хаду́лі, ‑яў; адз. хадуля, ‑і, ж.
1. Два шасты з высока прыбітымі прыступкамі, стаўшы на якія можна хадзіць вялікімі крокамі. Хлопцы навучылі мяне хадзіць на высокіх хадулях. Бядуля.
2. перан. Пра што‑н. напышлівае, высакамернае, ненатуральнае. Ты гаварыў як роўны з роўнымі, не ўздымаўся перад намі, пачаткоўцамі ў літаратуры, на алімпійскія хадулі. С. Александровіч. Амаль у кожным з.. [вершаў] можна знайсці пэўную «жывінку», настрой, трапную дэталь, але яны губляюцца ў мностве збітых, пастаўленых на хадулі прыёмаў. Грахоўскі.
3. перан. Разм. Доўгія ногі. — Далекавата, — паморшчыўся.. [Васіль]. — А ісці такою гарачынёю... Міхась засмяяўся: — Каму далекавата, а табе з тваімі хадулямі... Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэнзу́ра, ‑ы, ж.
1. У старажытным Рыме — пасада цэнзара (у 1 знач.).
2. У капіталістычных краінах — нагляд за друкам, за зместам друкаваных твораў, пастаноўкай п’ес, кінафільмаў і пад. Царская цэнзура. Ваенная цэнзура. □ Усе газеты і пісьмы, адрасаваныя палітычным вязням у Лукішках, праходзілі строгую пракурорскую цэнзуру. Машара. Штораз часцей на старонках «Нашай нівы» белыя плямы: цэнзура лютуе. Мядзёлка. // Установа, якая ажыццяўляе такі пагляд. Друкаваўся Максім Танк і ў легальным камуністычным «Часопісе для ўсіх», які зноў жа быў забаронен цэнзурай на першым нумары. Бугаёў.
3. Прагляд твораў, якія прызначаюцца да друку, да пастаноўкі ў тэатры, або прагляд якой‑н. карэспандэнцыі, што ажыццяўляецца дзяржаўнай установай.
[Лац. censura.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чо́ртаў, ‑ава.
1. Які мае адносіны да чорта, належыць яму. — Вось чортава стварэнне!.. Мусіць, я сапраўды баязлівец, калі нават вароны спалохаўся, — падумаў Валодзя. Ваданосаў. Пекла ўсё ўшчэнт разбіта, знікла чортава ўся світа. Дубоўка.
2. Разм. Вельмі дрэнны, непрыемны; пракляты. Няўжо .. [Барыс] не разумее, што Усевалад мог бы век не бачыць гэтага чортавага пітва, абы толькі якую хвіліну пабыць з Галінак? Скрыган.
3. Разм. У спалучэнні са словамі, якія абазначаюць вялікую колькасць, ужываецца для іх узмацнення. Да чортавай гібелі. Чортава процьма.
•••
Чортава акно гл. акно.
Чортава вока гл. вока.
Чортава душа гл. душа.
Чортаў сын гл. сын.
Чортаў тузін гл. тузін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шарэ́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.
1. Рад людзей, якія стаяць па прамой лініі і тварам у адзін бок (першапачаткова толькі ваенных і звычайна па росту). Усхваляваныя, радасныя людзі сталі ў шарэнгу метраў на пяць адзін ад аднаго і пайшлі. Новікаў. // Аб прадметах, размешчаных у лінію, доўгі рад. Людзі ўважліва агледзелі доўгую шарэнгу цыстэрн. Лынькоў. Наперадзе цэлай шарэнгай свецяцца агні. Галавач.
2. перан.; каго або якая. Група людзей, аб’яднаных сумеснай дзейнасцю, агульнымі мэтамі, інтарэсамі і пад. Станавіся ў шарэнгі свабодных Будаваць свой разбураны край! Глебка.
•••
У адной шарэнзе з кім — у адным, роўным становішчы з кім‑н. (быць, знаходзіцца і пад.).
[Ад польск. szereg.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шафра́н, ‑у, м.
1. Культурная расліна сямейства касачовых з лінейным вузкім лісцем і сінявата-фіялетавымі кветкамі; крокус.
2. зб. Высушаныя рыльцы кветак гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як вострая прыправа, як фарбавальнік харчовых прадуктаў у аранжава-жоўты колер, а таксама прымяняюцца ў парфюмерыі. Масла было такое духмянае і прыгожае з выгляду, што кабеты суседскія, пабачыўшы яго, казалі маёй маме: — Не хочаш праўду сказаць, ты яго шафранам падфарбоўваеш. Дубоўка.
3. Гатунак яблыкаў. Празрысты наліў, васковы шафран, зялёная пуцінка, рабрыстая буйная антонаўка, цёмна-чырвоная «цыганка» і іншыя гатункі яблык.. так густа ўсыпалі галіны, што амаль кожную з іх падтрымлівала падпора. Шамякін.
[Араб. za'frān.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шматава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.
Разм.
1. Рваць на шматы, кавалкі; шкуматаць. Вецер хапаў за полы, засыпаў сухім калючым снегам вочы, кідаўся ўбок і шматаваў палотнішчы афіш. Васілевіч. Гэтак было і са мною: колькі разоў я пачынаў пісаць, і кожны раз напісанае шматаваў на кавалачкі і кідаў у кошык. Сабаленка. То там, то тут наваколле ўздрыгвала ад моцных абвальных выбухаў бомб, якія шматавалі паркую веснавую зямлю. Мележ.
2. перан. Бязлітасна прыгнятаць каго‑н., здзекавацца над кім‑н. [Война:] — Гарнастай — подлы і хцівы звер, але з яго робяць бялюткую мантыю, і яе гаспадар чамусьці атрымлівае правы шматаваць свой народ і процьму другіх. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эфі́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да эфіру; знаходзіцца ў эфіры. Эфірная прастора.
2. Кніжн. Вельмі тонкі, незвычайна лёгкі. Эфірнае адзенне. // перан. Бесцялесны, незямны. — Не! Я не якое-небудзь эфірнае стварэнне, а жанчына, якая ведае, як і граблі, і рыдлёўку, і сякеру трымаць у руках, — рэзка адказала Галіна. Рамановіч.
3. Які ўтрымлівае эфір (у 4 знач.). Эфірны шкіпінар. □ [Ніна Іванаўна:] — Не забывайцеся, што гэтае дрэва [грэцкі арэх], а больш дакладна, ягоныя прыгожыя лісты, вельмі багатыя фітанцыдамі, якія, як вы ўжо добра ведаеце, забіваюць шкодных мікробаў, што ў лістах ёсць эфірны алей. Дубоўка. // Які ўласцівы эфіру як хімічнаму рэчыву. Эфірны пах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́за
(фр. base, ад гр. basis = аснова, фундамент)
1) апорная частка калоны ў збудаванні;
2) аснова, тое галоўнае, на чым грунтуецца, ствараецца што-н. (напр. эканамічная б. краіны);
3) апорны пункт, месца, дзе засяроджаны якія-н. запасы, ёсць спецыяльныя збудаванні і прыстасаванні для абслугоўвання чаго-н. (напр. ваенная б., турысцкая б.);
4) склад тавараў, матэрыялаў;
5) адлегласць паміж восямі ў транспартных сродках;
6) паказчыкі, якія бяруцца за аснову, тыпавы варыянт, норму.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
анало́гія
(гр. analogia)
1) падабенства ў пэўных адносінах з’яў, паняццяў, прадметаў, якія ў цэлым розняцца паміж сабой;
2) лог. форма высновы, калі на аснове падабенства двух прадметаў, з’яў, паняццяў у якіх-н. адносінах робяць вывад пра іх падабенства ў іншых адносінах;
3) падобнасць органаў, якія маюць розную будову, але выконваюць у розных жывёл і раслін аднолькавыя функцыі (параўн. гамалогія);
4) лінгв. змяненне граматычнай формы на ўзор другой формы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гуманіта́рны
(ад лац. humanitas = чалавечая прырода, адукаванасць)
1) які адносіцца да асобы чалавека, да яго правоў і інтарэсаў (напр. г-ая дапамога);
2) звязаны з грамадскімі навукамі, якія вывучаюць культуру і гісторыю чалавецтва, у адрозненне ад прыродазнаўчых і тэхнічных навук (напр. г-ая адукацыя).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)