ФЕТЫШЫ́ЗМ (франц. fétichisme ад партуг. feitięo амулет),

вера ў звышнатуральныя ўласцівасці прыродных або вырабленых чалавекам неадушаўлёных прадметаў (фетышаў) і іх ушанаванне. Узнік у перыяд першабытнага грамадства; быў пашыраны ва ўсіх першабытных народаў. Характэрны, хоць і не ў аднолькавай ступені, для ўсіх рэлігій (напр., шанаванне крыжа, мошчаў, абразоў у хрысціянстве, «чорнага каменя» ў г. Мекка ў ісламе і інш.). Своеасаблівымі рэшткамі Ф. з’яўляецца вера ў амулеты, абярэгі, талісманы.

Тэрмін «фетыш» уведзены ў навуку галандскім падарожнікам В.​Босманам у пач. 18 ст. Франц. асветнікі разглядалі Ф. як архаічную форму рэлігіі, звязаную з неадукаванасцю.

Г.​Гегель бачыў у Ф. форму чараўніцтва, імкненне чалавека ажыццяўляць ускосную ўладу над прыродай пры дапамозе фетыша. К.​Маркс лічыў Ф. з’явай не толькі рэлігійнай і ўвёў паняцце «таварнага фетышызму», пад якім разумеў грамадскі працэс надзялення прадуктаў працы звышнатуральнымі ўласцівасцямі, абумоўлены «арэчаўленнем» сац. адносін. Э.​Б.​Тайлар, Г.​Спенсер разглядалі Ф. як адну з форм анімізму.

На бел. землях Ф. адлюстраваны ў стараж. павер’ях пра здольнасці асобных камянёў вылечваць ад цяжкіх хвароб, даваць людзям вял. энергію і магічную сілу. Паводле старадаўніх уяўленняў беларусаў, у глыбокай старажытнасці камяні былі жывымі істотамі: маглі расці, размнажацца, гаварыць, есці і піць, перамяшчацца ў прасторы і інш. Асобныя «свяшчэнныя камяні» мелі ўласныя імёны: Кравец, Сцяпан, Змяіны камень і інш. Культ камянёў быў даволі пашыраны на Беларусі: камяні ўшаноўвалі, маліліся ім, прасілі ў іх дапамогі ў паўсядзённым жыцці, рабілі ім ахвярапрынашэнні (грошы, палатно, зрэдку хатніх жывёл); рэшткі гэтага культу назіраюцца ў некат. бел. вёсках да нашага часу. Гл. таксама Прошча.

Літ.:

Афанасьев А.Н. Поэтические воззрения славян на природу: Опыт сравнит. изучения славян. преданий и верований в связи с мифич. сказаниями других родственных народов. Т. 1—3. М., 1995;

Волошина Т.А., Астапов С.Н. Языческая мифология славян. Ростов н/Д, 1996;

Тайлор Э.Б. Миф и обряд в первобытной культуре: Пер. с англ. Смоленск, 2000;

Шамякіна Т. Міфалогія: Вытокі нашай самасвядомасці // Роднае слова. 1993. № 8.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 16, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,

навука, якая вывучае геаграфічную абалонку Зямлі і яе структурныя часткі (прыродныя тэр. і акватарыяльныя комплексы); галіна прыродазнаўства. Падзяляецца на землязнаўства і ландшафтазнаўства. Уключае палеагеаграфію, геамарфалогію, кліматалогію, гідралогію сушы, акіяналогію, гляцыялогію, геакрыялогію, геаграфію глеб, біягеаграфію. Цесна звязана з картаграфіяй і эканам. геаграфіяй. Гал. задачы Ф.г.: выяўленне функцыян. залежнасцей паміж рознымі прыроднымі з’явамі, даследаванні ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе, рацыянальная арганізацыя тэрыторыі, рэжым яе выкарыстання і аховы. Метады даследаванняў: апісальны, параўнальны, картаграфічны, феналагічны, геафіз., геахім., матэм., стат., дыстанцыйных аэра- і касм. назіранняў і здымак.

Даследаванні па Ф.г. вядомы са стараж. часоў (працы Герадота, Арыстоцеля і інш.). Значнае развіццё атрымала ў перыяд Вялікіх геаграфічных адкрыццяў (гл. таксама Геаграфічныя адкрыцці. У станаўленне Ф.г. як самаст. навукі вял. ўклад зрабіў А.Гумбальт. У 19 ст. з Ф.г. вылучыліся біягеаграфія, гідралогія, глебазнаўства і інш. Асновы сучаснай Ф.г. закладзены ў канцы 19—20 ст. ў працах Л.​С.​Берга, А.​І.​Ваейкава, Г.​М.​Высоцкага, В.​В.​Дакучаева, А.​М.​Краснова, Г.​Ф.​Марозава, Г.​І.​Танфільева і інш. У развіцці яе тэорыі вял. значэнне мелі працы Берга, У.​І.​Вярнадскага, А.​А.​Грыгор’ева, К.​К.​Маркава; у развіцці ландшафтазнаўства — працы Д.​Л.​Арманда, В.​А.​Дзяменцьева, А.​Р.​Ісачанкі, К.​І.​Лукашова, Ф.​М.​Мількова, В.​Б.​Сачавы, М.​А.​Сонцава і інш.; у развіцці агульнага землязнаўства — С.​В.​Калесніка, А.​М.​Рабчыкава, М.​М.​Ермалаева і інш.

З дапамогай фізіка-геаграфічнага раянавання даследуюцца прасторавая дыферэнцыяцыя геагр. абалонкі (занальнасць, азанальнасць, вышынная пояснасць), выяўленне і характарыстыка сістэмы фізіка-геагр. (ландшафтных) зон, сектараў, правінцый, раёнаў. Даследаванні грунтуюцца на палявых ландшафтных здымках, стацыянарных назіраннях з выкарыстаннем матэрыялаў аэрафота- і касм. здымкі. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца для вырашэння аграпрамысл., рэкрэацыйных, меліярац., горадабудаўнічых, раённай планіроўкі і інш. задач.

На Беларусі даследаванні па Ф.г. вядуцца ў БДУ, Ін-це геал. навук. і Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН, вытв. і н.-д. установах ВА «Беларусьгеалогія», праектных установах і інш.

Літ.:

Сочава В.Б. Учение о геосистемах. Новосибирск, 1975;

Арманд Д.Л. Наука о ландшафте. М., 1975;

Котляков В.М. География в меняющемся мире. М., 2001.

В.​С.​Аношка.

т. 16, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАДЭ́ЛЬФІЯ (Philadelphia),

горад на ПнУ ЗША, штат Пенсільванія, у нізоўях р. Дэлавэр, на Атлантычным узбярэжжы. 1418 тыс. ж. (1999). Марскі порт. Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Адзін з гал. прамысл. цэнтраў ЗША, буйны гандл.-фін. і культ. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне (авіяц., ракетна-касм., ваен., суднабуд., аўтамаб., эл.-тэхн., радыёэлектроннае, вытв-сць прамысл. абсталявання, кантрольна-вымяральных прылад, чыг. вагонаў і лакаматываў і інш.), хім. (вытв-сць мыйных сродкаў, лакаў, фарбаў, хімікатаў і інш.), хіміка-фармацэўтычная, нафтаперапр., харч., швейная, паліграф. (першая друкарня засн. ў 1685), цэлюлозна-папяровая, шкляная, тэкст., мэблевая. Метрапалітэн. Ун-ты, у т. л. Пенсільванскі (засн. ў 1740). Тэатры. Музеі, у т. л. Пенсільванскага ун-та. Акадэмія выяўл. мастацтва і музыкі. Філадэльфійскі сімфанічны аркестр.

У 1-й пал. 17 ст. на месцы Ф. існавала швед. паселішча. У 1681—82 У.Пэн засн. тут калонію англ. квакераў. З 1701 горад. У 18 ст. Ф. — гал. культ. цэнтр брыт. калоній у Паўн. Амерыцы (у 1740 засн. першы амер. ун-т, у 1743 — Амер. філас. т-ва). У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 Ф. — цэнтр патрыят. руху (тут праходзілі пасяджэнні 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў); захоплена брыт. войскамі (1777). У Ф. прыняты Дэкларацыя незалежнасці 1776 і 1-я канстытуцыя ЗША (1787). У 1790—1800 сталіца ЗША. Да 1830-х г. Ф. — гал. фін. цэнтр дзяржавы. У 19 ст. была апорай абаліцыянізму.

План Ф., складзены ў 1682, — прамавугольнік паміж рэкамі Скулкіл і Дэлавэр з прамавугольнай сеткай вуліц і 5 плошчамі. У цэнтры горада ратуша (1789—91), на У Стары горад з будынкамі 18 ст. (Індэпендэнс-хол, 1732-45, арх. Э.​Хамілтан; вежа 1750—51). На У каля порта і на 3 прамысл. раёны. Вылучаюцца будынкі Пенсільванскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1871—76, арх. Ф.​Фёрнес), музея мастацтваў (1919—27, неакласіцызм), небаскробы дзелавога цэнтра (1923—27) і Філадэльфія сейвінгс фанд сасаеці білдынг (1932, арх. Дж.​Хау, У.​Лескейз), мед. лабараторыі Пенсільванскага ун-та (1957—61, арх. Л.​Кан), жылы корпус Сасаеці-хіл (1964—65, арх. І.​М.​Пей); паркавая эспланада Індэпендэнс-мол.

Да арт. Філадэльфія. Індэпендэнс-хол.

т. 16, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДА Украіны, Украінская цэнтральная рада (УЦР),

вышэйшы заканадаўчы і выканаўча-распарадчы орган улады на Украіне ў 1917—18. Створана 4(17).3.1917, неўзабаве пасля Лют. рэвалюцыі, як кіруючы орган аб’яднання ўкр. нац. партый сацыяліст. арыентацыі (Укр. партыя сацыялістаў-федэралістаў, Укр. с.-д. рабочая партыя, Украінская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). Абапіраючыся на падкантрольныя ёй Саветы і ўкр. вайск. часці, да восені 1917 набыла рысы паралельнага органа ўлады. У маі—ліп. 1917 УЦР налічвала 815 членаў. Старшыня — М.С.Грушэўскі, які ўзначальваў і Малую Раду (30 чл.) — пастаянна дзеючы заканад. орган УЦР. Яе выканаўчы орган — Ген. сакратарыят (з ліст. 1917 пашыраны Ген. сакратарыят, у студз. 1918 рэарганізаваны ў Савет Міністраў); яго старшыня і ген. сакратар (міністр) унутр. спраў — У.К.Віннічэнка (са студз. 1918 старшыня СМ У.​А.​Галубовіч), ген. сакратар (міністр) па ваен. справах — С.В.Пятлюра. УЦР варожа ставілася да Кастр. рэвалюцыі 1917. З дапамогай сваіх войск 31.10(13.11).1917 захапіла ўладу ў Кіеве. У сваім 3-м універсале 7(20).11.1917 абвясціла Украінскую Народную Рэспубліку (УНР), а сябе — яе вышэйшым органам. У 4-м універсале 9(22).1.1918 абвясціла поўную незалежнасць УНР. УЦР ад імя УНР удзельнічала ў перагаворах аб міры з краінамі аўстра-герм. блоку (гл. Брэсцкі мір 1918), якія 30.12.1917 (12.1.1918) прызналі яе дэлегацыю самастойнай, а 19.1.(1.2).1918 і незалежнасць УНР; 27.1(9.2).1918 падпісалі з ёй сепаратны дагавор аб міры і саюзе. УЦР папрасіла ваен. дапамогу супраць сав. Расіі і разам з аўстра-герм. войскамі 1.3.1918 вярнулася ў Кіеў, які 26.1(8.2).1918 пакінула пад націскам сав. войск. Ва ўмовах аўстра-герм. акупацыі Украіны УЦР не здолела забяспечыць вываз харчавання ў Германію і падавіць вызв. рух. У выніку паміж ёй і герм. камандаваннем узніклі супярэчнасці. 29.4.1918 ген. П.П.Скарападскі пры падтрымцы герм. войск разагнаў УЦР і ўстанавіў дыктатарскі рэжым — гетманшчыну.

Кр.:

Українська Центральна Рада: Док. і матеріали. Т 1—2. Київ, 1996—97.

Літ.:

Мироненко О.М. Світоч украінської державності: Політико-правовий аналіз діяльності Центральної Ради. Київ, 1992;

Діячі Украіньскоі Центральної Ради: Біогр. довід. Киів, 1998.

т. 17, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЎШЭ́СКУ (Ceaușescu) Нікалае (26.1.1918, с. Скарнічэшці, пав. Олт, Румынія — 25.12.1989),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Румыніі. Чл. Рум. камуніст. партыі (РКП) з 1933. З 1939 сакратар Бухарэсцкага гаркома рум. камсамола ў падполлі, у 1939—40 — чл. Цэнтр. камісіі па рабоце сярод моладзі пры ЦК РКП і сакратар ЦК камсамола. У 1940 арыштаваны ваен.-фаш. рэжымам і да 1944 знаходзіўся ў турмах і канцлагеры. З 1944 на кіруючых камсамольскіх, парт. і дзярж. пасадах, канд. у члены (з 1945), чл. (з 1948) ЦК РКП, чл. Палітбюро ЦК РКП (з 1955); карыстаўся падтрымкай і апекай ген. сакратара ЦК РКП Г.Геаргіў-Дэжа, ад якога пераняў многія метады кіраўніцтва і апаратнай барацьбы. З 1954 сакратар, з сак. 1965 1-ы сакратар, з ліп. 1965 ген. сакратар ЦК РКП, са жн. 1969 ген. сакратар РКП, Са жн. 1967 Старшыня Дзярж. савета, з 1968 старшыня Фронту дэмакратыі і сацыяліст. адзінства, з 1969 старшыня Савета абароны і вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі, з 1973 старшыня Вышэйшага савета эканам. і сац. развіцця, з сак. 1974 прэзідэнт Румыніі. Працягваў «асобы курс» Геаргіў-Дэжа [фарсіраваная індустрыялізацыя, незалежная ад СССР знешнепаліт. лінія (добрыя адносіны з Кітаем, няўдзел ва ўводзе войск Арг-цыі Варшаўскага дагавора ў ЧССР у 1968, захаванне дыпламат. адносін з Ізраілем пасля 1967 і Чылі пасля 1973 і інш.), інтэнсіўныя эканам. сувязі з капіталіст. краінамі]. З дапамогай апаратных інтрыг і рэпрэсій да пач. 1970-х г. засяродзіў у сваіх руках усю паўнату улады, прыцягваў да кіравання сваіх родных і сваякоў, паступова складваўся культ яго асобы. Нягледзячы на поспехі ў пачатковы перыяд дзейнасці Ч. на пасадзе кіраўніка партыі і дзяржавы, да пач. 1980-х г. пачалі нарастаць негатыўныя тэндэнцыі ў забеспячэнні грамадзян харч. і прамысл. таварамі. У пач. 1989 поўнасцю ліквідаваў знешнюю запазычанасць Румыніі за кошт рэзкага зніжэння ўзроўню дабрабыту насельніцтва, што выклікала масавую незадаволенасць у краіне. У час снежаньскіх падзей 1989 арыштаваны і разам з жонкай Аленай расстраляны па прыгаворы ваен. трыбунала.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв., 1982—1986 гг. М., 1987.

Літ.:

Шевелев В.Н. Диктаторы и боги. Ростов н/Д, 1999.

А.​А.​Ляўшэвіч.

т. 17, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУКШЫ́Н Васіль Макаравіч (25.7.1929, с. Сросткі Бійскага р-на, Алтайскі край — 2.10.1974),

рускі пісьменнік, кінарэжысёр, акцёр. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). Друкаваўся з 1959. У зб-ках апавяданняў «Вясковыя жыхары» (1963), «Там, удалечыні» (1968), «Характары» (1973), гіст.-рэв. рамане «Любавіны» (ч. 1—2, 1965—87; фільм «Канец Любавіных», 1972), п’есе «Энергічныя людзі» (паст. 1974) і сцэнарыях фільмаў, у якіх выступаў і як рэжысёр («Жыве такі хлопец», 1964; «Печкі-лавачкі», 1972; «Каліна чырвоная», 1974; у двух апошніх выканаўца гал. ролі) праўдзівыя карціны тагачаснага жыцця. разнастайнасць сац.-псіхал. тыпаў. вобразы «дзівакоў», правінцыялаў, якія нясуць у сабе маральную чысціню і патрабавальнасць да жыцця. Творам Ш. ўласцівы драматызм канфліктаў у спалучэнні з гумарам і лірызмам. Раман «Я прыйшоў даць вам волю» (1971) пра Сцяпана Разіна. Як акцёр ва ўласных і інш. кінафільмах ствараў вобразы самабытных людзей, якія шукаюць сваё прызначэнне на зямлі: «Каля возера» (1970, Дзярж. прэмія СССР 1971), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975), «Прашу слова» (1976) і інш. Рэжысёрская манера Ш. адметная спалучэннем рэаліст. фактурнасці, побытавай дэталізацыі, псіхал. глыбіні з паэт. успрыманнем прыроды і людзей. Аўтар публіцыстычных артыкулаў (зб. «Пытанні да самога сябе», 1981). На бел. мову асобныя апавяданні Ш. пераклалі Н.​Граковіч, Т.​Мартыненка. Спектаклі паводле твораў Ш. ставілі т-ры Беларусі: «Характары» — Брэсцкі абл. драм. т-р (1973), Бел. т-р імя Я.​Купалы (1975); «Энергічныя людзі» — Дзярж. рус. драм. т-р, Бел. т-р імя Я.​Коласа, Брэсцкі абл. (усе 1975); «Да трэціх пеўняў» — Дзярж. т-р лялек (1976); «Ваня, як ты тут?» — т-р імя Я.​Купалы (1978); «Каліна чырвоная» — Гродзенскі абл. драм. т-р (1981); «А раніцой яны прачнуліся» — рус. драм. т-р (1983) і інш. Ленінская прэмія 1976.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1984—85.

Літ.:

Коробов В. Василий Шукшин. М., 1977;

Толченова Н.П. Слово о Шукшине. М., 1982;

Емельянов Л. Василий Шукшин: Очерк творчества. Л., 1983.

В.М.Шукшын.

т. 17, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. expositio выкладанне, паказ),

1) у літаратуры — паказ жыцця, якое папярэднічае асн. дзеянню, з’яўляецца яго перадгісторыяй. Знаёміць з героямі, іх узаемаадносінамі, абставінамі жыцця, фактарамі, якія прадвызначаюць прычыны дзеяння, яго характар і кірунак, падрыхтоўваюць канфлікт. Бывае прамая (разгортваецца як подступ да твора і даецца ў яго пачатку), затрыманая (пасля завязкі) і зваротная (у канцы твора). Уласціва творам, дзе раскрываецца працяглы адрэзак жыцця; не характэрная для лірычнага верша, апавядання-абразка.

2) У выяўленчым мастацтве — размяшчэнне музейных і выставачных экспанатаў у пэўнай сістэме (храналагічнай, тыпалагічнай і інш.).

Мае сістэм. класіфікацыю, паслядоўнасць прадстаўлення экспанатаў, іх даступнасць для агляду і вывучэння, аптымальнае асвятленне, ахову, прытрымліванне норм кансервацыі. Існуюць таксама маст. нормы Э., метады музейнага і выставачнага дызайну, размяшчэння карцін, размеркавання экспанатаў у вітрынах. Музейныя Э. патрабуюць навук. абгрунтавання размяшчэння экспанатаў, чым адрозніваюцца ад выставачных, якія дапускаюць большую свабоду, часам незвычайнасць прадстаўлення экспанатаў, выбар ракурсаў іх успрымання.

3) У музыцы — першапачатковае выкладанне асн. муз. матэрыялу (у частцы ці раздзеле) у адрозненне ад яго наступнага развіцця. Экспазіцыйны тып выкладання характарызуецца танальным адзінствам і гарманічнай устойлівасцю, структурнай цэласнасцю.

У некат. муз. формах (куплетная, простыя двух- і трохчасткавыя) экспазіцыйнасць абсалютна пераважае. У санатнай форме — першы з яе асн. раздзелаў, у якіх выкладаюцца гал. тэмы твора, згрупаваныя звычайна ў гал. і пабочнай партыях, якія, у адрозненне ад рэпрызы, выкладаюцца ў розных танальнасцях. Танальна-тэматычная апазіцыя, што ўзнікае пры гэтым, служыць імпульсам для далейшага разгортвання санатнай формы. У простай фузе Э. — першы раздзел, дзе тэма праводзіцца паслядоўна ва ўсіх галасах. Шматтэмныя фугі могуць мець адну агульную Э. для ўсіх тэм ці асобныя Э. для кожнай тэмы.

Літ.:

Гл. арт. Санатная форма, Форма музычная, Фуга.

4) У фатаграфіі — колькасць (доза) асвятлення, якая надаецца фотаслою святлоадчувальнага матэрыялу ў выніку ўздзеяння святла.

Абазначаецца H. Роўная здабытку асветленасці E на час экспанавання (вытрымку) t: H = E∙t. Пры звычайнай здымцы выражаецца ў лк∙с, пры здымцы з монахраматычным асвятленнем — у Дж/м². Вызначаецца экспанометрам.

А.​М.​Пяткевіч (у літаратуры), Ю.​Дз.​Златкоўскі (у музыцы).

т. 18, кн. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ РЭГІЁН, гісторыка-этнаграфічны рэгіён,

частка этн. тэрыторыі, што вылучаецца комплексам этнакультурных прыкмет: прыродна-экалагічнымі ўмовамі, асаблівасцямі этн. гісторыі, характарам рассялення, гасп. заняткамі, нар. архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам, традыц. адзеннем, фальклорам, мясц. дыялектамі і інш. Этнагеаграфічнае вывучэнне і картаграфаванне розных этнакультурных рэалій дазваляюць вылучыць на тэрыторыі Беларусі 18—19 ст. 6 Э.р.: Падзвінне (Паазер’е), Падняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Панямонне, Усходняе Палессе, Заходняе Палессе (гл. Дадатак). Унутры кожнага з іх па мясц. асаблівасцях нар. культуры і побыту вылучаюцца больш дробныя адзінкі — лакальныя раёны: у Падзвінні — паўн.-ўсх. і паўд.-зах. раёны, у Падняпроўі — Бярэзінскі, левабярэжжа, правабярэжжа і Пасожжа, у Цэнтр. Беларусі — Слуцка-Нясвіжскі і Мінскі, у Панямонні — левабярэжжа, правабярэжжа і Павілейскі, ва Усх. Палессі — Ніжняпрыпяцкае і Прыпяцкае Палессе, Мазырскі, Тураўскі, у Зах. Палессі—Пінскае Палессе, Загароддзе і Падляшша. Э.р. лакалізаваліся ў масівах з блізкімі гіст. і экалагічнымі ўмовамі, пераважна ў басейнах вял. рачных сістэм. Па меры засялення і гасп. асваення тэрыторыі ў працэсе адаптацыі да мясц. экалагічных умоў адбывалася акумуляцыя культ. здабыткаў, складваліся генетычна блізкія этн. традыцыі, узмацнялася адзінства ў эканам. і духоўным жыцці, фарміраваўся рэгіянальны тып культуры. Мясц. прырода з яе разнастайнымі рэсурсамі і адпаведнымі ўмовамі ўваходзіла ў штодзённае жыццё і ўплывала на спецыялізацыю гасп. заняткаў, страву, нар. жыллё, адзенне, сродкі зносін і г.д. Сац.-эканам. працэсы мелі свае асаблівасці і накладвалі адбітак на сістэму земляробства, гасп. побыт. Арэалы рэгіёнаў, іх межы і культ. ландшафт мяняліся ў выніку міграцыі, ваен. дзеянняў, разбурэння гаспадаркі, змены культурна-эканам. сувязей. Межы некат. Э.р. акрэслены невыразна, што тлумачыцца складаным характарам пашырэння асобных этнагр. рэалій, іх зменамі ў прасторы і часе. таму на памежжы суседніх рэгіёнаў этнакультурны комплекс мае пераходныя рысы. Гл. таксама Этнаграфічная група.

Літ.:

Титов В.С. Историко-этнографические регионы в экспозиции Белорусского государственного музея народной архитектуры и быта. Мн., 1982;

Яго ж. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX в. Мн., 1983;

Яго ж. Народная спадчына: Матэр. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці. Мн., 1994.

В.​С.​Цітоў.

т. 18, кн. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Я́МА»,

мемарыяльны комплекс у Мінску на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму — масавых пагромаў яўрэяў у 1941—43 у мінскім гета (гл. Гета). У даваенныя часы каля перакрыжавання вуліц Ратамская (зараз Мельнікайтэ) і Заслаўская знаходзілася яма (кар’ер), дзе жыхары бралі пясок для буд. работ. У гады акупацыі Мінска ням. фашысты выкарыстоўвалі яму для пахавання шматлікіх ахвяр мінскага гета. У час пагрому ў гета 2.3.1942 на Юбілейнай плошчы і вакол яе было забіта шмат яўрэяў, якіх пад прымусам юдэнрата жыхары гета скідвалі ў гэтую яму. Калі ў 1942 у Мінск з інспекцыяй прыехаў чыноўнік імперскага ўпраўлення бяспекі А.​Эйхман, мясц. фаш. ўлады арганізавалі паказальную акцыю. Паводле іх загаду дырэктар дзіцячага дома Флейшэр і ўрач Чэрнік прывялі ў юдэнрат больш як 40 дзяцей. Усе яны і работнікі дзіцячага дома пад наглядам гаўляйтэра В.​Кубэ, Эйхмана і нач. паліцыі Э.​Штраўха былі расстраляны. Частку дзяцей закапалі ў яме жывымі. У магіле пахавана прыблізна 500—600 чал. У 1947 на магіле ўстаноўлены абеліск з тэкстам на мове ідыш «Яўрэям — ахвярам нацызму». 10.7.2000 адкрыты мемарыял «Помнік ахвярам Халакоста. Мінскае гета» [арх. І.​Дзятлаў, А.​Капылоў, Л.​Левін (аўтар ідэі), М.​Самасюк, скульптары Э.​Полак, А.​Фінскі, інж. У.​Сусько]. Канцэпцыя мемарыяла — стварэнне сімвалічных зон, якія арх.-маст., ландшафтнымі і дакумент. сродкамі ўвасабляюць тэму трагедыі. Кампазіцыйная і эмацыянальная дамінанта ансамбля — бронзавая скульпт. група «Апошні шлях» уздоўж спуску ў яму: 27 пераплеценых паміж сабой фігур-ценяў, якія ідуць на расстрэл (вышыня 2 м). У кампазіцыі адсутнічаюць скульпт. партрэты, толькі абагульненыя твары, што адпавядае яўр. традыцыі. Трапяткая, вібрыруючая скульпт. пластыка, камерны маштаб кампазіцыі садзейнічаюць эмацыянальнасці ўздзеяння тэмы мемарыяла, перадаюць настрой адчаю і жаху ахвяр трагедыі. Перад спускам у «Я.» разбіты парк «Праведнікаў свету», дзе высаджваюць дрэвы ў гонар жыхароў Беларусі, якія ратавалі яўрэяў у гады Вял. Айч. вайны. На ўваходзе знак у выглядзе міноры — традыц. яўр. сямісвечніка з імёнамі тых, хто дапамагаў ва ўстаноўцы помніка-мемарыяла.

Літ.:

Ботвинник М Памятники геноцида евреев Беларуси. Мн., 2000;

Смоляр Г. Мінскае гета. Мн., 2002.

М.​Б.​Батвіннік, А.​С.​Шамрук.

«Яма». Помнік ахвярам Халакоста ў Мінску.

т. 18, кн. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́СКА-КІШЫНЁЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

стратэгічная наступальная аперацыя сав. войск 2-га Укр. (камандуючы ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) і 3-га Укр. (камандуючы ген. арміі Ф.Х.Талбухін) франтоў ва ўзаемадзеянні з караблямі Чарнаморскага флоту, Дунайскай ваен. флатыліі ў Вял. Айч. вайну 20—29.8.1944. Мэта аперацыі — акружыць і ліквідаваць у р-не Ясы, Кішынёў, Бендэры ням.-фаш. і рум. войскі групы армій «Паўд. Украіна» (камандуючы ген.палк. Г.​Фрыснер). Для правядзення аперацыі з сав. боку прыцягвалася 1,25 млн. чал., 16 тыс. гармат і мінамётаў, 1870 танкаў і самаходных артыл. установак, 2200 баявых самалётаў (з улікам авіяцыі флоту). Ім процістаялі 900 тыс. чал., 7,6 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 400 танкаў і штурмавых гармат пры падтрымцы 810 ням. і рум. самалётаў. У складзе сав. войск знаходзілася 1-я рум. добраахвотніцкая пях. дывізія імя Т.​Уладзімірэску. Дзеянні франтоў каардынаваў Маршал Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнка. 20 жн. войскі 2-га Укр. фронту з раёна на ПнЗ ад Ясаў, а войскі 3-га Укр. фронту з раёна Ціраспаля пачалі наступленне. Да 23 жн. завершана аператыўнае акружэнне кішынёўскай групоўкі войск праціўніка (18 ням. дывізій) і 3-й рум. арміі, якая на наступны дзень спыніла супраціўленне. 23 жн. пачалося Народнае ўзброенае паўстанне ў Румыніі 1944. Румынія выйшла з вайны на баку фаш. блока і 24 жн. абвясціла вайну Германіі. Працягваючы наступленне, сав. войскі да 29 жн. разграмілі 22 ням. дывізіі. У выніку Я.-К.а. вызвалена ўся Малдавія, Румынія выступіла на баку саюзнікаў па антыгітлераўскім блоку; настаў крах ням. абароны на паўд. крыле сав.-герм. фронту, карэнным чынам змянілася ваен.-паліт. становішча на Балканах на карысць саюзнікаў. За гераізм у час аперацыі ў ліку іншых ураджэнцам Беларусі А.В.Петрушэўскаму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, а С.Ф.Шутаў стаў Героем Сав. Саюза ў другі раз.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. М., 1978. Т. 9. С. 97—100;

Ясско-Кишиневские Канны. М., 1964;

Антосяк А.В. В боях за свободу Румынии. М., 1974;

История войн. Ростов н/Д;

М., 1997. Т. 3. С. 176.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 18, кн. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)