ВЫ́БАРЧАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць правіл і прыёмаў, што забяспечваюць пэўны тып арганізацыі ўлады, удзел грамадства ў фарміраванні дзярж. прадстаўнічых, судовых і выканаўчых органаў, выяўлення волі той часткі насельніцтва, якая паводле заканадаўства лічыцца дастатковай для прызнання выбараў легітымнымі. Існуюць агульнанац. прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, выбары ў органы мясц. самакіравання, у заканадаўчыя сходы штатаў або аналагічных адм.-тэр. адзінак, а таксама выбары некаторых мясц. службовых асоб (суддзяў, мэраў і інш.). Станаўленню сучасных выбарчых сістэм папярэднічала працяглая барацьба грамадзян многіх краін свету за наданне ім выбарчага права на дэмакр. умовах і адмену саслоўных, маёмасных, адукацыйных, расава-нац. абмежаванняў — цэнзаў выбарчых. Існаванне цэнзаў — прыкмета недэмакратычнасці выбарчай сістэмы. Асобы, якія карыстаюцца выбарчымі правамі ў дадзенай краіне, складаюць яе электарат, колькасць якога скарачаецца пры ўвядзенні абмежаванняў і павялічваецца пры рэалізацыі прынцыпаў усеагульнага выбарчага права. Максімальны ўдзел электарату ў выбарах — паказчык паліт. актыўнасці выбаршчыкаў. Разнастайнасць выбарчых сістэм можа быць зведзена да наступных: мажарытарная сістэма (сістэма большасці), прапарцыянальная сістэма прадстаўніцтва, прадстаўніцтва меншасці. Выбарчая сістэма ў кожнай краіне ствараецца ў залежнасці ад таго, як разумеюцца інтарэсы сваёй партыі і грамадства і ці адпавядаюць яны паліт. канцэпцыям і традыцыям. Выбары могуць быць прамыя, калі грамадзяне непасрэдна выбіраюць дэпутатаў прадстаўнічага органа, або непрамыя, калі дэпутаты прадстаўнічага органа выбіраюцца ніжэйстаячымі выбарчымі органамі або выбарчымі калегіямі, у склад якіх уваходзяць выбраныя насельніцтвам выбаршчыкі або дэпутаты прадстаўнічых органаў.

У Рэспубліцы Беларусь выбарчае права грамадзян, прынцыпы і формы ўдзелу іх у выбарах, парадак вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, арганізацыя і правядзенне выбараў, вызначэнне вынікаў галасавання рэгулююцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі аб выбарах і інш. нарматыўнымі актамі.

Выбары з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Узроставы цэнз дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады, вызначаецца адпаведнымі законамі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй. Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць. Падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і публічна. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў. Кандыдаты, якія выбіраюцца на дзярж. пасады, прымаюць удзел у выбарах на роўных падставах. Выбары дэпутатаў у прадстаўнічыя органы ўлады з’яўляюцца прамымі: грамадзяне выбіраюць іх непасрэдна. Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь выбіраюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Саветаў і назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Галасаванне на выбарах тайнае: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у час галасавання забараняецца. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам у адпаведнасці з законам. Выдаткі на падрыхтоўку і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах сродкаў, выдзеленых на гэтыя мэты. У выпадках, прадугледжаных законам, выдаткі на выбары могуць ажыццяўляцца за кошт сродкаў грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый, грамадзян. Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камісіі. Парадак правядзення выбараў вызначаецца законамі. Выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваен. становішча. Падставай для ўдзелу ў выбарах з’яўляецца ўключэнне грамадзяніна ў спіс выбаршчыкаў па выбарчым участку. Кандыдаты ў дэпутаты з часу іх рэгістрацыі выбарчымі камісіямі маюць роўнае права выступаць на перадвыбарных і інш. сходах, нарадах, пасяджэннях, у друку, па тэлебачанні, радыё, сустракацца са сваімі выбаршчыкамі. Парушэнне гэтага права можа быць абскарджана ў адпаведную выбарчую камісію. Кандыдат выступае з праграмай сваёй будучай дзейнасці. Грамадзяне, паліт. партыі, грамадскія аб’яднанні, прац. калектывы, калектывы навуч. устаноў, давераныя асобы маюць права на свабоднае і ўсебаковае абмеркаванне выбарчых праграм кандыдатаў, права весці агітацыю за або супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у друку, па тэлебачанні і радыё, а таксама ў час сустрэч з выбаршчыкамі. Агітацыя ў дзень выбараў не дапускаецца. Кандыдаты пасля іх рэгістрацыі на час правядзення сустрэч з выбаршчыкамі вызваляюцца ад выканання вытв. або службовых абавязкаў з захаваннем сярэдняй зарплаты; яны не могуць быць накіраваны без іх згоды ў працяглую камандзіроўку або прызваны на тэрміновую ваен. службу ці на ваен. зборы. Выбраным лічыцца кандыдат у дэпутаты, які атрымаў больш за палавіну галасоў выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у галасаванні, калі прызнана, што выбары адбыліся (выбары прызнаюцца неправедзенымі, калі ў іх прыняло ўдзел менш за палавіну ўнесеных у спісы выбаршчыкаў). Калі ў выбарчай акрузе ні адзін з кандыдатаў не быў выбраны ў 1-м туры выбараў, акр. выбарчая камісія прымае рашэнне аб правядзенні 2-га тура галасавання па двух кандыдатах, якія ў 1-м туры атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. У 2-м туры галасавання прызнаецца, што выбары адбыліся, калі ў іх прыняло ўдзел больш за палавіну выбаршчыкаў акругі, унесеных у спісы для галасавання. Выбраным лічыцца кандыдат, які атрымаў большую колькасць галасоў. У выпадку прызнання Саветам дэпутатаў паўнамоцтваў асобных дэпутатаў несапраўднымі, а таксама ў выпадку адклікання дэпутата для датэрміновага спынення дэпутацкіх паўнамоцтваў у адпаведных выбарчых акругах у трохмесячны тэрмін з моманту выбыцця дэпутата праводзяцца новыя выбары. У выпадку выбыцця дэпутата менш як за 6 месяцаў да заканчэння тэрміну яго паўнамоцтваў выбары замест дэпутата, які выбыў, не праводзяцца.

Адкліканне дэпутатаў ажыццяўляецца па падставах, прадугледжаных законам. Галасаванне аб адкліканні дэпутата праводзіцца ў парадку, прадугледжаным для выбрання дэпутата, па ініцыятыве не менш як дваццаці працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Падставы і парадак адклікання членаў Савета Рэспублікі ўстанаўліваюцца законам. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады па падставах і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй.

Г.​А.​Маслыка, С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРДЫНА́ЦЫЯ КАРАЛЕ́ЎСКІХ ПУ́ШЧАЎ У ЛЯСНІ́ЦТВАХ БЫЛО́ГА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА», «Ординация королевских пущ в лесничествах бывшего Великого княжества Литовского»,

вопіс каралеўскіх лясных масіваў ВКЛ 1636—40. Выдадзены Віленскай археагр. камісіяй паралельна на польскай і рус. мовах (Вільня, 1871). Ардынацыя (упарадкаванне) мела на мэце ўстанаўленне межаў каралеўскіх пушчаў, вызначэнне правоў шляхты і мясц. насельніцтва на карыстанне імі, арганізацыю кіравання лясной гаспадаркай і вызначэнне статуса асоб, якія выконвалі спец. абавязкі ў створаных лясніцтвах. Адзначаны населеныя пункты на тэр. лясніцтваў, пералічаны сяляне, іх павіннасці, колькасць зямлі ў гаспадарках; часам дакументы шляхты на права валодання і карыстання лясамі; апісаны азёры, рэчкі, лугі.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКТЫ́ЧНЫ ФРОНТ,

лінія падзелу паміж арктычным паветрам і паветрам умераных шырот (палярным паветрам), паўд. мяжа арктычнай паветранай масы. Фарміруецца ў Арктыцы на Пн ад Еўропы і Паўн. Амерыкі паміж 60° і 75° паўн. ш. У залежнасці ад напрамку руху арктычнага фронту на адным з участкаў можа быць цёплым, на другім халодным, з ім звязана інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць. На тэр. Беларусі прыходзіць з ПнЗ (з Атлантычнага сектара Арктыкі), радзей — з Пн і ПнУ. На клімат Беларусі найб. уплываюць халодныя ўчасткі арктычнага фронту, якія выклікаюць ападкі, паўн. вятры, паніжэнне т-ры паветра, зімой — мяцеліцы. За год пад уплывам халоднага арктычнага фронту ў сярэднім бывае 21—24 дні.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНІТАХАРЫ́Я (ад арніта... + chōreō іду, пашыраюся),

распаўсюджванне насення і пладоў раслін, спораў грыбоў з дапамогай птушак; прыватны выпадак зоахарыі. Птушкі разносяць насенне і плады ў лапках, дзюбах або зашчочных мяшках (напр., жалуды і арэхі разносяць сойкі, кедроўкі і інш.) — сінарнітахарыя. Назапашваючы корм, птушкі хаваюць яго каля пнёў, пад мох і ў інш. месцы. Часам насенне не траціць усходжасці, калі праходзіць праз стрававальны тракт птушак (напр., аўсянкі, малінаўкі, дразды, амялушкі і інш. так пераносяць насенне рабіны, вішні, малін, каліны, чарніц, чаромхі і інш. раслін) — эндаарнітахарыя. Арнітахарыя адбываецца таксама пры выпадковым пераносе птушкамі пладоў, насення і спораў, якія прыліпаюць да пер’я, дзюбы і лапак — эпізоахарыя.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РТМАНЕ ((Artmane) Вія) (сапр. Аліда Фрыцаўна; н. 21.8.1929, г. Тукулес, Латвія),

латышская актрыса. Нар. арт. СССР (1969). Скончыла студыю пры Латышскім маст. т-ры імя Я.​Райніса (Рыга), працуе ў гэтым т-ры. З 1956 здымаецца ў кіно. Драматычная актрыса. Мастацтва Артмане адметнае лірызмам, шчырасцю, стрыманасцю, якія спалучаюцца з унутр. напоўненасцю і эмацыянальнасцю. Сярод тэатр. роляў: Афелія, Джульета («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Лаймдота («Агонь і ноч» Райніса). З лепшых работ у кіно: Соня («Родная кроў»), Она («Ніхто не хацеў паміраць»), Крысціна («Эдгар і Крысціна»), Джулія Ламбэрт («Тэатр» паводле С.​Моэма, тэлевіз.). Пра Артмане зняты дакументальны фільм «Размовы з каралевай». Дзярж. прэмія Латвіі 1980.

В.Артмане.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУ́РНЫЯ МУЗЕ́І.

Вывучаюць, збіраюць, экспануюць, прапагандуюць і папулярызуюць помнікі нар. дойлідства, прадметы побыту, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш., якія характарызуюць матэрыяльную і духоўную культуру народаў і краін.

Архітэктурныя музеі часта маюць форму т.зв. паркаў-музеяў або музеяў пад адкрытым небам, дзе сабраны звезеныя з розных рэгіёнаў помнікі нар. драўлянага дойлідства [навукова-даследчы архітэктурны музей імя А.​В.​Шчусева ў Маскве (1964), «Скансен» у Стакгольме, Латвійскі этнагр. музей пад адкрытым небам, Музей нар. побыту Літвы, Дзярж. музей нар. архітэктуры Украіны, Львоўскі музей нар. дойлідства і побыту, Музей нар. дойлідства і побыту Грузіі і інш.]. На Беларусі з 1970 дзейнічае Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭО́Л (французскае auréole ад лацінскага corona aureola залаты вянок),

1) у фатаграфіі неаднастайнае пачарненне на негатыве вакол відарысу блішчастых або надзвычай кантрастных дэталяў аб’ектаў. Утвараецца прамянямі святла, рассеянага на мікракрышталях галоіднага серабра ў фотаслоі, а таксама прамянямі, якія прайшлі праз фотаслой і адбіліся ад глянцавай асновы фотаматэрыялу. Для змяншэння арэолу на які-небудзь бок гэтай асновы наносяць проціарэольны слой святлопаглынальнага рэчыва.

2) У оптыцы — светлавы фон вакол відарысу крыніцы аптычнага выпрамянення пры назіранні вокам або рэгістрацыі прыёмнікам святла. Выяўляецца пры рассеянні святла на малыя вуглы часціцамі асяроддзя, праз якое праходзіць святло. Істотна ўплывае на раздзяляльную здольнасць фатаграфічных матэрыялаў і люмінесцэнтных экранаў.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́САЎ (АТБ) у Варшаве. Існавала ў 1936—39 (да афіц. рэгістрацыі ў 1937 дзейнічала пад назвай «Арганізацыйны камітэт беларускага т-ва ў Варшаве»). Т-ва мела на мэце правядзенне культ.-асв. і выдавецкай дзейнасці, арганізацыю б-к, клубаў, аказанне матэрыяльнай дапамогі і маральнай падтрымкі беларусам, якія жылі ў Варшаве. У яго ўваходзілі прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі, работнікі, студэнты варшаўскіх ВНУ (каля 1 тыс. чал.). Сярод актывістаў А.​Бычкоўскі, С.​Казура, Б.​Руткоўскі, А.​Шыдлоўскі, М.​Забэйда-Суміцкі, Л.​Панько, В.​Чарняўская і інш. Пры АТБ працавалі курсы бел. мовы, гурткі маст. самадзейнасці. Дзейнасць спынена ў першыя дні нападу фаш. Германіі на Польшчу.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІМПТАТЫ́ЧНЫ ВЫ́РАЗ у матэматыцы,

параўнальна простая элементарная функцыя, набліжана роўная (з любой папярэдне зададзенай дакладнасцю) больш складанай функцыі пры імкненні яе аргумента да пэўнага значэння (напр., пры вял. значэннях аргумента). Напрыклад, пры x→0 ln (1 + x) ~ x, sin x ~ x, калі ўраўненне y = kx — асімптатычны выраз функцыі y = 𝑓(x) пры малых значэннях x, то такую функцыю можна вызначыць як 𝑓(x) = kx + a(x), дзе a(x)→0 пры x→0. У самым агульным выпадку асімптатычны выраз — гал. член больш складаных (і дакладных) набліжаных выразаў, якія наз. асімптатычнымі шэрагамі або раскладаннямі. Выкарыстоўваецца ў лікавых задачах у матэматыцы, механіцы, фізіцы.

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́НАВЫЯ ЛЯСЫ́, асіннікі,

драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс. га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.

Асінавы лес.

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)