Бо́ма1 ’рычаг’ (БРС), ’доўгая жэрдка з тоўстым канцом пры плытах’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат., Бір. Дзярж.). Рус.дыял. (у Літве) бо́мка ’тс’. Параўн. рус.бом ’шлагбаум’, запазычанае з гал.boom ’брус, бэлька’ (Фасмер, 1, 191; Шанскі, 1, Б, 161). Але, магчыма, што бел. слова запазычана з той жа крыніцы, што і літ.búomas. ’рычаг’: з усх.-пруск.bōm ’тс’ (а лат.buõmis ’рычаг’ і г. д. — з с.-н.-ням.bom). Да балт. форм гл. Фрэнкель, 64–65.
Бо́ма2 ’званочак’. Новае ўтварэнне з бо́мка ’тс’ (гл.), якое, мабыць, успрымалася як памяншальная форма. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 65.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ашу́шкацца ’надзець на сябе многа адзежын’ (Нас., Чач., КЭС, лаг.), ошушкацца (КСТ), абшушкацца ’цёпла адзецца’ (КСП), ушушкацца (Бір. Дзярж.), нашушкацца (таўбц., жыт., петрык., брагін., Цыхун, вусн. паведамл.). Ад шушкацца ’цёпла апранацца, укрывацца’, што звязана з шушкацца ’капацца, шастаць; паволі і ціха што-небудзь рабіць’, да семантыкі параўн. копша ’занадта цёпла адзеты чалавек; той, хто капаецца, павольна працуе’, параўн. варыянты з х і ст у корані: нашухацца ’адзецца цёпла і многа’ (КСТ) і нашуштацца (нашустацца) ад шухацца, шустацца (па тэрміналогіі Махэка — «ch‑» і «st‑intensivum», параўн. чэш.ošoust, ošusta ’абарванец’ і славац.ošuchaný ’абарваны’, гл. Махэк₂, 619, 629), што можна разглядаць як вынік кантамінацыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пільсць1, пілсць ’поўсць, падшэрстак, валасяное покрыва жывёл’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Шатал.), пільсьць ’шчацінне (у кабана)’ (лаг., Шатал.), ’воўна горшай якасці’ (Варл.; Бір. Дзярж.), ’поўсць, якая вылезла пры ліньцы’ (Мядзв.), ’ачоскі ад воўны з пылам’ (Шат.), ’вельмі тонкі лямец, які вырабляўся з рознай шэрсці’ (Нас.). Запазычана з польскай pilść ’тканіна з шэрсці ці з воўны, атрыманая шляхам збівання (валяння) яе, лямец’ (Цвяткоў, 59; Кюнэ, Poln., 87). Узыходзіць да прасл.*pьlstь > бел.поўсць (гл.).
асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр.сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл.Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен ў яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТЭ́ВІЧ (Анатоль Іванавіч) (літ.псеўд.Валошка Максім; н. 15.6.1948, в. Баяры Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел.дзярж. дзеяч, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў нам. рэдактара газ. «Чырвоная змена» (1975—80), інструктарам сектара маст. л-ры аддзела культуры, заг. сектара маст. л-ры, нам.заг.ідэалаг. аддзела ЦККПБ (1980—86, 1987—90), дырэктарам выд-ва «Мастацкая літаратура» (1986—87). У 1990—92 старшыня Дзярж.к-та Беларусі па друку, міністр інфармацыі (1992—94), у 1994—96 міністр культуры і друку. З 1996 генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. Друкуецца з 1969. У апавяданнях і казках для дзяцей — веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне займальна і даступна гаварыць з чытачом, адчуванне нар. слова. Перакладае з польск. (С.Лем «Прыгоды Піркса», 1992; «Салярыс», 1994), рус. і ўкр. моў, з бел. на рус. мову (В.Гігевіч «Марсіянскае падарожжа», 1992). У перакладзе Бутэвіча ішлі п’есы на сцэне Бел.т-ра юнага гледача, Віцебскага лялечнага тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІ́ЛАЎ (Сяргей Іванавіч) (24.3.1891, Масква — 25.1.1951),
савецкі фізік, стваральнік навук. школы оптыкаў. Акад. (1932, чл.-кар. 1931). Брат М.І.Вавілава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). З 1932 дырэктар Фізічнага ін-та АНСССР, у 1932—45 навук. кіраўнік Дзярж. аптычнага ін-та (Ленінград). З 1945 прэзідэнт АНСССР. Навук. працы па фіз. оптыцы. Распрацаваў асновы тэорыі люмінесцэнцыі, вывеў адзін з яе законаў (1924; гл.Вавілава закон). З П.А.Чаранковым адкрыў Чаранкова—Вавілава выпрамяненне. Вырашыў шэраг прынцыповых пытанняў квантавай тэорыі інтэрферэнцыі, фізіял. оптыкі, паклаў пачатак развіццю нелінейнай оптыкі. Аўтар прац па філас. пытаннях прыродазнаўства і гісторыі навукі. З 1949 гал. рэдактар Вял.Сав. Энцыклапедыі. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949, 1951, 1952. У 1951 АНСССР устаноўлены залаты медаль яго імя ў галіне фізікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ (ВРК),
часовыя надзвычайныя органы ўлады, якія стваралі бальшавікі пры Саветах і ў арміі пры вайсковых к-тах у перыяд падрыхтоўкі Кастр. рэвалюцыі і на пачатку барацьбы за дыктатуру пралетарыяту. Дзейнічалі ў кастр. 1917 — сак. 1918. Першы ВРК створаны ў Петраградзе, працаваў пад кіраўніцтвам ЦКРСДРП(б) і асабіста У.І.Леніна і стаў штабам узбр. паўстання, цэнтр. органам дзярж. улады, якую перадаў 2-му Усерас. з’езду Саветаў. На Беларусі ВРК створаны ў 1917: у Мінску (гл.Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту) і Віцебску 27 кастр. (9 ліст.), у Нясвіжы 29 кастр. (11 ліст.), Барысаве 5(18) ліст., Вілейцы і Гарадку 8(21) ліст., Магілёве 18 ліст. (1 снеж.) і інш., а таксама ў часцях і злучэннях Зах. фронту. Па меры бальшавізацыі Саветаў і вайсковых к-таў, арганізацыі сав.дзярж. апарату неабходнасць у ВРК адпала, уся ўлада перайшла да Саветаў. У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі ствараліся часовыя надзвычайныя органы ўлады — рэвалюцыйныя камітэты (рэўкомы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙДА ((Wajda) Анджэй) (н. 6.3.1926, г. Сувалкі, Польшча),
польскі рэжысёр. Скончыў Дзярж. вышэйшую школу т-ра і кіно ў Лодзі (1954). Першыя маст. фільмы «Пакаленне» (1955), «Канал» (1956), «Попел і дыямент» (1958), прысвечаныя падзеям 2-й сусв. вайны, сталі праграмнымі творамі польск. кінематаграфічнай школы. Экранізаваў творы польск. класічнай і сучаснай л-ры («Попел», 1965; «Краявід пасля бітвы», 1970; «Беразняк», 1971; «Вяселле», 1973; «Зямля запаветная», 1975; «Паненкі з Вілька», 1979). Складаныя праблемы сучаснасці і нядаўняга мінулага ў фільмах «Усё на продаж» (1968), «Чалавек з мармуру» (1977), «Чалавек з жалеза» (1981). Сярод апошніх работ: «Пярсцёнак з арлом у кароне», «Корчак», «Перадвелікодны тыдзень». Сярод тэатр. пастановак у Польшчы і за мяжой: «Двое на арэлях» Дж.Гібсана, «Справа Дантона» паводле С.Пшыбышэўскай (таксама экранізацыя), «Д’яблы», «Злачынства і пакаранне» і «Настасся Піліпаўна», усе паводле Ф.Дастаеўскага, «Размовы з катам» К.Мачарскага, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра. Працуе на тэлебачанні (серыялы, інсцэніроўкі). Дзярж. прэмія Польшчы 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСНЫ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
пачатковыя навучальныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1830—60-я г. Засноўваліся паводле ўказа Мін-ванар. асветы ад 24.12.1830 па аднаму на воласць для падрыхтоўкі пісараў. Навучанне было бясплатнае, а яго ўзровень даволі нізкі. У валасных вучылішчах вучыліся сял. дзеці ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, чытанне, руская мова, арыфметыка, чыстапісанне, спевы, геаграфія і гісторыя. Заняткі праводзіліся пасля заканчэння палявых работ і да іх пачатку ў наступным годзе па 4 гадзіны на дзень, акрамя святаў і выхадных. Настаўнікамі былі прыходскі святар або той, хто папярэдне вытрымаў экзамен у мясц. павятовым вучылішчы. Кожнае вучылішча мела невялікую б-ку. Існавалі за кошт падаткаў дзярж. і ўдзельных сялян. На ўтрыманне валасных вучылішчаў штогод выдаткоўвалася па 700 руб., аднак частка гэтых грошаў існавала толькі на паперы. У 1860-я г. паводле Палажэння аб дзярж. і ўдзельных сялянах падаткі на валасныя вучылішчы сталі неабавязковыя. Пазбаўленыя сродкаў, валасныя вучылішчы спынілі дзейнасць (засталіся толькі ў прыбалтыйскіх губернях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў РУ́СКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ»
(«Архив русской революции»),
зборнік дакументаў па гісторыі рэв. падзей 1917 і грамадз. вайны 1918—22 у Расіі. Выдадзены ў 1922—37 у Берліне ў 22 тамах адным з былых кіраўнікоў рас. канстытуцыйна-дэмакр. партыі І.У.Гесенам. У зборніку надрукаваны ўспаміны, дзённікі (у т. л. старшыні Дзярж. думы М.У.Радзянкі, кіраўніка справамі Часовага ўрада У.Дз.Набокава, данскога атамана ген. П.М.Краснова, вайск. атамана Кубанскага казацкага войска ген.-лейт. А.П.Філімонава), якія асвятлялі гал. чынам «парадкі і падзеі ўнутры сав. Расіі; арганізацыю, прасоўванне і паражэнне добраахвотніцкіх армій, адносіны да замежных атрадаў і місій, парадкі ў часова аднятых у бальшавікоў абласцях; ролю і побыт рус. эміграцыі ў Еўропе і інш. частках свету; замежнае ўмяшанне, адносіны прадстаўнікоў грамадскай думкі Еўропы і інш. частак свету, адносіны дзярж. дзеячаў». У пач. 1990-х г. «Архіў...» перавыдадзены ў Расіі.