МЕ́ЖАВА,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нішча, за 8 км на ПнУ ад г.п. Расоны. Пл. 2,06 км², даўж. больш за 2,8 км, найб. шыр. каля 1,4 км, найб. глыб. 3,3 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Пл. вадазбору 86,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м (на Пн і З 10—15 м), параслі лесам і хмызняком, на Пн зліваюцца са схіламі, у залівах сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-ілістае, глыбей дно сапрапелістае. 4 астравы агульнай пл. 5 га. Упадаюць 6 ручаёў, у т. л. Чарапяціца, што выцякае з воз. Шэвіна.
т. 10, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖБА́НКАЎСКІЯ РАЗЛІ́КІ,
плацяжы, якія звычайна ажыццяўляюцца шляхам пералічэння грашовых сродкаў на рахунак іх атрымальніка або шляхам заліку ўзаемных патрабаванняў. Ажыццяўляюцца пры дапамозе банкаўскіх аперацый, гал. чынам крэдытных, якія выкарыстоўваюцца для замены наяўных грошай у плацежным абарачэнні безнаяўнымі разлікамі. Маюць важнае значэнне ў рэгуляванні грашовага абарачэння, стварэнні банкаўскіх рэсурсаў, ажыццяўленні кантролю за працай гасп. суб’ектаў, скарачэнні выдаткаў абарачэння. Асн. формамі разліку паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі за адгружаныя або адпушчаныя тавара-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы або аказаныя паслугі з’яўляюцца таварны акрэдытыў, разлікі па інкаса, пераводы і інш. Гл. таксама Акцэпт, Міжнародныя разлікі.
У.Р.Залатагораў.
т. 10, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕ́ЙКА (Зыгмунт) (Мінейка Газдава Сігізмунд Станіслававіч, псеўд. Баравы, 1840, в. Зялёны Бор Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., паводле інш. звестак Вільня — 27.12.1925),
удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Парыжы (1868). У 1861 вёў рэв. агітацыю сярод сялян Ашмянскага пав., у 1863 у атрадах М.Лянгевіча, паўстанцкі ваен. начальнік Ашмянскага пав., камандзір атрада. 3.6.1863 атрад разбіты пад Расолішкамі, М. схоплены і прыгавораны да 12 гадоў катаргі. У Сібіры адзін з кіраўнікоў рэв. арг-цыі ссыльных. У 1865 уцёк за мяжу. З 1891 у Грэцыі, удзельнічаў у вайне з Турцыяй за Крыт. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.
Г.В.Кісялёў.
т. 10, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Дзейнічала ў 1899—1918. Адкрыта як 8-класная (8-ы клас педагагічны). Утрымлівалася за кошт сродкаў гар. думы і платы за навучанне. Выкладаліся: рус., ням., франц. і лац. мовы, педагогіка, матэматыка, фізіка, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, чыстапісанне, маляванне, рукадзелле, музыка, танцы, гімнастыка. Выкладчыцкі корпус: начальнік, гал. наглядчыца і 15 класных, 3 законанастаўнікі, 20 выкладчыкаў. У гімназіі працавалі выхаванцы ун-таў Пецярбурга, Юр’ева, Магілёўскай духоўнай семінарыі, Пецярбургскай духоўнай акадэміі і жаночай гімназіі, Царскасельскага жаночага вучылішча, Херсонскіх пед. і Віленскіх Марыінскіх вышэйшых жаночых курсаў, Пензенскага маст. вучылішча. Сярод навучэнцаў С.М.Станюта.
А.Ф.Самусік.
т. 10, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНСКІНЖПРАЕ́КТ»,
дзяржаўны праектны інстытут. Засн. ў 1974 у Мінску. Асн. кірункі дзейнасці: выкананне праектна-вышукальных работ на буд-ва, рэканструкцыю, пашырэнне і рамонт інж. сетак і збудаванняў гар. інфраструктуры; аўтарскі нагляд за буд-вам аб’ектаў; вядзенне дзяжурнага аператыўнага плана інж. сетак горада; распрацоўка інж. раздзелаў генплана, праектаў планіроўкі, комплексных схем развіцця рэгіёна; праектаванне аб’ектаў водаправода, каналізацыі і энергазабеспячэння, дарог і збудаванняў транспарту, водазабеспячэння і ачысткі; рэкамендацыі па размяшчэнні новых, пашырэнні і рэканструкцыі дзеючых прадпрыемстваў, аб’ектаў і збудаванняў; распрацоўка дакументацыі; кантроль за рэалізацыяй генплана Мінска і прыгараднай зоны і інш.
У.С.Котаў.
т. 10, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖА́,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць (цячэ праз возера), за 36 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,79 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 930 м, найб. глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі больш за 3,5 км. Пл. вадазбору 258 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, пераважна разараныя, участкамі на У і Пд парослыя лесам. Берагі нізкія, пясчаныя і тарфяністыя, пад хмызняком. Пойма шыр. ад 25 м да 300 м, забалочаная. Мелкаводдзе да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй дно ілістае. Востраў пл. 0,1 га. Зарастае. Упадае р. Шыша.
т. 11, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІРА́ЛЬНЫ ПУНКТ (НП),
спецыяльна абсталяванае і замаскіраванае месца для назірання за дзеяннямі праціўніка, сваіх войск і за мясцовасцю (акваторыяй), а таксама для засякання цэляў і карэкціроўкі агню. Робіцца ва ўсіх відах бою. Пры наступленні Н.п. можа знаходзіцца на танках, баявых машынах пяхоты, бронетранспарцёрах, верталётах і інш.; у абароне размяшчаецца ў збудаваннях, абсталёўваецца сховішчамі для асабовага складу, неабходнымі прыладамі назірання і сродкамі сувязі. Бываюць асн., запасныя, падманныя і спец. (артыл., інж. і інш.). У аб’яднаннях, злучэннях і часцях Н.п. ствараюцца звычайна з сіл і сродкаў каманднага пункта (гл. Пункт камандны) і з’яўляюцца яго элементам.
т. 11, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫ́ЛЬСК,
горад у Краснаярскім краі, у Расіі. Засн. ў 1935. 156 тыс. ж. (1996). Чыгункай і аўтадарогай злучаны з портам Дудзінка на р. Енісей. Аэрапорт Алыкель (за 40 км на 3). Адзін з 5 самых паўн. гарадоў свету (размешчаны за Паўн. палярным кругам). Цэнтр каляровай металургіі (горна-металургічны камбінат). Здабыча і перапрацоўка руд нікелю, кобальту, медзі, селену і інш., у канцэнтратах — высакародныя металы (золата, плаціна, паладый, ірыдый і інш.), здабыча вугалю. Прадпрыемствы металаапр., хім., харч. і інш. прам-сці, вытв-сць буд. матэрыялаў. НДІ сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы, палярнай медыцыны. Драм. тэатр. Дом тэхнікі з музеем гісторыі. Маст. галерэя.
т. 11, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СІНА,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 22 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,53 км², даўж. больш за 2 км, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 4,8 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 15,4 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—7 м, сугліністыя, разараныя, на ПдЗ і ПнЗ — 13—16 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на ПнЗ зліваюцца са схіламі. 3 невял. астравы агульнай пл. 0,6 га. Мелкаводдзе пясчанае, з глыб. 2 м дно ілістае. Зарастае. Упадае ручай, сцёк з возера па меліярацыйнай канаве.
т. 11, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯПЭ́ЎНЫЯ ВІ́ДЫ,
віды жывых арганізмаў, пагроза знікнення якіх з дадзенай тэр. ўмоўна існуе (колькасць і стан папуляцый выклікаюць трывогу), аднак ступень яе дакладна не вызначана (з-за недахопу звестак). Уключаюцца ў Чырвоныя кнігі (катэгорыя 4 Камісіі па рэдкіх і знікаючых відах МСАП). На Беларусі 1 Н.в. млекакормячых, 17 — птушак, 8 — насякомых, 7 — пакрытанасенных раслін, па 4 — грыбоў і водарасцей. Ахова Н.в. патрабуе вывучэння іх біялогіі, экалогіі і пашырэння, уліку сустрэч, кантролю за станам папуляцый, забароны здабычы (збору), аховы месцаў пражывання (росту), увядзення ў культуру і рассялення ў прыродныя экатопы (для раслін) і інш.
т. 11, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)