уя́ва, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і уяўленне. Мая фантазія, уява малявалі ўсё, што я страціў і што мне так хацелася бачыць... Сачанка. Камісар хмурыўся: перад ім, ва ўяве, былі жывыя знаёмыя твары сяброў, — балюча было думаць, што гэтых людзей ужо няма. Мележ. // Напамінак, вобраз, прымета. З сакавіком прыходзяць уявы вясны: зямля, нібы звер, ад зімовае спячкі пачынае прачынацца павольна, але ўпарта. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хму́рнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць хмурнага; згушчэнне хмар; воблачнасць. Новая шасэйная дарога адлівала белаватым колерам у цёплай хмурнасць ціхага дня. Чорны.

2. перан. Хмурны выгляд, панурасць. Толькі Корч часам прыб’ецца, прыстане, пагоніць хмурнасць на Васіля, але Ганна ўмее ўжо разганяць гэту хмурнасць. Мележ. Твар майстра быў прасветлены, хмурнасць яшчэ крыху жыла ў вачах, але глядзелі яны ўжо зусім добра і спагадліва. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цудадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Незвычайнай сілы ўздзеяння; чарадзейны; жыватворны. Для Коласа, напрыклад, вельмі важна высветліць вытокі мастацтва, той цудадзейнай сілы, што мае такую вялікую ўладу над людзьмі. Навуменка. Маці папрасіла, каб гэты цудадзейны ўрач паглядзеў яе сыночка. Мележ.

2. Чароўны, вельмі прыгожы. Рукі.. [Ніны] насіліся ў адзін, у другі бок, скакалі па клавішах, білі, і струны адказвалі на кожны яе рух цудадзейнымі гукамі. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цурча́ць і цурчэ́ць, ‑чыць; незак.

1. Цячы, ліцца цурком. Халодная вада капае на грудзі, на ногі, цурчыць на жвір. Пташнікаў. Ніна ўжо сядзела на зямлі і плакала, пазіраючы спалохана, як па назе цурчыць і цурчыць кроў. Мележ.

2. Утвараць гукі булькання, пералівання (пра вадкасць). Недзе глуха цурчыць вада па разоры. Пестрак. Дунаеву здалося, што ён ужо чуе, як цурчыць вада. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца чорным, больш чорным. Снягі набраклі талаю вадою І з кожнай хвіляй чэзнуць і чарнеюць. Свірка. Павесілі галовы сланечнікі, не дзярэцца на платы гарбузнік, чарнее бульбянік. Навуменка.

2. Вылучацца сваім колерам (пра што‑н. чорнае). На сцяне чарнелі хамуты і густа пахлі дзёгцем. Чорны. Ложак панура чарнеў сеткаю. Мележ. За акном чарнела асенняя ноч. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нямо́цны, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка разбіць, зламаць, парваць і пад.; нетрывалы. Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. — Га... нямоцная, — сказаў Пошта. Крапіва.

2. перан. Які лёгка парушаецца; няўстойлівы, ненадзейны. Нямоцны шлюб. □ Нават у пагодныя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся.. [на востраў] у паляшуцкай торбе нялёгка,.. але і гэтая нямоцная сувязь з зямлёю пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Мележ.

3. Які мае невялікую фізічную сілу; слабы здароўем (пра чалавека). Нямоцны чалавек.

4. Які не вызначаецца вялікай сілай; даволі слабы. Нямоцны мароз. // Які дрэнна чуваць; ціхі. Голас, [пастуха] пасля сну быў нямоцны, высільвацца яму не хацелася. Мележ. Свіст быў тоненькі, нямоцны, быццам высвіствала нейкая маленькая птушачка. Даніленка.

5. Слабай канцэнтрацыі, ненасычаны. Нямоцны чай. // Які слаба дзейнічае. Нямоцны тытунь.

6. Неглыбокі. Лена спала нямоцным хваравітым сном і не прачнулася ад лёгкага стуку, а блізкае ўздыханне гаспадыні адразу разбудзіла яе. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іржа́вы і ржа́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты ржой; заржавелы. Іржавы замок. Іржавае жалеза. □ Іржавы манеўравы паравоз пачынае дрыжэць усім сваім старым нутром. Лынькоў. У сцяну ля акна дробна, часта стукае аканіца і паціху тоненька пішчыць іржавымі завескамі. Галавач. // Які ўтварыўся ад іржы, з іржы. Іржавыя плямы.

2. Бурага колеру ад прымесі вокіслаў жалеза (пра балотную ваду). З незвычайным страхам ступалі немцы ў іржавую ваду, грузнучы па пояс у халодную і слізкую дрыгву. Шамякін. // З такой вадой (пра балота, рэчку). Там было тарфяное балота, праз якое цякла павольна ржавая рачулка. Чорны. Грэбелька раптам перарывалася, далей была густая ржавая твань. Мележ. // Прыпсаваны, які мае колер іржы. Іржавы селядзец. □ Хата сустрэла мяне цішынёй і запусценнем. Непрыбраны стол. Брудныя талеркі. Іржавая рыба ў кансервавых банках. Савіцкі.

3. Разм. Чырвона-буры, колеру ржы. Снарады і бомбы ўсю.. [зямлю] перарылі, спустошылі, пакрылі чорнымі ды ржавымі выпалінамі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

махры, ‑роў; адз. махор, ‑хра, м.

1. Свабодна звісаючыя ніткі, шнуркі па краях якой‑н. тканіны. У Івана на шыі новы шалік, шэранькі, а ў Куліны — вялікая кашміровая хустка з махрамі. Гарэцкі.

2. Шматкі, абвіслыя касмылі па краях чаго‑н. Днём яшчэ цёпла, а ночы — волкія, важкія, і ранкамі на бульбоўніку, на траве белыя махры інею. Мележ.

3. Пялёсткі ў махровых кветках.

4. Тонкія адгалінаванні кораня расліны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падры́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Дрыжаць злёгку, час ад часу. Рукі, трымаючы ў прыгаршчах запалку, падрыгвалі. Пестрак. Нага ў Сотнікава нервова падрыгвала, мабыць, было балюча. Быкаў. // Злёгку трэсціся, падскакваць. Машына лёгка падрыгвае на свежанамошчаным бруку. Лужанін. Воз падрыгваў на бярвеннях і на галлі, што трашчала пад коламі. Мележ.

2. чым. Дрыгаць злёгку, час ад часу. Заклаўшы назад рукі,.. [Кашын] важна паглядаў наўкол і падрыгваў нагой. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсме́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. з каго-чаго і над кім-чым. Кпіць, жартаваць над кім‑, чым‑н. Партызаны.. увесь час перагаварваліся, жартавалі. Найбольш падсмейваліся над барадатым высокім мужчынам,.. якога звалі жартам «барада». Мележ. — І калі ты гэтак распанела? — падсмейваецца з жонкі Міхал. Васілевіч.

2. Ціхенька смяяцца, пасмейвацца час ад часу. Да.. [Лабановіча] зноў вярнуўся добры настрой, і, стоячы каля люстэрачка,.. ён сам сабе падсмейваўся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)