душа́, -ы́, мн. ду́шы і (з ліч. 2, 3, 4) душы́, душ, ж.

1. Унутраная, псіхічная сутнасць чалавека, яго свядомасць.

Глыбока запасці ў душу.

2. Сукупнасць характэрных рыс, уласцівых чалавеку, а таксама чалавек з тымі ці іншымі ўласцівасцямі.

Добрая д.

Чалавек адкрытай душы.

3. перан., чаго. Натхніцель, арганізатар чаго-н.

Д. ўсёй справы.

Д. кампаніі.

4. Пра чалавека (як адзінку лічэння; разм.).

У хаце ні душы.

Сям’я з пяці душ.

На душу насельніцтва.

5. (звычайна з займеннікам «мая»). Сяброўскі фамільярны зварот да каго-н. (разм.).

Паслухай, д. мая.

6. перан., чаго. Самае галоўнае, сутнасць чаго-н.

Песня — д. народа.

Раскрыць душу навукі.

Аддаць богу душу (разм.) — памерці.

Выматаць душу (разм.) — давесці да поўнай знямогі.

Душа ў пятках апынулася (разм.) — пра моцны раптоўны страх.

Жыць душа ў душу (разм.) — дружна, у поўнай згодзе.

З адкрытай душой — шчыра, нічога не тоячы.

З дарагой душой (разм.) — ахвотна, з задавальненнем.

За мілую душу (разм.) — з задавальненнем, ахвотна, не задумваючыся.

Ні капейкі за душой (разм.) — зусім без грошай.

Працаваць з душой — з задавальненнем, ахвотна, старанна.

Стаяць над душой у каго (разм.) — неадступна вісець над кім-н., назаляючы сваёй прысутнасцю.

|| памянш.-ласк. ду́шачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1, 2 і 5 знач.).

|| прым. душэ́ўны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Душэўныя хваробы.

Душэўная трывога.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

плячо́, -а́, мн. пле́чы, Р плячэ́й і плеч, Д пляча́м, Т пляча́мі і плячы́ма, М на пляча́х, н.

1. Частка тулава ад шыі да рукі.

Палажыць руку на чыё-н. плячо.

Вынесці на сваіх плячах што-н. (перан.: справіцца з якой-н. цяжкай задачай, працай, без падтрымкі). П. ў п. (побач, у цесным адзінстве). З плеч далоў што-н. (адпаў клопат, скончыліся турботы пра што-н.; разм.). Мець галаву на плячах (умець разбірацца ў чым-н., быць разумным). Як гара з плячэй звалілася (хто-н. адчуў палёгку, пазбавіўшыся ад якіх-н. клопатаў, перажыванняў; разм.). За плячамі ў каго-н. што-н. (таксама перан.: пра што-н., што было, мелася ў каго-н. у мінулым). Уварвацца куды-н. на плячах адступаючага праціўніка (непасрэдна за адступаючым праціўнікам). З чужога пляча (пра адзенне: якое не падыходзіць па размеры або якое раней насіў хто-н.).

2. У анатоміі: верхняя частка рукі да локцевага сустава.

3. мн. Тыльны бок тулава ад шыі да пояса, спіна.

Узваліць ношу на плечы (абцяжарыць каго-н. справамі, клопатамі). Павярнуцца плячамі да каго-, чаго-н. (таксама перан.: адвярнуцца ад каго-, чаго-н.).

4. Частка рычага ад пункта апоры да пункта прыкладання сілы (спец.).

|| памянш. плячу́к, плечука́, мн. плечукі́ і плечуко́ў, м. (да 1 знач.; разм.).

|| прым. плечавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.).

Плечавая косць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

цяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Тое, што і цягнуць (у 1, 2, 5, 6, 8, 10 і 13 знач.) з той розніцай, што цягаць абазначае шматразовае дзеянне, якое адбываецца ў розныя часы і ў розных напрамках. Самае страшнае — смерць Казачэнкі, начальніка штаба, які цягаў з сабой сумку з дакументамі. Навуменка. [Ілья:] — Сёння рыбка павінна здорава брацца. Толькі паспяваў цягаць. Васілёнак. Аліку, відаць, было весела, бо ён з захапленнем цягаў за вяровачку свой сіненькі грузавік. Арабей. Малое такое, што ні яго дома пакінуць, ні яго з сабою цягаць. Крапіва. Дарэмна здалёку Паўнюткія вёдры цягала [маці], Той камень у спёку Вадой і слязьмі палівала. Куляшоў. / у перан. ужыв. Цяпер і ён такі ж прапашчы, Ланцуг жыцця цягае ледзь. Жылка.

2. Красці. [Дзямід:] — Ліса яшчэ часам малых парасят цягае. В. Вольскі. — Прыкусі язык! — крыкнуў.. [Сяўрук] на Хвядосіху. — Ты думаеш, што як пры немцах тут усё валакла, цягала, дык і цяпер... Кулакоўскі.

3. Насіць доўгі час (адзенне). Тое, што маці берагла на свята, Дар’я пачала цягаць штодня. Паслядовіч. — Не пужайце вельмі, не баімся! — злавалася Каця [на брыгадзіра]. — Апошняе зімовае паліто на работу цягаю — ніхто не бачыць. Мыслівец.

4. Тузаць за што‑н. Абапёршыся плячом на сцяну, стаяла Каця, .. якую Рыгор не раз цягаў за косы. Ваданосаў. Віктар успомніў, як прыйшоў да іх Адам і пачаў цягаць Паўла за вушы. Гроднеў. Здаецца, зусім нядаўна ён [Міша] з іншымі малышамі цягаў ноччу за гэты дрот, адводзіў увагу гаспадара і сабакі ад таго месца, дзе іншыя хлопцы абіралі яблыкі. Карпюк.

5. Валачы па зямлі. Цягаць хустку па зямлі. □ Віцю, разведчыка, эсэсаўцы прывязалі да хваста каня і цягалі па бруку вуліц. Брыль.

•••

Ледзь ногі цягаць (цягнуць, валачы, перастаўляць) — а) з цяжкасцю ісці; б) пра старога, слабага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. чаро́ды (з ліч. 2, 3, 4 чарады́), чаро́д; ж.

1. Рад аднародных прадметаў ці жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адно за адным. У канцы бетаніраванай шашы стаяла чарада аўтобусаў. Хадкевіч. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Мікуліч. Чароды навальнічных хмар Паўзлі наўпрост ад акіяна. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Думак бясследна плыве чарада. Танк. І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым. Аўрамчык.

2. Статак, гурт свойскай або дзікай жывёлы. Па вуліцы ў хмары рудога пылу ішла з пашы чарада кароў. Грахоўскі. Немцы прыгналі.. у мястэчка статак кароў, дзве чарады свіней і авечак. Навуменка. А то часам, утоптваючы снег, пройдзе цёмнай лютаўскай ноччу чарада галодных ваўкоў. Ігнаценка. // Група жывёл, птушак, рыб аднаго віду, якія трымаюцца разам. Людзі пачалі махаць птушкам рукамі, падняўся крык, што аж з асін зляцела чарада спалоханых галак. Карпюк. Ад чарады кнігавак зноў адлучыліся дзве, залёталі над імі, закружылі. Місько. Такія мясціны [водмелі] чароды акунёў часта наведваюць у пошуках корму. Матрунёнак. // Разм. Натоўп, гурт (людзей). У хату ўваходзіць Батура з гармонікам, за ім чарада хлапцоў і дзяўчат. Крапіва. Цэлая чарада дзяцей сустрэла.. [Хвядзька] на дарозе яшчэ далёка за Некрашамі. Лобан.

3. Чарга. На мех кабета села, Чакае чарады [у млын]. Калачынскі. Доўгія чароды жанчын стаялі ля донарскіх пунктаў. «Звязда».

4. у знач. прысл. чарадой (‑ою). Адзін за другім; бесперапынна. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас. Плывуць па Дзвіне чарадою плыты, Мінаючы ўзгоркі, лясы, балаты. А. Александровіч. Дні міналіся за днямі, Адплывалі чарадой. Броўка.

•••

Сваёй чарадой — незалежна ад каго‑, чаго‑н., як звычайна (ісці, разгортвацца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́лас, -а і -у, мн. валасы́, валасо́ў, м.

1. -а. Рагавое ніткападобнае ўтварэнне на скуры чалавека і жывёл (мн. ўжыв. таксама для абазначэння расліннасці ў чалавека).

Вырваць сівы в.

Кучаравыя валасы.

Схапіцца за валасы (перан.: пра адлюстраванне жаху, крайняга здзіўлення і пад.). Валасы рваць на сабе (надта злаваць, крыўдаваць на сябе). Да сівых валасоў (да старасці). В. у в. (вельмі падобныя). І на в. не заснуў (ніколькі не заснуў).

2. -у, зб. Расліннасць на целе жывёлы (ужыв. для розных тэхнічных мэт).

Конскі в.

|| памянш. валасо́к, -ска́, мн. -скі́, -ско́ў, м.

|| прым. валасяны́, -а́я, -о́е.

Валасяное покрыва.

В. матрац.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

во́стры, -ая, -ае.

1. Добра навостраны або з завостраным канцом ці краем.

В. нож.

В. канец палкі.

2. Які звужаецца пад канец.

В. нос лодкі.

Вострыя насы туфель.

В. вугал (меншы за 90°).

3. перан. Праніклівы, які добра ўспрымае.

В. розум.

В. зрок.

4. перан. Які вызначаецца дасціпнасцю.

В. жарт. В. на язык.

5. перан. Які выразна і моцна адчуваецца, праяўляецца.

Вострая трывога.

6. перан. Які моцна дзейнічае на смак ці нюх.

Вострыя прыправы.

В. пах.

7. перан. Моцна, ясна выражаны; напружаны.

В. боль.

В. апендыцыт.

В. недахоп чаго-н.

|| наз. вастрыня́, -і, ж. (да 1, 3—7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вы́ехаць, -еду, -едзеш, -едзе; -едзем, -едзеце, -едуць; -едзь; зак.

1. Паехаць, адправіцца з аднаго месца ў другое.

В. з горада.

В. з варот.

2. Едучы, з’явіцца дзе-н.

В. на лясную паляну.

З-за вугла выехала машына.

3. Пакінуць адно месца жыхарства, пераехаўшы на другое.

Жыхары выехалі.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна вываліцца, выпасці (разм.).

Пакет выехаў з рук.

5. перан., на кім-чым. Выкарыстаць для сваёй выгады чыю-н. працу, якія-н. акалічнасці (разм., неадабр.).

В. на памочніку.

В. на акалічнасцях.

|| незак. выязджа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. вы́езд, -у, М -дзе, м. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адмо́ўны, -ая, -ае.

1. Які змяшчае ў сабе адмаўленне.

А. адказ.

А. займеннік.

2. Дрэнны, варты асуджэння.

А. персанаж у п’есе.

3. У матэматыцы: які ўяўляе сабой велічыню, узятую са знакам мінус, меншую за нуль.

А. лік.

4. Суадносны з такім відам электрычнасці, матэрыяльныя часціцы якога з’яўляюцца электронамі (спец.).

А. электрычны зарад.

5. Які паказвае на адсутнасць чаго-н., процілеглы чаканаму.

А. вынік.

6. Неадабральны, асуджальны.

А. водгук.

Адмоўная рэцэнзія.

7. у знач. наз. адмо́ўнае, -ага. Тое, што характарызуецца адмоўнымі якасцямі; процілеглае дадатнаму.

Бачыць ва ўсім толькі адмоўнае.

|| наз. адмо́ўнасць, -і, ж. (да 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мета́л, -у, мн. -ы, -аў, м.

Хімічна простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць і добрая праводнасць цеплыні і электрычнасці.

Высакародныя металы — металы, якія не акісляюцца і не ржавеюць (золата, серабро, плаціна).

Каляровыя металы — усе металы і іх сплавы, акрамя жалеза і яго сплаваў.

Лёгкія металы — металы, якія валодаюць малой шчыльнасцю, ніжэйшай за шчыльнасць жалеза (алюміній, магній, натрый і інш.).

Цяжкія металы — металы з вялікай атамнай вагой або шчыльнасцю (жалеза, ванадый, свінец, ртуць і інш.).

Чорныя металы — жалеза і яго сплавы (чыгун, сталь).

|| прым. металі́чны, -ая, -ае.

Металічныя грошы.

М. голас (перан.: звонкі і рэзкі).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вяне́ц, -нца́, мн. -нцы́, -нцо́ў, м.

1. Тое, што і вянок (у 1 знач.).

2. Карона, якую трымаюць над галовамі маладых у час вянчання (уст.).

Пайсці пад в. (уступіць у шлюб).

3. перан., чаго. Апошняя найвышэйшая ступень, паспяховае завяршэнне чаго-н. як узнагарода за працу, старанні (высок.).

В. дасягненняў.

4. Арэол, радужны круг вакол нябеснага свяціла, вакол галавы на іконе.

5. У драўляным зрубе: чатыры бервяны як узаемазвязанае звяно.

|| памянш. ве́нчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 4 знач.).

|| прым. вяне́чны, -ая, -ае (да 1, 2, 4 і 5 знач.) і вянцо́вы, -ая, -ае (да 1, 2, 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)