У 1989 створана Мінская епархія, у якую апостальскім адміністратарам прызначаны ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч. У 1989 з Саюза ЕХБ (на Беларусі аб’ядноўваў 187 абшчын) выйшлі пяцідзесятніцкія абшчыны і, па ўзгадненні з Саветам па справах рэлігій, стварылі сваю рэсп. арг-цыю, якая аб’яднала 114 абшчын. У пратэстанцкіх арг-цыях было 21 805 вернікаў, у т. л. 9201 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 11 973 пяцідзесятнікаў і 1631 адвентыст. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі ў 1990 доля вернікаў сярод насельніцтва вырасла да 30%; павялічылася колькасць абрадаў: хрышчэння дзяцей у 1,5 раза, вянчання ў 3 разы. Праваслаўная царква на Беларусі налічвала 6 епархій, 603 абшчыны, у т. л. 126 новых; ёй вярнулі будынак жаночага манастыра ў Полацку, дзе пасялілася 20 манашак, а пазней сюды пераехалі яшчэ 35 манашак з Жыровіч. Праваслаўныя святары сталі выконваць абрады, якія раней забараняліся ўладамі: асвячэнне жылля, гасп. пабудоў, калодзежаў, аўтамабіляў; адпраўлялі трэбы ў дамах і кватэрах вернікаў.
Каталіцкая царква адкрывала новыя прыходы, запрашала святароў з-за мяжы (на 222 зарэгістраваныя абшчыны заставалася толькі 59 мясц. ксяндзоў, 109 запрошаны пераважна з Польшчы); заснавана Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У 1991 утвораны новыя царк.-адм. адзінкі — Гродзенская рымска-каталіцкая епархія (у межах Гродзенскай вобл.) і Мінска-Магілёўская архіепархія-мітраполія (архідыяцэзія, у межах Мінскай і Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай рымска-каталіцкай епархіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1999 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). Генеральным вікарыем на Пінскі дэканат, які ўключаў 40 касцёлаў, прызначаны К.Свёнтак.
З пач. 1990-х г. на Беларусі адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, што звязана з духоўнымі пошукамі часткі інтэлігенцыі і ідэяй пра царкву, у якой набажэнства і культ былі б звязаны з бел.нац. традыцыямі, мовай, сімволікай. Рэліг. абшчыны грэка-католікаў былі нешматлікія; толькі ў Мінску і Полацку вернікі-уніяты звярнуліся ў гарвыканком з просьбай аб рэгістрацыі. Актывізавалі сваю дзейнасць і этнаканфесіянальныя групы стараабраднікаў (зарэгістраваны 2 новыя абшчыны), мусульмане (зарэгістравана абшчына ў Мінску, да 70 чал.), пачалі дзейнічаць 3 іудзейскія абшчыны (акрамя Мінска, зарэгістраваны арг-цыі ў Віцебску і Бабруйску). Працэс канфесіяналізацыі грамадства працягваецца. З 1988 да 2003 колькасць рэліг. арг-цый павялічылася ў 2,5, арэліг. кірункаў — у 3 разы. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі доля вернікаў у краіне вырасла да 47—49 %.
Сучасны стан рэлігійных устаноў і рэлігійнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Талерантнае прыняцце Беларускай дзяржавай поліканфесіянальнай мадэлі забяспечвае роўныя правы зах. і ўсх. традыцыям, дае магчымасць захавання міру і стабільнасці на бел. зямлі. Статус рэлігіі ў грамадстве павышаецца, фарміруецца новы сацыяльны светапогляд на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. На афіц. рэспубліканскіх мерапрыемствах заўсёды прысутнічаюць лідэры і праваслаўнай, і каталіцкай цэркваў. Дзейнасць рэліг. абшчын і цэркваў рэгулюецца адпаведнымі статутамі і дзярж. заканадаўчымі актамі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі 1996) забяспечвае роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. У 1992 Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (прайшоў міжнар. экспертызу і прызнаны адпаведным міжнар. стандартам; у 2002 у яго ўнесены змены і дапаўненні) абвясціў свабоду рэліг. аб’яднанняў, гарантаваў усім грамадзянам аднолькавыя правы незалежна ад рэліг. прыналежнасці. У Законе акрэслена магчымасць супрацоўніцтва дзяржавы з шэрагам канфесій (у т. л. праваслаўнай, каталіцкай, лютэранскай, іудзейскай і мусульманскай), якія зрабілі істотны ўклад у гіст. развіццё і станаўленне духоўных, культ. і дзярж. традыцый бел. народа. Міжканфесіянальнай згодзе садзейнічае створаны ў студз. 1997 на базе Савета па справах рэлігій пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Дзяржкамітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які выконвае функцыі не толькі органа кантролю, але і даследчага і каардынацыйнага цэнтра. У Рэспубліцы Беларусь існуе 27 канфесій, на 1.1.2004 зарэгістравана 2863 рэліг. абшчыны. Паводле даследаванняў бел. сацыёлагаў 1994 і 1997 абсалютная большасць рэспандэнтаў-вернікаў лічаць сябе: праваслаўнымі (каля 80 % у 1994 і каля 77,4% у 1997), католікамі (адпаведна 9,9 і 10,4; паводле інш. звестак 14,8%), пратэстантамі (0,7 і 0,4%), іудзеямі (0,3% і 0,4%). У выкананні рэлігійных абрадаў і таінстваў рэгулярна прымаюць удзел 5,5%, зрэдку 37%. Асноўная перадача рэліг. традыцый у бел. грамадстве адбываецца праз удзел у святочных набажэнствах. Носьбітамі традыцый з’яўляецца не толькі святарства, але і старэйшае пакаленне, якое ў сям’і выконвае ролю ахоўніка сакральных ведаў. Пашырэнне рэліг. абшчын на Беларусі мае выразна акрэсленую ўнутраную мяжу, якая падзяляе Беларусь на 2 часткі: усх. і заходнюю. Гэтая мяжа супадае з дзярж. граніцай СССР да 1939. Пры гэтым у зах. Беларусі захоўваецца традыцыйны для перад- і пасляваеннага перыяду больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70—80% насельніцтва — веруючыя) і значна большая колькасць абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Праваслаўная царква з’яўляецца самай вял. канфесіяй на тэр. Беларусі. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод інш.рэліг. аб’яднанняў яна займае першае месца. На 1.1.2004 Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) аб’ядноўвае 1290 абшчын, 10 епархій, 21 манастыр, 17 брацтваў, 9 сястрынстваў (у 2003 дзейнічала 1040 і будаваліся 144 праваслаўныя храмы). Найб. колькасць праваслаўных абшчын у Брэсцкай (322) і Мінскай (292), найменшая ў Магілёўскай вобл. (91). У рэліг. арг-цыях працуе больш за 1250 праваслаўных святароў. У Жыровічах дзейнічае духоўная семінарыя га падрыхтоўцы святароў, духоўная акадэмія, школа рэгентаў і званароў, вучылішча па падрыхтоўцы псаломшчыкаў. Бел. праваслаўная царква мае 8 перыяд. выданняў і штотыднёвую праваслаўную радыёпраграму «Дабравест». БПЦ арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Узначальвае яе мітрапаліт Філарэт (К.В.Вахрамееў), мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. БПЦ актыўна падтрымала і ўключылася ў працэс нац. адраджэння. У 1999 Біблейскай камісіяй на бел. мове выдадзены богаслужэбныя тэксты Божай літургіі. У «Беларускім праваслаўным календары», які выдаецца штогод Мінскім Святапетрапаўлаўскім саборам і Брацтвам святых віленскіх пакутнікаў змяшчаюцца трапары і кандакі дванадзесятым святам і святым зямлі беларускай, перакладзеныя на бел. мову. У праваслаўныя святцы месяцаслова і ў «Звод імёнаў святых» унесены 23 бел. новапакутнікі; кананізаваныя у 1999, і 1000 новапакутнікаў зямлі рускай, кананізаваных у 2000. Бел. святым прысвячаюцца новыя святы, песнапенні, абразы. Спіс бел. святых з кожным годам папаўняецца. Так, 31.1.2001 святы Сінод БПЦ прылічыў да мясцовашанаваных святых архідыякана, экзарха Усяленскага патрыярхата Нікіфара Кантакузена, кіеўскага мітрапаліта свяшчэннапакутніка Макарыя, архіепіскапа астраханскага свяшчэннапакутніка Мітрафана, архіепіскапа рыжскага свяшчэннапакутніка Гаўрыіла, князёў Барыса Тураўскага і Фёдара Астрожскага і інш. У Гродне і Мінску створаны прыходы ў гонар Усіх Святых зямлі Беларускай. У сучаснай бел. праваслаўнай традыцыі ў богаслужэнне паступова ўводзіцца бел. мова (напр., у Святапетрапаўлаўскім саборы Мінска літургія ў першую суботу кожнага месяца і малебен за бел. народ з акафістам святым пакутнікам Антонію, Іаану і Яўстафію віленскім кожную сераду ў 17 гадзін перад абразом з часткамі мошчаў святых віленскіх пакутнікаў). Абсалютная большасць праваслаўных святароў — этнічныя беларусы. З улікам спецыфікі Беларусі, патрабаванняў і патрэб прыхаджан, царк. выданні ў краіне друкуюцца на дзвюх мовах — беларускай і рускай. На дзвюх мовах рыхтуюцца кадры святароў у царк. навучальных установах. Пасланні мітрапаліта Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі з нагоды свят і ўрачыстых дат, як правіла, агучваюцца ў Святадухаўскім кафедральным саборы на бел. мове, друкуюцца паралельна на рус. і бел. мовах.
Рымска-каталіцкая царква на Беларусі таксама адносіцца да традыцыйных і з’яўляецца адной з буйнейшых па колькасці вернікаў і абшчын. У 1999 на Беларусі створана Канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў (епіскапат), у якую ўвайшлі 4 епіскапы на чале з кардыналам К.Свёнтакам. На 1.1.2004 у Рэспубліцы Беларусь былі 4 епархіі, 432 прыходы, 9 місій, 8 манаскіх абшчын (кляштараў), 3 добраахвотныя т-вы «Карытас» і 2 вышэйшыя духоўныя семінарыі. Самай вялікай этнаканфесіянальнай групай з’яўляецца група католікаў-палякаў, якая ў асноўным пражывае на тэр.зах. Беларусі. З усіх каталіцкіх абшчын (432) значная частка (170) знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Каталіцкая царква знаходзіцца пад уплывам Ватыкана (якому яна падпарадкавана), польскага епіскапату (з якім цесна звязана) і культурна-асв. устаноў. Гістарычна склалася, што каталіцкі клір на Беларусі меў пераважна прапольскую арыентацыю, што адыграла пэўную ролю ў фарміраванні пашыранай канцэпцыі атаясамлення этнічнай і рэліг. прыналежнасці: католік — значыць паляк. Уплыў польскага касцёла на беларускі захоўваецца і ў сучасных умовах. З 332 святароў, якія абслугоўваюць прыходы, 192 з’яўляюцца замежнымі грамадзянамі, пераважна Рэспублікі Польшча. У большасці выпадкаў у касцёле справаводства вядзецца на польскай мове, літаратура паступае з Польшчы. Каталіцкая царква пачала працэс беларусізацыі царк. жыцця: вядзенне набажэнства, выпуск л-ры на бел. мове. Беларусізацыя касцёла адбываецца паступова, нярэдка праз дзейнасць новых рэліг. груп і аб’яднанняў пры касцёлах. Ідзе падрыхтоўка бел. каталіцкіх святароў: у 1996 4 першыя выпускнікі Гродзенскай духоўнай семінарыі (адчынена ў 1990 намаганнямі тагачаснага біскупа Т.Кандрусевіча) атрымалі свой святарскі сан; у 2002 пачала дзейнічаць Пінская вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя імя св. Фамы (Тамаша) Аквінскага. На Беларусі зарэгістраваны і 2 традыцыяналісцкія абшчыны католікаў, якія прытрымліваюцца старога, дасаборавага (II Ватыканскага сабора, 1962—65) вучэння і адмаўляюць правядзенне імшы на нац. мовах (лічаць латынь адзінай сапраўднай літургічнай мовай), празмерны экуменізм, некаторыя новаўвядзенні ў дачыненні да паводзін асобных афіц. святароў і г.д. Традыцыяналісты ў набажэнстве ўжываюць старую касцельную музыку, грыгарыянскі харал і г.д.
З пач. 1990-х г. адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, зарэгістраваны 13 грэка-каталіцкіх абшчын. Найбольшая з іх у Мінску, астатнія даволі малалікія — у іх па 10—30 чалавек, у асноўным ва ўзросце 25—50 гадоў, паводле сацыяльнага складу пераважна інтэлігенцыя. Святароў-прафесіяналаў маюць толькі абшчыны Мінска і Гродна. Уніяцкія абшчыны накіравалі некалькі чалавек у духоўныя навуч. ўстановы Ватыкана і ў г. Люблін (Польшча). У 1996 з нагоды 400-годдзя Брэсцкай царк. уніі адбыліся канферэнцыі, семінары і ўрачыстыя набажэнствы уніятаў.
У апошнія гады павялічылася колькасць пратэстанцкіх аб’яднанняў як традыцыйных для Беларусі, так і новых (у большасці заснаваных місіянерамі з ЗША і зах. краін). Аднак большасць з іх налічваюць ад 10 да 50 вернікаў. На 1.1.2004 зарэгістравана 1005 пратэстанцкіх абшчын, з якіх 494 хрысціян веры евангельскай (ХВЕ), каля 270 евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ). Найбольш абшчын ЕХБ і ХВЕ у Брэсцкай і Мінскай абласцях. Існуюць таксама 29 аўтаномных абшчын ЕХБ і абшчын, якія ўваходзяць у Савет цэркваў ЕХБ; 9 аўтаномных абшчын пяцідзесятнікаў, атаксама пяцідзесятніцкіх па накіраванасці абшчын евангельскіх хрысціян у духу апостальскім. Зарэгістраваны Беларуская канферэнцыя адвентыстаў сёмага дня (63 абшчыны), рэліг. аб’яднанне абшчын поўнага Евангелля (62 абшчыны), кальвінская хрысціянская рэлігійная кангрэгацыя «Беларускі евангелічны рэфарматарскі збор» (2 абшчыны), 19 лютэранскіх абшчын. Існуюць неапратэстанцкія аб’яднанні: Новаапостальскай царквы (20 абшчын), Царква Хрыстова (6), абшчыны месіянскага служэння (3), Царква Ісуса Хрыста святых апошніх дзён (мармоны; 3 абшчыны). Большасць неапратэстанцкіх абшчын знаходзіцца ў Мінску і абл. гарадах. Налічваецца 26 місій пратэстанцкага веравучэння і каля 70 тыс. вернікаў. Кадры прэсвітэраў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць 2 вышэйшыя і 2 сярэднія навуч. установы ЕХБ і ХВЕ. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічае 561 малітоўны дом, столькі ж будуецца. У 2003 пратэстанцкія арг-цыі з нагоды 450-годдзя Рэфармацыі на Беларусі правялі юбілейныя канферэнцыі, сумесныя малітвы, тэатралізаваныя прадстаўленні, тэалагічныя дыспуты, канцэрты.
На 1.1.2004 на Беларусі былі 34 стараабрадніцкія абшчыны, з якіх 18 знаходзяцца ў Віцебскай вобл. Існуе 29 іудзейскіх абшчын, якія ўваходзяць у 2 іудзейскія рэліг. аб’яднанні Рэспублікі Беларусь, па 6 з іх у Брэсцкай і Гомельскай абл. Самыя вял. абшчыны ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. У Мінску дзейнічаюць 2 вышэйшыя духоўныя вучылішчы (ешыботы). З-за адсутнасці мясцовых рабінаў святары запрашаюцца з ЗША і Ізраіля. У бел. іудаізме сучасныя кірункі прадстаўлены 14 прагрэсісцкімі абшчынамі. Існуюць 3 месіянскія абшчыны, у якія ўваходзяць у асн. маладыя іудзеі.
На тэр. Беларусі пражывае каля 12,5 тыс. татараў і дзейнічаюць 27 мусульманскіх абшчын (10 з іх у Гродзенскай вобл.), якія ўтварылі 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні. У 1994 у Мінску на 1-м Усебел. з’ездзе мусульман абвешчана ўтварэнне Мусульманскага рэліг. аб’яднання (муфтыяту) Рэспублікі Беларусь.
У канцы 20 ст. ў свеце актывізаваўся працэс фарміравання новых рэлігій, якія можна разглядаць як інстытут адаптацыі грамадства да хуткіх змен. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, урбанізацыя, пашырэнне інфарм. прасторы, фарміраванне тэхналогій уздзеяння на масавую свядомасць і г.д. паўплывалі і ўплываюць на ўзнікненне і пашырэнне новых рэлігій. Іх масавае з’яўленне на Беларусі звязана з паліт. працэсамі канца 1980 — пач. 1990-х г. Атэістычная сістэма выхавання ў часы існавання СССР істотна дыскрэдытавала ў вачах насельніцтва класічныя рэлігіі, місіянерскія магчымасці якіх былі абмежаванымі. Таму новыя рэлігіі пашыраліся амаль без канкурэнцыі. У канцы 1980-х г. атрымалі распаўсюджанне агні-ёга, тэасофія і крышнаізм, з пач. 1990-х г. — Вера Бахаі, Цэнтр Свету Шры Чын Моя, «Брахма Кумарыс» і інш. У сярэдзіне 1990-х г. класічныя рэлігіі значна аднавілі свае структуры на Беларусі і знайшлі падтрымку ўлады. Гэта заклапочанасць грамадства, звязаная з дэструктыўнымі праявамі ў свеце з боку шэрагу новых рэлігій — АУМ Сінрыкё, Белага брацтва, Храма Сонца і інш., значна абмежавалі магчымасці далейшага распаўсюджвання новых рэлігій. На 1.1.2004 у Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 6 абшчын бахаеў, 6 абшчын Міжнароднага т-ва Свядомасці Крышны, 1 абшчына Аамота. Частка рэліг. груп дзейнічае без рэгістрацыі.
Літ.:
Куроедов В.А. Религия и церковь в советском государстве. М., 1981;
Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). М., 1971;
Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII. Мн., 1974;
Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;
История евангельских христиан-баптистов в СССР. М., 1989;
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990;
Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;
Пучков П.И., Казьмина О.Е. Религии современного мира. М., 1998;
Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст.Мн., 1999;
Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. Брэст, 1999;
Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Гродно, 2000;
Гурко А.В. Новые религии в Республике Беларусь: Этнологич. исслед. Мн., 2003.
А.У.Верашчагіна, А.В.Гурко.
Мінскае капішча. Рэканструкцыя В.Сташчанюка па матэрыялах Э.Ляўкова.Ефрасіння, князёўна Полацкая. Гравюра 19 ст. са старажытнага абраза ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква 12 ст.Тытульны ліст «Бібліі» Ф.Скарыны. 1519.Жыровіцкі абраз Маці Божай.Праваслаўны царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай Пётр Магіла.Хрышчэнне Міндоўга. Гравюра 19 ст.Выява св. Казіміра на абразе Тракельскай Маці Божай. 17 ст. З в. Тракелі Гродзенскай вобл.Кальвінісцкі дзеяч ВКЛ М.Радзівіл (Чорны).Кальвінскі збор (рэфармацкая царква) у в Асташын Карэліцкага раёна Фота пач. 20 ст.Сінагога ў Слоніме. 17 ст.Мячэць у Іўі.Рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч З.Лазінскі.Мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.Архібіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі-мітраполіі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі Казімір Свёнтак.Вялікдзень у Пакроўскім саборы. Гродна. 1990-я г.Памятны знак у гонар тысячагоддзя праваслаўнай царквы на Беларусі. Заслаўе. 1992.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. 2000.Царква Раства Багародзіцы ў Салігорску. 2000.Абрад хлебапраламлення на малітоўным сходзе ў царкве ЕХБ. Кобрын. 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ці́снуць1, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1.каго-што і нашто. Налягаць сваім цяжарам на каго‑, што‑н. [Паранены:] — Здыміце процівагаз, ён цісне плячо мне. У процівагазе бінт, дастаньце яго... але раней вы можа дасталі б вады мне... — ціха гаварыў ён засмаглымі, пачарнелымі ад пылу губамі.Лынькоў.// З сілай налягаць на каго‑, што‑н.; націскаць. Жанчыны аднастайна згіналі нагу ў палене, з усёй сілы ціснулі ёю на тупы, загнуты край рыдлёўкі, потым увішна пераварочвалі чорны пласт зямлі.Асіпенка.Мікалай Сямёнавіч не стаў адразу ціснуць на запалую ў гняздзе кнопку званка.Пінчук.//Спец. Дзейнічаць сілай напружання. Газ цісне на сценкі пасудзіны.// Сілаю, цяжарам набліжаць да чаго‑н.; прыціскаць. Рэчавы мяшок з акрайцам хлеба і адной бляшанкай кансерваў ціснуў.. [Адама] да зямлі, як каменная гара.Паслядовіч.Да Міколы падсаджваецца тоўсты чалавек, і Мікола адчувае, як нахабна цісне ён яго да сцяны.Гаўрылкін.//перан. Прыгнятаць, выклікаць адчуванне цяжкасці. А сум цісне і цісне сэрца, і я супастаўляю створаныя мною характар і вобраз жанчыны з вобразам тае, з якой мы апынуліся на розных берагах.Дуброўскі.Надвор’е неяк цісне на цябе, псуе настрой.Васілёнак.//перан. Аказваць уплыў на каго‑н., звычайна непажаданы. — Ты ж ведаеш, што на мяне таксама ціснулі. Таму і кажу: самае вернае — нейкі разумны кампраміс.Савіцкі.
2.каго-што. Сціскаць, мяць. Насця Закрэўская.. ціснула ў пальцах крэйду, глядзела на слупок выпісаных ёю на дошцы лічбаў.Чорны.// Моцна абнімаць. Сябры ціснулі адзін аднаго ў абдымках.Кухараў.І ціснуў да сябе Пятрусь дзяўчыну.Нікановіч.// Перашкаджаць дыханню (пра адчуванне болю ў грудзях, сэрцы). Цісне кашаль грудзі — Маці занядужала.Глебка./убезас.ужыв.Нясцерпна ціснула ў грудзях, калола пад лапаткай.Кандрусевіч.
3.што і без дап. Быць цесным, сціскаць цела (пра адзежу, абутак). Новыя чаравікі ціснуць. □ Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць.Мележ.
4.што. Выціскаць (сок). Ціснуць сок з яблыкаў.//Разм. Рабіць (віно, гарэлку) саматужным спосабам; гнаць. Насадзіўшы вінаград, [Ной] Ціснуў сам і піў віно.Крапіва.
5.каго-што. Наступаючы, прымушаць здаваць свае пазіцыі, адступаць (пра войскі). — Зводка — цуд! — радасна ўсклікнуў Косця. — На ўсіх франтах нашы ціснуць фашыста.Курто.
6. Павялічвацца, узмацняцца (пра холад, мароз). Ціснуў мароз, і па ўсім было відно, што зіма, не ў прыклад мінулым, будзе суровая.Лупсякоў.
7.Разм. Ужываецца для абазначэння інтэнсіўнага, энергічнага руху або дзеяння. Цяпер наш дзядзька не чытае, А больш пад ногі паглядае Ды кіне вока, ці не блісне Жаданы шнур, ды далей цісне.Колас.[Марат:] — А ты сябруеш з ім [Санеевым]. Давай, Алег, не адкладвай. Цісні да яго.Ярашэвіч.
Ціснуць капейку — а) зарабляць грошы. [Буднік:] — Казённай службы саромецца не трэба. Служы, Мікіта! Цісні капейкі!Галавач; б) збіраць грошы, не траціць.
Ціснуць на (усе) педалі — прыкладаць усе намаганні для дасягнення, выканання чаго‑н.
Ціснуць руку — а) націскаць руку пры сустрэчы, развітванні. Я матулю сваю абдымаю, Свайму бацьку я цісну руку.Астрэйка; б) віншаваць. Кастуся віншавалі. Давалі яму хто што мог. Прыходзілі камандзіры, ціснулі руку.Ваданосаў.
ці́снуць2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1.Аднакр.да ціскаць (у 1 знач.).
2.Зак.да ціскаць (у 3, 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,
каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн.фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.
Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.
Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за 1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, атаксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, атаксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл.табл. 1).
У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл.табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;
Государственный бюджет. Мн., 1995.
М.І.Ткачук.
Табліца 1 Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення
Гады
1993
1994
1995
Акцызы
16,8
11,0
9,1
Падатак на дабаўленую вартасць
29,6
27,2
23,0
Падатак на прыбытак і даходы
22,9
34,2
32,3
Падаткі з насельніцтва
8,2
10,9
10,5
Падатак на паліва
4,5
4,2
3,0
Падатак на нерухомасць
2,9
0,7
0,3
Плата за зямлю
1,6
2,1
0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый
0,2
0,3
0,6
Зборы і непадатковыя даходы
1,4
3,8
9,1
Адлічэнні на ахову здароўя
—
28,0
—
Іншыя даходы
11,8
2,8
14,9
Табліца 2 Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней), паштовая сувязь,
від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.
Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.
На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛгал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.
У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел.сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял.Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп.дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс.аддз. сувязі (1999).
Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, атаксамасав.ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер. — ліст. 1939). У Вял.Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл.таксамаПалявая пошта.
Літ.:
Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЯ, Рэспубліка Карэлія,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Мяжуе на З з Фінляндыяй, на У абмываецца Белым м., на Пд Ладажскім і Анежскім азёрамі. Пл. 172,4 тыс.км². Нас. 795 тыс.чал. (1997), гарадскога 75%. Сярэдняя шчыльн. 4,6 чал. на 1 км². Жывуць карэлы (10%), рускія (74,3%), беларусы (7%), украінцы (3,6%), фіны (2,3%), вепсы (0,8%) і інш. Сталіца — г.Петразаводск. Найб. гарады: Кондапага, Сегежа, Костамукша, Сортавала, Беламорск, Кем, Мядзведжагорск.
Прырода. Размешчана на ПнЗеўрап.ч. Расіі. Паверхня К. — узгорыстая раўніна, якая сфарміравалася ў выніку дзейнасці ледавіка; прымеркавана Да Балтыйскага шчыта. Шматлікія грады і ўзгоркі чаргуюцца з нізінамі і западзінамі. На ПнЗ хрыбет Манселькя (выш. да 576 м), з Пн на Пд цягнецца Заходне-Карэльскае ўзв. (да 417 м), на Пд — Алонецкае ўзв. (да 313 м). Узбярэжжы Белага м., Ладажскага і Анежскага азёр заняты нізінамі. Карысныя выкапні: тытанамагнетытавыя і жал. руды, граніт, мармур, слюда, кварцыты, пегматыты, даламіты, палявы шпат, торф. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага: мяккая працяглая зіма, халаднаватае кароткае лета. Сярэдняя т-растудз. ад -9 °C да -13 °C, ліп. 14—16 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з Пн на Пд ад 400 да 600 мм за год. Рэкі парожыстыя, кароткія, з быстрым цячэннем, багатыя гідраэнергіяй. Гал. рэкі — Кем, Водла, Выг, Суна, Шуя. На р. Суна — вадаспад Ківач. Больш за 40 тыс. азёр (18% тэрыторыі). Буйныя азёры: Ладажскае, Анежскае, Тапвозера, Сегвозера, Пявозера, Выгвозера і інш.Беламорска-Балтыйскі канал. Шмат балот. Пераважаюць падзолістыя, падзоліста-глеевыя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лесам каля 53% тэрыторыі. Запасы драўніны 849 млн.м³ (1996). На Пн і ў цэнтры пашыраны хваёвыя лясы, на Пд — яловыя і лісцевыя (карэльская бяроза, вольха, асіна). Разнастайны жывёльны свет. Водзяцца буры мядзведзь, лось, паўн. алень, воўк, ліс, заяц-бяляк і інш. На азёрах, рэках і ўзбярэжжы Белага м. шмат вадаплаўных птушак. Запаведнікі: Костамукшскі і Ківач.
Гісторыя. Тэр. К. заселена ў 7—6-м тыс. да н.э. У 3—2-м тыс. да н.э.гал. заняткамі жыхароў былі рыбалоўства і паляванне. Першыя пісьмовыя звесткі пра плямёны карэлаў (гл.Карэла) адносяцца да канца 1-га тыс.н.э. У 9 — пач. 12 ст. К. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, пасля яе распаду падпарадкавана Ноўгараду. З 12 ст. ў К. зараджаюцца феад. адносіны, у 12—15 ст. складваецца карэльская народнасць. З 13 ст. К. — аб’ект агрэсіі шведаў, якія ў пач. 17 ст. захапілі Прыладажжа (вернута Расіі паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721). У Паўночную вайну 1700—21 на тэр. К. пабудаваны Алонецкі і Пятроўскі металург. з-ды, якія забяспечвалі рас. армію і флот гарматамі. У 1769—71 адбылося буйное выступленне горназаводскіх сялян (Кіжскае паўстанне). У 1811 зах. К. ўключана ў склад Вял. княства Фінляндскага. Пасля адмены прыгоннага права (1861) з’явіліся лесапільныя заводы з паравымі рухавікамі, павялічылася колькасць прамысл. і сезонных рабочых, пашырыліся нарыхтоўкі і сплаў лесу; па Анежскім воз. і Белым м. пачаўся рух параходаў.
У 1917—18 у К. ўстаноўлена сав. ўлада. Зах. К. ў 1917—40 была ў складзе Фінляндыі. 8.6.1920 з населеных карэламі мясцовасцей Алонецкай і Архангельскай губ. утворана аўт. вобласць — Карэльская прац. камуна, ператворана 25.7.1923 у Карэльскую АССР у складзе РСФСР. У выніку савецка-фінляндскай вайны 1939—40зах. К. ўключана ў СССР. 31.3.1940 утворана Карэла-Фінская ССР. У Вял.Айч. вайну б.ч. К. акупіравана ням. і фін. войскамі. 16.6.1956 Карэла-Фінская ССР ператворана ў Карэльскую АССР. З ліст. 1991 наз. Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лясная, дрэваапр. (лесанарыхтоўкі, лесапілаванне, вытв-сць мэблі, буд. дэталей, лыж) і цэлюлозна-папяровая. На долю ляснога комплексу прыпадае каля 43% агульнага аб’ёму. прамысл. прадукцыі. У 1996 нарыхтавана 3,2 млн. шчыльных м³ дзелавой драўніны, выпрацавана 428 тыс.м² піламатэрыялаў, 242 тыс.т цэлюлозы, 552 тыс.т паперы. Асн. цэнтры дрэваапр. прам-сці: Петразаводск, Сортавала, Мядзведжагорск, Беламорск, Сегежа, Кем. Цэлюлознапапяровыя прадпрыемствы ў гарадах Кондапага, Сегежа, Піткяранта. Вял. значэнне мае здабыча жал. руды (6,1 млн.т, 1996, Костамукшскі горнаабагачальны камбінат), мармуру, граніту, пегматытаў, кварцытаў, слюды. Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд.кВт∙гадз (1995). ГЭС на рэках Суна, Выг, Кем і інш.; Петразаводская ЦЭЦ. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць абсталявання для лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, трактароў, суднаў, станкоў, радыё- і выліч. тэхнікі, рамонт суднаў і інш.трансп. сродкаў) у гарадах Петразаводск, Беламорск, Мядзведжагорск, Вяртсіля. Каляровая металургія прадстаўлена Надвоіцкім алюмініевым з-дам. Прадпрыемствы прам-сці буд. матэрыялаў у гарадах Кондапага, Петразаводск, Піткяранта, Сортавала. З галін харч. прам-сці найб. развіты рыбная, мясная, малочная, хлебабулачная. Ёсць прадпрыемствы лёгкай прам-сці (швейная, трыкат., абутковая, валюшна-лямцавая ф-кі). Саматужныя промыслы (вырабы з карэльскай бярозы, вышыўкі). Пад с.-г. ўгоддзямі 207 тыс.га (1,2% тэрыторыі), у т. л. пад ворывам 79 тыс.га. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Збор (тыс.т. 1995) збожжавых — 4, бульбы — 154,4, агародніны — 19,1. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 82,1, свіней — 37,9. Авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пушны промысел. Рыбалоўства (селядзец, навага, сігавыя). Даўж. чыгунак 2,1 тыс.км, аўтадарог 13,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7,5 тыс.км. Па тэр. К. праходзяць чыгункі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Суаярві—Костамукша; аўтадарогі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Костамукша. Суднаходства па Белым м., Ладажскім і Анежскім азёрах, Беламорска-Балтыйскім канале. Даўж.ўнутр. суднаходных шляхоў 3,6 тыс.км. Порт — г. Беламорск. Курорты: Марцыяльныя Воды, Сортавала. Турызм (Кіжы, Валаамскія а-вы і інш.).
Літаратура. Развіваецца з пач. 1920-х г. на фінскай і рускай мовах. Фарміравалася на своеасаблівым спалучэнні вусна-паэт. традыцый спевакоў рунаў і казачнікаў, карэла-фін. эпасу «Калевала» і рус. фальклору. У яе станаўленні ўдзельнічалі карэльскія, рус. і фін. пісьменнікі. У 1926 засн. Карэльская асацыяцыя пралет. пісьменнікаў з рус., фін. і карэльскай секцыямі. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К. Адзін з заснавальнікаў л-ры К. — паэт Я.Віртанен. У 1930-я г. адбывалася інтэнсіўнае станаўленне розных літ. жанраў: лірычнай паэзіі [Л.Хело (Т.Гутары), М.Рутанен, І.Кутасаў], драмы [Р.Руска (Нюстрэм)], рамана (О.Іагансан), аповесці (В.Чэхаў), нарыса і апавядання (С.Норын). Маст. асэнсаванне гіст. мінулага, падзей рэвалюцыі і грамадз. вайны — асн. змест даваен, і пасляваен. л-ры К. Шматграннасць жыцця сучаснікаў, непаўторнасць і самабытнасць карэльскага краю ў творах пісьменнікаў-фінаў У.Вікстрэма (раманы «Уперад, працоўны народ», 1954; новая рэд., кн. 1—3, 1957—65; «Суомі ў полымі», 1968), І.Саарынена (зб. паэзіі «Мая Карэлія», 1965; «Лісткі памяці», 1969), Т.Суманена (кн. паэзіі «Простыя словы», 1968; «Сэрца чалавечае», 1980), пісьменнікаў-карэлаў Я.Ругоева, М.Якала (тэтралогія «Водападзел», 1949—66), М.Лайне (зб-кі вершаў «З пакалення ў пакаленне», 1974; «Ветраны вечар», 1981), А.Тыманена, рус. пісьменнікаў А.Лінеўскага (гіст. тэтралогія «Беламор’е», 1952—65), А.Сцяпанава (раманы «Сваякі», 1969; «Яака Саку — чалавек з народа», 1973; «Удовы», 1983), Дз.Гусарава («За мяжой міласэрнасці», 1977), А.Аўдышава (зб-кі вершаў «Край азёрны, край лясны», 1964; «Заанежжа», 1984) і інш.Л-ра апошніх дзесяцігоддзяў скіравана на раскрыццё сац.-этычных праблем, ёй уласцівы эпічнасць, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць, нац. каларыт: паэзія І.Сіманенкава, В.Сергіна, Ю.Лінніка, проза П.Перту, Сцяпанава, драматургія П.Барыскова, А.Іванова, Сцяпанава, Тыманена, публіцыстыка У.Усланава. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Ю.Ніканава, У.Данілаў), фалькларыстыка, літ.-знаўства, перакладчыцкая дзейнасць.
Творчыя сувязі л-р Беларусі і К. зарадзіліся ў 1930-я г.: асабістыя кантакты Купалы і Віртанена, публікацыі твораў Купалы на фін. мове ў перыяд, друку. Адзін з першых перакладчыкаў эпасу «Калевала» — бел. пісьменнік М.Машара. На фін. мову перакладзены асобныя творы Я.Коласа, В.Быкава (перакладчык У.Руханен). На бел. мове выдадзены кніга карэльскіх нар. казак «Чаму вада ў моры салёная» (1984), асобныя творы Вікстрэма, Лайне, Ругоева, Суманена, А.Хійры і інш. у перакладах Я.Лапаткі, У.Правасуда, Я.Сіпакова і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі неаліту і бронз. веку на тэр. К. захаваліся наскальныя малюнкі з выявамі жывёл, чалавека, антрапаморфных істот, сцэн палявання і бітваў выразаныя з рогу галовы ласёў і схематычныя фігуркі чалавека. Пасля ўваходу ў склад Стараж. Русі маст. культура К. развівалася ў рэчышчы агульнарасійскай. У культавым і жыллёвым буд-ве дамінавала драўлянае дойлідства: клецепадобныя цэрквы з гарыз. кампазіцыйнай воссю (Лазараўская Мурамскага манастыра, канец 14 ст.), вертыкальна арыентаваныя шатровыя (Успенская ў Кондапазе, 1774), маляўнічыя шматкупальныя (цэрквы комплексу Кіжы) і інш. Жылыя дамы будаваліся «брусам» (прамавугольны ў плане дом-двор пад агульным дахам) і «кашалём» (квадратны ў плане дом-двор з 2-схільным рознай даўжыні дахам). Пабудовы багата аздабляліся разьбою. З 14 ст. вядомы іканапіс, які развіваўся як архаізаваная галіна наўгародскай школы іканапісу («Апостал Пётр»). У 15—16 ст. вызначыліся мясц. асаблівасці: стрыманасць манеры пісьма і колеравай гамы, спрошчанасць малюнка і кампазіцыі, абагульненасць і лаканізм трактоўкі формы, эмацыянальная адухоўленасць вобразаў («Пётр і Павел», 15 ст.; «Вогненнае ўзыходжанне прарока Ільі», 16 ст.). У 16—19 ст. пад уплывам растова-суздальскай і маск. іканапісных школ склалася некалькі кірункаў іканапісу К. ад манументальна-лапідарных да вытанчаных па малюнку. У 18 ст. пачалося мураванае буд-ва, якому ўласцівы ўплывы барока, пазней класіцызму (ансамбль Круглай плошчы ў г. Петразаводск, 1775, арх. Е.С.Назараў; перабудовы 1787—89 і 1839). У архітэктуры канца 1930—50-х г. выкарыстоўваліся ордэрныя элементы (Рус.муз.-драм.т-р К. ў Петразаводску, арх. С.Бродскі і інш., скульпт. С.Канёнкаў) і дэкар. матывы нар. архітэктуры. У 1960—80-я г. ўзводзіліся простыя па кампазіцыі прамысл. і грамадскія будынкі. У 1920—30-я г. пачало фарміравацца прафес.выяўл. мастацтва. У жывапісе 1950—80-х г.найб. пашыраны пейзаж, часта з жанравымі матывамі (В.Аўдышава, Б.Паморцаў, С.Юнтунен), партрэт (Г.Стронк, Ф.Ніемінен), нацюрморт (Л.Ланкінен). З 1950-х г. развіваецца графіка (Стронк, Т.Юфа і інш.), з 1960-х г. — партрэтная і жанравая скульптура (Л. і Г.Ланкінены, Э.Акулаў і інш.). У дэкар.-прыкладным і нар. мастацтве здаўна развіта выемчастая і ажурная разьба па дрэве, што ўпрыгожвае дамы, гасп. пабудовы, храмы, мэблю, посуд і інш. Пашырана вышыўка.
Музыка. Адзін з найб.стараж. пластоў муз. фальклору К. — рунічны (песні-руны; сямейна-быт., эпічныя, гіст. песні, балады, галашэнні, песні-імправізацыі іойку і інш.). Вядомы таксама лірычныя песні, прыпеўкі. Сярод гар. жанраў — піірылейкі (кругавыя песні), рытмаінтанацыйнай асновай блізкія да еўрап. танцаў (вальс, полька, мазурка). Сярод інструментаў — струнна-смычковыя ёўхіка, версіканель; струнна-шчыпковы кантэле; духавыя торві (пастухоўская труба з бяросты), ліру; званочкі. Прафес.муз. культура развіваецца з пач. 1920-х г. Сярод кампазітараў: Г.Вавілаў, Л.Вішкароў, А.Голанд, Р.Зялінскі, П.Казінскі, В.Канчакоў, В.Кошалеў, Б.Напрэеў, Э.Патлаенка, Р.Пергамент (аўтар першай нац. камічнай оперы «Кумоха», 1959), К.Раўтыо, Г.-Р.Сінісала (аўтар першага нац. балета «Сампо», 1959), кампазітар і фалькларыст В.Гудкоў. У К. працуюць: Муз.т-р (з 1955), сімф. аркестр Карэльскага радыё і тэлебачання (з 1933), ансамбль песні і танца «Кантэле» (з 1936), Карэльская філармонія (з 1939), філіял С.-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1967), муз. вучылішча (з 1938). У 1937 засн. Саюз кампазітараў.
Тэатр У 1918—22 у Петразаводску працаваў рус.т-р (Нац.т-р драмы). У 1920—30-я г. паявіліся шматлікія самадз.рус., фін. і карэльскія драм. гурткі, аматарскія т-ры («Карэльская сцэна і інш.). У 1929 створаны т-ррус. драмы, у 1932 — фін.драм.т-р (заснавальнік Р.Нюстрэм), які ставіць спектаклі сусв., у т. л.фін. і рус., класікі, творы сучасных драматургаў. Працуюць таксамадрам.т-р Карэліі, Рус.драм.т-р, Т-р лялек і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Л.Томберг, Д.Карпава, Т.Ланкінен, Т.Ромпайнен, В.Суні, В.Тамашэўская, С.Туарыла, В.Фінагеева, Ю.Хумпі, П.Чаплыгін, А.Шыбуева.
Літ.:
Плотников В.И. Изобразительное искусство Советской Карелии. Л., 1961;
Смирнова Э.С. Живопись Обонежья XIV—XVI вв. М., 1967;
Савватеев Ю.А. Рисунки на скалах. Петрозаводск, 1967;