МУХАМАДЗІ́ЕЎ (Фазлідзін) (15.6.1928, г. Самарканд, Узбекістан — 6.10.1986),
таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1986). Друкаваўся з 1955. У кнігах нарысаў і апавяданняў «Перасяленцы» (1959), «Сад кахання» (1969), аповесцях «Узрыў, якога не было» (1961), «Домік на ўскраіне» (1962), «Зайнабібі» (1964), «Падарожжа на той свет, або Аповесць пра вялікага Хаджу» (1966), «Японскі шоўк» (1982), рамане «Вуглавая палата» (1974) надзённыя сац.-паліт. і маральна-этычныя праблемы. У творах спалучаў лірызм і тонкі гумар, паглыблены псіхалагізм, публіцыстычны пафас і дакументалізм. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.Стральцоў, Г.Ткачова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́Л,
зямельны ўчастак, які даваў у карыстанне сялянам феад. ўласнік зямлі (памешчык, дзяржава). Быў асн. формай сял.землекарыстання пры феадалізме. За карыстанне Н. сяляне неслі розныя павіннасці на карысць феадала. Н. служыў крыніцай існавання селяніна і феадала (гл.Зямельная рэнта), спалучаўся з пазаэканамічным прымусам. Надзельнае землекарыстанне былонайб. характэрным для ВКЛ і Рас. імперыі да сялянскай рэформы 1861. Існавала ў формах індывідуальнага (падворнага) і абшчыннага (сумеснага сялянскага) землекарыстання. Пасля ўказаў ад 1.3 і 2.11.1863 пра абавязковы пераход на выкуп сялян Беларусі і Літвы Н. ператварыўся ў падворнае або абшчыннае сял. ўладанне (гл.Надзельнае землеўладанне). В.П.Панюціч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕВЫНО́ШВАННЕ ЦЯЖА́РНАСЦІ.
неданошанасць цяжарнасці, заўчаснае спыненне цяжарнасці да тэрміну родаў. Уключае аборт ранні (да 12 тыдняў) і позні (ад 13 да 21 тыдня), заўчасныя роды (ад 22 да 38 тыдняў), аборт і роды, што не адбыліся, таксама «прывычнае» невыношванне (калі ў мінулым было 2 і больш выпадкаў Н.ц.). Бывае вынікам уздзеяння генет., эндакрынных, інфекц., сац.-эканам. і быт. фактараў, захворванняў палавых органаў і інш. Праявы: болевы сіндром, крывяныя выдзяленні і інш. Лячэнне тэрапеўт. і хірург. (па паказаннях). Жанчыны з фактарамі рызыкі Н.ц. назіраюцца ў спец. лячэбна-прафілакт. установах. Гл. таксама Неданошанае дзіця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯДЗВЕ́ЦКІ (Іосіф Маркавіч) (23.6.1908, г. Магілёў — 26.12.1959),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў 1-ы курс Прамакадэміі (1941). Працаваў машыністам на ледаколе «Ярмак», які ў 1938 удзельнічаў у выратаванні ледакольных параходаў «Садко», «Малыгін», «Георгій Сядоў». Апошні карабель вывесці з лядовага палону не ўдалося, таму частку яго экіпажа замянілі чл. «Ермака». У цяжкіх умовах 812-дзённага дрэйфу экіпаж з 15 маракоў, у т. л. Н., правёў цыкл назіранняў у недаследаванай частцы Арктычнага басейна, за што кожнаму з іх было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Вял.Айч. вайну з 1943 на фронце. Пасля вайны ў Запаляр’і, загінуў на палярнай станцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́Д,
у беларусаў старадаўні абрад, які звычайна спраўлялі ў пачатку вяселля. Маладую (радзей маладога) садзілі на хлебную дзяжу, накрытую вывернутым кажухом (сімвалізавалі здароўе, дабрабыт і шчасце). Важнай часткай П. маладой было расплятанне касы, якое ўрачыста адбывалася перад «прыпяканнем» (падпальваннем) валасоў і азначала пераход дзяўчыны ў іншы (жаночы) стан. Існаваў і сумесны П. маладых, састаўной часткай якога былі абрады «адвядзення», «злучэння» маладых, што азначалі заключэнне шлюбу. Абрад суправаджаўся журботнымі лірычнымі песнямі, якія вызначаліся багаццем варыянтаў, вял. колькасцю сюжэтаў, ’своеасаблівай кампазіцыяй (звычайна складаліся з 2 частак, пабудаваных на аснове паралелізму); шырока выкарыстоўваўся разгорнуты маналог (дыялог) і інш.
каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў 1597 ісп. святаром Іосіфам (Хасэ) Каласанцам, у 1621 зацверджаны рымскім папам Грыгорыем XV. На чале ордэна стаялі — генерал, 4 асістэнты і 4 кансультанты. Мэтай П. было выхаванне і навучанне юнацтва праз стварэнне шырокай сеткі школ і калегіумаў, а не паліт. ці місіянерская дзейнасць. У Польшчы П. з’явіліся ў 1642 і ў хуткім часе пашырылі сваю дзейнасць на тэр.ВКЛ. На Беларусі калегіумы П. існавалі ў Драгічыне, Лідзе, існавалі і піярскія школы. Пасля ўключэння Беларусі ў склад Рас. імперыі (канец 18 ст.) П. паступова спынілі сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАГА КАРАЛЕ́ЎСТВА КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1815,
канстытуцыя, якая юрыдычна замацавала ўключэнне б.ч. Польшчы ў склад Рас. імперыі. Паводле яе рас. імператар з’яўляўся таксама каралём польскім, быў галавой выканаўчай улады, меў права ўносіць змены ў канстытуцыю, зацвярджаць або адхіляць законы. Ствараўся сейм, які складаўся з Сената і Пасольскай Ізбы. Члены Сената прызначаліся каралём, Пасольскай Ізбы — выбіраліся выбаршчыкамі, якіх з-за высокага маёмаснага і адукац. цэнзаў было не больш за 100 тыс. (з 3,3 млн. насельніцтва). Афіцыйнай мовай была абвешчана польская. Існавала польскае войска (каля 30 тыс.чал.). Пасля задушэння паўстання 1830—31 заменена Арганічным статутам Каралеўства Польскага 1832.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЬСКІ КАЛІДО́Р»,
частка тэр.Памор’я, якая была ўключана ў склад Польшчы паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. Вузкая (ад 30 да 200 км) паласа зямлі давала Польшчы выхад да Балт. мора, дзе ў сярэдзіне 1920-х г. быў пабудаваны порт Гдыня. Аддзяляў Усх. Прусію ад асн.тэр. Германіі, што было адной з прычын напружанасці ў германа-польскіх адносінах. У самой Польшчы да вызначэння «П.к.» ставіліся адмоўна. У сак. 1939 рэйхсканцлер Германіі А.Гітлер запатрабаваў ад польскага ўрада права будаўніцтва праз «П.К.» экстэрытарыяльных аўтастрад; адмова апошняга стала адной з зачэпак для германскай агрэсіі супраць Польшчы ў вер. 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ,
уласцівасць матэрыяльнага цела займаць пэўную частку прасторы, валодаць прасторавымі памерамі (мець даўжыню, шырыню, вышыню). Вырашае ўзаемасувязь элементаў або часцей цел, момант іх адноснай устойлівасці; можа параўноўвацца па велічыні.
У гісторыі філасофіі П. разглядалася як атрыбут матэрыяльнай субстанцыі і нярэдка атаясамлівалася з самой прасторай. Франц. матэрыялісты 18 ст. Р.Дэкарт, Т.Гобс лічылі П. сутнасцю матэрыі. Для свайго тлумачэння П. патрабуе матэрыяльнага цела, без яго яна пустая абстракцыя. У матэматыцы дакладнае ўяўленне аб адрозненні геам. уласцівасцей прасторы, такіх, як П. і форма, ад яго фіз. уласцівасцей было дасягнута пасля адкрыцця неэўклідавых геаметрый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЕ́СНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
прафесійна-тэхнічныя навуч. ўстановы ў СССР для падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых. Існавалі ў 1940—59. Створаны замест школ фабрычна-заводскага вучнёўства адначасова са школамі фабрычна-заводскага навучання. Рыхтавалі металургаў, гарнякоў, нафтавікоў, работнікаў марскога і рачнога транспарту, прадпрыемстваў сувязі і інш. Прымаліся асобы ва ўзросце 14—15 гадоў з 7-гадовай адукацыяй, пераважна гарадская моладзь. Тэрмін навучання 2 гады. Падлеткі знаходзіліся на дзярж. забеспячэнні. З 1943 дзейнічалі спец. Р.в. з 4-гадовым тэрмінам навучання для сірот, дзяцей воінаў, якія загінулі на фронце, і партызан. На Беларусі ў 1940 было 15 Р.в. Пераўтвораны ў прафес.-тэхн. вучылішчы.