ГАРЧАКО́Ў (Аляксандр Міхайлавіч) (15.6.1798, г. Хаапсалу, Эстонія — 11.3.1883),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, дзярж. канцлер (з 1867). Са стараж. княжацкага роду Гарчаковых. На дыпламат. службе з 1817. Да 1854 на розных дыпламат. пасадах у Лондане, Рыме, Берліне, Вене. У 1856—82 міністр замежных спраў. На Венскай канферэнцыі (1854) прадухіліў уступленне Аўстрыі ў Крымскую вайну 1853—56 на баку Францыі. Палітыка Гарчакова садзейнічала захаванню Расіяй нейтралітэту ў войнах Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866), Францыяй (1870—71). У 1871 на міжнар. канферэнцыі ў Лондане дамогся адмены абмежавальных артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, падпісання канвенцыі, якая пацвердзіла суверэнныя правы Расіі на Чорным м. Удзельнік стварэння «Саюза трох імператараў» (1873). Забяспечыў нейтралітэт еўрап. дзяржаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Адмоўныя для Расіі вынікі Берлінскага кангрэса 1878 падарвалі прэстыж Гарчакова. У 1879 фактычна адышоў ад спраў, з 1882 у адстаўцы.
Літ.:
Семанов С.Н. А.М.Горчаков — русский дипломат XIX в. М., 1962;
Хитрова Н.И. Триумф А.М.Горчакова. Отмена нейтрализации Черного моря // Российская дипломатия в портретах. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЛО́ (Алесь) (Аляксандр Кандратавіч; 31.1.1892, г.п. Капыль Мінскай вобл. — 4.2.1938),
бел.паэт.Чл. Капыльскай арг-цыі РСДРП, удзельнічаў у выданні рукапісных час. «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910—11, Капыль). Працаваў на ліцейным з-дзе «Вулкан» (Пецярбург). З 1913 служыў на Балт. флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый, грамадз. вайны. У 1920-я г. працаваў у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта. 25.7.1930 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Сібір, пасля вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1907 у газ. «Наша ніва». У ранніх творах паэтызацыя працы, марыністычныя матывы. У творах 1920—30-х г. апяваў працоўныя будні, родную прыроду (зб. «Барвенак», 1924, «Спатканні», 1925, «Сузор’і», 1926, «Зорнасць», 1927, «Межы», 1929). Аўтар сямейна-быт. драмы «Любоў усё змагае» (нап. 1912). На бел. мову перакладаў творы А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, Ш.Руставелі і інш.
Тв.:
Вершы. Мн., 1972;
Нашы птушкі. Мн., 1974.
Літ.:
Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. 2 выд.Мн., 1963. С. 86—113;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖЭ́НКА (Аляксандр Пятровіч) (11.9.1894, г.п. Сосніца Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.11.1956),
украінскі і расійскі кінарэжысёр, пісьменнік. Засл. дз. маст. Украіны (1939), нар.арт. Расіі (1950). Скончыў Глухаўскі настаўніцкі ін-т (1914). Вучыўся ва Укр. акадэміі мастацтва ў Кіеве (1917—19). У 1926—28 працаваў на Адэскай кінафабрыцы, у 1929—41 — на Кіеўскай студыі маст. фільмаў (з 1957 носіць яго імя), з 1946 — на «Масфільме». Сярод фільмаў: «Сумка дыпкур’ера» (1927), «Звянігара» (1928), «Арсенал» (1929), «Зямля» (1930), «Іван» (1932), «Аэраград» (1935), «Шчорс» (1939), «Мічурын» (1949); дакумент. «Бітва за нашу Савецкую Украіну» (1943) і «Перамога на Правабярэжнай Украіне» (1945, разам з Ю.Сонцавай). Фільмы Д. філасофскія, рамантычна прыўзнятыя, паэтычныя, з метафарычнасцю кінамовы, блізкія да традыцый укр. фальклору. Аўтар апавяданняў («Маці», «Перад боем», «Перамога» і інш.), аўтабіягр. аповесці «Зачараваная Дзясна» (выд. 1957), кінааповесцей «Аповесць палымяных гадоў» (1944—45), «Паэма пра мора» (1956). Ленінская прэмія 1959 (пасмяротна), Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́РСКІ (Аляксандр Іванавіч) (1798, г. Дуброўна Віцебскай вобл. — 28.6.1833),
ваенны дзеяч, герой руска-турэцкай вайны 1828—29, капітан 1-га рангу (1831). Скончыў Мікалаеўскае марское вучылішча (1814). Служыў на Чарнаморскім флоце (1814—17 і 1820—30), Дунайскай ваен. флатыліі (1817—20). У 1828 вызначыўся пры ўзяцці крэпасцей Анапа і Варна. У час разведкі 26.5.1829 каля Басфора 18-гарматны брыг «Меркурый» на чале з К. вёў 4-гадзінны бой з тур. лінкорамі «Селіміе» (110 гармат) і «Рэал-бей» (74 гарматы) і вымусіў іх адступіць. У 1831 К. адшукаў найкарацейшы водны шлях з Колы (Мурманск) у Пецярбург па рэках і азёрах з Белага м. ў Ладажскае воз. (праз 100 гадоў гэты шлях рэалізаваны ў Беламорска-Балтыйскі канал). У Севастопалі яму пастаўлены помнік з надпісам «Казарскаму. Нашчадкам у прыклад. 1834 год». Подзвігу экіпажа «Меркурыя» прысвечаны карціны І.К.Айвазоўскага «Брыг «Меркурый» пасля перамогі над двума турэцкімі суднамі сустракаецца з рускай эскадрай» (1848) і «Брыг «Меркурый», атакаваны двума турэцкімі караблямі» (1892).
Літ.:
Жизнеописания русских военных деятелей. Т. 1, вып. 2. СПб., 1885;
Ермоленко В.А. Моряк из Дубровно // Нёман. 1998. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЯЙЧУ́К (Аляксандр Еўдакімавіч) (25.5.1905, г. Хрысцінаўка Чаркаскай вобл., Украіна — 14.5.1972),
украінскі драматург.Герой Сац. Працы (1967). Акад.АН Украіны (1939). Акад.АНСССР (1943). Скончыў Кіеўскі ін-тнар. асветы (1929). Друкаваўся з 1925. Аўтар шматлікіх п’ес гіст.-рэв., гераічнага і камедыйнага жанру, вытрыманых у строгіх рамках сацыяліст. рэалізму, адметных шматграннасцю адлюстравання жыцця. Сярод п’ес: «Каменны востраў» (1931), «Гібель эскадры» (1934), «Платон Крэчат» (1935), «Праўда» (1937), «Багдан Хмяльніцкі» (1939), «У стэпах Украіны» (1941), «Фронт» (1942), «Макар Дубрава» (1948), «Калінавы гай» (1950), «Чаму ўсміхаліся зоркі» (1957), «Старонка дзённіка» (1964), «Памяць сэрца» (1969) і інш. Выступаў як публіцыст, літ.-знавец. П’есы К. перакладаліся на бел. мову і ставіліся ў многіх тэатрах Беларусі. На бел. мову яго паасобныя творы пераклаў А.Макаёнак. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕДЗЯ́РАЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 24.12.1947, в. Янглічы Канашскага р-на, Чувашыя),
бел. спартсмен (стралк. спорт). Майстар спорту СССРміжнар. класа (1971). Засл. майстар спорту СССР (1973). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1977). З 1972 інструктар Спартклуба БВА. Сярэбраны прызёр XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада) у асабістым першынстве. Перамогі на чэмпіянатах свету: 1973 (г. Мельбурн, Аўстралія) — 2 залатыя медалі ў камандным, залаты і сярэбраны — у асабістым першынствах; 1974 (г. Тун, Швейцарыя) — 2 залатыя медалі ў камандным, сярэбраны ў асабістым першынствах, 2 залатыя медалі ў камандным першынстве 1975 (г. Мюнхен, Германія), 1979 (г. Лінц, Аўстрыя). Перамогі на чэмпіянатах Еўропы: 1973 (г. Доргмунд, Германія) — залаты медаль у камандным першынстве; 1977 (Бухарэст) — залаты медаль у камандным і сярэбраны ў асабістым першынствах; 1978 (г. Зуль, Германія) — залаты медаль у камандным і бронз. ў асабістым першынствах; 1979 (г. Грац, Аўстрыя) — сярэбраны медаль у асабістым першынстве; 1980 (Осла) — залатыя медалі ў камандным і асабістым першынствах. Чэмпіён СССР у асабістым (1972—74) і камандным (1978) першынствах. Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. Рэкардсмен свету, Еўропы, СССР. Усе перамогі атрыманы ў практыкаванні «Бягучы дзік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЦІ,
службовыя асобы роду герба «Роля» («Крое») змененая ў ВКЛ. Родапачынальнік Копаць у 1447—53 служыў «рускім» пісарам у вял.кн. Казіміра IV. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Сідар Васілевіч (Копаць Васілевіч; ? — 1531), з 1506 служыў у велікакняжацкай канцылярыі Аляксандра і Жыгімонта I як «рускі» пісар, у 1524 — у канцылярыі вял. княгіні Боны, у 1520 адначасова маршалак гаспадарскі. Атрымаў ад Аляксандра шматлікія зямельныя падараванні. У 1510 намеснік жыжмарскі, у 1516 перавальскі, у 1527 дзяржаўца медніцкі, потым дарсунішскі. Лукаш Васілевіч (?—1621), брэсцкі падкаморы ў 1612, кашталян з 1615. Васіль Васілевіч (? — лют. 1636), падкаморы брэсцкі, кашталян навагрудскі з 1626. Ян Кароль (?—1.5.1681), староста брэсцкі ў 1652—65 і 1670—80, чашнік ВКЛ з 1656, падстолі ВКЛ у 1658, ваявода полацкі з 1658, кашталян трокскі з 1670. У 1660-я г. стаў дзяржаўцам дрыскім, бельскім, ковенскім, трымаў Гродзенскую эканомію. У паліт. дзейнасці цесна звязаны с П.Сапегам, М.К.Радзівілам, у 1664—65 падтрымліваў групоўку Пацаў. Францішак Аляксандр (? — пасля 1709), кашталян брэсцкі ў 1643—51. Юзаф (16.5.1762—1827), гл.Копаць Ю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦКІ (Аляксандр Іванавіч) (9.9.1894, г. Цвер, Расія — 30.10.1937),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1913—15). Чл.РСДРП з 1915. Арыштаваны і ў вер. 1915 асуджаны на вечнае пасяленне ў Сібір. Вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917, быў старшынёй Цвярскога губкома РСДРП. У 1918—24 на парт. рабоце ва Уладзіміры, Саратаве, Маскве, Омску, Данецку. З вер. 1924 да мая 1927 у БССР: сакратар, са снеж. 1925 1-ы сакратар ЦККП(б)Б. З мая 1927 заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦКВКП(б), з 1929 сакратар Закаўказскага крайкома ВКП(б), потым нам. наркома РСІ СССР, адначасова чл. рэдкалегіі час. «Большевик», нам.заг.с.-г. аддзела ЦКВКП(б), з 1933 нач. палітупраўлення МТС Наркамзема СССР, 1-ы сакратар Саратаўскага крайкома (абкома) партыі. Чл.ЦК і Бюро ЦККП(б)Б у 1924—27. Канд. у чл.ЦК у 1924—34, чл.ЦКВКП(б) з 1934. Чл.ЦВКБССР і яго Прэзідыума ў 1925—27. 20.7.1937 арыштаваны, абвінавачаны ў прыналежнасці да арганізацыі правых і шпіянажы на карысць Польшчы, расстраляны. У 1956 рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НСКІ (сапр.Вервіцыёці) Аляксандр Паўлавіч
(13.10.1847, Кішынёў — 26.10.1908),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог і тэарэтык т-ра. На прафес. сцэне з 1865. У 1876—1908 у маскоўскім Малым т-ры (у 1882—84 у Александрынскім т-ры). З 1888 выкладаў у Маскоўскім тэатр. вучылішчы. Адзін з заснавальнікаў Новага т-ра (філіял Малога т-ра), у 1898—1903 узначальваў у ім драм. трупу. Імкнуўся да перадачы рэаліст. шматграннасці і гіст. дакладнасці характарыстыкі персанажа, да спалучэння творчага натхнення з высокай сцэн. тэхнікай. Сярод роляў: Петручыо, Гамлет, Атэла, Бенядзікт («Утаймаванне свавольніцы», «Гамлет», «Атэла», «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Урыэль Акоста («Урыэль Акоста» К.Гуцкава), Чацкі і Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Паратаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Сталбцоў, Дзямурын («Новая справа» і «Цана жыцця» У.Неміровіча-Данчанкі). У Новым т-ры паставіў спектаклі: «Рэвізор» М.Гогаля, «Казьма Захар’іч Мінін-Сухарук» і «Снягурка» Астроўскага; у Малым т-ры — «Рамэо і Джульета», «Бура» Шэкспіра, «Без віны вінаватыя» Астроўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЗКА (Алесь) (Аляксандр Юр’евіч; н. 7.12.1952, в. Прыбалавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. фалькларыст, педагог. Канд.філал.н. (1989). Скончыў Гомельскі ун-т (1975). Настаўнічаў. З 1987 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Нац. Скарынаўскім цэнтры, Рэсп. цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. З 1992 дырэктар Бел.навук.-метадычнага цэнтра гульні і цацкі (адначасова з 1995 выкладчык у БДУ). З 1999 выкладае ў Бел.пед. ун-це імя М.Танка. Аўтар кніг «Беларускі народны каляндар» (1993, першае на Беларусі сістэматызаванае выданне па нар. календары), «Беларуская батлейка: Каляндарныя і абрадавыя гульні» (1997), «Тэатр лялек» (1998, у сааўт.). Склаў том серыі «Беларуская нар. творчасць» «Гульні, забавы, ігрышчы» (1996). Адзін з аўтараў і кіраўнік творчых калектываў па стварэнні дапаможнікаў для навучальна-выхаваўчых устаноў па беларусазнаўстве («Ехала Каляда ў чырвоным вазочку...», 1990; «Беларусазнаўства», вып. 1—4, 1992—94; серыя кніг «Бібліятэчка народных свят і прысвяткаў», з 1995). Стваральнік гульнявых сродкаў навучання і выхавання для дзіцячых садоў, школ і сям’і, распрацоўшчык методыкі батлейкавага т-ра. Даследчык скаўцкай методыкі, гісторыі сусв. і бел. скаўцкага руху («Беларускі скаўтынг», 1997).