РУМЯ́НЦАЎ (Мікалай Пятровіч) (14.4.1754, С.-Пецярбург — 15.1.1826),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, мецэнат. Граф. Канцлер (1809) з захаваннем пажыццёва гэтага звання. Сын П.​А.​Румянцава-Задунайскага. У 1781—95 на дыпламат. службе ў Германіі. З 1801 чл. Неадменнага Савета пры імператару Аляксандру I. Дырэктар водных камунікацый (1801—09), міністр камерцыі (1802—10), замежных спраў (1807—14), адначасова ў 1810—12 старшыня Дзярж. Савета. Да вайны 1812 праводзіў курс на збліжэнне з Францыяй. З 1814 у адстаўцы. Ганаровы чл. многіх акадэмій. Стварыў Румянцаўскі гурток; у 1811 па яго ініцыятыве засн. Камісія друкавання дзярж. грамат і дагавораў, якая выдала «Збор дзяржаўных грамат і дагавораў» (т. 1—4, 1813—28), дзе шмат дакументаў па гісторыі Беларусі. Удзельнік археаграфічных экспедыцый К.​Ф.​Калайдовіча і П.​М.​Строева (у т. л. па Беларусі), выявіў у замежных архівах дакументы па рас. гісторыі. На ўласныя сродкі выдаў больш за 40 кніг, пераважна па гісторыі Расіі і інш. слав. народаў, у т. л. «Беларускі архіў старажытных грамат». Удзельнічаў у арг-цыі першага рас. кругасветнага плавання І.​Ф.​Крузенштэрна і Ю.​Ф.​Лісянскага (1803—06), на ўласныя сродкі арганізаваў марскую экспедыцыю О.​Я.​Кацэбу (1815—18). Ганаровы чл. многіх навук. т-ваў, у т. л. Вольнага з 1802, і акадэмій, у т. л. Рас. АН з 1819. Яму належаў г. Гомель, дзе ў сваім палацы ён сабраў шмат кніг, рукапісаў, твораў мастацтва, нумізматычныя калекцыі, археал. і этнагр. матэрыялы; дбаў пра забудову і добраўпарадкаванне горада. У 1831 у Пецярбургу на аснове яго збораў адкрыты Румянцаўскі музей (у 1861 пераведзены ў Маскву). У 1862 у складзе музея засн. б-ка (з 1925 Б-ка СССР імя Леніна, з 1992 Расійская дзяржаўная бібліятэка).

Літ.:

Козлов В.П. Колумбы российских древностей. 2 изд. М., 1985.

А.​М.​Лукашэвіч.

М.П.Румянцаў.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКІ АЛФАВІ́Т,

сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай рускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Узнік у выніку ўдасканалення кірыліцы і ў ранні перыяд выкарыстоўваў усе яе літары. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дуплетных літарах (як і ў беларускім алфавіце), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для перадачы зычнага j, гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных.

Важным этапам ва ўдасканаленні Р.а. з’явілася рэформа Пятра I (1708—10), у выніку якой створаны рус. грамадзянскі шрыфт; з мэтай прыстасаваць царк.-слав. шрыфты для свецкіх выданняў былі выключаны літары ѡ, ѫ, ꙋ, ѯ, ѱ; літары ѩ і ѧ заменены літарай «я», уведзена літара «э». Літару «ё» у 1797 ужыў М.​Карамзін замест злучэння «іо». Канчаткова склад Р.а. вызначыла рэформа правапісу 1917—18: са складу алфавіта былі выключаны літары ѣ, Θ, і, Ү. Кірыліцкія назвы літар («аз», «буки», «веди» і г.д.) заменены сучаснымі з мэтай палегчыць працэс навучання грамаце.

Сучасны Р.а. складаецца з 33 літар, 20 з іх перадаюць зычныя гукі: Бб, Вв, Гг, Дд, Жж, Зз, Кк, Лл, Мм, Нн, Пп, Рр, Сс, Тт, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Щщ, 10 — галосныя: Аа, Ээ, Оо, Ыы, Ии, Уу або спалучэнні j+галосны: Яя, Ее, Ёё, Юю; літара «й» перадае j; «ь» і «ъ» не абазначаюць асобных гукаў. Ужыванне літары «ё» ў друку не з’яўляецца абавязковым, яна ўжываецца пераважна ў слоўніках і вучэбнай л-ры. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой, могуць ужывацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і малую формы. Р.а. зрабіў уплыў на бел. алфавіт, а таксама на некат. інш. мовы, якія маюць пісьменнасць на аснове кірыліцы.

Літ.:

Истрин В.А. 1100 лет славянской азбуки. М., 1963;

Мусаев К.М. Алфавиты языков народов СССР. М., 1965;

Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985.

А.​М.​Булыка.

т. 13, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАНУКЛЕІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ (РНК),

біялагічныя палімеры, якія складаюцца з монануклеатыдаў. Абавязковы кампанент усіх жывых клетак, многіх вірусаў. Удзельнічаюць у рэалізацыі генет. інфармацыі. Першасную структуру РНК вызначае паслядоўнасць размяшчэння монануклеатыдаў у поліпептыдным ланцугу. На ўзроўні другаснай структуры малекула РНК фарміруе адзін ланцуг (асобныя ўчасткі, камплементарныя адзін аднаму, утвараюць 2 ланцугі). У фарміраванні трацічнай структуры РНК важную ролю адыгрываюць бялкі, пры гэтым узнікаюць рыбасомы, інфармасомы.

Адрозніваюць некалькі тыпаў РНК: рыбасомная (рРНК) — каля 80% клетачнай РНК, транспартная (тРНК) — 15%, матрычная або інфармацыйная (мРНК) — каля 5% усёй РНК клеткі. Гал. функцыя рРНК — структурная арг-цыя рыбасомы, дзе адбываецца зборка поліпептыднага ланцуга. Трансп. РНК актывізуе і пераносіць амінакіслоты і выконвае адаторную функцыю, якая дазваляе перакласці «мову» генет. кода (паслядоўнасць нуклеатыдаў) у «мову» структуры бялковай малекулы (амінакіслотная паслядоўнасць). Матрычная РНК — камплементарная копія генаў, якія кадзіруюць структуру бялкоў. Яна выкарыстоўваецца як матрыца пры зборцы поліпептыднага ланцуга. Асобна вылучаюць вірусную РНК. У некат. тыпаў вірусаў яна адыгрывае ролю захавальніцы генет. інфармацыі. Пранікненне такога віруса ў клеткі патрабуе папярэдняга сінтэзу дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК) на матрыцы РНК гэтага віруса. Паток генет. інфармацыі (экспрэсія генаў) уключае транскрыпцыю — сінтэз усіх тыпаў РНК на малекуле ДНК і трансляцыю — біясінтэз бялку на мРНК (генет. інфармацыя ДНК рэалізуецца шляхам праграміраванага праз мРНК сінтэзу бялкоў, якія вызначаюць фенатыпічныя прыкметы жывых арганізмаў). Утварэнне мРНК на матрыцы ДНК у пракарыятычных клетках — адносна просты працэс і ўключае гал. чынам транскрыпцыю адпаведнага гена з дапамогай РНК-полімеразы. Біясінтэз мРНК у эўкарыётаў значна адрозніваецца шматступеньчатасцю фарміравання актыўнай малекулы. Малекулы тРНК як у эўкарыётаў, так і ў пракарыётаў сінтэзуюцца ў выглядзе вял. папярэднікаў. У клетках эўкарыётаў сінтэз рРНК лакалізаваны ў ядзерку і ажыццяўляецца РНК-полімеразай I; геном утрымлівае ад 50 да 1000 ідэнтычных копій генаў, якія кадзіруюць рРНК.

Літ.:

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 3 изд. М., 1998.

В.​К.​Кухта.

т. 13, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́КЦЫІ ХІМІ́ЧНЫЯ,

працэсы ператварэння адных рэчываў (простых і хім. злучэнняў) у інш. рэчывы (прадукты рэакцыі). Суправаджаюцца разрывам хімічных сувязей у малекулах рэчываў, што ўступаюць у рэакцыю (зыходных рэчываў), і ўтварэннем новых сувязей у прадуктах рэакцыі. У адрозненне ад ядзерных рэакцый, якія прыводзяць да ўтварэння новых атамаў, пры Р.х. адбываецца толькі перабудова вонкавых электронных абалонак атамаў. Якасны і колькасны састаў зыходных рэчываў і прадуктаў Р.х. запісваецца пры дапамозе ўраўненняў хімічных. Магчымасць Р.х. і ступень (паўната) ператварэння рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць, пры розных умовах (т-ра, канцэнтрацыя ў газавай сумесі ці растворы, ціск) вывучае тэрмадынаміка хімічная, скорасць Р.х. і іх механізм — кінетыка хімічная.

Р.х. падзяляюцца на абарачальныя (гл. Абарачальныя рэакцыі) і неабарачальныя Паводле цеплавога эфекту адрозніваюць экзатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з вылучэннем цяпла (у гэтых рэакцыях энергія, неабходная для разрыву хім. сувязей у зыходных рэчывах, меншая за энергію, што вылучаецца пры ўтварэнні новых сувязей), і эндатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з паглынаннем цяпла. Многія тэрмадынамічна магчымыя Р.х. пры звычайных умовах ідуць з малой (практычна блізкай да нуля) скорасцю Для паскарэння такіх рэакцый выкарыстоўваюць каталізатары (гл. Каталіз). Механізм большасці Р.х. уключае некалькі (гл. Складаныя рэакцыі), а часам дзесяткі і сотні т.зв. элементарных стадый, якія прыводзяць да ўтварэння мала ўстойлівых прамежкавых прадуктаў — свабодных радыкалаў і атамаў, што прымаюць удзел у наступных элементарных стадыях (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі). Адбываюцца Р.х. за кошт цеплавога ўзбуджэння (пры награванні), пад уздзеяннем святла (гл Фотахімічныя рэакцыі), іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйна-хімічныя рэакцыі), эл. току, ціску, у плазме (гл. Плазмахімія) і інш. Гл. таксама Акісленне-аднаўленне, Гарэнне, Полімерызацыя, Тапахімічныя рэакцыі.

Літ.:

Тоуб М. Механизмы неорганических реакций: Пер. с англ. М., 1975;

Сайкс П. Механизмы реакций в органической химии: Пер. с англ. 4 изд. М., 1991;

Жданов В.П. Скорость химической реакции. Новосибирск, 1986;

Шелинский Г.И. Основы теории химических процессов. М., 1989.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ (франц, révolution ад лац. revolutio пераварот),

карэнная якасная змена, рэзкі скачкападобны пераход ад аднаго якаснага стану да другога, ад старога да новага. Р. як перарыў паступовасці, якасны скачок супрацьпастаўляецца эвалюцыі. Першапачаткова тэрмін «Р.» азначаў «абарот», «кругаварот», «пераварот» у дачыненні да астр. працэсаў, у 17 ст. перайшоў у паліт. лексіку са значэннем «дзярж. пераварот», «цыклічныя змены дзярж. ладу» (манархія, тыранія, арыстакратыя, алігархія, дэмакратыя, анархія). У перыяд Французскай (1789—99) і Амерыканскай (1776—83) рэвалюцый да паняцця «Р.» як змены дзярж. ладу ці паліт. рэжыму дадалося разуменне Р. як увядзення новага сац. парадку, новай стадыі сусв. гісторыі; тэрмін «Р.» звязваўся ўжо не з ідэяй цыклічнасці, а з ідэяй прагрэсу. Пашырана таксама разуменне Р. як раптоўнага поўнага разрыву з папярэдняй сац. традыцыяй, замена старога грамадскага ладу на новы процізаконнымі сродкамі, узбр. барацьбой і гвалтам; разам з тым Р. — заўсёды актыўнае паліт. дзеянне нар. мас і мае сваёй мэтай пераход улады ў рукі новай сац. групы. Аб’ектыўныя перадумовы для ўзнікнення Р. ствараюцца тады, калі да напружанасці ў пэўных сац. структурах (надзвычайная сац няроўнасць і інш.) далучаецца неспрыяльная эканам. кан’юнктура (крызіс альбо, часцей, пачатак маруднага эканам. росту ў паслякрызісны перыяд), адсутнасць сац.-эканам. і паліт. рэформ (гл. Рэвалюцыя сацыяльная). Асн. мэтамі Р. нацыянальнай з’яўляюцца вызваленне ад панавання замежнай дзяржавы і набыццё незалежнасці або злучэнне раз’яднаных членаў адной нацыі ў адзіную дзяржаву, салідарнасць паміж рознымі сац. слаямі краіны, ажыццяўленне праграмы нац.-культ. і дзярж. будаўніцтва (гл. Нацыянальнае вызваленне, Нацыянальнае самавызначэнне). У шырокім сэнсе тэрмінам «Р.» абазначаюць любое істотнае пераўтварэнне ў жыцці грамадства, напр., індустрыяльная Р. (гл. Індустрыялізацыя), культурная рэвалюцыя, навукова-тэхнічная рэвалюцыя.

Літ.:

Теория революции. История и современность. М., 1984;

Дзюрасэль Ж.-Б Еўропа з 1815 г. да нашых дзён: Паліт. жыццё і міжнар. адносіны. Мн., 1996;

Эйзенштадт Ш.Н. Революция и преобразование обществ: Сравнит. изучение цивилизаций: Пер. с англ. М., 1999.

М.​А.​Сакалова.

т. 13, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

глыбокае і якаснае пераўтварэнне ў развіцці грамадства, якое выяўляецца ва ўсталяванні новага грамадскага ладу, мадэрнізацыі і дэмакратызацыі паліт. ін-таў. Узнікае ў сувязі з нарастаннем сац. супярэчнасцей, якія вырашаюцца рэзкімі грамадскімі пераменамі. У шырокім сэнсе Р.с. ахоплівае ўсе фармацыі грамадска-эканамічныя, дастаткова вял. прамежак сац. часу, які характарызуецца разнастайнымі сац. пераўтварэннямі. У вузкім сэнсе Р.с. — спосаб пераходу ад адной формы паліт. улады да іншай. Р.с. адрозніваюць ад пераваротаў і путчаў, якія характарызуюцца зменай улады без кардынальных грамадскіх перамен. Паводле характару сац. пераўтварэнняў Р.с. супрацьпастаўляецца сац. эвалюцыя, якая вызначаецца неперарыўнымі сац. зменамі ў межах аднаго сац.-паліт. ладу. Завяршальным этапам эвалюцыйнага выспявання падстаў для новага грамадскага ладу могуць быць Р.с., накіраваныя на якасныя і хуткія сац. перамены, ці сац. рэформы, накіраваныя на частковыя змены ў межах былога парадку. Эканам. аснова Р.с. — канфлікт паміж новымі прадукцыйнымі сіламі і ўстарэлымі грамадскімі адносінамі, якія тармозяць развіццё сацыяльнае. Гэты канфлікт прыводзіць да абвастрэння сац. супярэчнасцей, падштурхоўвае суб’ектаў сац.-паліт. адносін да актыўных паліт. дзеянняў. Паводле тэарэтыкаў марксізму-ленінізму, Р.с. — неабходны, мэтазгодны вынік класавай барацьбы, а найвышэйшы яе пік — сацыяліст. рэвалюцыя. У зах. філасофіі склаліся 3 асн. падыходы ў даследаванні Р.с.: палітыка-прававы, псіхалагічны і сац.-структурны. Пры палітыка-прававым падыходзе найперш разглядаюцца паліт. аспекты Р.с. Пры псіхалагічным падыходзе найб. ўвагу аддаюць даследаванням механізмаў масавых паводзін і ўплыву паліт. фактараў на псіхалогію чалавека. Пры сац.-структурным падыходзе даказваецца, што Р.с. — асаблівы стан сац. сістэмы, які вызначаецца стратай сац. раўнавагі, а дэстабілізацыя сац. сістэмы стварае ўмовы для дэфляцыі ўлады (гл. Раўнавагі тэорыя).

Літ.:

Гавлин М.Л., Казакова Л.А. Современные буржуазные теории социальной революции М., 1980;

Эйзенштадт Ш.Н. Революция и преобразование обществ: Сравнит. изучение цивилизаций: Пер. с англ. М., 1999;

Taylor S. Social science and revolutions. London;

New-York, 1984.

І.B.Катляроў.

т. 13, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВІ́ЗІІ (ад лац. revisio перагляд),

перапісы насельніцтва, якое плаціла падаткі і адбывала рэкруцкую павіннасць у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Выкліканы заменай падворнага абкладання падушным падаткам. Р ўлічвалі падатныя саслоўі (да 95% насельніцтва імперыі, без Польшчы, Фінляндыі і Закаўказзя) і ч. непадатковых груп насельніцтва — духавенства, адстаўных салдат, ямшчыкоў і інш. Вынікі перапісу падлягалі шматгадовай праверцы — рэвізіі (адсюль і назва). Асобы, якія падлягалі перапісу, называліся рэвізскімі душамі і заносіліся ў т.зв. рэвізскія сказкі. Усяго праведзена 10 Р. (3—5-я, 7—10-я ахапілі і асоб жаночага полу). Колькасць насельніцтва Расіі паводле Р.: 1-й (1719) — 15,6 млн. чал.; 2-й (1744—45) — 18,1 млн.; 3-й (1763) — 23,2 млн.; 4-й (1782) — 28,4 млн.; 5-й (1795) — 37,4 млн.; 6-й (1811) — 42,7 млн.; 7-й (1815) — 43,9 млн.; 8-й (1833) — 52,9 млн.; 9-й (1850) — 56,9 млн.; 10-й (1857) — 59,3 млн. чал. На Беларусі Р. праводзіліся з 1772. Колькасць насельніцтва ў бел. губернях паводле 3-й Р. (дадатковы перапіс па далучаных бел. землях) — 1,2 млн. чал., 4-й — 1,3 млн. (Полацкая і Магілёўская губ.), 5-й — 4 млн., 6-й — 3,8 млн., 7-й — 3,8 млн., 8-й — 4,7 млн., 9-й —4,8 млн., 10-й —4,5 млн. чал. Матэрыялы Р. — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Рас. імперыі, даюць магчымасць высветліць колькасць і дынаміку руху насельніцтва, яго саслоўны і нац. склад, суадносіны сельскага і гар. насельніцтва і інш. Напр., удзельная вага прыгонных з 5-й да 10-й Р. па 5 бел. губернях знізілася з 75,7% да 55,7% усяго насельніцтва, а іх абсалютная колькасць з 1 527 699 да 1 264 400 чал. мужчынскага полу, што сведчыла пра крызіс прыгонніцтва.

Літ.:

Кабузан В.М. Изменения в размещении населения России в XVIII—первой половине XIX в.: (По материалам ревизий). М., 1971.

Э.​М.​Савіцкі.

т. 13, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГУЛЯЦЫ́ЙНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

выпраўчыя гідратэхн, збудаванні для рэгулявання рэчышчаў рэк. Забяспечваюць ахову населеных пунктаў, прамысл. аб’ектаў і ворных зямель ад затаплення, берагоў ад разбурэння (берагаўмацавальныя збудаванні), падтрыманне неабходнага ўзроўню вады каля водазабораў (водазаборныя збудаванні), суднаходства і лесасплаў, рэгуляванне вадкага і цвёрдага рачнога сцёку, накіраванне воднага патоку да водазліўных адтулін (вадазліваў). Бываюць масіўныя (цяжкія), скразныя (заглейвальнікі) і струмененакіроўныя (лёгкія).

Масіўныя Р.з. адносна рэчышча падзяляюцца на падоўжныя (дамбы, агараджальныя валы і інш.), папярочныя (буны, шпоры), запруды, якія перасякаюць усё рэчышча ў папярочным або касым напрамку, донныя запруды, паўзапруды і парогі. Для іх буд-ва выкарыстоўваюць каменную накідку, цюфячную або фашынную муроўку, палевыя, ражавыя і інш. канструкцыі. Скразныя Р.з. прапускаюць частку патоку, у іх асядаюць наносы, што дазваляе атрымаць рэчышча зададзенага віду. Бываюць з галін (яловых і лісцевых дрэў), шчытавыя (з фашын, дошак), сеткавыя (з жал. дроту), палевыя і стрыжнёвыя (з бярвён, пласцін, жардзін, жалезабетону і інш.). Струмененакіроўныя Р.з. дазваляюць транспартаваць донныя наносы і адкладваць іх у патрэбным месцы рэчышча. Складаюцца са шчытоў, размешчаных пад пэўным вуглом да цячэння. Бываюць стацыянарныя (на невял. рэках, вадацёках) і плывучая (донныя), якія складаюцца з струмененакіроўных шчытоў, падтрымных пантонаў, бярвён, паплаўкоў, схватак, апорных частак (фіксуюць шчыты ў патоку). Пры буд-ве донных Р.з. выкарыстоўваюць плятні, у т. л. падвойныя, з загрузкай камянямі, донныя парогі з гібонаў, ражы спец. канструкцыі і інш.

Літ.:

Корюкин С.Н. Регулирование русл рек в мелиоративных целях. М., 1972.

М.​Кандрацьеў.

Схемы рэгуляцыйных збудаванняў: а, б, — берагавыя мацаванні з каменнай накідкі; в — мацаванне падводнай часткі берага сеткавай матай (2) з цыліндрам (І) каля асновы; г — буны (1 — адтуліны, 2 — струмененакіроўная дамба, 3 — траверсы); д — запруда; е — шчытавое скразное збудаванне (1 — якар, 2 — каркас, 3 — веткі); ж — струмененакіроўныя плывучыя шчыты; з — тур-канструкцыі з плятнёвымі шчытамі (1 — камяні, 2 — шчыты).

т. 13, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ,

1) у тэксталогіі — аднаўленне тэксту літаратурнага помніка на падставе аналізу асобных яго частак, што захаваліся, а таксама інш. блізкіх паводле складу, зместу, стылю твораў. Будуецца на комплексным даследаванні ўсіх крыніц і фактаў, што тычацца пэўнага помніка, яго ідэйна-маст. накіраванасці, месца і часу ўзнікнення, аўтарства і інш. У адрозненне ад кантамінацыі, у выніку якой ствараецца зводны, кампіляцыйны тэкст, Р. гіпатэтычна ўзнаўляе канкрэтны этап у гісторыі твора, па магчымасці дакладна рэальны тэкст. Найб. удалае аднаўленне помніка мінулага — Р. Троіцкага летапісу (пач. 15 ст.; рукапіс згарэў у час пажару Масквы ў 1812), зробленая рус. гісторыкам М.​Прысёлкавым. У бел. тэксталогіі Р. карыстаюцца пры аднаўленні, напр., згубленых частак «Хронікі Быхаўца», за аснову бяруць «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага і Галіцка-Валынскі летапіс.

2) У лінгвістыцы — гіпатэтычнае аднаўленне моўных форм і сістэм, якія зніклі, на аснове іх больш позніх адлюстраванняў і з улікам магчымых шляхоў моўнага развіцця. Упершыню гэты метад ужыты ў сярэдзіне 19 ст. А.​Шлайхерам для Р. індаеўрап. прамовы. Р. аб’ядноўвае некалькі метадычных працэдур: знешнюю (ці «параўнальную») Р., унутраную Р. і філал. метад. Знешняя Р. аперыруе данымі шэрагу роднасных моў (напр., рэгулярнасць адпаведнасці паміж слав. b, герм. β, лац. f, грэч. φ, санскрыцкім bh, хецкім p у гістарычна тоесных каранях дазваляе рэканструяваць індаеўрап. bh, які па-рознаму развіваўся ў мовах). Унутраная Р. выкарыстоўвае даныя адной мовы; яна — адзін з асн. прыёмаў узнаўлення гісторыі мовы. Філалагічны метад Р. заключаецца ў сістэмным даследаванні стараж. пісьмовых помнікаў на мовах той ці інш. генет. агульнасці з устаноўкай на выяўленне больш архаічных моўных форм, чым тыя, якія прадстаўлены ў сучасных мовах; падыходзіць толькі для тых моўных сем’яў, дзе існуе стараж. пісьмовая традыцыя (для індаеўрап. моў гэта хецкая, стараж.-грэч., лац., стараслав. мовы, санскрыт і інш.).

Літ.:

Лихачев Д.С. Текстология. 2 изд. Л., 1983;

Сравнительно-историческое изучение языков разных семей: Теория лингвист. реконструкции. М., 1988.

В.​А.​Чамярыцкі (у тэксталогіі).

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКРУ́ЦКІЯ І САЛДА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

адзін з відаў нар. пазаабрадавай сацыяльна-быт. лірыкі. Узніклі ў 18—19 ст. пасля ўвядзення рэкруцкай павіннасці (у 1705 у Расіі, на Беларусі — пасля далучэння яе да Расіі ў канцы 18 ст.). Больш цесна, чым інш. віды і жанры бел. нар. лірыкі, звязаны з рэчаіснасцю і адлюстроўваюць рэальныя гіст. падзеі і з’явы. У іх адлюстраваны ўсе этапы набору ў рэкруты і служба ў царскім войску: развітанне з бацькамі, жонкай, нявестай, горкая доля навабранца, муштра ў царскай арміі, цяжкія паходы і трагічны лёс рэкрута. Ёсць у іх і пратэст супраць прымусовай службы і войнаў, сац. няроўнасці і несправядлівасці пры наборы. Найб. поўна бел. Р. і с.п. сабраў М.​Федароўскі.

Р. і с.п. багатыя сімволікай і псіхал. паралелізмам: многія песні пачынаюцца з апісання змрочных малюнкаў прыроды, прасякнутых прадчуваннем бяды, трагічнага лёсу героя; маці рэкрута ў вобразе зязюлі прылятае на месца прыёму і жаласна просіць забраць усё, але вярнуць дадому сына, якога чакае «салдацкімі слязьмі злітая» дарога. Смуткам прасякнуты песні пра расстанне жонкі або нявесты з каханым, асабліва тыя, дзе расказваецца пра смерць салдата. Для Р. і с.п. характэрны выразныя эпітэты («конь вараны», «воран чорны»), метафары («наступіла цёмна хмара», «зямліца стагнала»), антытэзы («лепей дома цэпам бухаць, чым у войску муштры слухаць», «лепей дома хлеб аўсяны, чым на вайне пытляваны») і інш. маст. сродкі. Як і казацкія песні, Р. і с.п. ў асноўным харавыя, шматгалосыя мужчынскія. Мелодыі і характар выканання іх вельмі разнастайны (паходныя і страявыя песні пераважна маршавыя).

Публ.: Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Лірычныя песні. Мн., 1976; Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. 4 выд. Мн., 1996.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982;

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 13, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)