САМАГОНАВАРЭ́ННЕ,

хатні выраб самагону, брагі і інш. моцных спіртных напіткаў. Паводле кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адм. парушэннях С., захоўванне і набыццё гэтых напіткаў, а таксама выраб і захоўванне прылад для С. — правапарушэнні. якія падлягаюць адм. адказнасці. Хатні выраб спіртных напіткаў пры дапамозе натуральнага браджэння (віны, наліўкі, настойкі) не з’яўляецца правапарушэннем. За С. накладаецца штраф у памеры да 5 мінім. заработных плат. Крымінальны кодэкс у рэдакцыі 1960 разглядаў С. як крымін. злачынства.

т. 14, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТЫ́РЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі лясныя божышчы, дэманы ўрадлівасці, якія складаюць світу бога Дыяніса. Іх уяўлялі як пакрытых поўсцю доўгавалосых, барадатых напаўлюдзей-напаўзвяроў: галовы і тулавы чалавечыя, але конскія або казліныя ногі з капытамі і конскія хвасты; на галовах рожкі або конскія вушы. Сімвалам іх невычарпальнай урадлівасці лічыўся фалас. Яны, заўсёды напаўп’яныя, нахабныя і юрлівыя, ганяюцца за німфамі або разам з імі бадзяюцца па лясах і наладжваюць вясёлыя карагоды.

т. 14, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАБРА́ НІТРА́Т,

неарганічнае хім. злучэнне, соль серабра, AgNO3. Бясколерныя крышталі, шчыльн. 4350 кг/м³, tпл 209,7 °C. Добра раствараецца ў вадзе, спіртах. Пад уздзеяннем арган. і неарган. аднаўляльнікаў, святла і пры награванні лёгка аднаўляецца да серабра. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем серабра з азотнай к-той. Выкарыстоўваюць для атрымання інш. злучэнняў серабра, для серабрэння люстраў, як вяжучы бактэрыцыдны сродак (ляпіс), у вытв-сці фатагр. эмульсій, аналіт. хіміі (рэагент у аргентаметрыі).

т. 14, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАРГО́НСКІ ЗАВО́Д АПТЫ́ЧНАГА СТАНКАБУДАВА́ННЯ Будаўніцтва з-да пачата ў 1970 у г. Смаргонь як прыладабудаўнічага філіяла Мінскага мех. з-да імя Вавілава. У 1972 здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга прадпрыемства. З 1975 сучасная назва. У 1993 далучаны Астравецкі з-д «Радыёдэталь». Уключае 9 даччыных прадпрыемстваў (1 у Мінску, 8 у г. Смаргонь). Асн. прадукцыя (2002): вакуумныя і каўцюбінгавыя ўстаноўкі, этыкетыравальныя аўтаматы, масляныя помпы для с.-г. тэхнікі і інш.

т. 15, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НГІН Восіп Восіпавіч (28.1.1850, г. Гродна — 10.2.1902),

расійскі інжынер і тэхнолаг. Скончыў С.-Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1875). З 1898 праф. Харкаўскага тэхнал. ін-та. Аўтар манаграфіі «Сталь як матэрыял для будаўнічай справы і машынабудавання» (ч. 1—3, 1894) і шэрагу артыкулаў, сярод якіх «Значэнне вышэйшай тэхнічнай адукацыі для рускай прамысловасці» (1896).

Літ.:

О.​О.​Сонгин // Вестн. о-ва технологов. СПб., 1903. Т. 10, №3.

А.​А.​Гусак.

т. 15, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНА-ТЭХНІ́ЧНЫ КЛУБ (СТК),

вучэбна-спартыўная арганізацыя па тэхнічных відах спорту. Як метадычны цэнтр развіцця тэхн. відаў спорту праводзіць работу па падрыхтоўцы дапрызыўнікаў да ваен. службы, асваенні моладдзю масавых тэхн. прафесій. На Беларусі з’яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі Беларускага абароннага спартыўна-тэхнічнага таварыства. Уключаюць 3 рэсп. СТК: па аўтамотаспорце (засн. ў 1970), па водных відах спорту (1977) і радыёспорце (1978), а таксама 58 раённых і гар. СТК (2002). Гл. таксама Спартыўны клуб.

т. 15, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́РШЫ ПРА́ПАРШЧЫК,

воінскае званне прапаршчыкаў. Ва Узбр. Сілах СССР існавала з 1981, ва Узбр. Сілах Беларусі з 1992. Надаецца лепшым прапаршчыкам, якія праслужылі 5 гадоў, у т. л. не менш як 1 год на пасадзе С.п. або афіцэра, а таксама за бездакорную службу прапаршчыкам на працягу 15 гадоў незалежна ад займаемай займанай* пасады. Званне С.п. існуе і ў шэрагу інш. сілавых структур. Гл. Званні воінскія.

В.​А.​Сергіенка.

т. 15, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАСЕ́ВІЧ Лілія Яфрэмаўна (22.10.1921, г. Калуга, Расія — 9.6.1999),

бел. актрыса, дыктар радыё. Засл. арт. Беларусі (1965). Скончыла Рэсп. тэатр. вучылішча ў Мінску (1941). З 1944 актрыса Бел. т-ра імя Я.​Купалы. У 1948—80 дыктар на Бел. радыё, выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це (1956—63, 1971—75). Вяла грамадска-паліт., літ.-драм., муз. і інш. перадачы, святочныя рэпартажы. Выступала як чытальнік, у рэпертуары пераважалі творы бел. пісьменнікаў.

т. 15, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРА́ЖНІК,

шляхецкі ўрад (пасада) у ВКЛ. Узнік у 16 ст. як С. польны. Яго абавязкам было назіранне за бяспекаю межаў, з Маскоўскай дзяржавай. Прызначаўся гетманам, з часоў Аўгуста III [1733—63] зацвярджаўся каралём. У 1635 заснаваны ўрад С. вялікага, абавязкам якога было ў час знаходжання караля ў войску кіраваць пярэдняй стражай і загадваць каравулам у час пастояў. Падобныя функцыі ў дачыненні да павятовага паспалітага рушэння мелі С. павятовыя.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 15, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУК (Suk) Іосеф (4.1.1874, Кршэчавіцы, Чэхія — 29.5.1935),

чэшскі скрыпач, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Пражскай кансерваторыі (1885—92, з 1922 праф., у 1924—26 і з 1933 яе дырэктар). Вучань А.Беневіца, К.​Штэкера, А.​Дворжака. У 1891—1933 удзельнік «Чэшскага квартэта». Канцэртаваў і як саліст-віртуоз. У кампазітарскай творчасці развіваў традыцыі Б.​Сметаны, Дворжака. Сярод твораў: 2 сімфоніі (1897, 1906), сімф. паэма «Прага» (1904); фантазія для скрыпкі з арк. (1903), фп. п’есы.

т. 15, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)