літаратурная арганізацыя, якая існавала ў 1925—32. Аформілася на 1-й Усесаюзнай канферэнцыі пралет. пісьменнікаў, уваходзіла ва Усесаюзную асацыяцыю пралет. пісьменнікаў (ВАПП), створаную ў 1924 на базе Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў (МАПП). Тэарэт. органам МАПП быў час. «На посту» (1923—25). Па яго назве кіраўнікі РАПП тагачасны літ. кірунак характарызавалі як напостаўскі. У сваёй дзейнасці напостаўцы дапусцілі шмат сур’ёзных памылак: камчванства, сектанцкія настроі, нігілістычныя адносіны да класічнай спадчыны, пагарда да пісьменнікаў, якія паходзілі з інтэлігенцыі, прэтэнзіі выступаць у л-ры ад імя партыі. Гэта было асуджана ў рэзалюцыі ЦК РКП(б) ад 18.6.1925 «Аб палітыцы партыі ў галіне мастацкай літаратуры».
У лют. 1926 у РАПП адбыўся раскол. Частка яго кіруючых дзеячаў (С.Родаў, Г.Лялевіч, І.Вардзін, А.Безыменскі) засталася на ранейшых пазіцыях, а большасць (Л.Авербах, Ю.Лібядзінскі, Дз.Фурманаў, У.Кіршон) прыняла рэзалюцыю ЦК РКП(б) як праграмны дакумент. Праз пэўны час у апошнюю групу ўліліся А.Фадзееў, У.Ярмілаў, А.Селіваноўскі і інш.Тэарэт. органам РАПП стаў час. «На литературном посту» (1926—32).
У літ. дыскусіях канца 1920-х г. з групай «Перавал», са школай В.Пераверзева і інш. рапаўская крытыка выступала супраць прыніжэння ролі светапогляду ў маст. працэсе, аднак пры гэтым наклейвала паліт. ярлыкі, з вульгарызатарскіх пазіцый ацэньвала творчасць М.Горкага, У.Маякоўскага, А.Талстога, М.Шолахава і інш.
На 1-м Усесаюзным з’ездзе пралет. пісьменнікаў (крас. — май 1928) структура ВААПП рэарганізавана. Замест Усесаюзнай асацыяцыі створана Усесаюзнае аб’яднанне асацыяцый пралет. пісьменнікаў (ВААПП), што спрыяла пэўнаму павароту РАПП да масавага літ. руху. РАПП перагледзела некат. ранейшыя ўстаноўкі, але новай канструктыўнай праграмы не выпрацавала. Па-ранейшаму кіруючыя вярхі РАПП і іх паслядоўнікі ў асацыяцыях нац. рэспублік, у т. л. ў Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, беспадстаўна прэтэндавалі на вядучае становішча ў л-ры, выхаваўчую работу падмянялі голым адміністраваннем, тактыкай літ. каманды. Яны насаджалі дагматызм, стваралі атмасферу падазронасці, недаверу, распальвалі варожасць паміж пісьменнікамі пралет. і непралет. паходжання, абвяшчалі паліт. лозунгі, якія дэзарыентавалі пісьменнікаў (лозунгі «адзям’яньвання», «арабочвання»). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦКВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» (23.4.1932).
Літ.:
Шешуков С. Неистовые ревнители: Из истории лит. борьбы 20-х гг.М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ДКІ ІЕГО́ВЫ, іегавісты,
адна з позніх плыняў пратэстантызму. Засн. ў ЗША Ч.Т.Раселам, які ў 1870 арганізаваў групу па вывучэнні Бібліі (адсюль назва «С.І.» — даследчыкі Свяшчэннага Пісання). З 1931 афіц. назва С.І.; іх дзейнасць зафіксавана ў 232 краінах (больш за 5 млн.чал.). Сусв. цэнтр у Брукліне (раён Нью-Йорка). У веравучэнні С.І. запазычаны некат. дактрыны адвентыстаў 7-га дня (спачатку Расел быў адвентыстам). Некат. даследчыкі лічаць, што папярэдніцай С.І. была рас. секта іегавістаў М.С.Ільіна (1809—90; вучыўся ў школе пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе пазнаёміўся з зах. тэалогіяй). Для С.І. характэрны спецыфічны падыход да традыц. хрысціянскай дагматыкі: адмаўленне бессмяротнасці душы і веры ў існаванне раю і пекла, своеасаблівая трактоўка Тройцы. Крыніцай усяго жывога і існага, усемагутным і адвечным творцам лічаць Бога Іегову, а Ісуса Хрыста — яго адзінародным сынам, створаным непасрэдна Іеговай. Гісторыю грамадства яны разглядаюць як барацьбу паміж Іеговай і Сатаной, якая павінна завяршыцца бітвай — Армагедонам. Праведнікі — С.І. (144 тыс. выбраннікаў) знойдуць вечнае жыццё ў тэакратычнай дзяржаве Іеговы — раі на Зямлі, астатнія загінуць у бітве. У С.І. няма царк. іерархіі, кожны вернік можа быць прапаведнікам. Афіц.рэліг. свята адно — святкаванне штогод Вечарыны ўспамінаў аб смерці Ісуса Хрыста, на якой адбываецца прычашчэнне хлебам і віном. Словы Ісуса пра тое, што яго вучні павінны быць «не гэтага свету», трактуецца С.І. літаральна, што вядзе да іх самаізаляцыі ў грамадскім жыцці і нярэдка да канфлікту з уладамі з-за адмовы служыць у арміі, удзельнічаць у выбарах і інш. С.І. вядуць актыўную місіянерскую дзейнасць. На Беларусі першае т-ва даследчыкаў Свяшчэннага Пісання зафіксавана ў 1925 у Брэсцкім пав. Паводле афіц. звестак польскіх улад, у 1929 у Палескім ваяв. былі 2 групы іегавістаў (87 чал.). У Зах. Беларусі распаўсюджваліся іегавісцкія выданні: час. «Башня стражи» (пазней «Сторожевая башня»), кнігі іх тагачаснага кіраўніцтва І.Ф.Рутэрфорда «Арфа Божая», «Ці могуць жывыя гаварыць з памерлымі?», «Пажаданы ўрад», «Фотадрама тварэння» і інш. У сав. час дзейнасць іегавісцкіх груп і абшчын была забаронена, з 1990-х г. легалізавана. На Беларусі існуе Рэсп.аб’яднанне С.І. (2000), якое складаецца з 21 абшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТО́ЛІН,
горад, цэнтр Столінскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. На аўтадарозе Пінск—Давыд-Гарадок, за 7 км ад чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна), за 245 км на У ад Брэста. 12,5 тыс.ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка ў Пінскім пав. Берасцейскага ваяв. Прыватнае ўладанне з драўляным замкам, належала Саламярэцкім, Вішнявецкім, Пацеям, Солтанам, Скірмунтам, Стахоўскім і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 С. узялі і спалілі казакі І.Залатарэнкі. Пры вызваленні войскамі ВКЛ Пагарыння на подступах да С. адбылася няўдалая для іх бітва. Пасля гэтых падзей замак прыйшоў у заняпад У 1792—93 цэнтр Запінскага пав. Берасцейскага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пінскага пав. Мінскай губ. У 1897 у С. 3,3 тыс.ж., 250 двароў, пач. вучылішча, бровар, смалакурня. З 1921 у складзе Польшчы, горад, цэнтр гміны ў Лунінецкім пав. Палескага ваяв., 4763 ж.; з 1922 цэнтр Столінскага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Столінскага раёна Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл. У Вял.Айч. вайну з 12.7.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 9309 чал. У студз. 1944 партызаны брыгады «Савецкая Беларусь» і атрадаў злучэння С.А.Каўпака разграмілі ў С. ням.-фаш. гарнізон. У 1970—7,1 тыс. жыхароў.
Працуюць: масласырзавод, хлебазавод, ф-ка кухоннай мэблі, 2 перасоўныя механіз. калоны, дарожная рамонтна-буд. калона, дарожна-буд. ўпраўленне, «Сельгасхімія», прадпрыемства меліярацыйных сетак і інш.; Столінскі аграрна-эканамічны каледж, ПТВ-164, гімназія, 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, Дом культуры, Дом рамёстваў, 2 б-кі, раённае тэр.мед.аб’яднанне, Столінскі краязнаўчы музей. Правасл. царква, царква хрысціян веры евангельскай. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму, магіла ахвяр фашызму. Мемарыял памяці воінаў-вызваліцеляў і землякоў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі: Вызвалення, землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Свята-Узнясенская царква (1-я пал. 20 ст.), будынак сінагогі (1792). На паўд.-ўсх. ускраіне Столінская сядзіба «Манькавічы».
Комплекс будынкаў аграрна-эканамічнага каледжа ў г.Столін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЕНАВЫ́Х МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці буд. матэрыялаў па выпуску вырабаў, якія выкарыстоўваюцца пры ўзвядзенні сцен будынкаў. Уключае прадпрыемствы па вытв-сці сценавых, абліцовачных і аддзелачных матэрыялаў, вырабаў і канструкцый, асабліва бетонных і жалезабетонных, цэглы для ўзвядзення будынкаў і збудаванняў. З развіццём прадукцыйных сіл адасобілася ў самастойную галіну цяжкай індустрыі. Сканцэнтравана ў межах буд. індустрыі, усе яе галіны цесна ўзаемазвязаны і ўтвараюць спецыфічныя індустр.-буд. тэр. спалучэнні. У капітальным буд-ве найб. пашыраны каменныя сценавыя матэрыялы, якія звычайна падзяляюцца на драбнаштучныя, што ўкладваюцца ўручную [гліняная і сілікатная цэгла, керамічныя шматпустотныя бетонныя і шлакабетонныя камяні, пілаваныя камяні з лёгкіх горных парод (туф, вапняк)], і буйнапамерныя (блокі са звычайнага, лёгкага або сілікатнага бетону, сценавыя панэлі). Пры буд-ве сцен малапавярховых будынкаў, часовых пабудоў і інш. выкарыстоўваюцца танныя мясц. матэрыялы. Размяшчэнне С.м.п. арыентуецца на крыніцы прыроднай сыравіны і раёны капітальнага буд-ва. Адносна лёгкія ўмовы здабычы і высокае ўтрыманне кампанентаў робіць мінер.-буд. сыравіну даволі таннай, яна, як правіла, не патрабуе папярэдняга абагачэння. Многія сценавыя матэрыялы (жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, цэгла і інш.) маюць параўнальна невысокі кошт і вял. аб’ёмную вагу і з-за гэтага — нізкую транспартабельнасць, меншую, чым зыходная сыравіна. Неабходнасць скарачэння трансп. выдаткаў патрабуе набліжэння С.м.п. да месцаў спажывання.
У дарэв. Беларусі асн. сценавым матэрыялам была цэгла, якую выраблялі на малых з-дах. Найбольшыя цагельні дзейнічалі ў Мінску, адносна буйныя — у Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, невялікія — у Бабруйску, Полацку, Лідзе, Оршы, Рагачове, Кобрыне. У 1913 выраблена 58 млн. штук цэглы. У 1920—30-я г. цагельні рэканструяваны, пабудаваны новыя з-ды па выпуску глінянай і сілікатнай цэглы, з’явіліся вытв-сці і тэхналогіі, якіх раней не было (выпуск арміраваных пенасілікатных і сілікатабетонных блокаў і панэлей, сценавых аглапарытавых панэлей і інш.). Склалася спецыялізацыя асобных прадпрыемстваў галіны. Буйныя прадпрыемствы засяроджаны ў Мінску і абл. цэнтрах, Салігорску, Оршы, Клімавічах, Смаргоні і інш. У 2000 С.м.п. вырабіла 0,8 млрд. штук цэглы, 1,7 млн.м³ зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў, 0,1 млрд. штук умоўных блокаў, 8,9 млн.м² керамічнай пліткі і інш. Цэглу вырабляюць больш як на 200 прадпрыемствах, з іх асноўныя: Брэсцкі, Віцебскі, Гарынскі, Гродзенскі, Клімавіцкі, Мінскі, Полацкі камбінаты буд. матэрыялаў, Мінскі, Магілёўскі, Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, аб’яднанне «Смаргоньсілікатабетон», Обальскі керамічны завод і інш.Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́НІЯ ЦАРКО́ЎНАЯ,
аб’яднанне 2 або некалькіх цэркваў на ўмовах вяршэнства дагматыкі адной з іх і пры захаванні іншымі своеасаблівасцей у абраднасці. Уніі заключаліся пераважна рымска-каталіцкай царквой з праваслаўнай, а таксама са стараж.ўсх. (нехалкідонскімі) цэрквамі з мэтай падначаліць іх уладзе пап. Пры гэтым сцвярджалася, што т.ч. аднаўляецца былое адзінства ўсяленскай хрысц. царквы. З 13 ст.візант. імператары імкнуліся пайсці на У.ц. з папствам, каб атрымаць яго дапамогу ў барацьбе супраць туркаў. Рымскія папы двойчы спрабавалі заключыць У.ц. з Канстанцінопальскім патрыярхатам: у 1274 была падпісана Ліёнская У.ц. (не падтрымана большасцю духавенства і народа Візантыі, асуджана Канстанцінопальскім саборам 1285), у 1439 — Фларэнційская унія 1439 (адхілена Іерусалімскім 1443 і наступнымі царк. саборамі; у ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве яе беспаспяхова імкнуліся ўвесці мітрапаліты Ісідор і Грыгорый Балгарын). У 1596 рымска-каталіцкая царква падпісала з правасл. царквой Рэчы Паспалітай Брэсцкую унію 1596 (гл. таксама Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква). У 17 ст. ў тагачаснай Венгрыі з мясц.правасл. царквой была заключана Ужгарадская унія 1646, якая напачатку дзейнічала на тэр. Закарпацця і Славакіі, а ў 1699 пашырана на правасл. насельніцтва Альба-Юлійскай епархіі Трансільваніі (цяпер у Румыніі). Наступная Трансільванская унія 1760, заключаная па ініцыятыве аўстрыйскіх улад, ахапіла ўжо большую частку гэтай тэрыторыі. У.ц. былі падпісаны папствам і з некат. стараж.ўсх. цэрквамі, у выніку чаго створаны уніяцкія цэрквы халдзейскага (у Іраку), мараніцкага (у Ліване і Сірыі), армянскага (на чале з патрыярхам кілікійскім у Турцыі), сірыйскага, копцкага (у Егіпце) абрадаў. Ідэя У.ц. была выкарыстана і Рускай праваслаўнай царквой у дачыненні да прыхільнікаў стараверства: у 1800 аформлена адзінаверства — кірунак, прыхільнікі якога падначальваліся Сіноду, але службу ім дазвалялася выконваць паводле старых абрадаў.
Літ.:
Зноско К. Исторический очерк церковной унии, ее происхождение и характер. М., 1993;
Макарий (Булгаков М.П.). История Русской церкви. Кн. 5. М., 1996;
Марозава С.В. Уніяцкая царква ў культурна-гістарычным развіцці Беларусі (1596—1839 гг.). Гродна, 1996;
Molnar I. Mniejszość religijna czy religia mniejszosci? Grekokatolicy na ziemiach polskich i na Węgrzech // Unia brzeska: geneza, dzieje i konsekwencje w kulturze narodow słowianskich. Krakow, 1994;
Mironowicz A. Unia użhorodska i jej następstwa w dawnym Krolestwie węgierskim // Przegłąd Kresowy. Białystok, 1996. N. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУНІ́С, Туніская Рэспубліка (араб. Аль-Джумхурыя ат-Тунісія),
дзяржава ў Паўн. Афрыцы. Мяжуе на З з Алжырам, на ПдУ — з Лівіяй; на Пн і У абмываецца Міжземным м.Пл. 163,6 тыс.км². Нас. 9593 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Туніс. Падзяляецца на 20 вілаетаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 сак.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1959 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым і тайным галасаваннем на 5 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе Палата дэпутатаў (аднапалатны парламент, 163 дэпутаты), якая выбіраецца на 5 гадоў.
Прырода. Пераважае раўнінны рэльеф. Каля 30% тэр. занята гарамі Атласа і міжгорнымі плато. Найвыш. пункт — г. Шамбі (1544 м). На Пд ад гор — Туніская нізіна і Туніскі Сахель (ускраіна Сахары). Ёсць радовішчы нафты (690 млн.т) і прыроднага газу (460 млрд.м³), фасфарытаў (1,2 млрд.т), жал. і марганцавых руд, барыту, флюарыту, каменнай солі і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. На Пн сярэдняя т-растудз. 10 °C, ліп. 26 °C; на Пд адпаведна 21 °C і 35 °C. Ападкаў за год ад 600—1000 мм на Пн у гарах да 150—200 мм на Пд. Гал. рака Меджэрда. На раўнінах пераважае травяністая расліннасць сухіх стэпаў, паўпустынь і пустынь з палынамі і ксерафітнымі злакамі, у гарах месцамі лясы (4% пл. краіны) з коркавага і каменнага дуба, альпійскай хвоі, у аазісах — фінікавая пальма, аліўкавыя дрэвы, сады. Для жывёльнага свету характэрны дробныя драпежнікі (шакал, дзікі кот, фенек), грызуны. Шмат пералётных птушак, змей. Нац. паркі — Ашкёль, Бу-Хедма, ёсць лясныя заказнікі і рэзерваты.
Насельніцтва. Каля 97% — арабы і блізкія да іх берберы. Жывуць таксама арабы з суседніх краін, французы, італьянцы, яўрэі і інш. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост — 1,2%. Сярэдняя шчыльн. 58,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены паўн. і паўн.-ўсх. часткі ўзбярэжжа і в-аў Джэрба. Гар. насельніцтва 63% (2000). Найб. гарады (2000, тыс.ж.): Туніс — каля 1000, Сфакс — 266, Сус — 172, Кайруан — 116. У сельскай гаспадарцы занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 23%, у сферы паслуг — 52%.
Гісторыя. Тэрыторыя Т. заселена чалавекам з часоў палеаліту. Найб.стараж. насельніцтва Т. (з вядомых) — плямёны бербераў. У 9 ст. да н.э. фінікійцы заснавалі тут г.Карфаген, які стаў цэнтрам вял. міжземнаморскай дзяржавы. У 146 да н.э. Карфаген зруйнаваны рымлянамі, яго землі ўключаны ў склад рым. правінцыі Афрыка. Пры імператару Аўгусце Карфаген адбудаваны (з 29 да н.э.), а прав. Афрыка ў 1-я ст.н.э. адыгрывала важную ролю ў жыцці Рым. імперыі. У 439 н.э. ўладу над тэр. Т. ўсталявалі вандалы, у 533 — візантыйцы. У сярэдзіне 7 ст. тут з’явіліся арабы, якія заснавалі ў 670 г. Кайруан — базу для далейшага заваявання Магрыба, а ў 698 авалодалі Карфагенам. З прыходам арабаў пашырыўся іслам і адбылася арабізацыя мясц. насельніцтва. Т. уваходзіў у склад халіфатаў Амеядаў і Абасідаў. З 800 тут умацавалася фактычна незалежная дынастыя Аглабідаў. У 10—16 ст.тэр. Т. пад уладай Фатымідаў, Альмахадаў і Хафсідаў. У 1535 Карфаген захоплены іспанцамі; у 1573 іх выгналі туркі і ператварылі Т. у правінцыю Асманскай імперыі. У 1704 тур. губернатар (бей) Хусейн бен Алі абвясціў сябе спадчынным правіцелем Т.; дынастыя яго нашчадкаў Хусейнідаў правіла тут да 1957. У 1881 Францыя акупіравала Т. і абвясціла яго сваім пратэктаратам. З пач. 20 ст. пачаў фарміравацца нац.-вызв. рух, у 1907 створана партыя младатунісцаў. Пасля 1-й сусв. вайны створана партыя Дустур (Канстытуцыйная партыя), у 1934 — Новы Дустур (НД) на чале з Х.Бургібам. НД узначаліў барацьбу за незалежнасць краіны. 3.6.1955 Т. атрымаў унутр. самакіраванне, 20.3.1956 абвешчана незалежнасць Т.
25.7.1957 парламент выказаўся за скасаванне манархіі і абвясціў Т. рэспублікай; яе 1-м прэзідэнтам стаў Бургіба. У 1964 НД рэарганізаваны ў Сацыяліст. дустураўскую партыю (СДП, з 1988 Дэмакр. канстытуцыйнае аб’яднанне). Урад СДП ажыццяўляў палітыку супрацоўніцтва з краінамі Захаду, але пры цесным узаемадзеянні з інш.араб. краінамі. Пасля падпісання Егіптам Кэмп-дэвідскіх пагадненняў 1978 у Т. перанесена (да 1990) штаб-кватэра Лігі арабскіх дзяржаў. У 1975 Бургіба абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам. Адначасова з пач. 1980-х г. пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, побач з СДП дазволены інш.паліт. партыі. У ліст. 1987 Бургіба адхілены ад улады. Прэзідэнтам Т. стаў (перавыбраны ў 1989 і 1994) прэм’ер-міністр Зін аль-Абідзін Бен Алі, які рабіў захады па дэмакратызацыі сістэмы кіравання краінай, у 1999 перамог на Першых альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах. У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Дэмакр. канстытуцыйнае аб’яднанне, Рух дэмакратаў-сацыялістаў. Партыя нар. адзінства, Рух аднаўлення і інш. Адзінае прафс.аб’яднанне — Усеагульнае туніскае аб’яднанне працы. Т. — чл.ААН (з 1956), Лігі араб. дзяржаў, Афр. саюза, Дыпламат. адносіны паміж Т. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў студз. 1997.
Гаспадарка. Т. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, пераважна аграрная, з адносна развітой прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 6360 дол. за год (2000). 28% яго дае прам-сць, 13% — сельская гаспадарка, 59% — сфера паслуг. Вядучая галіна прам-сці горназдабыўная. Здабываюць нафту (каля 4 млн.т штогод, пераважна на Пд), фасфарыты (8,3 млн.т), жал. руду (183,3 тыс.т) і інш. У 1999 вытв-сць электраэнергіі склала 9,5 млрд.кВт∙гадз. 99,5% атрымліваюць на ЦЭС, 0,5% — на ГЭС на р. Меджэрда. Апрацоўчая прам-сць канцэнтруецца на ПнУ. Хім.прам-сць заснавана на выкарыстанні фасфарытаў. З-ды па вытв-сці суперфасфатаў і сернай кіслаты ў Сфаксе, Ганушы, Джэбель-Джэмлудзе; па вытв-сці фосфарнай кіслаты, амафосу, аміячнай салетры і фторыстага амонію — у раёне Габеса. Развіта металургічная (г. Туніс) і нафтаперапр. (г. Бізерта) прам-сць. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць аўтакараў, грузавых аўтамашын, тэлевізараў, халадзільнікаў; у прам-сці буд. матэрыялаў — вытв-сць цэменту (каля 5,6 млн.т штогод), вапны, гіпсу. Ёсць прадпрыемствы тэкст. і гарбарна-абутковай прам-сці. Вытв-сць абутку 61 млн. пар (2000). Харч.прам-сць працуе на ўнутр. рынак. У 2000 атрымана: пастэрызаванага малака 3243 тыс. гекталітраў, мукі 745 тыс.т, аліўкавага алею 225 тыс.т, віна 400 тыс. гекталітраў, піва 1065 тыс. гекталітраў, тытуню 12,8 тыс.т. У г. Касерын дзейнічае з-д па перапрацоўцы травы альфа. Саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, керамікі і інш. Сельская гаспадарка на 80% забяспечвае краіну прадуктамі харчавання, 90% с.-г. угоддзяў належыць прыватнаму сектару. Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваецца каля 8,1 млн.га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 3 млн.га, пад шматгадовымі насаджэннямі каля 2 млн.га, пад пашай каля 3,1 млн.га. Вырошчваюць (2000, тыс.т): пшаніцу — 842, ячмень — 241, памідоры — 950, бахчавыя культуры — 345, бульбу — 290, перац — 207, бабовыя — 42, цукр. буракі — 20,7, тытунь і інш. Са шматгадовых культур найб. значэнне маюць (2000, тыс.т): аліўкі — 1125, цытрусавыя — 225,5, вінаград — 125, фінікі — 105. Збор дзікарослай і вырошчванне акультуранай травы альфа — 50,6 тыс.т, нарыхтоўка кары коркавага дубу — 6,5 тыс.т (2000). Жывёлагадоўля малапрадукцыйная, мае экстэнсіўны характар, выкарыстоўвае абшары паўпустынь і сухіх стэпаў. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 0,8, авечак — 6,6, коз — 1,3. Гадуюць таксама коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—37 млн. курэй). Развіта марское рыбалоўства (у 2000 вылаўлена 51,4 тыс.т рыбы). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (2000, тыс.км): чыгункі — 1,8, аўтадарог — 33. Сетка нафта- і газаправодаў. Асн. марскія парты: г. Туніс з аванпортам Хальк-эль-Уэд, Сфакс, Бізерта, Габес, Сус. Міжнар. аэрапорты ў гарадах Туніс, Манастыр, Таўзар, на в-ве Джэрба. У 1999 экспарт склаў 5,8 млрд.дол., імпарт — 8,3 млрд.дол. Т. экспартуе нафту, тэкстыль, фасфаты, сельгаспрадукцыю, імпартуе абсталяванне, машыны, спажывецкія тавары, збожжа. Асн. партнёрамі з’яўляюцца члены ЕС (70% імпарту і 75% экспарту), асабліва Францыя, Італія, Германія, Іспанія, Бельгія. Т. — адна з развітых турысцкіх краін Міжземнамор’я. Штогод яе наведвае больш за 4 млн. замежных турыстаў. Турызм прыносіць штогод каля 1,5 млрд.дол. даходу. Грашовая адзінка — туніскі дынар.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі на тэр. Т. адносяцца да каспійскай культуры, эпохі палеаліту: наскальныя выявы жывёл, людзей і сцэн палявання. Вядомы неалітычныя дальмены, кераміка і пасудзіны са шкарлупіны страусавых яек з прадрапаным узорам. У 1-м тыс. да н.э. аўтахтонныя лівійскія плямёны жылі ў каменных прамавугольных жытлах (гурбі), разборных авальных хацінах (мапалія) з галін і цыновак, невял. крэпасцях. З 12 ст. да н.э. паслядоўна змяняліся маст. культуры: пунічная (маўзалей Атэбана ў г. Дуга, некропалі, надмагільныя стэлы, тэракотавыя статуэткі, шкляны посуд), рым. (рэшткі рэгулярна спланаваных гарадоў з форумамі, храмамі, тэатрамі, трыумфальнымі аркамі), візантыйская. У рым. і візант. перыяд росквіту дасягнула мастацтва мазаікі. З пашырэннем ісламу (7 ст.) развівалася араб. культура. Архітэктура фарміравалася на аснове спалучэння традыцый Б.Усходу і рым. дойлідства, пабудовы вылучаліся цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі. Вакол умацаваных рабатаў (замкаў) будаваліся гарады, абнесеныя магутнымі сценамі з цытадэллю-касбай, мячэцямі (Сіды Окба ў Кайруане), квадратнымі ў плане мінарэтамі. Палацы ўпрыгожвалі разьбой па стука, падлогавай мазаікай і геам. ўзорамі. У 11—15 ст. склалася адна са школ маўрытанскага стылю. У 16—19 ст. мастацтва Т. развівалася пад уплывам тур. і часткова зах.-еўрап. культур. Дэкар.-прыкладному мастацтву сярэдневяковага Т. ўласцівы разьба па стука, выраб маст. керамікі і шкла, строгіх па форме ювелірных упрыгожанняў, дываноў, зброі, інкруставанай серабром і золатам. Нар. жыллё — пераважна дамы з унутр. дварамі, плоскім бэлечным дахам або каменнымі скляпеннямі, на Пд — выкапаныя ў грунце памяшканні вакол дворыка; існуюць і пабудаваныя пад зямлёй мячэці. З 19 ст. да 1950-х г. будаўніцтва вялі пераважна франц. архітэктары (Б.Зерфюс і інш.), мастацтва было прадстаўлена творчасцю еўрап. жывапісцаў і графікаў. Ажыццяўляліся міжнар.арх. праекты: комплекс універсітэтаў у Тунісе (1966, арх. Зерфюс, В.Гропіус), Алімпійскі комплекс (1960-я г., арх. Н.Паскалеў). Сярод мастакоў-тунісцаў: Б.Дахак, Х. аль-Мекі, Х.Сельмі, З.Туркі, Я.Туркі, А.Фархат; архітэктараў — Х.Амара, О.К.Какуб і інш. Развіваецца стандартная еўрап. забудова гарадоў. Асн. віды сучаснага дэкар.-прыкладнога мастацтва — дыванаткацтва, вышыўка, пляценне карункаў, ювелірная справа, кераміка, чаканка і інкрустацыя па метале.
Літ.:
Дашкевич В.К. Из истории национально-освободительной борьбы тунисского народа. Мн., 1960;
Иванов Н.А. Кризис французского протектората в Тунисе, 1918—1939 гг.М., 1971;
Гура В.К. Особенности социально-экономического развития Туниса и Марокко, 50—70-е гг. Киев. 1982.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Туніса.Краявід на паўночным узбярэжжы Туніса.Да арт.Туніс. Вялікая мячэць у г. Кайруан.Туніс. Стары горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,
вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл.Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.
У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.
Літ.:
Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;
Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;
Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;
Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.
масавая легальная рэв.-дэмакр.нац.-вызв.арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў 1925—27. Арганізавана ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту з мэтай вызвалення Зах. Беларусі з-пад улады Польшчы. Дзейнасць БСРГ узначальваў ЦК. Старшыня ЦК Б.А.Тарашкевіч, нам. старшыні С.А.Рак-Міхайлоўскі, чл. П.П.Валошын і П.В.Мятла; кіраўнік Цэнтр. сакратарыята БСРГ М.Т.Бурсевіч, нам. сакратара В.Макоўскі, паліт. рэдактар газет Я.С.Бабровіч. Праграма БСРГ (прынята 12.5.1926) змяшчала асн.дэмакр. і асобныя сацыяліст. патрабаванні: самавызначэнне Зах. Беларусі і аб’яднанне ўсіх бел. зямель у рэспубліку сялян і рабочых (уз’яднанне з БССР); стварэнне сял.-рабочага ўрада; устанаўленне дэмакр. свабод; канфіскацыя памешчыцкіх і царк. зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва; устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня; увядзенне рабочага кантролю ў вытворчасці, развіццё спажывецкай, вытв. і крэдытнай кааперацыі; нац. роўнасць і навучанне на роднай мове; свабода сумлення і інш.Гал. сродкам сац. і нац. вызвалення працоўных БСРГ лічыла адкрытую барацьбу нар. мас з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочага класа і прац. сялянства. БСРГ супрацоўнічала з рэв.-дэмакр. партыяй польскіх сялян (гл.Незалежная сялянская партыя), укр.рэв.-дэмакр. арг-цыяй «Сельроб». 24.6.1925 дэпутаты польск. сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з бел.нац. фракцыі сейма (гл.Беларускі пасольскі клуб) і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасцю, яны разгарнулі актыўную дзейнасць па стварэнні масавай арг-цыі працоўных для барацьбы супраць сац. і нац. прыгнёту. У студз. 1927 больш за 2 тыс. гурткоў БСРГ аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў. Дзейнічала 18 павятовых к-таў БСРГ. ЦКБСРГ выдаваў газ.«Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Народны звон», сатыр.час.«Маланка». Пад уплывам грамады актывізавалі работу прагрэсіўная культ.-асв. арганізацыя Таварыства беларускай школы, бел. выдавецкае, навук. і дабрачыннае т-вы, Беларускі студэнцкі саюз. У выніку дзейнасці КПЗБ і грамады ў 1926 у Зах. Беларусі пачаўся ўздым масавага рэв. і нац.-вызв. руху, у якім у канцы 1926 — пач. 1927 наспявалі элементы рэв. сітуацыі. 21.3.1927 БСРГ афіцыйна забаронена польскімі ўладамі. Больш за 400 яе кіраўнікоў і актывістаў аддадзены пад суд.
Літ.:
Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада. Мн., 1928;
Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая грамада Мн., 1967.
У.А.Палуян.
Паштоўка з партрэтамі арыштаваных у студзені 1927 уладамі Польшчы лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады П.Мятлы, П.Валошына, Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага і дзеяча Незалежнай сялянскай партыі Ф.Галавача. 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ (БХД), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА),
клерыкальная дэмакратычная бел.нац. партыя. Засн. ў маі 1917 у Петраградзе, дзейнічала на тэр.Зах. Беларусі да 1940. Да сярэдзіны 1920-х г.наз. Хрысціянская дэмакр. злучнасць (ХДЗ). Заснавальнікі і гал. ідэолагі БХД — бел. ксяндзы Ф.Абрантовіч, Л.Хвецка, А.Станкевіч, В.Гадлеўскі, Ф.Будзька, А.Зязюля (А.С.Астрамовіч), К.Сваяк (К.Стаповіч) і інш. Друкаваны орган — газ.«Беларуская крыніца». Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-паліт. дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. Як актыўны ўдзельнік Беларускага нацыянальнага камітэта, а потым і Вялікай беларускай рады ХДЗ-БХД падтрымлівала Часовы ўрад А.Ф.Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да сав. улады. На думку Станкевіча, «палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай». У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця бел. нацыі, адмаўленне класавай барацьбы. Усе 5 праграм партыі, пачынаючы з 1920, адстойвалі асновы дэмакр. ладу, у т. л. прыватную ўласнасць. З 2-й пал. 1920-х г. БХД узяла курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-паліт. арг-цыю на грунце агульнахрысц. ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы на БНА. Аднак змена назвы партыі не мяняла яе сутнасці, а павінна была падкрэсліць незалежнасць ад кліру і прэтэнзію на аднаасобнае паліт. прадстаўніцтва бел. народа. Гал.паліт. мэту бачыла ў тым, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы эксплуатацыі адных другімі, забяспечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян». Выступала за самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, перадачу зямлі ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школах, супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, «дыктатуры капіталізму, фашызму і камунізму» і інш. З мэтай пашырэння сац. базы партыі ў чэрв. 1926 у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры як філіял БХД. Кіраўнікі БХД-БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦККПЗБ пра стварэнне адзінага фронту барацьбы супраць польскіх улад, аднак удзельнічалі ў сумесных акцыях барацьбы за школу на роднай мове. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР многія члены партыі былі рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ЎКРАІ́НСКАГА І БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДАЎ 1648—54,
вайна за вызваленне з-пад польскага панавання, супраць феад.-прыгоннага ўціску. На Украіне з канца 16 ст. неаднойчы ўзнікалі сял.-казацкія паўстанні: К.Касінскага (1591—93), Жмайлы (1625), Федаровіча (1630), П.Паўлюка (1637), Я.Астраніна (1638). Пачаткам вызв. вайны стала паўстанне ў Сечы Запарожскай на чале з Б.Хмяльніцкім у студз. 1648. У крас. 1648 Хмяльніцкі рушыў сваёй 2-тысячнае войска на Правабярэжную Украіну. Супраць паўстанцаў выступіў вял. каронны гетман М.Патоцкі. Рэестравыя казакі, якія знаходзіліся ў складзе яго войска, перайшлі на бок паўстанцаў. Польскі авангард быў разбіты каля Жоўтых Вод (15—16 мая), гал. сілы — у Корсунскай бітве 1648, а Патоцкі і польны гетман М.Каліноўскі трапілі ў палон. Гэта стала сігналам да ўсеагульнага паўстання. У чэрв.—ліп. 1648 паўстанцкія атрады на чале з М.Крываносам і І.Ганжой вызвалілі Брацлаўшчыну. На дапамогу паўстанцам Беларусі былі пасланы атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, М.Крычэўскім, М.Нябабам, І.Галотам і інш. (пра падзеі на Беларусі больш падрабязна гл. ў арт.Антыфеадальная вайна 1648—51). Гал. сілай у вайне было сялянства, якое змагалася за знішчэнне феад. і нац. прыгнёту. Кіраўніцтва барацьбой ажыццяўлялі казацкая старшына і дробная ўкр. шляхта, якія імкнуліся абмежаваць рух мэтамі нац. вызвалення і захаваць феад. парадкі. Гэта выклікала вострыя супярэчнасці ў стане сял.-казацкіх войск. Перамога паўстанцаў пад Піляўцамі і асада ў кастр. 1648 г. Замосця вымусілі польск. караля Яна II Казіміра заключыць з Хмяльніцкім перамір’е. Сял.-казацкае войска адышло на Прыдняпроўе, а 2.1.1649 урачыста ўступіла ў Кіеў. Асцерагаючыся наступлення польск. войск, Хмяльніцкі накіраваў у Маскву паслоў з просьбай прыняць Украіну ў склад Рас. дзяржавы, якая пачала аказваць Украіне ваен., эканам. і дыпламат. дапамогу. Імклівае наступленне войск Хмяльніцкага вымусіла польск. войскі адступіць, у Збораўскай бітве 1649 яны былі разгромлены. І толькі здрада крымскага хана, з якім раней быў заключаны саюз, прымусіла Хмяльніцкага спыніць ваен. дзеянні і заключыць Збораўскі дагавор 1649, паводле якога Польшча траціла ўплыў на Украіну. У пач. 1651 польск. армія зноў уварвалася на Украіну і ў бітве каля Берасцечка сял.-казацкае войска пацярпела паражэнне. Хмяльніцкі вымушаны быў заключыць Белацаркоўскі дагавор 1651, які пагоршыў становішча Украіны. Казацкія атрады былі выведзены з Беларусі, і вайна на яе тэр. скончылася. Вясной 1652 на Украіне ваен. дзеянні аднавіліся і працягваліся з пераменным поспехам. Хмяльніцкі накіраваў у Маскву новае пасольства, каб паскорыць аб’яднанне з Расіяй. Земскі сабор 11.10.1653 прыняў рашэнне аб далучэнні ўкр. зямель. Гэты гіст. акт замацавала Пераяслаўская рада 1654.