БЕЛАЕ́НКА (Яўген Дзмітрыевіч) (н. 9.11.1947, г. Мурманск),
бел. хірург. Д-р мед. н. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). З 1975 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі (з 1993 дырэктар). Навук. працы па дыягностыцы і хірург. лячэнні хвароб суставаў, па даследаванні працэсаў трэння і зношвання сустаўных храсткоў, па стварэнні новых прэпаратаў для аховы храсткоў ад дэструкцыі і павелічэнні іх рэпарацыйных здольнасцяў пры паталогіі.
т. 2, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ВУЧНЁЎСКАЯ ГРАМАДА́ ў Калузе,
грамадская арг-цыя. Існавала ў 1918. Засн. вучнямі навуч. устаноў, эвакуіраваных з тэр. Беларусі ў час 1-й сусв. вайны. 18.6.1918 зарэгістравана Бел. нац. камісарыятам. Асн. мэта — аб’яднанне вучняў-беларусаў усіх навуч. устаноў на нац. культ.-асв. глебе. Арганізоўвала лекцыі і даклады, праводзіла культ. мерапрыемствы. Працавалі літ. і драм. секцыі, б-ка. Мела аддзелы пры некаторых навуч. установах.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА»,
часопіс інспектарыята бел. школ пры генеральным камісары Беларусі. Выдаваўся ў студз.—снеж. 1942 у Мінску (друкаваўся кірыліцай і лацінкай у Вільні) на бел. мове пад кантролем герм. улад. Выходзіў раз у 2 месяцы. Складаўся з 2 частак — для настаўнікаў і вучняў. Друкаваў пераважна метадычныя і вучэбныя матэрыялы. Выйшла 6 нумароў. З 1943 замест «Беларускай школы» выдаваўся час. «Школа і жыццё».
С.У.Жумар.
т. 2, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ КЛУБ.
Існаваў у 1920 у Мінску. Праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў тэатр. мастацтва. Пры клубе працавалі драм., муз. і харавая секцыі, бібліятэка, курсы беларусазнаўства. Рэжысёры драм. секцыі У.Галубок, Ф.Ждановіч, В.Сташэўскі паставілі спектаклі «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Суд» і «За мураванай сцяной» Галубка, «Міхалка» Далецкіх і інш. 10.8.1920 у клубе спектаклем «Суд» пачала сваю дзейнасць трупа Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр).
т. 2, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛНДПТІХЛЕБАПРАДУ́КТ», Дзяржаўнае навукова-даследчае і праектна-тэхналагічнае прадпрыемства «БелНДПТІхлебапрадукт» пры Камітэце па хлебапрадуктах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1971 у Мінску як філіял Цэнтральнага н.-д. і праектнага ін-та «Прамзбожжапраект». З 1991 сучасная назва. Асн. кірунак работы — комплекснае праектаванне для буд-ва і рэканструкцыі прадпрыемстваў галіны (мукамольна-крупяной, камбікормавай і элеватарнай прам-сці) на тэр. Беларусі і некаторых абласцей Рас. Федэрацыі.
т. 3, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ПУ,
бальнеакліматычны курорт у Японіі. На беразе аднайм. заліва, каля падножжа вулканічнага масіву на в-ве Кюсю. Развіваецца з 19 ст. (мінер. крыніцы выкарыстоўвалі з 17 ст.). Субтрапічны вільготны мусонны клімат і мінер. воды, каля 2 тыс. гарачых (да 100 °C) крыніц, пясочныя сульфідныя ванны на пляжы, спрыяльныя пры лячэнні хвароб апорна-рухальнага апарату і перыферычнай нерв. сістэмы. Шмат санаторыяў, гасцініц, пансіянатаў. Бальнеалагічны і вулканалагічны НДІ.
т. 3, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКАЯ СЦЯНА́,
сістэма ўмацаванняў і загародаў у 1961—89, якая аддзяляла ўсх. частку Берліна ад зах. (гл. Берлін, Заходні Берлін). Пабудавана паводле рашэння ўлад ГДР, каб стрымліваць уцекачоў з краіны. Берлінская сцяна — бетонны мур даўж. 45,1 км, абнесены калючым дротам, вакол якога выкапаны акопы і ўстаноўлены мінныя прыстасаванні, самастрэлы і інш. Пры шматлікіх спробах пераадолець Берлінскую сцяну загінула каля 80 чал. Дэманціравана ў 1989.
т. 3, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНЕ́ЧНА МАЛА́Я ў матэматыцы,
пераменная велічыня, што ў зададзеным працэсе становіцца і застаецца па абсалютнай велічыні меншай за любы папярэдне зададзены лік (мяжой з’яўляецца 0); адваротная да бесканечна вялікай. Калі x — бесканечна малая, то скарочана запісваюць lim x = 0 або x → 0. У матэм. аналізе важныя адносіны бесканечна малых адна да адной і іх сума пры неабмежаванай колькасці складаемых. Гл. таксама Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне.
т. 3, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ пры Дзяржаўным патэнтным ведамстве Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1977 у Мінску на базе навук.-тэхн. б-кі Ін-та навук.-тэхн. інфармацыі. Найб. поўны на Беларусі фонд навук.-тэхн. л-ры і дакументацыі па ўсіх галінах прам-сці — больш за 20 млн. адзінак. Рэсп. цэнтр міжбібліятэчнага абанемента па тэхн. л-ры, метадычны цэнтр навук.-тэхн. б-к Беларусі. Мае 5 абл. філіялаў.
т. 3, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІУРЭ́ТАВАЯ РЭА́КЦЫЯ, рэакцыя Піятроўскага,
каляровая рэакцыя (фіялетавая афарбоўка), што атрымліваецца пры ўзаемадзеянні арган. рэчыва, у малекуле якога ёсць пептыдная (амідная) сувязь (-CO-NH-), з сернакіслай меддзю ў шчолачным асяроддзі. Выкарыстоўваецца для колькаснага і якаснага вызначэння бялкоў, а таксама прадуктаў іх гідролізу — пептонаў і пептыдаў, пачынаючы з трыпептыдаў. Упершыню апісана ў 19 ст. для простага арган. злучэння — біурэту (NH2-CO-NH-CO-NH2).
А.М.Ведзянееў.
т. 3, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)