ГЕАМЕХА́НІКА (ад геа... + механіка),

навука аб механічным стане зямной кары і працэсах, якія адбываюцца ў ёй пад уплывам натуральных і тэхнагенных фактараў. Да натуральных уздзеянняў адносяцца тэрмічныя (павышэнне і паніжэнне т-ры) і мех. (сілы, абумоўленыя гравітацыйным узаемадзеяннем, вярчэннем Зямлі і інш. касм. фактарамі); да тэхнагенных — распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў, прамысл. і грамадз. буд-ва, ядз. выбухі і інш.

Геамеханіка ўзнікла ў пач. 20 ст. як раздзел геафізікі. Яе тэарэт. і эксперым. даследаванні непасрэдна звязаны з інжынернай геалогіяй, газа-, гідра- і тэрмадынамікай, механікай суцэльнага асяроддзя. Геамеханіка вывучае заканамернасці напружана-дэфармаванага стану зямной кары, працэсы фарміравання мех. поля Зямлі, тлумачыць прыродныя з’явы, што ім спадарожнічаюць, прагназуе напрамкі і формы іх працякання. Устанаўлівае заканамернасці фарміравання мех. уласцівасцей горных парод і працякання працэсаў дэфармавання, перамяшчэння і разбурэння асобных дзялянак зямной паверхні.

Літ.:

Цытович Н.А., Тер-Мартиросян З.Г. Основы прикладной геомеханики в строительстве. М., 1981;

Войтенко В.С. Прикладная геомеханика в бурении. М., 1990.

У.​С.​Вайценка.

т. 5, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУНТ (польск. grunt ад ням. Grund аснова, глеба),

1) горная парода, якая залягае непасрэдна пад глебай.

2) Зборная назва горных парод, глеб, тэхнагенных утварэнняў, якія знаходзяцца ў сферы ўздзеяння інжынерных збудаванняў і разглядаюцца з інж.-буд. пункту гледжання. Адрозніваюць грунты: скальныя (маюць высокую мех. трываласць, з’яўляюцца пругкімі цвёрдымі целамі), паўскальныя (з паніжанымі мех. ўласцівасцямі), мяккія гліністыя (з пластычнымі ўласцівасцямі, звязаныя), рыхлыя, сыпкія (незвязаныя), слабыя (лёгка паддаюцца дэфармацыі). Складаюцца з цвёрдых (мінералы, лёд, мінералаарганічныя ўтварэнні), вадкіх (водныя растворы), газападобных (газы, паветра) і біятычных ці жывых кампанентаў. Найважнейшыя ўласцівасці грунту: фізічныя (шчыльнасць, цеплаправоднасць, электраправоднасць, пранікальнасць і інш.), фіз.-хімічныя (растваральнасць, адсарбцыйная і каразійная ўласцівасць, пластычнасць і інш.), механічныя (пругкасць, трываласць на разрыў, сцісканне і інш.). Грунты выкарыстоўваюцца ў якасці асновы будынкаў і збудаванняў, матэрыялу для дарог, плацін, насыпаў, асяроддзя для размяшчэння падземных збудаванняў (тунэляў, сховішчаў, трубаправодаў і інш.). Паняцце «грунт» ужываецца таксама ў адносінах да Месяца (месяцавы грунт) і інш. планет Сонечнай сістэмы.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПАКАЁВЫЯ САБА́КІ,

пакаёвыя сабакі, група выведзеных парод свойскіх сабак з арыгінальнымі вонкавымі формамі і канстытуцыяй, якіх гадуюць з эстэтычнымі і пазнавальнымі мэтамі. Як дэкар. трымаюць некат. службовых сабак і паляўнічых сабак, якія страцілі сваё першапачатковае прызначэнне. Асабліва папулярныя карлікавыя тэр’еры і пінчэры, балонкі, пудзелі, шпіцы, японскі хін і інш. На Беларусі з Д.-п. с. найб. гадуюць балонак, сенбернара, пекінскага сабаку, французскага бульдога, чау-чау, японскага хіна, некат. шпіцаў, пудзеляў, тэр’ераў, пінчэраў.

Шпіцы (вялікі, карлікавы, вольфшпіц) выш. ў карку 27—50 см; поўсць пушыстая, густая, белая, чорная, шэрая, рыжая. Тэр’еры (скотч- і скайтэр’ер) выш. ў карку 18—26 см; поўсць кароткая або доўгая чорная і карычневая з падпалінамі, шэрая, рыжая і інш.; хвост купіруецца. Пінчэры (сярэдні і карлікавы) выш. ў карку 25—48 см; поўсць кароткая чорная з падпалінамі; купіруюцца хвост і вушы.

Да арт. Дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі: 1 — скотчтэр’ер; 2 — пекінес; 3 — карлікавы пінчэр; 4 — карлікавы шпіц.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖВІР, гравій,

рыхлая буйнаабломкавая (псефітавая) асадкавая парода, складзеная з абкатаных абломкаў горных парод і мінералаў памерамі 1—10 мм (у горнай справе вылучаюць Ж. памерамі 5—70 мм). Адрозніваюць Ж. буйны (5—10 мм), сярэдні (2,5—5 мм) і дробны (1—2,5 мм). Генетычныя тыпы Ж.: рачны (гл. Алювій) азёрны, марскі і ледавіковы. Сцэментаваны Ж. — гравеліт. Якасць Ж. залежыць ад наяўнасці шкодных прымесей (акатышы глін, пыл, пірыт, гіпс, растваральныя ў шчолачах абломкі і інш.), трываласці, сціральнасці, марозаўстойлівасці і г.д. На Беларусі пясчана-жвірова-галечны матэрыял пашыраны ў антрапагенавых адкладах і сканцэнтраваны пераважна ў межах Беларускай ірады і Паазер’я, Разведана 136 радовішчаў пясчана-жвіровых матэрыялаў з агульнымі запасамі 704,4 млн. м³, з іх распрацоўваюцца 82 радовішчы з гадавой здабычай 23—24 млн. м³, Форма пакладаў лінзападобная, зрэдку пластавая. Здабываецца Ж. адкрытым спосабам; частка яго абагачаецца на драбільна-сартавальных заводах. Выкарыстоўваецца для вытв-сці бетону, буд-ва чыгунак, аўтадарог, фільтрацыйных пабудоў і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАТО́ПЫ (ад іза... + грэч. topos месца),

разнавіднасці атамаў пэўнага хім. элемента, ядры якіх маюць аднолькавую колькасць пратонаў і розную — нейтронаў. Тэрмін «І.» прапанаваў англ. фізік Ф.​Содзі ў 1910. Выкарыстоўваюць у якасці ізатопных індыкатараў; радыеактыўныя І. — і як крыніцу радыеактыўнага выпрамянення; І. урану і плутонію з’яўляюцца ядзерным палівам.

Маюць аднолькавыя зарад ядраў і будову электронных абалонак, блізкія хім. ўласцівасці і займаюць адно месца ў перыяд. сістэме хім. элементаў (адсюль назва). Існаванне І. даказана эксперыментальна ў 1906—10 пры вывучэнні радыеактыўных элементаў. Кожны хім. элемент можа мець стабільныя і радыеактыўныя І. Большасць прыродных элементаў — сумесь І.; залежнасць іх ізатопнага складу ад узросту ўзораў і ўмоў іх утварэння пакладзена ў аснову вызначэння ўзросту горных парод і рудных радовішчаў. Маюць блізкія фіз.-хім. ўласцівасці, таму іх адноснае ўтрыманне амаль не змяняецца пры розных прыродных працэсах. Невял. адрозненні ўласцівасцей І. прыводзяць да ізатопных эфектаў і выкарыстоўваюцца, напр., для іх раздзялення.

Э.​А.​Рудак.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІФО́ЛЬ,

цвёрды прадукт, што застаецца пасля адгонкі шкіпінару са смольных рэчываў драўніны хваёвых парод.

Крохкая, шклопадобная, празрыстая смала светла-жоўтага (часам цёмна-рудога) колеру. Размякчаецца пры т-ры 40—75 °C, tпл 100-140 °C, шчыльн. 1070—1090 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне, бензоле. Мае 60—92% смаляных кіслот агульнай ф-лы C19H29COOH, 0,5—12% аліфатычных кіслот, 8—20% нейтральных рэчываў (сескві-, ды- і трытэрпеноіды). Атрымліваюць адгонкай з парай з жывіцы хвоі звычайнай (К. жывічная, якая мае найлепшыя спажывецкія ўласцівасці), са здробненай драўніны прасмоленых хваёвых пнёў экстракцыяй бензінам (К. экстракцыйная), вакуумнай рэктыфікацыяй талавага масла (К. талавая). Выкарыстоўваюць К. і яе вытворныя для праклейвання паперы і кардону, у вытв-сці лакаў і фарбаў, пластмас, у якасці флюсу пры паянні металаў; каніфольнае мыла (звычайна натрыевыя солі К.) як эмульгатар у вытв-сці сінт. каўчуку, латэксаў, як кампанент клеявых кампазіцый; солі кальцыю, алюмінію і некат. інш. металаў як сікатывы.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕТДА́Г (цюрк. шматгор’е),

горная сістэма на Пн Іранскага нагор’я, пераважна на тэр. Ірана і на ПдЗ Туркменістана; паўн. ч. Туркмена-Харасанскіх гор. Даўж. каля 650 км. Шыр. ад 40 км на ПдУ да 200 км на ПнЗ. Найвыш. пункт — г. Хезармесджэд (3117 м) у Іране. К. — сістэма сярэдневышынных хрыбтоў, град і плато, падзеленых падоўжнымі і папярочнымі далінамі. Утварылася ў альпійскую складкавасць. Складзена пераважна з асадкавых парод — вапнякоў, мергеляў, пясчанікаў і глін мелавога і палеагенавага ўзросту. Развіты карст (Бахардэнская пячора). Значная сейсмічнасць. Радовішчы руд ртуці, мыш’яку, барыту, шматлікія мінер., у т. л. тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны, міжземнаморскага тыпу, сухі. Рэкі перасыхаюць на значнай частцы сваіх рэчышчаў або ператвараюцца ў ланцужкі засоленых азёр. Расліннасць паўпустынная і горна-стэпавая, вышэй за 2200 м — горныя лугі. У далінах лясы з грэцкага арэху, арчэўныя і фісташкавыя рэдкалессі, сады (міндаль, інжыр, яблыні і інш.), вінаграднікі, пасевы збожжавых. У гарах — паша. У межах К. — Капетдагскі запаведнік.

Скалы Капетдага.

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮ́СЮ,

востраў на Пд Японіі. Пл. каля 42 тыс. км². Нас. 13,3 млн. чал. (1992). Абмываецца на У Ціхім ак., на ПнУ — Унутр. Японскім м., на З — Усх.-Кітайскім м. Усх. бераг прамалінейны, астатнія моцна парэзаныя бухтамі, залівамі. Паверхня гарыстая, выш. да 1788 м (вулкан Кудзю). На З і ПнЗ нізінныя алювіяльныя раўніны. Горы складзены пераважна з гранітаў, сланцаў, вулканічных парод; узгоркі і нізіны з пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы каменнага вугалю. Актыўна дзеючыя вулканы (Аса, Кірысіма і інш.). Шмат гарачых крыніц. Частыя землетрасенні (найб. моцныя ў 1909, 1961, 1968). Клімат субтрапічны, на Пд трапічны мусонны. Т-ра паветра ў гарах у студз. каля 0 °C, на прыбярэжных раўнінах 10 °C, у ліп. адпаведна 15 і 28 °C. Ападкаў да 300 мм за год. Тайфуны. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння. Вечназялёныя і лістападныя лясы, лугі. Вырошчваюць рыс, збожжавыя, цукр. трыснёг, цытрусавыя, тытунь. Гарады: Кітакюсю, Фукуока, Кагосіма, Кумамота, Нагасакі. Нац. паркі: Асо, Кірысіма—Яку, Сайкай і інш.

т. 9, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГМА (грэч. magma густая мазь),

расплаўленая, пераважна сілікатная маса, што ўзнікае ў зямной кары або верхняй мантыі Зямлі. У растворы М. прысутнічаюць злучэнні хім. элементаў, сярод якіх пераважаюць кісларод, крэмній, алюміній, жалеза, магній, кальцый, натрый і калій, а таксама лятучыя кампаненты (вада, аксіды вугляроду, серавадарод, вадарод, фтор, хлор і інш.). Асн. фактары ўтварэння магматычнага расплаву: радыягеннае цяпло, раптоўнае змяншэнне ціску пры ўзнікненні глыбінных разломаў, узыходныя цеплавыя патокі. Перыядычна М. ўтварае ачагі ў межах розных паводле саставу і глыбіннасці зон Зямлі (напр., у астэнасферы, у зонах сутыкнення і пасоўвання літасферных пліт). Па колькасці аксіду крэмнію М. падзяляюць на ультраасноўную, асноўную, сярэднюю і кіслую. Трапляюцца таксама М. шчолачная, сульфідная і інш. Пры вулканічным вывяржэнні (гл. Вулкан, Вулканізм) М. выліваецца ў выглядзе лавы, больш вязкая (кіслая) утварае ў жаролах вулканаў экструзіўныя купалы або разам з газамі выкідваецца ў выглядзе попелу. Пры хуткім застыванні на паверхні або дыферэнцыраванай крышталізацыі на глыбіні пры паступовым зацвярдзенні ўтварае комплекс магматычных горных парод. Гл. таксама Магматызм.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЖНІНСКІ РОЎ,

геалагічнае агаленне ў яры на левым беразе р. Дняпро, за 1 км на Пн ад г. Шклоў Магілёўскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1991). Лінза арганагенных і гумусаваных адкладаў шклоўскага міжледавікоўя падсцілаецца марэнай і лімнагляцыяльнымі адкладамі дняпроўскага зледзянення і перакрываецца лімнагляцыяльнымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі ўтварэннямі сожскага зледзянення. Даўж. яра каля 700 м, глыб. ў вусці 30 м. Магутнасць міжледавіковых адкладаў (торф, гіція, суглінак і супесак) да 13 м, даўж. каля 100 м. Міжледавіковыя адклады багатыя выкапнёвымі рэшткамі — пылок і споры 220 відаў раслін, плады і насенне 195 відаў і форм раслін, астракоды 16 відаў, насякомыя 109 відаў. У азёрна-балотнай тоўшчы міжледавіковых адкладаў адлюстраваны працяглы геал. летапіс канца дняпроўскага зледзянення, усяго шклоўскага міжледавікоўя і пачатку сожскага зледзянення. Знаходка каля вусця яра за 60 м ад міжледавіковай лінзы гляцыякупала сведчыць аб парушэннях парод карэннага берага р. Дняпро ў час актыўнай дзейнасці дняпроўскага ледавіка.

Я.​К.​Яловічава.

Геалагічнае агаленне Ніжнінскі роў.

т. 11, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)