зірк 1, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеясловаў зірнуць і зіркнуць пры выражэнні нечаканасці, раптоўнасці выяўлення або наступлення чаго‑н. — Мама! — устрывожыліся дзеці. — Нашай грушы няма! Дзядзька грушу забраў!.. Маці зірк у акно: праўда, дзічкі як бы ўжо няма. Ракітны. «Вось каб і грошы так жа знайсці!» — прамовіў парабак. Аж зірк — а пад нагамі скураны кашалёк. С. Александровіч.

зірк 2, ‑у, м.

Абл. Погляд, позірк. Першы Нахлябічаў зірк быў на Галену. Чорны. Увайшла бабка, акінула зіркам маладых настаўнікаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бухгалтэ́рыя, ‑і, ж.

1. Тэорыя і практыка ўліку гаспадарчых аперацый у прадуктах вытворчасці і ў грашовым выражэнні; рахункаводства. Нешта заблытаўся наш рахункавод, а я — няхай мне сорамна будзе прызнацца — таксама ў бухгалтэрыі не надта моцны. Брыль.

2. Падліковы аддзел на прадпрыемстве, ва ўстанове. Дыспетчарскі пакой будзе там, дзе цяпер бухгалтэрыя, яе мы пераселім заўтра ў другое месца. Хадкевіч.

•••

Двайная (італьянская) бухгалтэрыя — адзін з метадаў бухгалтарскага ўліку, пры якім кожная ўліковая аперацыя адлюстроўваецца дваяка — у прыходзе (дэбет) і расходзе (крэдыт) данай арганізацыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

быль, ‑і, ж.

1. Тое, што сапраўды было, адбывалася, у адрозненне ад выдумкі, небыліцы. [Нікодым:] — Тут, чалавеча, так перамешана быль з небыліцай, што цяжка адрозніць, дзе праўда, а дзе творчая фантазія расказчыкаў. Машара.

2. Расказ, апавяданне аб праўдзівым здарэнні. Круглы год шумяць над Юркавай магілай высокія клёны. З пакалення ў пакаленне будзе перадавацца быль пра яго кароткае, але яркае жыццё. Курто. І зноў палілася старая быль пра камень: — Гэта было даўно, яшчэ пры паншчыне. Пестрак. Быль як смала, а небыліца як вадзіца. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зачарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

Уздзейнічаць чарамі, магічнымі словамі; заваражыць. — А ты не бядуй, уцешыла дзяўчынка Косціка. — У наступны раз я навучу цябе, як зачараваць гарлачык. Даніленка. Ой, трыпутнічак, Трыпутнік!.. Зелле-зеллейка жывое!.. Ты цвіцеш Ды пры дарогах, — Зачаруй майго мілога!.. Трус. // перан. Падпарадкаваць свайму ўплыву; паланіць, прывабіць. [Міцьку] зачаравала суровасць ракі, яе патаемная сіла, якой ён раней зусім і не заўважаў. Лупсякоў. Тонкая, чарнявая, з касою — Пра такіх Кабзар пісаў не раз — Светлаю дзявочаю красою Ты тады зачаравала нас. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згарну́цца, згарнуся, згорнешся, згорнецца; зак.

1. Скруціцца трубкай, спіраллю і пад. Дзіміна палажыла графік на стол, і ватман згарнуўся ў скрутак. Карпаў. // Скурчыцца, скруціцца. Грыбавец не пайшоў спаць у машыну, астаўся пры агні, Васіль Чаравака таксама згарнуўся пад дубам, накрыўшыся кажушком. Пестрак.

2. перан. Паменшыцца, зменшыцца, скараціцца (у колькасці, памерах, працягласці і пад.). Вытворчасць згарнулася. // Часова спыніць або скараціць сваю дзейнасць. Прадпрыемства згарнулася.

3. Спец. Згуснуць, згусціцца. Каб кроў, узятая ў донара, не згарнулася, у яе адразу дадаюцца пабочныя рэчывы для стабілізацыі. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канта́кт, ‑у, М ‑кце, м.

1. Сутыкненне, непасрэдная блізкасць па месцу знаходжання. Заразіцца пры кантакце з хворым. // перан. Цесная ўзаемная сувязь, узгодненасць у дзеяннях; узаемаразуменне. Устанавіць кантакт. □ Кантакт спявачкі з залай ўзнікае адразу, з першага слова песні, і мацнее з кожным тактам. В. Вольскі.

2. Судакрананне двух праваднікоў, дзякуючы якому ток з аднаго правадніка пераходзіць у другі, а таксама месца гэтага судакранання. Механік ўключыў электрапаяльнік, Алёша пачаў чысціць наждачнай паперай кантакты шчотак. Шамякін. // Прыстасаванне, якое забяспечвае падобнае судакрананне. Паправіць папсаваны кантакт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кантаміна́цыя, ‑і, ж.

1. Змешванне дзвюх або некалькіх з’яў, падзей пры іх апісанні. У прадмове М. Федароўскі звярнуў увагу чытача і на вельмі характэрную з’яву ў фальклоры — кантамінацыю, г. зн. на пераход сюжэтаў і матываў з адной казкі ці песні ў другую, зліццё іх і перапляценне. Саламевіч.

2. Узнікненне новага слова або словазлучэння ў выніку збліжэння, аб’яднання двух розных слоў або выразаў, блізкіх па значэнню ці гучанню (напрыклад, няправільны выраз «іграць значэнне» ўтвараецца шляхам кантамінацыі двух выразаў: іграць ролю і мець значэнне.).

[Ад лац. contaminatio — сутыкненне, змешванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́нус, ‑а, м.

1. У матэматыцы — знак у выглядзе гарызантальнай рыскі ( − ) для абазначэння аднімання або лічбы, меншай за нуль; проціл. плюс.

2. нескл. Паміж дзвюма лічбамі абазначае, што другая лічба аднімаецца ад першай. Сем мінус тры раўняецца чатыром.

3. Адмоўная велічыня. Мінус на мінус дае плюс. // Гарызантальная рыска пры школьных адзнаках, якая паказвае зніжэнне адзнакі. Чатыры з мінусам.

4. перан. Разм. Недахоп, адмоўны бок. У адзін міг я ўзважыў усе мінусы і плюсы. Тут жа выявіў яшчэ адзін мінус: я быў ранены. Шамякін.

[Ад лац. minus — менш.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наво́ддаль,

1. прысл. На некаторай адлегласці; не вельмі далёка. Сесці наводдаль. □ Злева наводдаль быў невялікі поплаў. Мележ. А наводдаль дружна зелянеюць палеткі азіміны. Хведаровіч. Мсціслаў і Выбіцкі ехалі наводдаль і ўсё яшчэ аб нечым дамаўляліся. Караткевіч.

2. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве прадмета, асобы, месца ці прасторавай мяжы, на пэўнай адлегласці ад якіх адбываецца дзеянне, рух або размяшчаецца хто‑, што‑н. Калодзеж выкапалі наводдаль вуліцы. □ [Мірон] сядзеў на лаве крышку наводдаль стала і выдумляў сваю новую гісторыю. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насу́перак, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Наперакор, не згодна з чым‑н. Гаварыць насуперак. □ Ігнат усё намагаўся, каб сказаць якое слова насуперак, але дзе там. Лынькоў. А недзе насуперак варушылася ў душы другая думка: «А ці не прылячу я назад?» Пестрак.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «насуперак» выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, з’яву або працэс, наперакор якім што‑н. робіцца, адбываецца. Чалавек быў няголены, і гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому позірку вачэй. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)