СЯМА́ШКА (дзявочае Ісаева) Валянціна Антонаўна

(1868, г. Слуцк Мінскай вобл. — 1938),

бел. піяністка, педагог. Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1889, кл. В.​Сафонава). Выступала як піяністка-салістка і ў ансамблі з віяланчэлістам М.​Сямашкам. З 1920 выкладала ў муз. студыі і школе ў Мінску, з 1924 — у Мінскім муз. тэхнікуме, з 1932 дацэнт Бел. кансерваторыі. Развівала традыцыі рус. фартэпіяннай школы на Беларусі. Сярод вучняў: С.Талкачоў, І.​Цвятаева і інш.

І.​А.​Цвятпева.

т. 15, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМУ́З, Думузі,

у міфалогіі і рэлігіі стараж. семіцкіх народаў бог урадлівасці, які штогод памірае і ўваскрасае. Паводле стараж. шумерскага міфа Т. — бог-пастух, каханы і муж багіні Інаны, якая аддала яго ў падземнае царства «як замену» сябе самой. Т. выратавала яго сястра Гештынана, якая пагадзілася праводзіць пад зямлёй замест брата палавіну кожнага года (у гэты час Т. апякае зямлю, якая квітнее і пладаносіць). У фінікійскай міфалогіі Т. адпавядае Адоніс.

т. 15, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫГУБО́ВІЧ Віктар Іванавіч (30.11.1935—1995),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1963). Творчасць вызначаецца публіцыстычнай накіраванасцю, увагай да розных аспектаў грамадскіх працэсаў. Зняў маст. фільмы: «Спякотны ліпень» (1965), «На вайне як на вайне» (1969), «Старыя сцены» (1974), «Давер» (з Э.​Лайне, 1977), «Адваротная сувязь» (1978), «Сыходзячы — сыходзь» (1980), «Тройчы пра каханне» (1981), «Прахіндзіяда, або Бег на месцы» (1985), «Хмель» (1991) і інш.

т. 15, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫГРАНЯ́Н (Тыгрынаў) Нікагаяс

(Мікалай Фадзеевіч; 31.8.1856, г. Гюмры, Арменія — 17.2.1951),

армянскі кампазітар, фалькларыст, піяніст; адзін з заснавальнікаў нац. фп. музыкі і фалькларыстыкі. Нар. арт. Арменіі (1933). Герой Працы (1936). У 9 гадоў страціў зрок. Вучыўся ў Вене ў Ін-це сляпых, ігры на фп. — у В.​Шэнера. З 1894 выступаў як піяніст і лектар. Яму належаць першыя спробы запісу і інстр. апрацоўкі мугамаў, арм. танцаў, песень. Аўтар артыкулаў пра ўсх. музыку.

т. 16, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭХНАГЕНЕ́З (ад грэч. technē майстэрства + ...генез),

пераўтварэнне біясферы і яе элементаў пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека, звязанай з прамым ці ўскосным выкарыстаннем тэхн. сродкаў. Вядзе да фарміравання тэхнасферы як пачатковай стадыі наасферы. Найб. істотна Т. праяўляецца на зямной паверхні: пераўтварэнні ў рэльефе, гідралаг. сетцы, глебавым і расл. покрыве, жывёльным свеце. Тэхнагенныя працэсы падзяляюцца на мэтанакіраваныя, прадугледжаныя чалавекам, і непрадугледжаныя ім. Асн. задача рацыянальнага прыродакарыстання — навук. абгрунтаванае зніжэнне негатыўных вынікаў Т.

т. 16, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНТА́НА (Fontana) Даменіка (1543, Мелідэ, Швейцарыя — 1607),

італьянскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры, прадстаўнік ранняга барока. З 1563 працаваў у Рыме, з 1592 у Неапалі. Сярод пабудоў: Латэранскі палац у Рыме (1586—90), Палацца Рэале ў Неапалі (1600—02) і інш. Распрацаваў план рэканструкцыі Рыма, устанавіў некалькі арыенціраў-абеліскаў, у т. л. каля сабора св. Пятра (1585—87). Горадабуд. работы Ф. спрыялі станаўленню барочнай канцэпцыі Рыма як сістэмы парадных ансамбляў.

т. 16, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЦЭ́ЛІЯ (Phacelia),

род кветкавых раслін сям. вадаліснікавых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы. На Беларусі як пустазелле ў пасевах і на сенажацях трапляецца Ф. піжмалістая (Ph. tanacetifolia).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 20—70(80) см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, густаапушаныя белаватымі валаскамі. Лісце на кароткіх чаранках, перыстарассечанае або непарнаперыстае. Сіне-фіялетавыя шматлікія кветкі сабраны ў густыя коласападобныя суквецці. Плод — каробачка. Меданосныя, кармавыя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

т. 16, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНС ПРЭС агенцтва

(Agence France-Presse),

адно з найбуйнейшых інфарм. агенцтваў свету; аўтаномнае камерцыйнае прадпрыемства Францыі. Засн. ў 1944 у Парыжы; пераемнік франц. інфарм. агенцтва Гавас (засн. ў 1835 Ш.​Авасам). Мае больш за 2 тыс. супрацоўнікаў, у т. л. каля 700 карэспандэнтаў, 9 айч. і 129 замежных бюро. Інфармацыю пастаўляе ў больш як 160 краін на франц., англ., ісп., партуг., ням. і араб. мовах. Чл. Еўрап. альянсу агенцтваў друку.

т. 16, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫСО́ЙЛЕРЫ (англ. free-soilers ад free вольны + soil зямля; поўная назва Free-soil Party),

члены аднайм. радыкальнай партыі ў ЗША у сярэдзіне 19 ст. Аформіліся як партыя ў 1848. Выказвалі інтарэсы рабочых, рамеснікаў, радыкальных слаёў буржуазіі і інтэлігенцыі. Выступалі за бясплатную раздачу зямлі з грамадскага фонду перасяленцам і забарону продажу зямлі капіталіст. кампаніям, супраць пашырэння рабства на новыя тэр. З 1850 страцілі паліт. ўплыў, у 1854 увайшлі ў новаствораную Рэспубліканскую партыю.

т. 16, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФТОРСІЛІКА́ТЫ,

солі крэменефторыставадароднай к-ты. Бязводныя Ф. раскладаюцца з утварэннем простых фтарыдаў. У растворах Ф. падвяргаюцца шчолачнаму гідролізу з утварэннем гідратаванага аксіду крэмнію ці сілікатаў і фтарыдаў металаў. Пры ўзаемадзеянні з моцнымі канцэнтраванымі к-тамі Ф. раскладаюцца з утварэннем фторыставадароднай к-ты і фтарыду крэмнію. Атрымліваюць узаемадзеяннем крэменефторыстай к-ты з аксідам ці солямі металаў, таксама па рэакцыях замяшчэння. Выкарыстоўваюць як кансерванты драўніны, у вытв-сці цэментаў, керамікі, флюсаў.

т. 16, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)