ГРАВІРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,

капіравальна-фрэзерны станок з інструментам для гравіравання. Выявы з аб’ектаў (мадэлей барэльефаў, інш. аб’ёмных арыгіналаў, літар, узораў, малюнкаў) выразаюць на мяккім метале, камені, дрэве спец. рэжучым інструментам (штыхелем, фрэзай), які вядзе апрацоўку ў адпаведнасці з сігналамі ад абваднога штыфта (датчыка). Штыфт рухаецца па капіры і падае сігналы ў сістэму сачэння (механічную, гідраўлічную або электрычную), што кіруе інструментам. У металаапрацоўцы гравіравальныя станкі выразаюць клеймы, надпісы, лічбы на дэталях, у паліграфіі робяць цынкаграфскія клішэ (фотагравіравальнай машынай).

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́МЕР Якаў Пінкусавіч (10.8.1879 г. Брэст — 11.4.1933),

бел. матэматык. Д-р філасофіі (1912). Вучыўся ў Берлінскім, Марбургскім і Гётынгенскім ун-тах. У 1915—28 асістэнт А.​Эйнштэйна ў Берліне. З 1928 праф. БДУ, адначасова з 1931 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі. Навук. працы па матэматыцы, агульнай тэорыі адноснасці і рэлятывісцкай механіцы.

Тв.:

Общая теория относительности и закон движения (разам з А.​Эйнштэйнам) // Эйнштейн А. Собрание научных трудов: [Пер. с нем. и англ.]. М., 1966. Т. 2.

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗЫ́ЛЬЧЫК Валянцін Вячаслававіч (8.12.1935, г. Полацк — 13.1.1993),

хімік-арганік. Д-р хім. н. (1986), праф. (1987). Засл. вынаходнік СССР (1992). Засл. дз. нав. Чувашыі (1992). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Бел. тэхнал. Ін-це і Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. З 1969 у Чувашскім ун-це. Навук. даследаванні па хіміі тэрпеноідаў і іх сінт. аналагаў. У супрацоўніцтве з бел. вучонымі атрымаў новыя біялагічна актыўныя прэпараты (пестыцыды) і даследаваў іх эфектыўнасць.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЗМ,

слова, запазычанае з балтыйскіх моў. У бел. мове — пераважна з літоўскай, часткова з латышскай. Найб. інтэнсіўна асвойваліся ў перыяд ВКЛ. Пранікалі непасрэдна ў працэсе вусных моўных кантактаў.

Большасць балтызмаў не прыжыліся, засталіся пераважна словы быт. і гасп. ўжытку: «атоса», «венцер», «дойлід», «ёўня», «клуня», «лоўж», «пуня», «свіран», «торп» і інш. Некаторыя балтызмы маюць вузкае тэр. пашырэнне: «аруд», «груца», «прывен», «ройста». Балтыйскія па паходжанні ў бел. мове некаторыя тапонімы і антрапонімы («Ашмяны», «Жупраны», «Юрацішкі»; «Лукша», «Шніп», «Юргель»).

А.​М.​Булыка.

т. 2, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛТЫМАР (Baltimore) Дэйвід (н. Нью-Йорк),

амерыканскі вірусолаг. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Атрымаў адукацыю ў Масачусецкім тэхнал. і Ракфелераўскім ін-тах. У 1964—68 у мед. каледжы А.​Эйнштэйна, Солкаўскім ін-це біял. даследаванняў. З 1968 у Цэнтры анкалагічных даследаванняў Масачусецкага тэхнал. ін-та (з 1973 праф.). Навук. працы па расшыфроўцы механізма біясінтэзу бялку. Сінтэзаваў ген, які кадзіруе сінтэз гемаглабіну (1972), адкрыў з’яву зваротнай транскрыпцыі для ферменту рэвертазы (1970). Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Р.Дульбека і Х.Тэмінам).

Д.Балтымар.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКА́ЕЎ Аскар (н. 10.11.1944, с. Кызыл-Байрак Кемінскага р-на, Кыргызстан),

дзярж. дзеяч Кыргызстана, вучоны. Акад. АН Кыргызстана (1987). Д-р тэхн. н. (1980). Скончыў Ленінградскі ін-т дакладнай механікі і оптыкі (1968). Працаваў у ім, на з-дзе ў Бішкеку, у Фрунзенскім політэхн. ін-це. У 1986—87 заг. аддзела ЦК Кампартыі Кіргізіі. З 1987 віцэ-прэзідэнт, у 1989—90 прэзідэнт АН Кыргызстана. З 1990 прэзідэнт Рэспублікі Кыргызстан. Навук. працы па фіз. оптыцы і галаграфіі.

А.Акаеў.

т. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й (свецкае Крыт Аляксандр; ? — 21.5.1983),

бел. рэлігійны дзеяч. Да 2-й сусв. вайны жыў у Зах. Беларусі. Пасля вайны ў Германіі, Англіі: святар у прыходах, адміністратар Вікарыяльнай управы Беларускай аўтакефальнай правасл. царквы ў замежжы (БАПЦ). З 1961 у ЗША: настаяцель прыхода св. Жыровіцкай Маці Божай у Кліўлендзе (ініцыятар рэліг. навучання дзяцей-беларусаў, у т. л. па гісторыі царквы на Беларусі). У 1969 епіскап, з 1970 архіепіскап епархіі БАПЦ у Паўн. Амерыцы. З 1972 мітрапаліт БАПЦ.

Л.​У.​Языковіч.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў Юрый Аляксандравіч (12.6.1893, с. Тамышава Наваспаскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 2.10.1966),

сав. палеантолаг і гістолаг. Акад. АН СССР (1960; чл.-кар. 1953). Скончыў Петраградскі ун-т (1917). Праф. Ленінградскага (1933—41), Маскоўскага (з 1939) ун-таў; адначасова з 1932 у Палеанталагічным ін-це АН СССР (з 1945 дырэктар). Навук. працы па параўнальнай марфалогіі і палеанеўралогіі выкапнёвых пазваночных, нейрагісталогіі сучасных беспазваночных. Рэдактар «Палеонтологического журнала» (1959—66) і гал. рэдактар 15-томнай працы «Асновы палеанталогіі». Ленінская прэмія 1967.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛЕ́СЬКА Яўген Іванавіч (н. 23.4.1938, в. Вялікая Лысіца Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне кібернетыкі і інфарматыкі. Канд. эканам. н. (1969). Скончыў БДУ (1960). З 1964 у Цэнтр. НДІ арганізацыі і тэхнікі кіравання (з 1975 нам. дырэктара), з 1991 праф. Бел. дзярж. эканам. ун-та. Навук. працы па аўтаматызаваных сістэмах кіравання і праграмным забеспячэнні ЭВМ. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

АСУ на промышленном предприятии: Методы создания. Справ. 2 изд. М., 1989 (у сааўт.)

М.​П.​Савік.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬПЯРО́ВІЧ Навум Якаўлевіч (н. 14.1.1948, г. Полацк),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1967—70). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1979). Працаваў у Наваполацку на радыёвяшчанні (1977—80). З 1981 — уласны карэспандэнт Дзяржтэлерадыё Беларусі па Віцебскай вобл. Друкуецца з 1967. Адзін з аўтараў калектыўнага зб. «Сцяжына» (1983). Выдаў кн. паэзіі «Брама» (1990) і «Востраў душы» (1995), у якіх боль і трывога за людзей свайго пакалення, спроба сродкамі лір. паэзіі адгукнуцца на клопаты нашага часу.

І.​Д.​Сіпакоў.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)