г. Майнц, Германія — 3.2.1468), нямецкі друкар, пачынальнік кнігадрукавання ў Еўропе. Вынаходнік друку з наборнай формы, прыстасавання для стандартнай адліўкі літар, а таксама сплаву, фарбаў і прэса для друкавання. Быў «залатых спраў» майстрам. У 1418—20 вучыўся ў Эрдгірцкім ун-це. Жыў у Страсбуры (Францыя, 1434 і 1436—44) і Майнцы (з 1448). У 1438 заснаваў прыватную друкарню. Выданні, надрукаваныя яго шрыфтам, пачалі з’яўляцца з 1448. Сярод іх т.зв. Майнцкі псалтыр, навукова-папулярныя кнігі павучальнага характару, календары, падручнікі і інш. У 1452—55 выдаў першае поўнааб’ёмнае выданне, шэдэўр ранняга друку — 42-радковую Біблію ў 2 т. (на лац. мове); з 180 экз. Бібліі вядома 48. У 1459—61 выдаў, відаць, у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) на сродкі мясц. епіскапа 36-радковую Біблію. У 1901 у Майнцы засн.музей Гутэнберга.
Літ.:
Варбанец Н.В. Йоханн Гугенберг и начало книгопечатания в Европе: Опыт нового прочтения материала. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІ́Д ((David) Жак Луі) (30.8.1748, Парыж — 29.12.1825),
французскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму ў франц. мастацтве. У 1766—74 вучыўся ў Парыжы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (чл. акадэміі з 1784), у 1775—80 вывучаў ант. мастацтва ў Рыме. Дзеяч франц. рэвалюцыі 1789—94, чл. якабінскага Канвента; стварыў Нац.музей у Луўры. Яго творы вылучаюцца яскравым увасабленнем прынцыпаў класіцызму: «Клятва Гарацыяў» (1784), «Смерць Сакрата» (1787), «Ліктары прыносяць Бруту целы яго сыноў» (1789) і інш. У часы рэвалюцыі ствараў партрэты, карціны пра вядомыя гіст. падзеі сучаснасці: «Клятва ў зале для гульні ў мяч» (1791), «Забіты Лепелецье» і «Смерць Марата» (абедзве 1793). Вял.рэаліст. сілай вызначаюцца партрэты: «Аўтапартрэт» (1794), «Зяленіўшчыца» (1795). З 1804 Давід — прыдворны мастак Напалеона I; маляваў дэкар.-эфектныя парадныя партрэты і карціны («Напалеон пры пераходзе праз Сен-Бернар», 1800, «Каранацыя Жазефіны», 1805—07, і інш.). Пасля рэстаўрацыі манархіі Бурбонаў быў вымушаны пераехаць у Брусель. У Давіда вучыліся А.Гро, Ф.Жэрар, Ж.А.Д.Энгр і інш. мастакі.
Літ.:
Кузнецова И.А. Луи Давид М., 1965.
А.М.Пікулік.
Ж.Л.Давід. Сафо і Фаон. 1809.Ж.Л.Давід. Аўтапартрэт. 1794.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙПТА́ЎН, Капстад (англ. Capetown, афр. Kaapstad),
горад на ПдПаўд.-Афр. Рэспублікі. Адм. ц. Капскай правінцыі. 2727 тыс.ж. (1997, з прыгарадамі). Буйны порт на Атлантычным ак., у бухце Сталовая, каля мыса Добрай Надзеі. Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. У К. — рэзідэнцыя парламента Паўд.-Афр. Рэспублікі. Важны прамысл.цэнтр.Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сцьчыг. вагонаў, катлоў, суднаў), хім., нафтаперапр., дрэваапр., тэкст., харчасмакавая (цукр., плодакансервавая, вінаробчая); аграньванне алмазаў, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. АЭС. Ун-т. Паўд.-Афр.музей. Нац. галерэя. Бат. сад. Замак-крэпасць (17 ст.) і інш.арх. помнікі 17—18 ст.
Засн. ў 1652 як прыстань для галандскіх суднаў Ост-Індскай кампаніі. У 2-й пал. 17 ст. заселены галандскімі і франц. каланістамі (пераважна гугенотамі, якія пакінулі радзіму з-за рэліг. ганенняў). У 1806 заняты англічанамі, на працягу 19 ст. галандскія каланісты выцеснены англійскімі. Важны брыт. стратэгічны (у час англа-бурскай вайны 1899—1902 экспедыцыйная база брыт. войск) і транзітны пункт. У 1814—1910 цэнтр брыт. Капскай калоніі, з 1910 канстытуцыйная сталіца Паўд.-Афр. Саюза, з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТА́НЬЁ [Castagno; дакладней Андрэа дэль Кастаньё (Andrea del Castagno; 1417 або 1419, Кастаньё, каля г. Фларэнцыя, Італія — 19.8.1457],
італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мазачыо, Данатэла, П.Учэла. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, таксама ў Венецыі (1442), магчыма, Рыме (1454). Творчасці ўласцівы майстэрскае валоданне малюнкам, энергічная пластычная мадэліроўка форм, напружаная выразнасць поз і ракурсаў, якая часта надае яго творам драм. вастрыню, грубавата-выразная прастата і мужнасць вобразаў: фрэскі ў капэле Сан-Таразіо царквы Сан-Дзакарыя ў Венецыі (1442, з Франчэска да Фаэнцам), «Укрыжаванне з перадстаячымі» ў царкве Санта-Марыя дэльі Анджэлі (каля 1443), «Аплакванне Хрыста», «Тайная вячэра», «Укрыжаванне», «Палажэнне ў труну», «Уваскрэсенне», «Партрэты 9 знакамітых людзей» (Дантэ, Дж.Бакачыо, Петраркі і інш.; усе паміж 1445—57, цяпер у манастыры Сант-Апалонія, пераўтвораным у музей К.) у Фларэнцыі, «Вядомыя людзі» (каля 1450—51, з вілы Кардучы ў Леньяйі), партрэт мужчыны (каля 1455) і інш.
Андрэа дэль Кастаньё Сівіла Кумская. Фрэска цыкла «Вядомыя людзі» з вілы Кардучы ў Леньяйі. Фрагмент. Каля 1450—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РТРЭЙК (флам. Kortrijk),
Куртрэ (франц. Courtrai), горад на З Бельгіі, на р. Ліс. 76 тыс.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Прам-сць: тэкст. (ільняная і баваўняная), электронная, маш.-буд., гумавая, буд. матэрыялаў, мэблевая, паліграф.; вытв-сць карункаў, палатна «куртрэ», ювелірных вырабаў. Сусв. цэнтр гандлю лёнам. Біржа па продажы лёну. Музейвыяўл. мастацтваў. Арх. помнікі: гатычныя цэрквы (13—15 ст.), ратуша (15—16 ст.), жылыя дамы (17—18 ст.), мост на р. Ліс з вежамі (12 і 15 ст.). Цэнтр турызму.
Вядомы з 5 ст. З 7 ст. рэзідэнцыя фландрскіх бургграфаў. Гар. правы з 1190. 11.7.1302 каля К. адбылася вырашальная для вызвалення Фландрыі ад франц. панавання (з 1300) бітва паміж 4 тыс.франц. конных рыцараў і фландрскім пешым нар. апалчэннем. На месцы бою апалчэнцы сабралі 700 залатых шпор (адсюль другая назва — «бітва шпор»). За гэта ў 1382 франц. кароль Карл VI загадаў спаліць К. У познім сярэдневякоўі адзін з цэнтраў вырабу сукна. Горад моцна пацярпеў у 17 ст. ў выніку войнаў паміж Францыяй і Іспаніяй. У 19—20 ст. індустрыялізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЯ СПАСА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Пабудавана ў г. Заслаўе (Мінскі р-н) як кальвінскі збор, пазней вядома як касцёл св. Міхаіла-архангела, з 1840 Спаса-Праабражэнская царква. Размешчана на высокім узгорку, абкружаным ровам і высокім валам з 4 землянымі бастыёнамі па вуглах (гарадзішча «Вал»). Мае рысы стылю рэнесансу. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане храм пад высокім 2-схільным дахам; да яго прыбудавана 35-метровая вежа-званіца. Развіты атык, знадворны і ўнутр. парталы, гарыз. і верт. чляненні франтона і інш. надаюць невял. будынку манументальнасць. Сцены знадворку дэкарыраваны пілястрамі і руставанымі вугламі-выступамі. У інтэр’еры самкнутыя скляпенні на падпружных арках пераходзяць у пілястры з прафіляванымі капітэлямі і базамі. Над уваходам драўляныя хоры. Пад царквой 2-часткавая крыпта (пахавальня) з цыліндрычнымі скляпеннямі. Храм перабудоўваўся ў 1678 і 1865, рэстаўрыраваны ў 1968—72. Уваходзіць у Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік. У 1978—90 у будынку царквы размяшчаўся Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў. Храм перададзены праваслаўнай абшчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РА,
горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Нара. 354 тыс.ж. (1992). Прам-сць: станкабуд., эл.-тэхн., дрэваапр., харчасмакавая, трыкат., вытв-сцьмаст. вырабаў, цацак. Ун-т. Горад-музей, турысцкі цэнтр міжнар. значэння. Музеі: Ямата бункакан (мастацтва Японіі і Кітая), мастацкі (яп., кіт., кар.дэкар.-прыкладное мастацтва), Нац. гарадскі і інш.Арх. помнікі: манастырскія комплексы Якусідзі (пабудаваны ў 680, перанесены ў Н. ў 718), Кафукудзі (засн. ў 669, перанесены ў Н. ў 710, перабудаваны ў 12—13 ст.), Тадайдзі (743—752, перабудаваны ў 12, 17 і 18 ст.), Тасёдайдзі (засн. ў 759), Сін-Якусідзі (засн. ў 747) з храмамі і скульптурай. Імператарская скарбніца Сёсаін. Паблізу Н. будыйскі храмавы комплекс Харудзі (607), уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Горад засн. паблізу будыйскіх святынь. У 710—784 сталіца стараж. Японіі, яе гіст. і рэліг.цэнтр. Пасля пераносу ў 784 г. сталіцы ў г. Нагаока, а ў 794 у Хэян (цяпер Кіёта) страціла сваё значэнне. З 19 ст. турыстычны цэнтр. Штогод Н. наведвае каля 3 млн. турыстаў і паломнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БАЛЬ,
гарадскі пасёлак у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Обаль; чыг. станцыя на лініі Віцебск—Полацк, на аўтадарозе Віцебск—Полацк. За 23 км на З ад Шуміліна, 68 км ад Віцебска. 3,3 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў гіст. крыніцах у 1503 як сяло ў Полацкім ваяв.ВКЛ. Належала Зяновічам. З 1772 у Рас. імперыі. З пач. 19 ст. цэнтр Петрапаўлаўскай вол. Полацкага пав. Росту О. садзейнічала пабудова Рыга-Арлоўскай чыгункі (1886). У канцы 19 ст. ў О. царк.-прыходская школа, вадзяны млын, бровар, Обальская драўняна-хімічная мануфактура. З 1922 пачаў выпуск прадукцыі торфазавод. З 1924 О. — цэнтр сельсавета Сіроцінскага (з 1961 Шумілінскага) р-на. У Вял.Айч. вайну ў О. дзейнічала Обальскае камсамольскае падполле. У снеж. 1962 — ліп. 1966 О. у Полацкім р-не. З 30.9.1968 гар. пасёлак.
Обальскі керамічны завод, торфапрадпрыемства, лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, дзіцячы сад, Обальскага камсамольскага падполля музей, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну; магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам, помнік архітэктуры 19 ст. — сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬБАРК (Malbork),
горад у Польшчы, у Паморскім ваяводстве, у дэльце Віслы. 40 тыс; ж. (1993). Вузел чыгунак, прыстань на рукаве р. Ногат. Прам-сць: маш.-буд. (з-д вентылятараў), харч. (цукр., харч. канцэнтратаў, мясная, малочная), швейная, льноперапрацоўчая. Гатычны замак крыжакоў (13—14 ст., цяпер музей), на тэр. старога горада гатычны касцёл св. Яна (14—17 ст.), ратуша (14—15 ст.).
Каля 1274 крыжакі пачалі буд-ва замка Марыенбург (з 16 ст. паланізаваная назва — М.). Вакол замка ўзнікла паселішча, якое ў 1276 атрымала гар. правы. У 1309—1457 рэзідэнцыя вял. магістра ордэна і сталіца крыжацкай дзяржавы. Разбудова замка ў 14 ст. (адна з наймагутнейшых крэпасцей у Еўропе) паспрыяла прытоку рамеснікаў. Паводле Тарунскага міру 1466 далучаны да Польшчы, цэнтр ваяводства. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Прусіі. Эканам. развіццё М. звязана з буд-вам у 1855—57 чыгункі Берлін — Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград, Расія). Па выніках плебісцыту 1920 застаўся ў складзе Усх. Прусіі. У 2-ю сусв. вайну тут існаваў гітлераўскі канцлагер. З 1945 у складзе Польшчы, адбудаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕША́ВА́Р,
горад на Пн Пакістана, на р. Бара (прыток р. Кабул), каля Хайберскага перавалу. Адм. цэнтр Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі. Каля 1 млн.ж. (1999). Важны трансп. пункт на шашы, якая вядзе ў Афганістан. Чыг. станцыя, аэрапорт. Гандлёвы цэнтр с.-г. раёна. Тэкст., металаапр., харч.прам-сць. Рамёствы. 2 ун-ты. Музей. Культ. цэнтр пуштунаў (афганцаў).
Засн. ў 1-м тыс. да н.э. пад назвай Пурушапура. З 1 ст.н.э. сталіца Кушанскай дзяржавы, важны цэнтр будыйскай культуры. На мяжы 5—6 ст. зруйнаваны эфталітамі. Да 16 ст. не меў вял. значэння. Пры Вялікіх Маголах важны гандл. і стратэгічны пункт, атрымаў назву П. У 1738—47 пад уладай іран. шаха Надзір-шаха Афшара. У 1747—1818 у складзе Дуранійскай дзяржавы. У 1818—23 сталіца Пешаварскага княства, пазней увайшоў у дзяржаву сікхаў. У 1849 захоплены брыт. войскамі, з 1901 адм. ц.Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Брыт. Індыі. Жыхары П. ўдзельнічалі ў антыбрыт. паўстаннях (самае буйное ў 1930). У 1947—55 і пасля 1970 П. — адм. ц.Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Пакістана.