ФАНЕРАФІ́ТЫ (ад грэч. phaneros яўны, адкрыты + ...фіт),

расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення размешчаны высока над паверхняй зямлі і працягваюць рост пасля неспрыяльнага перыяду года; адна з жыццёвых форм раслін. Растуць пераважна ў зонах з мяккім кліматам. Да Ф. належаць дрэвы, кусты, ліяны. Паводле вышыні іх падзяляюць на мега(больш за 30 м), меза- (8—30 м), мікра(2—8 м) і нанафанерафіты (ніжэй за 2 м).

т. 16, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАПЯ́ЦІЦА, Чарапеціца,

рака ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Нішча (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 359 км². Выцякае з воз. Межава (у вярхоўі рака называецца Межава) за 500 м на У ад в. Межава. Цячэ ў межах Нешчардаўскага ўзв. і Полацкай нізіны, праз азёры Мыленскае, Чарапецкае і Валькоўскае. Вусце за 3 км на ПнУ ад в. Юхавічы.

т. 17, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРМІ́СЦА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата, за 3 км на Пн ад в. Дрэтунь, сярод забалочанага лесу, за 36 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,22 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 180 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 25,2 км². Катлавіна выцягнута з Пн на Пд, яе схілы невыразныя, берагі забалочаныя. Выцякае ручай у воз. Дрэтунь.

т. 17, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́РЫЦА,

рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Галбіца (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 70 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдЗ ад в. Карпавічы, вусце за 500 м на Пн ад в. Галбея. Цячэ праз Старадворскае воз., пасля выхаду з яго рэчышча на працягу 7,8 км да вусця каналізаванае. У сярэднім і ніжнім цячэнні праходзіць па лясістай мясцовасці.

т. 17, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТЭРНА́Т,

сістэма здачы экзаменаў за курс навуч. установы экстэрнам з мэтай атрымання афіц. дакумента аб яе сканчэнні. Паводле Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь работнікам, дапушчаным да экзаменаў у парадку Э. за няпоўную сярэднюю школу, прадастаўляецца дадатковы водпуск не менш як на 17 каляндарных дзён, а да экзаменаў на атэстат сталасці — не менш як на 20 каляндарных дзён з захаваннем сярэдняй зарплаты па асн. месцы работы.

т. 18, кн. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБА́РЫЙ (лац. herbarium ад herba трава, расліна),

1) калекцыя раслін, сабраных, засушаных, адпаведна дакументаваных і зманціраваных на лістах паперы. З’яўляецца асновай для навук. даследаванняў па сістэматыцы і марфалогіі раслін, а таксама дае звесткі аб складзе і змяненні флоры тэрыторыі, пра пашырэнне відаў і ўмовы іх росту.

2) Установа, дзе зберагаюцца, папаўняюцца і навукова апрацоўваюцца калекцыі засушаных раслін (гербарый).

Упершыню метад гербарызацыі раслін ужыў італьянец Л.​Гіні (16 ст.). У далейшым гербарыі ствараліся пераважна пры ун-тах і бат. садах. Найб. поўнае развіццё атрымалі з 1930—40-х г. У свеце больш за 20 буйных гербарыяў. У Парыжы (каля 6 млн. лістоў), Жэневе (гербарый Дэкандоля і Буасье — каля 5 млн. лістоў), Лондане (гербарый Брытанскага музея прыроднай гісторыі, у т. л. гербарый Лінея — 4,5 млн. лістоў), у Санкт-Пецярбургу (больш за 5 млн. лістоў).

На Беларусі найб. гербарый у Ін-це эксперым. батанікі імя В.​Ф.​Купрэвіча АН (Мінск), дзе захоўваецца больш за 50 тыс. лістоў вышэйшых сасудзістых раслін, 5 тыс. лістоў мохападобных, 17 тыс. лістоў лішайнікаў, больш за 1 тыс. ўзораў грыбоў-макраміцэтаў. Ёсць гербарыі ў БДУ і інш. ВНУ, бат. садах і запаведніках.

т. 5, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСВЕ́ТАЎ Іван Сямёнавіч, пісьменнік-публіцыст ВКЛ і Русі, ідэолаг дваранства сярэдзіны 16 ст. Паходзіў з бел. шляхецкага роду, гаспадарскі дваранін. У канцы 1520-х г. у складзе атрада Ф.​Сапегі на службе ў венг. караля Яна Запальі, потым у чэш. караля Фердынанда I. З сярэдзіны 1530-х г. у ВКЛ. У канцы 1538 ці пач. 1539 пераехаў у Маскву. У 1549 перадаў Івану IV Грознаму свае творы: «Казанне пра кнігі», «Казанне пра Магмет-Салтана», «Першае прадказанне філосафаў і дактароў», «Казанне пра цара Канстанціна» і інш. (захаваліся ў складзе 2 рукапісных зборнікаў 17 ст.). Выступаў супраць баярства, за задавальненне асн. патрабаванняў «воиников» (дваран). Лічыў неабходным стварэнне пастаяннага войска стральцоў колькасцю 300 тыс. чал. Заклікаў цара да стварэння «судовых кніг», наступальнай палітыкі ў адносінах да Казанскага ханства. Яго праграма дзярж. рэформ у асноўным супадала з палітыкай Выбранай рады. Асуджаў халопства, усякае «закабаленне» і занявольванне людзей, выступаў за агульную роўнасць. Ставіў праўду вышэй за веру. Верагодна, з-за сваіх поглядаў у сярэдзіне 16 ст. стаў ахвярай рэпрэсій. Яго творы напісаны простай мовай, пазбаўленай царкоўнаславянізмаў, блізкай да фальклору.

Тв.:

Соч. М.; Л., 1956.

Літ.:

Замалеев А.Ф. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987.

т. 12, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З АРХІТЭ́КТАРАЎ МІЖНАРО́ДНЫ, Міжнародны саюз архітэктараў (МСА),

міжнародная няўрадавая арганізацыя. Створаны ў 1948 у г. Лазана (Швейцарыя), сталае месцазнаходжанне штаб-кватэры — Парыж. Асн. задачы саюза: аб’яднанне на дэмакр. аснове архітэктараў усяго свету, абмен вопытам, павышэнне кваліфікацыі, умацаванне маст., навук. і прафес. сувязей паміж імі. Вышэйшы орган МСА — Асамблея (склікаецца раз у 3 гады), у час якой выбіраюцца Бюро і Савет. Быць членам саюза і прадстаўляць краіну можа толькі адна карпарацыйная арг-цыя (творчы саюз, асацыяцыя, ін-т і інш. арг-цыі архітэктараў). МСА аб’ядноўвае больш за 100 нац. секцый і рэгіянальных груп (Скандынаўскія краіны, краіны Балтыі і інш.). Нац. секцыі ўваходзяць паводле тэрытарыяльнай прыкметы ў адпаведныя рэгіёны, кожны з якіх узначальвае віцэ-прэзідэнт (Зах. Еўропа, Усх. Еўропа і Сярэдні Усход, краіны Амерыкі, Азія і Аўстралія, Афрыка). У рамках дзейнасці МСА функцыянуюць больш за 10 рабочых груп і праграм, працуюць камісія па міжнар. конкурсах (засн. Залаты медаль за выдатныя творчыя дасягненні, прызы за лепшы праект), праграма па прафес. практыцы і інш. Саюз мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА, Эканам. і сац. савеце ААН. Выдаецца Бюлетэнь МСА (выходзіць раз у 2 месяцы). У 1990-я г. ў МСА уваходзіў Саюз архітэктараў Беларусі.

т. 14, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФРАНЦ»

(«Franz»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад «За Радзіму» імя А.​Флегантава, 1-й Асіповіцкай, 1-й Мінскай і мясц. насельніцтва ў Асіповіцкім і Бярэзінскім р-нах Магілёўскай, Пухавіцкім і Чэрвеньскім р-нах Мінскай абл. у студз. 1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі вышэйшага нач. СС і ням. паліцыі групы армій «Цэнтр», ахоўных і франтавых часцей вермахта. Карнікі наступалі з Пухавіч, Чэрвеня, Беразіна, Асіповіч. Некалькі дзён партызаны стрымлівалі іх націск. Брыгады, акрамя 1-й Мінскай, разам з мясц. насельніцтвам былі блакіраваны ў Градзянскім лесе, адкуль 8 студз. партыз. група прарыву прарвала блакаду, нанесла праціўніку цяжкія страты, фарсіравала Бярэзіну каля в. Якшыцы Бярэзінскага р-на, вывела больш за 1 тыс. мясц. жыхароў у Клічаўскі і Бярэзінскі лясы. За час аперацыі карнікі загубілі 2025 сав. грамадзян, спалілі некалькі вёсак, сярод якіх пасля вайны не аднавіліся вёскі Бортнае і Макаўе Асіповіцкага р-на, вывезлі на прымусовыя работы ў Германію больш за 1 тыс. чал., захапілі 2,4 тыс. галоў жывёлы, 60 т збожжа і інш.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 608.

В.​С.​Лазебнікаў, У.​С.​Пасэ.

т. 16, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НЦА-ІО́СІФА ЗЯМЛЯ́,

архіпелаг на Пн Баранцава м., у Архангельскай вобл. Расіі. Пл. 16,1 тыс. км². Больш за 190 астравоў. Вылучаюць 3 групы: усх. (з а-вамі Вільчака Зямля, Грээм-Бел), аддзеленую Аўстрыйскім пралівам; цэнтр. (з а-вамі Рудольфа, Гукера) паміж Аўстрыйскім пралівам і Брытанскім каналам; зах. (уключае найб. буйныя а-вы Зямля Аляксандры і Зямля Георга) на З ад Брытанскага канала. Большая ч. астравоў складзена з пясчанікаў, алеўрытаў і вапнякоў, перакрытых базальтавай лавай. Больш за 85% паверхні ўкрыта ледавікамі. Месцамі з-пад ледавікоў уздымаюцца нунатакі. Выш. да 620 м (на в-ве Венер-Нойштат). Клімат арктычны. Сярэдняя т-ра студз. -23, -24 °C, ліп. ад -1,2 да 1,6 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Больш за 1 тыс. азёр. Мохава-лішайнікавая тундра. Трапляюцца белы мядзведзь, пясец; птушыныя кірмашы. Палярныя станцыі. Геафіз. абсерваторыя (з 1957) імя Э.​Т.​Крэнкеля (в-аў Хейса). Ф.-І.З. адкрыта аўстра-венг. экспедыцыяй Ю.​Паера і К.​Вайпрэхта ў 1873. Названа імем імператара Аўстрыі Франца Іосіфа I. Паводле пастановы СНК СССР ад 15.4.1926 аб граніцах Сав. Саюза на Крайняй Поўначы Ф.-І.З. ў складзе СССР (у межах РСФСР).

т. 16, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)