Баю́р ’гурба снегу’ (зах.-палес., Талстой, Геогр., 233). Асцярожна можна параўнаць з укр. (праўда, не вельмі добра дакументаваным словам) баю́ра ’пагорак’ (Піскуноў, Словарь). Слова няяснага паходжання. Талстой, там жа, з запытаннем, вылучае дзве магчымасці тлумачэння: 1) энантыёсемія па прынцыпу ’верх’ ⟷ ’ніз’ (параўн. зах.-палес. баю́ра ’штучная яма’); 2) нейкая сувязь (запазычанне) з тур. bayır ’узгорак, пагорак’ (што дало, дарэчы, байра́к, гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кісе́ль ’кіслая студзяністая страва з аўсянай мукі або ягаднага соку, заваранага на крухмале’ (ТСБМ, Мат. Гом., ТС, Касп., Сл. паўн.-зах., Кліх, Вешт., Нар. сл., Сержп. Пр., Яшк., Яруш.). Гл. кіслы, кіснуць. Укр. кисіль, рус. кисель ’тс’. Суфіксацыя на ‑ель (як у качэль ад качаць) да ‑кісацьраскісаць). Заходнеславянскія формы і ў першую чаргу польскія ўсходнеславянскага паходжання (Слаўскі, 2, 173).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Затхлы ’з пахам гнілі, нясвежасці’. Рус. затхлый, укр. затхлий, чэш. zatchlý, zatuchlý ’тс’, славен. zatọ́hel ’з пахам вільготнасці, сыры’. Ст.-рус. затхлый (XVII ст.), затхліна, затхоль (XVI ст.). Параўн. польск. zatchnąć ’рабіць цяжкім дыханне’. Дзеепрыметнік на ‑l‑ ад дзеяслова za‑tъx‑nǫ‑ti (затхнуць, гл. тхнуць) ’пачаць непрыемна пахнуць’, магчыма, яшчэ прасл. паходжання. Параўн. Шанскі, 2, З, 70; Фасмер, 2, 83.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сля́каць ‘слота, мокрае надвор’е’ (ЛА, 2), сля́коць ‘тс’ (ТС). Параўн. укр. дыял. сля́ка, сля́коть, слякота́ ‘тс’, рус. сля́коть ‘тс’, ст.-польск. śląkwa, słęka, польск. sląka ‘дажджлівае надвор’е, снег з дажджом’, серб.-харв. сле̏ка ‘марскі прыліў’. Прасл. *slęk‑/*słǫk‑, адсюль польск. дыял. ślęknąć ‘прамокнуць, вымакнуць’, відаць, гукапераймальнага паходжання, параўн. літ. šlė̃kti ‘пырскаць’, šlakas ‘кропля’ (Фасмер, 3, 682; ЕСУМ, 5, 314; Астроўскі, ABSI, 27, 127).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́пці ’лёгкі хатні абутак’ (ваўк., ЛА, 4), ’тапкі’ (чэрв., Сл. ПЗБ), адз. л. та́паць ’лапаць; сандаля’ (Яўс.), то́пці ’тапачкі’ (ТС), тэ́пці ’тапкі’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Відаць, утварэнне ад тапкі (гл.), змененае пад уплывам лапці, топаць, тэпаць, гл. Непразрыстыя адносіны да семантычна блізкіх польск. kapcie ’хатні абутак’ (з XVI ст.), дыял. papcie ’тс’, славац. kapce ’суконны абутак з халяўкамі’ няяснага паходжання (Слаўскі, 2, 52).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́цкі — ‘сядзець малому ў бацькі за спінай’ (Вушац. сл.), «калі малога нясуць заплеччу» (Наша Ніва, 2003, 6 чэрв.). З дзіцячай мовы, відаць, гукапераймальнага паходжання, параўн. укр. туц выгук, што імітуе стук рагамі, ту́цати ‘біцца рагамі (пра барана)’ (ЕСУМ, 5, 687), ід. tuc ‘тыц’, tucen ‘тыкаць’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), а таксама польск. nosić kogo na barana ‘насіць каго на спіне (плячах)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЧЫ́СТКА ПАВЕ́ТРА,

выдаленне з паветра пылу, вадкіх і газападобных шкодных дамешкаў. Адрозніваюць: ачыстку забруджанага паветра, якое выдаляецца з вытв. памяшканняў і ад прамысл. абсталявання (гл. Газаачыстка); паветра, якое падаецца ў памяшканні і інш. аб’екты сістэмамі вентыляцыі і кандыцыяніравання, а таксама паветра, што выкарыстоўваецца ў тэхнал. працэсах (напр., вытв-сць кіслароду, інертных газаў, у доменнай і мартэнаўскай вытв-сці).

Ачыстка паветра — адно з найважнейшых мерапрыемстваў па ачыстцы асяроддзя, у т. л. атмасферы ў гарадах і прамысл. цэнтрах. Ачыстка паветра таксама забяспечвае неабходныя сан.-гігіенічныя ўмовы ў памяшканнях і інш. аб’ектах, папярэджвае забруджванне і пашкоджанне прамысл. абсталявання, парушэнне тэхнал. працэсаў. Сродкі ачысткі паветра выбіраюцца ў залежнасці ад віду дамешкаў і ступені забруджанасці паветра. Канцэнтрацыя пылу рознага паходжання ў сярэднім за суткі можа дасягаць 0,5 мг/м³ (у жылых раёнах прамысл. гарадоў), 1 мг/м³індустр. раёнах) і 3 мг/м³ і больш (на тэрыторыі прамысл. прадпрыемстваў). У асобных выпадках вылучаныя з паветра дамешкі выкарыстоўваюцца (напр., сажа, злучэнні серы і інш.) у прам-сці і інш. галінах практычнай дзейнасці.

На Беларусі прыняты Закон аб ахове атм. паветра (1994), які прадугледжвае кантроль за сан. станам паветра і яго ачысткай. Нагляд за ачысткай паветра ажыццяўляецца Спецыялізаванай інспекцыяй па ахове і выкарыстанні атм. паветра Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і сан.-эпідэміял. службай.

В.​І.​Корбут.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АЗЁРЫ (Great Lakes),

група вял. азёр ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Уключае азёры: Верхняе возера, Гурон, Мічыган, Эры, Антарыо. Агульная пл. 245,2 тыс. км²; аб’ём вады 22,7 тыс. км³; самая вял. колькасць прэснай вады на Зямлі. Сцёк па р. Св. Лаўрэнція ў Атлантычны акіян.

Катлавіны Вялікіх азёр тэктанічнага (Верхняе возера і Гурон) і ледавіковага паходжання. Паўн. берагі часта скалістыя, абрывістыя, паўд.-ўсх. — пераважна нізкія, гліністыя і пясчаныя. Шмат астравоў. Вялікія азёры размешчаны прыступкамі, злучаны паміж сабой кароткімі парожыстымі мнагаводнымі рэкамі. Рака Ніягара, якая злучае азёры Эры і Антарыо, утварае Ніягарскі вадаспад. З воз. Антарыо выцякае р. Св. Лаўрэнція. Сярэднія т-ры вады на паверхні ў студз. ад 0 °C у паўд. частцы да -5 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 20 да 14 °C. Са снеж да сак. — красавіка прыбярэжныя воды Вялікіх азёр укрыты лёдам. Інтэнсіўнае суднаходства. Рыбалоўства. Звязаны суднаходнымі каналамі з р. Гудзон і сістэмай Місісіпі. Шлюзавыя каналы ўтварылі водны шлях для марскіх суднаў даўж. каля 3000 км (у абход парогаў на р. Сент-Мэрыс, канал Су-Сент-Мары і Ніягарскага вадаспада — канал Уэленд).

Да пач. 1970-х г. Вялікія азёры былі значна забруджаны прамысл. сцёкамі. У выніку правядзення спец. праграм адноўлены флора і фауна, палепшылася якасць вады. Гал. парты — Дулут, Мілуокі, Чыкага, Дэтройт, Таліда, Кліўленд, Эры, Буфала (ЗША), Тандэр-Бей, Су-Сент-Мары, Таронта (Канада).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

у першасным значэнні мех. сістэма з канечным лікам ступеней свабоды (напр., сістэма матэрыяльных пунктаў або цвёрдых цел, якія рухаюцца па законах класічнай механікі). У эўрыстычным сэнсе (гл. Эўрыстыка) — сукупнасць фіз. аб’ектаў, для якіх характэрна адназначная залежнасць працэсаў, што працякаюць у іх, ад знешніх уздзеянняў, узаемных сувязей паміж аб’ектамі і іх пачатковых станаў. У больш шырокім сэнсе — адвольная фіз. сістэма (напр., сістэма аўтам. рэгулявання, радыётэхн. сістэма), якая апісваецца звычайнымі дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі, а таксама сістэма такіх ураўненняў (незалежна ад яе паходжання).

У матэм. тэорыі Д.с. разглядаюцца матэм. мадэлі рэчаісных фіз. і мех. сістэм, якія адлюстроўваюць іх асн. ўласцівасці. Для апісання ўсіх тыпаў Д.с. выкарыстоўваюць метад уваходна-выхадных уяўленняў (метад «чорнай скрыні»; выяўленне адпаведнасці паміж уваходнымі і выхаднымі сігналамі) ці метад прасторы станаў (метад фазавай прасторы; выхадны сігнал залежыць ад стану Д.с., уваходнага сігналу і папярэдніх уваходных уздзеянняў). Складаныя Д.с. служаць мадэлямі розных фіз.-хім. асяроддзяў (напр., актыўнае рэчыва лазера, вязкая вадкасць), фізіял. органаў (мышца сэрца, нервовае валакно) і інш. На Беларусі даследаванні Д.с. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, у Бел. політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Калман Р., Фалб П., Арбиб М. Очерки по математической теории систем: Пер. с англ. М., 1971;

Крот А.М. Дискретные модели динамических систем на основе полиномиальной алгебры. Мн., 1990.

А.​М.​Крот.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРЫДЫЗА́ЦЫЯ,

скрыжаванне генетычна разнародных арганізмаў (раслін і жывёл) з мэтай атрымання лепшых па якасцях сартоў, відаў, парод; адзін з важнейшых фактараў эвалюцыі біял. форм у прыродзе. Скрыжаванне асобін аднаго і таго ж віду наз. ўнутрывідавой гібрыдызацыяй, а розных відаў або родаў — аддаленай гібрыдызацыяй. У эксперыменце магчыма гібрыдызацыя паміж непалавымі (саматычнымі) клеткамі вельмі аддаленых відаў (напр., чалавека і мышы, соі і гароху). Гібрыдызацыя саматычных клетак адкрывае падыходы да такіх праблем, як зменлівасць на клетачным узроўні, працэсы антагенезу, узнікненне пухлін і інш. У малекулярнай біялогіі шырока выкарыстоўваюць гібрыдызацыю малекул нуклеінавых кіслот рознага паходжання (гл. Генетычная інжынерыя).

У аснове гібрыдызацыі ляжыць здольнасць раслін і жывёл да палавога ўзнаўлення шляхам апладнення. Натуральная гібрыдызацыя адбываецца спантанна ў прыродных умовах, штучная гібрыдызацыя кіруецца чалавекам шляхам падбору пар з пэўнымі прыкметамі і ўласцівасцямі, якія неабходна атрымаць у патомкаў (якасць, буйнаплоднасць, прадукцыйнасць, ранняспеласць, устойлівасць да хвароб і шкоднікаў, марозаўстойлівасць і інш.). У селекцыі раслін найб. пашырана ўнутрывідавая гібрыдызацыя. Нескрыжавальнасць пар і стэрыльнасць гібрыдаў пры аддаленай гібрыдызацыі пераадольваюцца метадамі поліплаідыі і бекросу, папярэднім вегетатыўным збліжэннем і інш. У жывёлагадоўлі адрозніваюць уласна гібрыдызацыю (атрыманне гібрыдаў паміж відамі і родамі розных жывёл, напр., буйной рагатай жывёлы з якам і зебу, свойскай свінні з дзіком і інш.) і міжнароднае скрыжаванне (унутрывідавую гібрыдызацыю, якая з’яўляецца метадам прамысл. развядзення жывёл). Развіваецца таксама ўнутрыпародная (міжлінейная) гібрыдызацыя адселекціраваных па пэўных прыкметах парод, тыпаў, ліній.

А.​Т.​Купцова.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)